Вы тут

Творчы код Давіда Якерсона. У НММ адкрылася манаграфічная выстаўка беларускага скульптара і графіка


Аматараў выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь чакае манаграфічная выстаўка беларускага скульптара і графіка Давіда Якерсона (1896—1947), прымеркаваная да 125-годдзя з дня яго нараджэння. Наватар і традыцыяналіст, адзін з прадстаўнікоў скульптурнага супрэматызму, які належаў да вядомага авангарднага аб'яднання «УНОВИС», і проста яркі прадстаўнік Віцебскай мастацкай школы — мастак прадстаўлены тут з розных ракурсаў, што дазваляе адчуць атмасферу перыяду, у які ён жыў і ствараў.


Фота прадастаўлена Нацыянальным мастацкім музеем.

Выставачны праект узнік у рамках супрацоўніцтва НММ і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, у зборах якога захоўваюцца работы Давіда Якерсона. Экспазіцыя ахоплівае амаль увесь творчы шлях майстра і змяшчае больш за сотню графічных работ, скульптур, узоры графікі, фотаздымкі і многае іншае. Яго творчая спадчына, якая, магчыма, не ва ўсім і не кожнаму зразумелая, але цікавая і дазваляе знайсці тое, што абавязкова адгукнецца.

— Выстаўка не пабудавана па храналагічным прынцыпе, хоць і мае рэтраспектыўны характар, таму што аб'яднаць усе калекцыі, дзе прысутнічае творчасць Давіда Якерсона, сёння проста немагчыма, — адзначае куратар праекта, загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ ст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства Кацярына Ізафатава. — Пачынаецца наш расповед пра Якерсона з перыяду «Буры і націску» ў яго творчасці і такой з'явы, як Віцебская народная мастацкая школа, дзе ўзнікла аб'яднанне «УНОВИС», калі ў горад прыязджае Казімір Малевіч са сваёй педагагічнай сістэмай. Аднак, што датычыцца Давіда Аронавіча, то паслядоўнікам і прыхільнікам дадзенага кірунку ён застаецца нядоўга, і ўжо ў 1923 годзе адмаўляецца ад супрэматычнага бэкграўнду і не звяртаецца да эстэтыкі гэтай плыні. Аднак мы можам назіраць, што за такі адносна кароткі час творца праявіў сябе па-рознаму — пласкасны супрэматызм, выхад у аб'ём. Калі паспрабаваць вызначыць своеасаблівы «мастацкі код» Якерсона, то ім можна лічыць яго выяву чалавека, якая складаецца з геаметрычных фігур. У такой агранёнасці чалавека геаметрыяй
прасочваецца прарочая функцыя мастака, бо ў другой палове ХХ стагоддзя з'яўляюцца робаты, знешне падобныя на якерсонскіх людзей... Зразумела, гледзячы на работы супрэматыстаў, не ўзнікае шквалу эмоцый, але гэта яшчэ і таму, што тут галоўныя аптымізацыя, прынцып эканоміі, рух, якія ў суме даюць эстэтыку. Бо сказаць пра складанае проста — таксама мастацтва.

І ў пэўным сэнсе гэта адлюстроўвае сутнасць супрэматызму, які для таго перыяду быў не проста напрамкам у мастацтве, а цэлай філасофіяй бачання навакольнага жыцця і свету. Ён вызваліў творчасць ад выяўленчасці, жыццёвага падабенства, давёўшы мастацкія прыёмы да мінімуму. У 1920 годзе ў Віцебску ўзнікае аб'яднанне «УНОВИС», у якое ўваходзілі Лісіцкі, Чашнік, Хідэкель і інш., а мэтай яго было прасоўванне наватарскіх ідэй у мастацтве. І гэты час дазволіў супрэматызму не толькі праявіцца ў творчасці дадзеных мастакоў, але і, з развіццём вучнямі Малевіча яго ідэй, «прагучаць» пазней у дызайне, архітэктуры, паліграфіі і г. д. Як і заяўляў яго стваральнік, супрэматызм увайшоў ва ўсе сферы жыцця чалавека, і сёння гэта стала мовай сучаснай індустрыяльнай культуры, у якой пераважаюць эстэтыка аптымізацыі і эканоміі.

— Выстаўка работ Давіда Якерсона дае магчымасць назіраць усе этапы пераходу мастака ад рэалізму да супрэматызму. Плюс яго творы — гэта адзін з помнікаў віцебскага мастацтва пэўнага часу, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Святлана Кот. — І для сучаснікаў гэта якраз магчымасць пранікнуцца атмасферай таго перыяду, адчуць праз мастацтва думкі самога Якерсона.

...Давід Якерсон нарадзіўся ў Віцебску. Дзе і ў якім асяродку рос і фарміраваўся будучы творца — гэта пакуль прабел у яго жыццяпісе, які, магчыма, з часам запоўняць даследчыкі. Вядома толькі, што ён з'яўляўся вучнем Юдэля Пэна ў сярэдзіне 1900-х у Віцебску, вучыўся на будаўнічым факультэце Рыжскага політэхнічнага інстытута, эвакуіраванага ў Маскву. З 1918 да
1922 года вучыўся ў вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях. Пад кіраўніцтвам Марка Шагала ўдзельнічаў у афармленні Віцебска да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Рэалізоўваў сябе мастак і ў ролі выкладчыка, папоўніўшы педагагічны састаў Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Але, што адметна, ён імкнуўся даць вучням магчымасць бачыць свет з розных ракурсаў і з пазіцыі як традыцыйнага, так і авангарднага мастацтва. Можам мы адкрыць для сябе і зусім іншага Якерсона, калі звернем увагу на яго графічныя работы, дзе ўбачым краявіды яго роднага Віцебска, выявы некаторых помнікаў архітэктуры, як, напрыклад, касцёл Антонія Падуанскага, Царква «Чорная Тройца», што не захаваліся да нашых дзён. Яшчэ нельга не заўважыць яго драўляныя скульптуры, іх таксама бачым у экспазіцыі. Дарэчы, менавіта дрэва стала тым матэрыялам, які скульптар выкарыстоўваў да канца жыцця. Прысутнічаюць у шэрагу яго работ і графічныя выявы дрэў. Сярод скульптур цікавасць выклікае перш за ўсё тое, што там паказаны людзі розных нацыянальнасцяў: «Абісінка», «Тунгус» і іншыя. Справа ў тым, што Якерсон цесна супрацоўнічаў з Дзяржаўным музеем народазнаўства, дзе і ствараў скульптурныя партрэты розных этнічных груп. А вось яго скульптура «Апавядальніца былін» — гэта ўжо работа перыяду маскоўскай позняй творчасці 1930-х гадоў.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».