Вы тут

Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Шчаслівая кніга


Кацярына Хадасевіч-Лісавая, член Саюза пісьменнікаў з красавіка 2006 года. Уваходзіць у склад удзельнікаў бюро секцыі дзіцячай літаратуры. Член рэдкалегіі часопісаў «Вясёлка» і «Маладосць». Дэбют у друку адбыўся ў 1996‑ім годзе ў часопісе «Першацвет». У асноўным працуе ў галіне дзіцячай літаратуры. Аўтар 18 кніг для дзяцей і падлеткаў. Ёсць творы і для дарослых. Друкавалася ў часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Арэлі», «Маладосць», «Нёман», «Родная прырода», газетах «Літаратура і мастацтва», «Мінская праўда», «Настаўніцкая газета» і ў іншых выданнях. Творы Кацярыны выходзілі і ў калектыўных зборніках.

Нарадзілася і вырасла ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна.

Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і вярнулася ў якасці настаўніцы пачатковых класаў у родную школу ў Ждановічах, дзе працуе і сёння. Піша на беларускай мове. Дарэчы, казка «Шчаслівая кніга» перакладзена на кітайскую мову Сунь Фаньцы, студэнтам 4 курса факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Нагадаем: на кітайскую мову ён пераклаў і казку Людмілы Рублеўскай «Пік-Пік і Пепіта на паляванні» (гл. № 2).


Шчаслівая кніга

Дзяўчынка Вераніка прыехала ў госці да сваёй стрыечнай сястры Карыны, з якой не бачылася два гады.

— Пойдзем! — паклікала Карына. — У мяне шмат новых цацак!

Дзяўчынкі прыбеглі ў яе пакой. Цацак сапраўды шмат. На паліцах сядзелі лялькі, на фатэлі месціліся мядзведзяняты, на падаконні ў празрыстым акварыуме жылі русалкі, у куце стаяў вялікі лялечны домік…

— Гэта мае скарбы! — усміхнулася Карына. — Ну, з чым пагуляем?

— Проста вочы разбягаюцца! — прызналася Вераніка.

Разглядаючы паліцы, дзяўчынка зняла свой заплечнік і паставіла на крэсла, але той не ўтрымаўся і зваліўся. З заплечніка выпала кніга.

— І ў мяне такая ёсць! — сказала Карына, зірнуўшы на вокладку.

— Ага, я табе на дзень народзінаў падарыла, — пацвердзіла Вераніка.

— Толькі мая зусім па-іншаму выглядае! — зморшчыла прыгожы носік Карына.

Яна падсунула крэсла да шафы і зняла такую ж кнігу з самай верхняй паліцы, на якой у кутку сіратліва стаяла яшчэ некалькі новенькіх кніжак.

Дзяўчынкі паклалі свае аднолькавыя кнігі побач на стол.

— Бачыш, якая мая прыгожая! Новая, чыстая, бліскучая! — пахвалілася Карына. — А твая зашмальцаваная, вокладка пакасілася, старонкі шэрыя сталі!

Вераніка не паспела адказаць, бо мамы паклікалі іх абедаць. Дзяўчынкі пабеглі.

— Няшчасная мая сястрыца! — усхліпнула бліскучая чыстая кніга. — Як дрэнна ты выглядаеш! Як мне шкада цябе! У адзін дзень мы былі надрукаваны, разам трапілі на паліцу кніжнай крамы, нас разам купілі. Толькі далей нашы лёсы розныя. Я захавалася як новенькая! Я — шчаслівая кніга! Мая гаспадыня не шпурляла мяне, не пэцкала старонкі. Я стаю высока на паліцы і аглядаю пакой, назіраю за гаспадыняй, якая любіць гуляць з цацкамі. А табе, беднай, мабыць, такое давялося перажыць! Мне і ўявіць цяжка!

— Што ты, дарагая сястра! — адгукнулася зашмальцаваная кніга. — Я таксама шчаслівая!

— Ты? Шчаслівая? — здзівілася бліскучая прыгажуня.

— Вельмі! Я — самая любімая кніга маёй гаспадыні. Яна перачытвала мяне столькі разоў, што я і падлічыць не магу! Думаю, Вераніка ўвесь мой тэкст на памяць ведае, але ўсё роўна перачытвае. За тыя два гады, што мы разам, я шмат разоў падарожнічала з ёй па Беларусі і нават лятала далёка-далёка.

— Лятала?! Яна шпурляла цябе?! — перажывала за яе сястра.

— Не! — засмяялася тая. — Проста Веранічка брала мяне ў адпачынак на Міжземнае мора.

— А дзе гэта? — зацікавілася прыгажуня.

Тут скрыпнуў глобус, які стаяў на стале непадалёк:

— Гэта наша Беларусь, а Міжземнае мора — вось!

— Нішто сабе! — ад здзіўлення бліскучая вокладка некалькі разоў прыпаднялася і апусцілася, быццам хацела таксама паляцець на тое мора.

— Так, мы зайшлі ў самалёт, селі і ён панёс нас высока-высока ў неба! — расказвала кніга. — Веранічка крыху баялася, але як толькі яна дастала мяне і пачала чытаць, то на ўсе свае страхі забылася. Мы цудоўна дабраліся, бо час, які мы праводзім разам заўсёды пралятае непрыкметна.

— Раскажы, якое яно, мора! — гэта ўжо прасілі лялькі з паліц.

— Вялікае-вялікае, сіняе-сіняе і вельмі салёнае, — адказала кніга.

— Ты ў яго падала? Адкуль ты ведаеш, што яно салёнае? — запыталіся медзведзяняты.

— Не! — усміхнулася кніга. — Проста Вераніка брала мяне на пляж і пасля купання ў моры гартала мае старонкі яшчэ крыху вільготнымі пальчыкамі. Мы ляжалі пад вялікім парасонам, грэліся на сонейку, слухалі шэпат марскіх хваляў, а я каторы раз распавядала сваёй гаспадыні цікавыя гісторыі, якія напісаны на маіх старонках.

Герой казкі — Вухуцік.

— Як хораша там! — цяпер да размовы далучыліся і русалкі, што жылі на падаконні. — Мы ніколі мора не бачылі, а ты пабывала там.

— Дзе ты яшчэ была? — пацікавілася прыгажуня.

— Я пабывала ў гасцях ва ўсіх сяброў Веранікі, — распавядала далей кніга. — А як жа інакш? Мая гаспадыня так захапляльна расказвала пра мяне, што кожнаму захацелася прачытаць. Яна давала мяне ім, але прасіла быць акуратнымі. Мне заўсёды радасна вяртацца дадому, бо Вераніка так цёпла сустракала мяне! Я і ў школу з ёй хадзіла, калі настаўніца прасіла прынесці сваю любімую кнігу. Мы заўсёды разам, таму я рэдка стаю на паліцы, а больш падарожнічаю ў яе заплечніку. Вось і зараз я тут і вельмі рада зноў пабачыцца з табой, сястра.

Стала ціха. Цацкі і кніга-прыгажуня задумаліся. Яны, пэўна, хацелі сказаць яшчэ нешта, але вярнуліся дзяўчынкі. Карына зняла з паліцы ляльку, а Вераніка ўзяла ў рукі сваю кнігу і запыталася:

— Якая гісторыя з гэтай кнігі табе падабаецца больш за ўсё?

Карына разгублена ўсміхнулася:

— Ды я чамусьці так і не пачала пачытаць.

— Не дзіўна! — шчыра сказала Вераніка. — Паставіла яе на самы верх і забылася. Ты проста не ўяўляеш, якая гэта цікавая кніга! Там такія захапляльныя і вясёлыя гісторыі пра класавічкоў, якія жывуць у школьных кабінетах. Ты проста не ўяўляеш, якая гэта цікавая кніга! Яна пра дзяўчынку Уладу і яе сябра Вухуціка, які прыляцеў з далёкай планеты Вухуціі.

— Абяцаю, сёння ж вечарам пачну яе чытаць, — паабяцала Карына.

Парадавалася за сястру любімая кніга Веранікі. Тая ў адказ бліснула вокладкай і прашаптала:

— Кожная кніга хоча быць шчаслівай! Няхай чытачы памятаюць пра гэта!

Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?