Вы тут

З Наталляй у тэатр. «Глядач ужо зусім іншы»


Навошта бавіць час у тэатры, калі можна ўключыць відэа на камп’ютары і, лежачы на ложку, паглыбляцца ў бязмежны свет мастацтва? Пра тое размаўляем з мастацтвазнаўцам Наталляй Валанцэвіч — аўтарам праекта «Разам у тэатр».


Мы знаёмыя даўно. Як кажуць, са студэнцкай лаўкі. Разам вучыліся на тэатральным факультэце Беларускай акадэміі мастацтваў: яна ў аспірантуры, я атрымлівала свой першы дыплом. І, вядома ж, абедзве любілі тэатр. Але такіх адданых гэтаму «храму мастацтва» людзей, як Наталля, больш я не сустракала. Не ўсе гатовыя аналізаваць афармленне тэатральных афіш XIX ст., шукаць эксклюзіўныя матэрыялы пра старадаўні тэатр Усходу, месяцамі сядзець у архівах… Каб потым захоплена распавядаць пра ўсё знойдзенае, асэнсаванае на канферэнцыях і семінарах.

Я разумею і шмат у чым паздзяляю любоў Наталлі да мастацтва: сама правяла дзяцінства, як кажуць, за кулісамі. Памятаю, мама, вядучая актрыса тэатра пантамімы «Рух», іграла на сцэне, а я з ваўняным шалікам, які ахінаў хворае горла, чакала яе за кулісамі. Такія моманты як забудзеш! Памятаю цяжкія аксамітныя шторы вішнёвага колеру з маленькай, незаўважнай дзірачкай у цэнтры. У яе можна было падглядваць — як там гледачы? Прама стоячы на сцэне. Часам я гарэзіла і нібы выпадкова высоўвала руку, каб усе ўбачылі: я таксама тут ёсць!

У Наталлі ж не было «тэатральнага гена», яна неяк аднойчы прыйшла з класам у тэатр і… ўлюбілася ў яго. Але дарога ў прафесію крытыка-тэатразнаўцы ў маёй сяброўкі была доўгай. Мастацкая школа, эканамічны клас… Потым бацькі не адпусцілі дачку з Наваполацка паступаць у вну ў Мінск: баяліся. Адвучылася яна на гістфаку Полацкага ўніверсітэта, пасталела і паехала ўсё ж такі ў Мінск. Прынялі Наталлю ў Акадэмію мастацтваў, дзе яна закончыла аспірантуру і ўжо гадоў дваццаць выкладае ў якасці дацэнта кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў.

Нядаўна я даведалася, што Наталля арганізавала ў Мінску Тэатральны клуб «Разам у тэатр». Я падумала: каму ён цікавы ў наш «інтэрактыўны» час? Да таго ж пандэмія каранавіруса. Тым часам тэатральныя сустрэчы з Наталляй працягваліся. І калі пачалося ўсё з двух чалавек, то цяпер з ёй у тэатры ходзяць дзясяткі аматараў сцэнічнага мастацтва, самых розных узростаў і прафесій.

Я сустрэлася з Наталляй і распытала пра яе незвычайнае хобі.

Падчас рэпетыцыі ў Тэатральным інстытуце  сцэнічных мастацтваў у Санкт-Пецярбурзе.

«Глядач ужо зусім іншы»

— Наталля, што цябе заахвоціла ў наш час адарваць людзей ад камп’ютараў, сабраць іх разам і павесці ў тэатр? Цяпер жа нібыта ўсе «сышлі» ў інтэрнэт, на парадку дня пытанні фінансавай бяспекі і стабільнасці, на ўсё не хапае часу?

— Напэўна, мой крызіс сярэдняга ўзросту такім чынам праяўляецца (смяецца). Калі энергіі яшчэ мора, а гады «ўжо ляцяць». Адчувала, што мала мяне ў гэтым свеце. Не выконваю я сваю місію, не рэалізоўваю свае здольнасці на сто працэнтаў.

— Пра якую місію ты кажаш?

— Добрую частку жыцця — больш за 20 гадоў — я выкладаю ў Акадэміі мастацтваў розныя дысцыпліны: гісторыю замежнага і беларускага тэатраў, крытыку, крыніцазнаўства, яшчэ шмат усяго пра тэорыю, гісторыю… У асноўным, працую з моладдзю. Студэнты — народ вельмі цікавы, творчы, усё мне ў іх падабаецца. Але не хапае зносін з больш дарослай аўдыторыяй. І хочацца гаварыць пра тэатр не толькі з калегамі на майстар-класах або ворк-шопах, дзе акцёры, рэжысёры дзеляцца думкамі і досведам. Па вялікім рахунку, яны не знаёмыя са сваёй публікай, не ведаюць, хто да іх прыходзіць. А між тым глядач ужо зусім іншы, чым раней. Цяпер, напрыклад, на мінскія спектаклі «Пансіён Бельведэра», «Шлюб з ветрам» або на «Інтэрв’ю з ведзьмамі», дзе падымаюцца вельмі цяжкія жыццёвыя тэмы, не дастаць квіткоў! Цяпер гледачы не проста сыходзяць дамоў пасля спектакля. Яны актыўна пакідаюць свае водгукі, пішуць рэцэнзіі, нават ствараюць блогі. Заўважу, яны пры тым не супрацоўнічаюць з тэатрамі! Гледачу проста хочацца выказацца, яго перапаўняюць пачуцці, яны вырываюцца вонкі. І вось я назірала за гэтым пэўны час. А потым вырашыла, што гатовая стаць «мостам» паміж прафесіяналамі і аматарамі, стварыць забаўляльна-адукацыйную платформу для зносін.

З дачкой Ульянай  на Беларускім тыдні моды. 2019 г.

«Тэатральныя крытыкі мелі вагу ў грамадстве»

— Ты мне нагадала пра фігуру крытыка, які быў прыкметны ў тэатральным жыцці ў мінулым стагоддзі …

— Гэта так. У савецкі час нават выдаваліся даведнікі «Вынікі сезона» — вялікі тэатраведчы агляд. У абавязковым парадку ў тэатры запрашалі крытыкаў, якія адгледжвалі ўвесь рэпертуар, а потым іх артыкулы публікаваліся ў папулярных выданнях. Матэрыялы займалі развароты ў газетах і размяшчаліся калі не на першых палосах, то адразу пасля галоўных падзей і навін. Тэатральныя крытыкі мелі вагу ў грамадстве. Калі выходзіў разгромны артыкул, то рэха чулася гучнае — скандал! Тэатр на дзяржузроўні меў вялікае значэнне. Праводзіліся рэгулярныя мастацкія саветы, куды абавязкова запрашалі крытыкаў. Яны нароўні з тэатральнымі практыкамі прымалі спектаклі, абмяркоўвалі, да іх заўваг прыслухоўваліся. Я чытала пратаколы мастсаветаў, што праходзілі ў тэатрах у савецкі час. Дык вось, калі ў канцы 80‑х ставілі «Страсці па Аўдзею» ў Купалаўскім тэатры, дзе фактычна ўздымалася пытанне калектывізацыі: надзённая, «небяспечная» тады тэма. На мастсаветах так і казалі: гэта грамадзянскі подзвіг — выходзіць на сцэну і такое граць. Бо тэатр заўсёды аказвае вялікі ўплыў на публіку, на грамадскую думку. І крытык гэта ведае. Ён бачыць спектакль у цэлым, счытвае ўсе сэнсы, якія рэжысёр, можа быць, неўсвядомлена ўкладвае.

Калектыўнае сэлфі ў тэатральнай грымёрцы.

— Але ў нашым часе, узгадваю гісторыю тэатра, аўтарытэт крытыка паступова пачаў падаць. Як лічаш, чаму?

— Напэўна таму, што з’явілася нейкая свабода: кожны тэатр спрабаваў, ісці сваім шляхам, з’явіўся плюралізм меркаванняў. Захацелася эксперыментаў, наватарства. Заўважу: тэатр — не старэе, ён трансфармуецца. І ўзнікае непаразуменне з‑за таго, што тэатразнаўца ўключае свой мінулы досвед, кансерватызм. Нешта навамоднае прымае, нешта катэгарычна не прымае. Як тое адбываецца цяпер, напрыклад, з моднымі цяпер і ўжо тытулаванымі рознымі ўзнагародамі рэжысёрамі Яўгенам Карнягам, Юрыям Дзіваковым. Ёсць тыя, хто пра яго разважае ў стылі «монстры наступаюць». Маўляў, што робіцца з беларускім тэатрам! Ачысціце храм мастацтва, не дапусціце! Акрамя свабоды ў тэатры праявілася і фігура дырэктара: яго меркаванне стала больш важкім. Раней слова мастацкага кіраўніка ці рэжысёра было важным, іх імёны былі на слыху, вызначалі статус тэатра ў грамадстве. А дырэктар проста адказваў за ўмовы працы. Выконваў функцыю, кажучы сучаснай мовай, менеджара. У апошнія дзесяць гадоў, калі мы перайшлі ад працоўных дагавораў на кантрактную сістэму, у дырэктара стала больш паўнамоцтваў і ўплыву. У яго фінансы! Ён можа сказаць: нам трэба зрабіць план і прадаць квіткі, а вашыя высокафіласофскія мастацкія спектаклі не дадуць нам добры прыбытак. І крытык можа да хрыпаты даказваць, як гэта выдатна і як важна тое, што прапануе рэжысёр, а дырэктар адкажа: гэта ўсё добра, але не той фармат. Да таго ж у тэатрах бываюць вялікія трупы, напрыклад, да 80 чалавек. І ўсе акцёры павінны быць задзейнічаны — ім жа выплочваюць заробак кожны месяц. Ды не ў кожны спектакль можна ўключыць усіх. Добра, калі ёсць два ці тры склады на адну пастаноўку. А калі спектакль разлічаны на 2–3 чалавекі? Дырэктар усё гэта прадумвае, тут яму ўжо не да «высокіх матэрый».

Наталля — удзельніца праекта  «120 гадоў моды». 2020 г..

— Ёсць яшчэ ў тэатры пасада загадчыка літаратурнай часткі. Чым ён сёння займаецца?

— Загадчык літчасткі раней мог быць драматургам, які пісаў п’есы спецыяльна для трупы. Альбо ўжо гатовую ўключаў у рэпертуар, дапамагаў рэжысёру адаптаваць яе для сцэны. Цяпер асноўная задача загліта — шукаць рэпертуар, сачыць за тэндэнцыямі, конкурсамі, фестывалямі, эксперыментальнымі пастаноўкамі. Каб тэатр не выпадаў з агульных трэндаў, не станавіўся старамодным, сумным, нецікавым. Апошнія 15 гадоў у невялікіх тэатрах у абавязкі загліта ўваходзіць таксама зносіцца са СМІ, займацца прасоўваннем у сацсетках. Бывае, напрыклад, рэжысёру хочацца паставіць п’есу, напісаную на замежнай мове. Загліт павінен знайсці яе рускамоўны альбо беларускамоўны варыянт, нават калі матэрыялу няма ў шырокім доступе.

«Я ў тэатры, тэатр ува мне»

— Цяжка было пачынаць свой праект?

— Мякка кажучы, не лёгка. Пасля чарговага паходу ў тэатр, а гэта быў Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ», я падумала: мяне часта просяць схадзіць з кімсьці на пастаноўку, дык чаму б не прапанаваць людзям арганізавацца і разам пайсці, а потым абмеркаваць? Вырашыла пашукаць у нас падобныя супольнасці. Высветлілася, што такіх няма. Ёсць асобныя беларускія блогеры, маладзейшыя за мяне гадоў на 10. Здавалася б, крэатыў! Але яны ходзяць на спектаклі, робяць фатаграфіі ды размяшчаюць водгукі ў сацсетках. Але хіба ж цікава проста глядзець фоткі са спектакля? Ці можна па іх скласці ўражанне? А я хацела па-іншаму. Бо тэатр — гэта важная частка майго жыцця. У мяне пытаюцца, чаму ў сацсетках я не падзяліла свой асабісты профіль і прафесійны. Таму што я жыву ў гэтым! Цяпер модна мець свой брэнд, калі асоба і ёсць прапанаваны прадукт. Вось у мяне ўсё выдатна сышлося! Увогуле, у сваіх пошуках, як пачаць, я «дайшла» да Пецярбурга: там даведалася пра тры тэатральныя клубы. У іх — па 1000–3000 аматараў тэатра! Плацяць унёскі, атрымліваюць бонусы — усё сур’ёзна! Я прасіла адну з арганізатараў прыехаць у Мінск: адна баялася пачынаць. Але яна пераканала, што ніхто мне не патрэбен, трэба дзейнічаць і не чакаць. Тады я зрабіла апытанне сярод знаёмых: можа, гэта нікому не цікава? Але мяне падтрымалі многія, ніхто не адмовіўся! Заставалася вызначыцца з фарматам. У нас ёсць так званыя адукацыйныя платформы: людзі прыходзяць на разавыя тэматычныя сустрэчы. Я тэлефанавала ва ўсе! Сказала, што магу пра тэатр расказваць, пра п’есы, пра тэатр моды магу. Што хочаце — раскажу! Часцей за ўсё адмаўлялі. Калі, нарэшце, згадзіліся — пандэмія пачалася. Тады мы з прафесійнымі крытыкамі вырашылі запрасіць акцёраў, рэжысёраў з розных краін, менеджараў на анлайн-сустрэчы. Нават далі ім назву «Тэатральны квартал». Нарэшце, выйшлі з карантыну — а ў тэатрах сезон скончыўся: лета. Потым памёр блізкі мне чалавек — я «вылецела з жыцця» на паўтара месяца. Толькі адышла ад стрэсу — пачалася палітычная нестабільнасць у краіне. Адпаведна, кола тэатраў зменшылася. І тады я сказала сабе: няхай нават камяні будуць падаць з неба — але я гэта зраблю! Сабрала групу з сямі чалавек, дамовіліся пра час, калі пойдзем разам у тэатр. Але за суткі да спектакля захварэла актрыса, пастаноўку перанеслі. У маёй «камандзе» на той момант засталося двое: адной пад 40, другой — 25 гадоў. І мы ўтрох пайшлі на драматычны спектакль без слоў «Пансіён Бельведэр», у якім падымаецца тэма старасці і хвароб. Не вельмі, так бы мовіць, вясёлы пачатак маёй дзейнасці… Але калі выйшлі з тэатра мы, усе такія розныя, то разам адчулі дзікую прагу да жыцця, нейкі невытлумачальны аптымізм!.. Самі не чакалі, што гэты спектакль зробіць на нас такое магутнае пазітыўнае ўражанне.

Кніга — памятны сувенір. Львоў, 2018 г.

— Так бывае: калі табе кепска, і раптам убачыш вельмі хворага чалавека, якому яшчэ горш — адчуваеш прагу жыцця…

— Так! Мы не маглі расстацца на такой ноце, трэба было ўсё «пераварыць», абмяняцца ўражаннямі. Высветлілася, што 25‑гадовая дзяўчына была ў мінскім Тэатры лялек ўпершыню. Выйшла ў шокавым стане: аказваецца, у Лялечным бываюць спектаклі для дарослых! Я растлумачыла ёй сёе-тое. Мы размаўлялі не вельмі доўга. Але невытлумачальная ўнутраная ўрачыстасць, жыццесцвярджальнае адчуванне кожную не пакідала і пасля. А калі б мы проста развіталіся і разышліся, магчыма, такога эфекту і не было б. У другой раз сабралася ўжо дзевяць чалавек, і мы ўсе нават за кулісы пайшлі. Для некаторых ўбачыць зблізку рэжысёра, акцёраў, бутафорыю было падобна дакрануцца да чагосьці святога. Ведаеш, такое дзіцячае, непадробнае захапленне… Нам пашчасціла паразмаўляць з акцёрамі. Падобныя сустрэчы важныя для тэатра, бо ідзе зваротная сувязь, жывы кантакт. Вусныя рэцэнзіі — не пісьмовыя. Яны больш жывыя. Ты бачыш рэакцыю, можаш адразу нешта ўдакладніць. Гэта здорава — абмяркоўваць спектакль: ты яго яшчэ раз пражываеш. Атрымліваеш дадатковыя інсайты, цячэ энергія думкі, ёсць магчымасць яшчэ заставацца ў атмасферы «я ў тэатры, тэатр ўва мне». А як акцёрам прыемна!.. Яны ж выйшлі на сцэну, пакланіліся — і сышлі. Не бачаць вочы гледачоў. А ў тых вачах і слёзы бываюць.

— Мне здаецца, у апошні час людзі сталі больш актыўна яднацца ў супольнасці: хадзіць на семінары, трэнінгі, ствараць розныя групы… Прычым тое адбываецца ў рэальнасці, не толькі з дапамогай прамых эфіраў у інтэрнэце. Сустрэцца, пазнаёміцца, пагутарыць стала неяк прасцей. І, нягледзячы на тое, што інтэрнэт прыдумалі не ўчора і магчымасці такія былі заўсёды, усё ж такі адчувалася масавая «адзінота ў натоўпе». Цяпер — не так відавочна…

— Таму што 2020 год паказаў усяму свету, як быць закрытым, адгароджаным ад астатніх. Мы зразумелі, што гэта цяжка, нам у ізаляцыі дрэнна. Я заўсёды казала і кажу: беларусы — вельмі адкрытыя, мы тонка ўсё адчуваем, у нас развіта эмпатыя. Мы шмат чым захапляемся, любім крэатыў. І ў гэтым кантэксце тэатр цікавы. Ён — жывы. Але гэта ўжо не той тэатр перажыванняў, які нёс нейкае паведамленне, пасыл, хацеў да нечага заклікаць, навучыць, заахвоціць задумацца над праблемай. Цяпер актыўна развіваецца новы напрамак: на сцэне адлюстроўваецца проста стан чалавека. І ўсё. І спектакль увесь можа быць пра гэта — пра стан душы. На сцэне могуць маўчаць або вымавіць усяго тры словы. Не ведаю, у сілу якіх абставін, інфармацыйнага перагруза альбо чагосьці іншага, але чалавек развучыўся сябе адчуваць. Некаторыя нават моцны боль не адчуваюць. Колькі школ, што вучаць медытацыям, усвядомленасці, колькі курсаў і семінараў на гэтую тэму! Вось таму гледача можа зачароўваць актрыса, якая проста ходзіць па сцэне і пералівае ваду са шклянкі ў шклянку. Глядзіш, і нешта ўнутры адклікаецца. Для кагосьці, мабыць, прагучыць як парадокс, але ў тэатры нам лягчэй сябе адчуць і зразумець. Цяпер гэта вельмі актуальна, бо ізаляцыя, маскі спарадзілі праблему з выказваннем, самавыяўленнем.

У Музеі Тэатра лялек у Мінску.

«Людзям хочацца пагаварыць»

— Трохі правакацыйнае пытанне: навошта хадзіць у тэатры, марнаваць час на паездку, калі ёсць анлайн-трансляцыі? Сядзі сабе дома ў піжаме, глядзі, каментуй у інтэрнэт-месенджары…

— Успомніла з гэтай нагоды анекдот: «Усё ёсць, усё магу, навошта тады мне патрэбен партнёр?» — «А пагаварыць?». Вялікае жаданне — пагаварыць — ужо як на дражджах падыходзіць, я гэта бачу. Нас цяпер шмат у чым абмежавалі абставіны, але ж мы па-ранейшаму жывыя. Таму хочацца мець зносіны. Але на якую тэму змогуць гаварыць розныя людзі? Пра работу? У соты раз пра дзяцей? Пра тэатр! А бывае, чалавек і хоча «прайсціся» ў тэатр, ды няма з кім. Мужу некалі, сяброўцы тэатр не падабаецца, і адна ж не пойдзеш. Гэта я, тэатральны крытык, магу: я так працую і люблю хадзіць на «спатканне з сабой». А для многіх Тэатральны клуб — магчымасць знайсці сабе кампанію, у якой ты не будзеш сябе адчуваць белай варонай. Дзе табе нават нешта растлумачаць, раскажуць. Нашы сустрэчы вельмі цікава праходзяць. Калі псіхааналітык сыпле тэрмінамі пра нарцысізм, эгаізм і ставіць дыягназы сцэнічнаму персанажу — гэта ўзрушае!.. Ці калі мадэльер каментуе аддзенне акцёраў. У нашым клубе ёсць і «Місіс Беларусь», і кандытар, і дызайнер голаса, рэдактары часопісаў, філолагі… Прыходзяць спадарыні ўжо з мужамі. Уяві сабе, што робіцца, калі ўсе гэтыя людзі абмяркоўваюць нейкую тэму! А што да піжамы, хатняй абстаноўкі скажу так: многім хочацца элітарнасці. І паход у дарагі рэстаран — гэта не тая гісторыя. Хочацца, каб усё было прыгожа, элегантна, эстэтычна, з густам не толькі на стале, але і ў манерах, атмасферы, зносінах… Тэатр задавальняе гэтую патрэбнасць у поўнай меры.

Калі я вучылася ў Акадэміі мастацтваў, мы не раз абмяркоўвалі з педагогамі пытанне: ці «памрэ» калі-небудзь тэатр? Бо той жа кінематограф — куды больш відовішчны і даступны для масавага гледача. А з развіццём высокіх тэхналогій «канец» аднаго з самых старажытных відаў мастацтва быў нібыта выдавочны. Так, прынамсі, здавалася ў той час нам, студэнтам. Але нашы вопытныя, з веданнем жыцця настаўнікі толькі моўчкі ўсміхаліся. Цяпер я разумею чаму: калі тэатр — з’ява жывая, тады ён, як і душа чалавека, ніколі не памрэ. Апрыёры.

Аліса ГЮНГЕР

Фота з асабістага архіва Наталлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?