Вы тут

Адкрыта выстаўка «Простыя рэчы. Імбрыкі»


Да 4 красавіка 2021 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыта выстаўка «Простыя рэчы. Імбрыкі», якая дэманструе палітру вырабаў Мінскага і Добрушскага фарфоравых заводаў 1960—2000-х гадоў.


Калі паглыбіцца ў гісторыю, то першаадкрывальнікамі фарфору былі кітайцы яшчэ ў шостым стагоддзі. Потым сакрэтнае спалучэнне інгрэдыентаў доўга шукалі еўрапейскія вучоныя, і ў 1708 годзе ў Саксоніі Эрэнфрыд Вальтер Чырнгаўз і яго вучань Іаган Фрыдрых Бетгер адкрылі сакрэт белай парцэляны. І пасля смерці першага якраз яго паслядоўніку, які працягнуў гэтую справу, і прыпісалі ўсе заслугі.

Што датычыцца нашай зямлі, Свержанская фаянсавая мануфактура (цяпер Новы Свержань) заснавана Міхалам Казімірам Рыбанькам у 1742 г., але ўзораў яе вытворчасці ў музейным зборы, на жаль, няма. У Беларусі сучасная гісторыя фарфору бярэ свой адлік ад сакавіка 1951 года, калі Мінскі кафлявы завод перайменавалі ў фарфорава-фаянсавы, але праіснавала вытворчасць да 2009 года. Першая прадукцыя на Добрушскім фарфоравым заводзе была выраблена 28 снежня 1978 года, які ў гісторыі стаў днём заснавання прадпрыемства. Яно дзейнічае і радуе сваіх пакупнікоў і да сёння.

— Тое, што гісторыя беларускага фарфору пачалася значна пазней, чым у той жа Еўропе, вядома, аказала пэўны ўплыў. Бо дазволіла нашым вытворцам развівацца і ўдасканальвацца, абапіраючыся на ўжо здабыты іншымі вопыт. Выстаўка задумвалася як адна з цыкла праектаў, прысвечаных беларускаму фарфору. Вядома, у нас не было такіх вытворчасцяў, як Імператарскі фарфоравы завод у Расіі ці Мейсенскі ў Германіі, але ўсё ж існуе такое паняцце, як беларуская прамысловая вытворчасць фарфору. Напрыклад, Мінскі фарфоравы завод прапрацаваў толькі да 2000-х гадоў, але там быў іх уласны музей, дзе збіралі па адным экзэмпляры ўсяго, што выпускалі. Пасля закрыцця вытворчасці калекцыя перайшла ва ўласнасць музея, — распавядае куратар праекта мастацтвазнаўца Марына Казанцава. — У цэнтры ўвагі выстаўкі імбрык як сімвал дому, гасціннасці і ўтульнасці. Кожны з экспанатаў паказвае тыя тэндэнцыі, па якіх развівалася матэрыяльная культура, як змяняліля густы, тэхнікі, тэхналогіі.

Чайнікі з'яўляюцца аднымі з самых папулярных і традыцыйных відаў посуду ў кожнай сям'і. Калі звярнуцца да слоўнікаў, сустрэнем сцверджанні, што «імбрык», «імбрычак» — састарэлае слова, якое абазначае сасуд для заварвання, а «чайнік» мае значэнне і як сасуд для кіпячэння вады, і як сасуд, напрыклад, фарфоравы для заварвання чаю. Выстаўка адлюстроўвае змены формы і спосабаў аздаблення фарфору пад уплывам часу, моды і стыляў. Упершыню наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з прыкладамі вырабаў, якія былі дапушчаны ў вытворчасць Мастацкім саветам Мінскага фарфоравага заводу з 1960-х гг.

Так, тут прадстаўлены сервіз, які вырабілі на Мінскім заводзе ў 1963 годзе. Яго аўтар — мастак Віктар Гаўрылаў. Бачым простую форму і апрацоўку золатам, а таксама надпіс «образец», які і сведчыць, што перад намі той самы першы экземпляр. Такія рэчы, адзначае мая суразмоўніца, у музейным свеце вельмі цэняцца. І ўвогуле ўсе вырабы, якія экспануюцца на выстаўцы, паказваюцца ўпершыню. Можна тут убачыць чайнікі Леаніда Багданава, дзе адразу адчуваецца атмасфера 60-х, бо прастата формы і аздаблення і ёсць сведкі таго перыяду, калі ў прыярытэце была зручнасць. Звяртаюць на сябе ўвагу аўтарскія экзэмпляры чайнікаў, адметных сваёй кампазіцыяй, з выкарыстаннем золата для выдзялення асобных дэталяў. Напрыклад, на адным з вырабаў мы бачым сюжэт, дзе ёсць бабуля і дзядуля, і гэта нібы адразу навявае асацыяцыі з казкамі, аднак тут яны мараць не пра залатую рыбку, а пра кавамолку... Фантазія мастакоў — яна такая непрадказальная. А вось камплект «Чабор», у ім кубкі маюць выгляд піял, і тое невыпадкова, бо рабілі яго па замове для краін Сярэдняй Азіі. Альбо непадалёк бачым чайнік, які весела нам усміхаецца, а побач — статуэтачка клоўна. І зноў адкрыццё: аўтар яе дызайну — Сяргей Арлоў, той самы, што стварыў помнік Юрыю Далгарукаму ў Маскве. Сярод аўтараў прадстаўленых вырабаў з фарфору сустракаеш імёны Віктара Гаўрылава, Леаніда Багданава, Валерыя Леантовіча і многіх іншых. Кампазіцыі некаторых камплектаў, такіх як «Лянок», «Агрэст», «Альтанка», «Валошкі», не толькі адсылаюць нас да тэмы беларускіх матываў у творчасці тагачасных мастакоў фарфоравых заводаў, але і даюць асалоду назіраць за спалучэннем фарбаў, шукаць разгадкі аўтарскіх вобразаў. А вось той самы трохузроўневы чайнік з афішы аказваецца таксама работай Леаніда Багданава, аднак ужо настолькі іншай па стылі і аздабленні, калі параўноўваць са згаданай раней стылістыкай 60-х гадоў, што шчыра здзіўляешся.

Ужо пасля знаёмства з выстаўкай цікаўлюся, як можна ахарактарызаваць сённяшні попыт на вырабы з фарфору, ці адчуваецца з'яўленне новай моды на яго? Марына Вадзімаўна адзначае:

— Цяпер існуе вялікі інтарэс да збору падобных рэчаў, старой скульптуры. Хоць, вядома, калі казаць пра той жа аўтарскі фарфор, які робіцца з выкарыстаннем дарагіх матэрыялаў і распісваецца ўручную, то гэта прадмет раскошы, і яго не кожны можа сабе дазволіць. І вялікая ўдача, калі цікавыя экзэмпляры трапляюць у фонды музеяў.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сімвал гасціннасці з адлюстраваннем часу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».