Вы тут

Як дзялілі Беларусь? 100 гадоў таму быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор


Пошукі адказаў на хвалюючыя пытанні, звязаныя з самавызначэннем беларускага народа, яго гісторыяй і фарміраваннем дзяржаўнасці працягваюцца. У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Рыжскі мір 1921 года ў лёсе беларускага народа».


Акт справядлівасці

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч упэўнены, што фарміраванне патрыятызму немагчыма без ведання гісторыі сваёй радзімы, у першую чаргу яе ключавых падзей: «Гісторыя — наймагутнейшы сродак мабілізацыі пачуцця калектыўнай ідэнтычнасці народа, які здольны ў роўнай ступені выступаць прыладай як інтэграцыі і стваральнай дзейнасці, так і расколу грамадства».

У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам, заключаным па выніках савецка-польскай вайны, Польшча, атрымаўшы палову Беларусі і чвэрць Украіны, стала дзяржавай, у якой палякі складалі толькі 64 працэнты насельніцтва. Пры гэтым польскае кіраўніцтва не імкнулася выконваць палажэнні дагавора аб гарантыі правоў няпольскага насельніцтва. «Сутнасць унутранай палітыкі польскіх уладаў у міжваенны перыяд можна вызначыць як «Польшча для палякаў», — заўважыў Вячаслаў Даніловіч. — Польская кіруючая эліта ўспрымала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну як ускраіны, прызначаныя для паланізацыі. Практычна дзейнасцю польскіх уладаў унутры тагачаснай Польшчы ў адносінах да нацыянальных меншасцяў парушаліся не толькі артыкулы Рыжскага мірнага дагавора і Версальскага трактата, але і польскай канстытуцыі. Аб'ектыўны аналіз дакументальных крыніц сведчыць, што ў Польшчы праводзілася паслядоўная, наступальная і бескампрамісная асімілятарская палітыка, якая ажыццяўлялася метадамі эканамічнай, ідэалагічнай і культурна-асветніцкай дыскрымінацыі нацыянальных меншасцяў, а таксама з дапамогай жорсткіх рэпрэсій і пераследу». Палітыка гвалту і нацыянальнага ўціску, якая праводзілася польскімі ўладамі «на крэсах», не дазволілі заваяваць давер мясцовага насельніцтва. Вынікам яе з'явіўся шырокі нацыянальны вызваленчы рух, у якім удзельнічалі прадстаўнікі розных палітычных сіл — ад камуністаў да нацыянал-дэмакратаў. Гэта барацьба садзейнічала выспяванню палітычнай і нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва з мэтай уз'яднання беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве. Большасць беларусаў падзеі 1939 года, калі заходняя і ўсходняя тэрыторыі аб'ядналіся, успрымалі як акт гістарычнай справядлівасці, сустракалі Чырвоную Армію як збавіцеля ад нацыянальнага прыгнёту — кветкамі і хлебам-соллю. Беларусь упершыню за ўсю гісторыю стала тэрытарыяльна цэласнай дзяржавай, і гэта стала найважнейшай перадумовай для імклівага нацыянальнага развіцця беларускага народа.

«Сёння ад вучоных Беларусі, гісторыкаў патрабуецца асаблівая ўвага да захавання і развіцця духоўнай сферы грамадства. Менавіта гэтыя тонкія матэрыі вызначаюць клімат у нашым грамадстве, забяспечваюць яго адзінства і цэласнасць, што надзвычай актуальна ў 2021 годзе, які абвешчаны Годам народнага адзінства», — заўважыў Вячаслаў Даніловіч.

Палітычная гульня

Умовам, якія папярэднічалі пачатку савецка-польскай вайны, было прысвечана выступленне доктара гістарычных навук, загадчыка цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксея Літвіна.

Падзеі Першай сусветнай вайны, і асабліва рэвалюцыі 1917 года, змянілі ход расійскай гісторыі і аказалі вялікі ўплыў на еўрапейскую і сусветную гісторыю. Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак будаўніцтву зусім новага сацыяльна-палітычнага ладу. Упершыню ў гісторыі ваенна-палітычных канфліктаў склалася сітуацыя, што міждзяржаўныя сутыкненні парадзілі ідэалагічную альтэрнатыву існуючай у той ці іншай краіне палітычнай уладзе, паклалі пачатак раздзяленню свету на ідэалагічнай аснове. Гэта стала адным з фактараў перагрупоўкі сіл на міжнароднай арэне, зблізіўшы калі не ў арганізацыйным, то ў палітычным плане тыя дзяржавы, якія раней супрацьстаялі адна адной.

Для Расіі новы ваенны канфлікт быў непажаданы, бо ён пагражаў бы не толькі ўладзе, але і самой рэвалюцыі. Замежная ваенная інтэрвенцыя і Грамадзянская вайна ў Расіі выклікалі да жыцця новыя канцэпцыі міжнародных адносін. Здзейсніўшы сілавы захоп улады, бальшавікі ў якасці галоўнай складальнай часткі сваёй знешнепалітычнай дактрыны паклалі тэзіс аб сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, перамога ў якой вырышыць усе ўнутраныя сацыяльна-палітычныя і эканамічныя пытанні ў межах асобных дзяржаў і назаўсёды зніме міждзяржаўныя супярэчнасці.

1918 год меў вялікае значэнне для дзяржаў Еўропы. Пасля Першай сусветнай вайны аб сваёй незалежнасці ад Расіі заявіла Фінляндыя (6 снежня 1917 года). 9 лютага 1918 года Германія і яе саюзнікі падпісалі ў Берліне мірны дагавор з Украінскай Народнай Рэспублікай. У 1918 годзе Берлін прызнаў незалежнасць Літоўскага нацыянальнага савета. У 1917 годзе з дазволу германскіх уладаў быў створаны Латвійскі нацыянальны савет, які аб'явіў аб незалежнасці Латвіі. 25 сакавіка 1918 года ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларусі ў Мінску аб незалежнасці заявіла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У адрозненне ад новых дзяржаўных утварэнняў Літвы і Украіны БНР не атрымала афіцыйнага прызнання Берліна, аднак пад нямецкім кантролем беларускія лідары займаліся дзяржаўнай дзейнасцю ва ўсіх галінах, акрамя ваеннай і паліцэйскай.

Па ўмовах дадатковага дагавора Германіі з РСФСР, падпісанага ў жніўні 1918 года, узамен на атрыманне значнай часткі кантрыбуцыі Германія абавязалася пачаць вывад сваіх войскаў з беларускіх зямель на прынцыпах неўмяшальніцтва ў іх унутраныя справы і непрызнання дзяржаўных утварэнняў, якія маглі ўзнікнуць на гэтых землях.

29 жніўня 1918 года савецкае кіраўніцтва асобным дэкрэтам, падпісаным Леніным, пацвердзіла права польскага народа на стварэнне самастойнай дзяржавы. Гэты дэкрэт быў тонкім дыпламатычным ходам, разлічаным на падтрымку народаў былой Рэчы Паспалітай у барацьбе Савецкай Расіі з Германіяй і пашырэнне пазіцый сацыялістычнай рэвалюцыі на іх тэрыторыі.

У верасні—кастрычніку 1917 года нямецкія войскі пакінулі Лепельскі, Сенненскі, Аршанскі і Магілёўскі паветы, у якіх адразу ўсталёўвалася савецкая ўлада.

На далейшы ход гісторыі паўплывалі дзеянні іншых дзяржаў, у тым ліку і тых, якія не межавалі з нашымі землямі.

У гады Першай сусветнай вайны ўдзельнікі раздзелаў Польшчы аказаліся ў супрацьстаячых ваеных блоках, і таму польскае пытанне станавілася важным фактарам палітычнай барацьбы, што стараліся выкарыстаць польскія нацыяналістычныя і палітычныя сілы ў планах адносна аднаўлення сваёй дзяржавы. У падтрымку польскага пытання афіцыйна выступілі ўрады Францыі і ЗША. У выніку пачала фарміравацца польская аўтаномная (так званая «блакітная») армія.

У перыяд адраджэння Польскай дзяржавы Вялікабрытанія, Францыя, ЗША былі зацікаўлены ў выкарыстанні польскіх узброеных сіл на мяжы з Саветамі, усяляк падтрымлівалі агрэсіўныя планы польскага кіраўніцтва на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У першай палове 1919 года Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн долараў зброі і на 51 млн прадуктаў харчавання. Значнай была дапамога з боку Францыі, што дазволіла за кароткі час стварыць і ўзброіць вялікую армію, якая налічвала каля 500 тысяч чалавек. Атрымаўшы такую дапамогу, Польшча прыступіла да выканання планаў па далучэнні зямель.

Неабвешчаная вайна

Нямецкія войскі адыходзілі, услед за імі прасоўваліся войскі Чырвонай Арміі, бо лічылі гэту тэрыторыю сваёй. Рух з усходу працягваўся адначасова з прасоўваннем польскіх войскаў з захаду. Да таго часу, пакуль яны не сутыкнуліся, вайны не было. Упершыню яны сустрэліся ў раёне Бярозы Картузскай, адбылася перастрэлка. Але і пасля гэтага пра вайну не было сказана. У гісторыяграфіі савецка-польская вайна так і засталася неабвешчанай, і сёння даследчыкі маюць пэўныя праблемы з вызначэннем тэрмінаў яе пачатку.

Пакуль савецкая ўлада вяла барацьбу з унутранай контррэвалюцыяй, войскамі Калчака, Дзянікіна, на ўскраінах адбываліся дзяржаўныя ўтваральныя працэсы. Прасоўваючыся па тэрыторыі Беларусі, польскія войскі ўступалі ў баявыя сутыкненні з Чырвонай Арміяй. Чырвонаармейцы часам не разумелі, што адбываецца. Савецкая краіна аказалася ў складанай сітуацыі.

Інтарэсы бальшавікоў

Прычыну, па якой бальшавікі пайшлі на дамову з Польшчай, у сваім выступленні назваў кандыдат гістарычных навук, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін. Яна ёсць у цытаце Леніна, калі той выступаў на пасяджэнні з тлумачэннямі курса партыі: «Нас прымусіла спяшацца з мірам жаданне пазбегнуць зімовай кампаніі, разуменне таго, што лепш мець горшую мяжу — гэта азначае атрымаць менш тэрыторыі Беларусі і мець магчымасць меншую колькасць беларускіх сялян вырваць з прыгнёту буржуазіі, чым ускласці новыя складанасці, новую зімовую кампанію на сялян Расіі». Гэта адна з нямногіх цытат, дзе Уладзімір Ільіч заклапаціўся становішчам расійскіх сялян у час Грамадзянскай вайны, што звязана з нарастаннем сялянскага супраціўлення. У гэты час пачынаецца паўстанне на Тамбоўшчыне, складаюцца ўмовы для буйнога заходнесібірскага паўстання, у паведамленнях, якія ідуць з месцаў Савецкай Расіі, бачна нарастанне незадавальнення ў адносінах да харчразвёрсткі і палітыкі бальшавікоў.

Неспакойна было і ў Беларусі. На верасень 1920 года планавалася скліканне Усебеларускага з'езда Саветаў. Але ён быў перанесены. Звычайна ў нас трактуюць, што гэта было звязана з неспрыяльнальнай ваенна-палітычнай сітуацыяй на франтах. Але вывучэнне перапіскі палітычных дзеячаў таго часу сведчыць, што перанос Усебеларускага з'езда быў прадыктаваны пазіцыяй Масквы, дзе апасаліся, што з'езд паскорыць канстытуалізацыю Беларускай савецкай рэспублікі, а гэта паставіць пытанне аб неабходнасці яе паўнавартаснай прысутнасці на рыжскіх перамовах. А так існавала добрая падстава, каб беларускі бок не прысутнічаў на перамовах — маўляў, няма паўнавартаснага ўрада і да канца не вырашаны нацыянальныя пытанні... Але тым не менш, упэўнены Вадзім Гігін, без супярэчлівасці і неадназначнага стаўлення да Рыжскага дагавора ў Беларусі, барацьбы меркаванняў, адстойвання беларусамі права на самавызначэнне магло б не адбыцца многіх іншых падзей — напрыклад, беларусізацыі і ўзнікнення такой з'явы, як «нацыянал-камунізм». На жаль, многія дакументы, звязаныя з тымі падзеямі, знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, не ўсе з іх выяўлены і даследаваны, а значыць, вывучэнне складанай гісторыі пачатку фарміравання Беларускай рэспублікі будзе працягвацца.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі