Вы тут

Пасля Майдана. Да чаго прыйшла Украіна?


Пасля Майдана Украіна ператварылася ў Самалі, акрамя таго, з кожным годам падае ўсё ніжэй і ніжэй. Пра гэта заявіў колішні віцэ-прэм'ер гэтай краіны, экс-дэпутат Вярхоўнай рады Барыс Калеснікаў у эфіры тэлеканала «Наш». Ён лічыць, што да 2013 года Украіна паказвала не надта добрыя эканамічныя вынікі, аднак пасля Майдана сітуацыя пагоршылася яшчэ мацней. «У нас няма ніякага падмурка. А што мы сёння будуем?.. Чаго мы дасягнулі?.. Нікога не цікавіць еўраінтэграцыя. Людзям патрэбныя мір і сацыяльна адчувальны вынік», — заўважыў Барыс Калеснікаў. Да чаго ж прыйшла Украіна?


Вайна, кроў, гора

Расследаванне падзей на Майдане і праз сем гадоў не завершана. Паводле слоў генеральнага пракурора Украіны Ірыны Венедыктавай, летась колькасць падазраваных толькі па адной справе аб расстрэле пратэстоўцаў і сілавікоў 20 лютага 2014-га ў Кіеве (падчас якой загінула больш чым 100 чалавек) вырасла ўтрая. Яна заявіла, што расследаванне па асноўных эпізодах падзей на Майдане павінна завяршыцца да канца гэтага года, паведаміла ТАСС. Прынамсі Ірына Венедыктава ў гэта верыць. Генеральны пракурор падкрэсліла, што следства будзе весціся «добрасумленна і аб'ектыўна».

Праз сем гадоў пасля так званага Еўрамайдана нават многія былыя актыўныя ўдзельнікі пратэстаў прызнаюць, што іх надзеі не апраўдаліся, усе ахвяры былі марныя, а краіна ў выніку прайграла. Так, журналіст Руслан Кацаба заўважыў ukraіna.ru, што цяпер ён убачыў, да чаго прывёў Майдан, пераканаўся, што ўсё гэта — «банальныя паліттэхналогіі». «І краіна, у якой здзяйсняецца вось такі Майдан як палітычная тэхналогія, немінуча губляе тэрыторыі», — падкрэсліў журналіст. Па словах Кацабы, «гэта ўсё прыводзіць да таго, што страчваецца суверэнітэт і ўзмацняецца залежнасць ад так званых спонсараў — ад «калектыўнага Захаду». Журналіст дадаў, што ў народа павінна быць магчымасць напрамую рабіць нейкія захады, калі ўлада самаўхіляецца, але гэта не павінна прывесці да таго, каб такія працэсы ўзначальвалі мільянеры, якія жадаюць стаць мільярдэрамі і ўспрымаюць уладу як кармушку.

Кацаба таксама адзначыў, што ўкраінцы «так і не сталі грамадзянамі», але сталі больш залежнымі, а Украіна яшчэ больш звалілася па ўсіх паказчыках у параўнанні з іншымі краінамі. «Майдан нам прынёс вайну, гора, кроў, разрыў сувязяў, страту суверэнітэту, — канстатаваў Кацаба. — Аптымізму я тут не знаходжу, хоць імкнуся быць аптымістам. Адзіны плюс можа быць у тым, што людзі сталі трошкі разумнейшыя. Будзем на гэта спадзявацца».

Карупцыя набыла неймаверныя маштабы. «Вуліца называецца Герояў Нябеснай сотні, алея. Сем гадоў прайшло. Гэты Музей рэвалюцыі годнасці каштаваў нам, плацельшчыкам, 150 мільёнаў грыўняў (5,4 млн долараў. — «Зв.»), з іх 111 млн праз «фірмы-пракладкі» скралі», — адзначыў Руслан Кацаба.

Падвойная хлусня

Цяпер не знасці ніводнага чалавека, які шчыра ганарыўся б тым, што быў на Майдане альбо яго падтрымліваў. Пра гэта расказаў ukraіna.ru актыўны ўдзельнік тых падзей адвакат Андрэй Гожый.

Каментуючы пастанову Рады аб гістарычнай значнасці «рэвалюцыі годнасці» і падводзячы рэальныя вынікі сямі гадоў пасля Еўрамайдана, экс-міністр юстыцыі Украіны Алена Лукаш адзначыла: за пастанову прагаласавалі яшчэ адны бенефіцыяры Майдана, нардэпы ад партыі «Слуга народа». А што атрымалі простыя ўкраінцы? «Давайце паглядзім, што яны пабудавалі за гэтыя сем гадоў. Паволе ўсіх міжнародных рэйтынгаў, Украіна — самая жабрацкая дзяржава Еўропы. Краіна, якая памірае, якую пакідаюць яе жыхары», — сказала Лукаш у спецэфіры закрытых інфармацыйных тэлеканалаў (вяшчанне працягваецца ў YouTubе).

Яна дадала, што ў выніку Еўрамайдана Украіна страціла суверэнітэт і стала краінай, якую ўжо называюць «краінай — лабараторным трусікам». «Для мяне Майдан — гэта месца злачынства, дзе забівалі праваахоўнікаў і пратэстоўцаў, гэта месца злачынства, дзе далі старт разбурэнню цудоўнай краіны», — заўважыла Лукаш.

Цяпер сітуацыя зусім іншая і ўзнікае пытанне: што святкуецца? Па словах юрыста, нармальнай рэакцыяй улады была б справаздача аб тым, як ідзе расследаванне злачынстваў, учыненых на Майдане, «але справаздачы не будзе». Лукаш нагадала, што «да гэтага часу дзейнічае закон аб амністыі Майдана... і расследаваць справы немагчыма». Юрыст падкрэсліла, што хлусня аб Майдане «вельмі выгадная» перш за ўсё тым, хто толькі і мог прыйсці да ўлады дзякуючы яго разбуральнай сіле.

Улады Украіны не разумеюць сутнасці падзей, іх падвойную падаплёку, якая раздзірае краіну. І гэта перашкаджае ступіць на шлях выздараўлення, адзначыў ukraіna.ru эксперт па бяспецы Сяргей Шабоўта. «На маю думку, якая ніколі не змянялася, ніякага дачынення да нейкай рэвалюцыі, якая прынесла нейкія станоўчыя для Украіны вынікі, падзеі Майдана не маюць, — адзначыў эксперт. — Я бачыў і разумеў залімітаваную тэхналагічнасць таго, што адбывалася. А ўсё, што адбылося потым у выніку захопу ўлады групай людзей, якія ні маральна, ні прафесійна ў значнай ступені не адпавядалі тым патрабаванням, якія маглі б Украіну павярнуць на нейкі еўрапейскі шлях, — расцвіло казнакрадства, усё пагоршылася, Украіна проста ператварылася ў жабрачку — краіну з вялікай колькасцю няшчасных людзей, якія кінуліся міграваць». Як перакананы Сяргей Шабоўта, «падвойная хлусня аб саміх падзеях на Майдане раздзірае Украіну. Украіна хворая гэтай няпраўдай, і яна будзе хварэць, і будзе разарвана менавіта па разломе, імя якому — Майдан».

Небяспечны трэнд

Як адзначаюць эксперты, украінская эканоміка ў 2014—2015 гадах прайшла шлях пачатку 1990-х — спыненне прадпрыемстваў, рэзкае падзенне аб'ёму валавога ўнутранага прадукту, абясцэньванне нацыянальнай валюты на 330 працэнтаў, падзенне заробкаў у доларавым эквіваленце, рост інфляцыі да 25 працэнтаў у 2014-м і 43 працэнтаў у 2015-м. Краіна ўвайшла ў адмоўны і вельмі небяспечны трэнд, які ва ўсім свеце называецца дэіндустрыялізацыяй, паведаміла ukraіna.ru. Украіна страчвае навукова-тэхналагічныя галіны, эканоміка канчаткова становіцца аграрна-сыравіннай.

Колішні прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў адзначыў, што «цяпер па ўзроўні вытворчасці электраэнергіі, а гэта адзін з ключавых паказчыкаў у эканоміцы, Украіна апусцілася на ўзровень 1972 года. Экспарт украінскі больш чым на 50 працэнтаў складаецца з сыравінных і аграрных прадуктаў, такіх як кукуруза, пшаніца, рапс. Гэта значыць практычна знік высокатэхналагічны складнік». Запазычанасць насельніцтва за «камуналку» — каля 100 мільярдаў грыўняў (3,6 млрд долараў).

Мікалай Азараў заявіў, што пасля Майдана лёс краіны аказаўся «вельмі незайздросны». Ён нагадаў, што пасля перавароту смяротнасць павялічылася на 155 тысяч чалавек у год. «Гэта вельмі шмат, гэта вымірае кожны год цэлы горад. Сярэдні ўкраінскі горад», — растлумачыў экс-прэм'ер у эфіры радыёстанцыі «Говорит Москва». Азараў нагадаў, што зараз ва Украіне сярэдняя пенсія прыкладна ў тры разы ніжэй за сярэднюю расійскую, хоць яшчэ 7-8 гадоў таму назіралася зусім іншая сітуацыя.

Паводле яго слоў, сёння Украіна з'яўляецца найбяднейшай краінай у Еўропе па ўсіх параметрах. «Куратары Украіны, гаспадары рэальныя — амерыканцы», — заўважыў Азараў. Ён таксама паведаміў, што падзеі ва Украіне ў 2014 годзе адбыліся пад куратарствам замежных спецслужбаў — англійскіх і амерыканскіх.

Амерыканіст Дзмітрый Драбніцкі заўважыў ukraіna.ru, што «постмайданная Украіна — гэта абсалютны праект нават не амерыканцаў, а канкрэтна Дэмакратычнай партыі ЗША ад пачатку да канца, тэарэтычна, практычна, арганізацыйна і нават рэсурсна. Усё тое, што мы зараз бачым, — гэта выключна крэатура, знешняе кіраванне з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі».

«Цяпер проста выконваюцца каманды з амерыканскага пасольства, прычым нават не каманды пасла, а часовага паверанага ў справах Злучаных Штатаў, які, быццам каланіяльны намеснік, наўпрост дае ўказанні», — заўважыў кіраўнік Кіеўскага цэнтра палітычных даследаванняў і канфлікталогіі Міхаіл Паграбінскі.

Манаполія на праўду

На думку палітолага Аляксея Якубіна, «сярод грамадзян Украіны падзеі на Майдане зараз былі б ацэненыя са знакам мінус. У грамадстве цяпер песімізм і расчараванне ад гэтых дзеянняў. Існуе апасенне, што наступны «майдан» узмоцніць праблемныя пытанні, якія ёсць у краіне».

Украінскія ўлады маюць намер развязаць вайну, каб адцягнуць увагу насельніцтва краіны ад татальнага крадзяжу, заявіў сустаршыня палітычнай партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё» Вадзім Рабіновіч, паведаміла gazeta.ru. Ён лічыць, што большая частка жыхароў краіны «заціснутыя вайной, Майданам і татальным недаверам да ўлады. У гэтай сітуацыі, па словах нардэпа, надзея застаецца толькі на простае насельніцтва Украіны.

Аднак ён лічыць, што ініцыяваць гвалтоўную змену ўлады недапушчальна. «Галоўны план улады ў тым, каб мы — апазіцыя — вывелі б на вуліцу людзей, яны пакінулі б на іх узброеныя банды нацыяналістаў, пралілася б кроў, і на гэтай крыві яны ўсталявалі б дыктатуру! Гэтага не будзе!» — заўважыў парламентарый.

«Сёння наша краіна апынулася ў вялікай бядзе», — папярэдзіў палітык. Дэпутат згадаў узмацненне цэнзуры і разрастанне карупцыі. «Нам трэба апамятацца, зразумець, што мы зараз знаходзімся проста перад катастрофай», — лічыць парламентарый.

Гвалтоўная змена ўлады ва Украіне, якая адбылася падчас Еўрамайдана ў 2014 годзе, яшчэ прынясе свой разбуральны плён у выглядзе новага глыбокага крызісу, заявіла раней экс-дэпутат Вярхоўнай рады Надзея Саўчанка ў эфіры тэлеканала «Наш», паведаміла gazeta.ru. Украінская ўлада да гэтага часу не вырашыла асноўныя праблемы з таго часу, а цяпер яшчэ і вядзе «вайну на знясіленне» супраць сваіх уласных грамадзян, выкарыстоўваючы тактыку «дробных парэзаў», паказала Саўчанка. «У нас наперадзе яшчэ не адзін «майдан» і не адзін раскол, на жаль», — заўважыла экс-парламентарый.

Колішні прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч таксама лічыць, што падзеі Майдана працягваюць падзяляць рэспубліку. Адпаведны зварот палітыка да народа апублікаваны яго адвакатам Віталем Сердзюком. Па словах экс-кіраўніка дзяржавы, грамадзяне Украіны, якія былі не згодныя з «дзяржаўным пераваротам», застаюцца чужынцамі ў сваёй краіне. Пры гэтым Януковіч адзначыў, што дзеянні ўладаў пагаршаюць гэтую сітуацыю.

Ён падкрэсліў, што прадстаўнікі радыкальных поглядаў ва Украіне навязваюць украінцам сваю версію падзей і маюць манаполію на праўду. Палітык таксама звярнуў увагу на разбурэнне эканомікі краіны, што справакавала галечу і роспач. «Людзі страцілі веру ў справядлівасць, вяршэнства закона, свабоду слова — тыя базавыя прынцыпы дэмакратыі, якія былі лозунгамі «рэвалюцыі», — упэўнены Януковіч.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і шэраг заходніх палітычных сіл. Так, летась дэпутаты нямецкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АДГ) апублікавалі камюніке, у якім указалі, што падпісанае ў 2014 годзе пасля Еўрамайдана Пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам «раскалола» краіну і «ў значнай ступені паспрыяла эскалацыі ўнутранага канфлікту».

Раней экс-дэпутат Рады Яўген Мура заявіў, што Украіна можа пазбавіцца васьмі сваіх рэгіёнаў, калі адбудзецца новы «майдан». На яго думку, паліцыя не справіцца з украінцамі, калі тыя вырашаць зладзіць масавыя хваляванні. А суседнія краіны скарыстаюцца сітуацыяй і зоймуць тэрыторыі, якія лічаць сваімі.

У сваю чаргу, украінскі журналіст Дзмітрый Гардон у эфіры тэлеканала «Украіна 24» заявіў, што краіна раз'яднаная палітыкай масавай украінізацыі. «Гэты крок спрыяе таму, што ад Украіны могуць застацца шматкі», — такім чынам пракаментаваў ён абавязковае выкарыстанне ўкраінскай мовы ў крамах, кафэ і іншых установах. На думку журналіста, спробы «сагнуць праз пень-калоду» і ўкраінізаваць рускае насельніцтва Украіны выклічуць толькі азлабленне людзей.

І яшчэ. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які на мінулым тыдні знаходзіўся ва Украіне з афіцыйным візітам, заявіў, што ўкраінскі народ «крывёю распісаўся» ў здольнасці вызначаць сваю будучыню, паведаміў delfі.lt. Варта толькі дакладна разумець, якая гэта будучыня і, галоўнае, для каго.

Пётр ДУНЬКО

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?