Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем актуальныя спартыўныя навіны.


Цытата тыдня. «Нашы спартсмены будуць выступаць у Токіа пад беларускім сцягам, будзе гучаць наш гімн, астатняе — другаснае. З МАК у нас адносіны — рабочыя. Варта сказаць, перапрацоўка статута НАК вялася ў цесным кантакце з МАК. Шмат было перамоў, руху насустрач адзін аднаму. Таму тут мы таксама знайшлі досыць канструктыўны падыход і з боку МАК. Але што датычыцца асобных пунктаў, мы гэта пазначалі ў афіцыйнай заяве НАК, вядома, гэта асабліва палітызаваныя пункты, і ў будучыні мы гэтае пытанне вырашым. Спадзяёмся, што гэта будзе двухбаковы рух, бо раней такога не назіралася. Усю інфармацыю, якая была патрэбна для МАК, мы падавалі. Выбары кіраўніцтва НАК і членаў у нас праведзены выключна па нашым статуце, які ў тым ліку быў прадстаўлены і МАК. У НАК Беларусі не бачаць падстаў для абвастрэння сітуацыі. Калі такія перадумовы будуць — алімпійскі камітэт будзе рэагаваць, як любая краіна, якая сябе паважае», — адзначыў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка.

Гераіні тыдня.

Біятланісткі Дзінара Алімбекава і Ганна Сола — прызёры заключнага этапу Кубка свету, які праходзіў у шведскім Эстэрсундзе. Ганна Сола заняла трэцяе месца ў гонцы праследавання. Спартсменкам прыйшлося спаборнічаць пры моцным ветры, і таму нікому не ўдалося пазбегнуць промахаў. Ганна Сола прамахнулася пяць разоў і ўступіла пераможцы Марце Олсбю-Ройселан роўна 44 секунды.

Дзінара Алімбекава заняла другое месца ў мас-старце. На дыстанцыі 12,5 кіламетра з чатырма агнявымі рубяжамі спартсменка ўступіла пераможцы Інгрыд Тандрэвольд 6,9 секунды і дапусціла шэсць промахаў. Гэты сезон алімпійская чэмпіёнка скончыла на сёмым месцы агульнага заліку і на першым — сярод спартсменаў да 25 гадоў.

Героі тыдня. Беларускія барцы выйгралі тры залатыя медалі на кваліфікацыйным турніры па вольнай барацьбе ў Будапешце. Алі Шабанаў (86 кг), Аляксандр Гуштын (97 кг) і Дзяніс Храмянкоў (125 кг) выйшлі ў фінал і забяспечылі сабе ліцэнзіі на Алімпійскія гульні ў Токіа, але на дасягнутым не спыніліся. У фінале Алі Шабанаў --+перамог турэцкага спартсмена Асмана Гачэна. Аляксандр Гуштын аказаўся мацнейшы за турэцкага атлета Сулеймана Карадэніза. Дзяніс Храмянкоў на першай хвіліне вырашальнага паядынку супраць немца Генадзя Цудзіновіча змог выштурхнуць саперніка за дыван. Той адмовіўся ад далейшай барацьбы праз траўму.

Пуцёўкі ў алімпійскі Токіа на гэтым турніры атрымалі і прадстаўніцы жаночай зборнай — Ванеса Каладзінская (53 кг) і Васіліса Марзалюк (76 кг). Для заваявання ліцэнзіі спартсменкам трэба было выйсці ў фінал, дзе яны сталі сярэбранымі прызёрамі турніру.

Аб'ява тыдня. Летнія Алімпійскія і Параалімпійскія гульні ў Токіа пройдуць без замежных аматараў. «Рашэнне ў першую чаргу абумоўлена неабходнасцю забяспечыць бяспеку ва ўмовах пандэміі», — сказала журналістам міністр, адказная за правядзенне Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў у Токіа, Тамаё Марукава. Міністр дадала, што арганізатары Алімпіяды ў Токіа пакрыюць балельшчыкам выдаткаваныя грошы. «Мы маем намер пакрыць замежным балельшчыкам сродкі за куплю білетаў», — сказала яна. Усяго да гэтага часу прададзена каля 4,4 млн квіткоў на Алімпіяду, 970 тыс. — на Параалімпіяду. З іх каля 1 млн квіткоў набылі замежнікі.

Каманда тыдня. Нацыянальная жаночая зборная па гандболе выступіла на адборачным турніры чэмпіянату свету 2021 года. Першая сустрэча з камандай Фарэрскіх астравоў скончылася на карысць беларусак — 21:13. Самымі выніковымі гульцамі беларускай каманды сталі Даіна Ільіна і Настасся Кулак, якія закінулі па чатыры мячы.

Матч з прадстаўніцамі Швейцарыі беларускі сыгралі ўнічыю — 25:25. Самы выніковы ігрок — Настасся Кулак, на яе рахунку восем закінутых мячоў. Дагэтуль каманда Швейцарыі абыграла каманду Фарэрскіх астравоў з вынікам 26:18. У наступны раўнд кваліфікацыі сусветнага першынства выйшлі каманды Беларусі і Швейцарыі.

Перамога тыдня. Святлана Сахоненка заваявала «золата» Кубка свету па лыжных гонках і біятлоне сярод параалімпійцаў. Святлана першай скончыла гонку на 10 кіламетраў класічным ходам. Кубак свету праходзіць у фінскім Вуакаці і працягнецца да 26 сакавіка.

Турнір тыдня. У Магілёве адбыўся Адкрыты Кубак Беларусі па спартыўнай гімнастыцы. Пераможца ў мнагабор'і — Святаслаў Драніцкі. Таксама ён заваяваў «золата» ў практыкаванні на кольцах, «бронзу» на перакладзіне і «серабро» ў вольных практыкаваннях і апорным скачку. Ягор Шарамкоў перамог у вольных практыкаваннях і апорным скачку. Ягор заняў трэцяе месца ў практыкаванні на брусах, дзе ўступіў Дзянісу Санувонгу, які стаў найлепшым яшчэ і на перакладзіне. У практыкаванні на кані найлепшы — Васіль Міхаліцын.

Ганна Траўкова перамагла ў мнагабор'і сярод дзяўчат. Уладальніца алімпійскай ліцэнзіі ў Токіа Настасся Алістратава паказала трэці вынік на бервяне. Настасся Сманцар стала найлепшай у вольных практыкаваннях. Жанна Мяцеліца перамагла ў практыкаваннях на брусах.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Пад сваім сцягам, але без гледачоў на трыбунах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».