Вы тут

Вяртанне да новага жыцця. Чым прыцягвае ўвагу спектакль «Паўлінка»


Кожны пачатак сезона — быццам пачатак новага жыцця для тэатра. Тут рэдка працуе навагодняе правіла «як сустрэнеш, так і правядзеш», але першы спектакль, паказаны ў новым сезоне, быццам задае своеасаблівы сімвалічны вектар.

Тэатр імя Янкі Купалы, які пачаў новае жыццё ў сакавіку, з пачаткам вясны, свой вектар абазначыў дакладна. Паставіўшы найперш «Паўлінку», тэатр заяўляе пра захаванне традыцый, што склаліся на працягу доўгай гісторыі існавання, важнасць пераемнасці ў акцёрскай прафесіі і паважлівае стаўленне да імені, якое ён носіць.

Паказ новай «Паўлінкі» і адкрыццё сезона адбыліся 3 сакавіка, прэм’ерны спектакль таксама прайшоў 6 і 7 сакавіка. На працягу месяца глядач зможа яшчэ неаднаразова яго паглядзець.

«Паўлінка» — спектакль паводле камедыі Янкі Купалы, інтэрпрэтацыі якой з самага пачатку існавання тэатра з’яўляліся на сцэне рэгулярна. Назва «Паўлінка» ў рэпертуары доўгія часы заставалася і застаецца візіткай Купалаўскага.


Пастаноўка, якая прапаноўваецца сёння, можа лічыцца класічнай. Версія рэжысёра Льва Літвінава ўпершыню была пастаўлена ў 1944 годзе ў Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі падчас вайны. Сёння спектаклю далі новае жыццё.

Калі на сцэне ставяць класічны твор са школьнай праграмы, у тэатра ёсць два шляхі. Першы — зрабіць ілюстрацыю да падручніка, ажывіць літары і палегчыць прачытанне твора, даўшы словам інтанацыю, дэкарацыі і касцюмы. Другі — скарыстацца п’есай як матэрыялам для інтэрпрэтацый, узяць яго за аснову для ўласнага бачання. Сённяшняя версія тэатра імя Янкі Купалы быццам спалучае два гэтыя шляхі. З аднаго боку, стылістыка спектакля цалкам дазваляе глядзець яго як экранізацыю класічнага твора. З іншага — у пастаноўцы ёсць кардынальныя адрозненні ад арыгінала.

Фінал, у якім па п’есе Паўлінка даведваецца, што Якіма арыштавалі па даносе бацькі, заменены на хэпі-энд: дзяўчына карыстаецца сумятнёй, каб збегчы з каханым. Апошняя фраза на сцэне, якую прамаўляе Альжбэта, маці Паўлінкі, — «Паўлінка з Якімам! Дзякуй Богу!» Для поўнага шчасця, па меркаваннях гледачоў, падслуханых у чарзе ў гардэроб, не хапіла нейкага фінальнага танца.

Але ёсць і яшчэ адна дэталь у апошняй сцэне, настолькі хуткая і нечаканая, што, напэўна, не ўсе паспяваюць яе зразумець. Пан Быкоўскі другі раз зазірае ў акно, каб спытаць, куды ўсё ж такі выехаць, і Пранцісь Пустарэвіч страляе ў яго. Гэты момант вельмі цяжка інтэрпрэтаваць, растлумачыць сабе, чаму спектакль, які да апошняга развіваўся як камедыя з хэпі-эндам, заканчваецца такім чынам.

Увогуле, пастаноўку, адноўленую праз 77 гадоў пасля першага паказу, у 2021-м можна глядзець выключна як экранізацыю літаратурнай класікі, як даніну памяці аўтару п’есы, чыё імя гэты тэатр носіць. Але амаль немагчыма ўспрымаць «Паўлінку» як камедыю з прамым прачытаннем. Як мінімум таму, што калі канфлікт, заснаваны на сацыяльным расслаенні, сучасны глядач яшчэ засвойвае, то гумар, пабудаваны на п’янстве, жартах пра жанчын і кпіны з чалавека, які патрапіў у асяроддзе, дзе яго паводзіны незвычайныя, у чыстым выглядзе ўспрымаць цяжка, асабліва публіцы сталай і дасведчанай.

Адзінае магчымае выратаванне для такога матэрыялу — акцёрская харызма.

Вобраз Альжбэты стварыла Вольга Няфёдава. Дарэчы, яна таксама выступіла ў гэтым спектаклі як мастацкі кіраўнік. А рэжысёрам стала Зінаіда Вядзеніна. Сярод старэйшых акцёраў, што задзейнічаны ў спектаклі, вылучаецца Васіль Сушыцкі ў ролі Сцяпана Крыніцкага. Вобраз, створаны ім, даволі сучасны. Ён нагадвае персанажаў сучасных расійскіх камедый, што спалучаюць п’яную агрэсію і п’яную камічнасць. Крыніцкі ў такой інтэрпрэтацыі аказваецца жорсткім, строгім бацькам, пагрозы якога ў бок Якіма і Паўлінкі вельмі лёгка ўспрыняць сур’ёзна. Гэта магло б нават надаць «Паўлінцы» новы, сучасны кантэкст: аб’юзіўныя бацькі, псіхалагічны ціск і гэтак далей. Калі б уся астатняя пастаноўка не была камедыяй. Акцёру добра ўдаецца падтрымліваць вобраз, які ён стварае, хаця ў камунікацыі з іншымі героямі Крыніцкі крыху губляе экспрэсію.

Пара Пустарэвічаў — Агата і Пранцісь у выкананні Тамары Міронавай і Генадзя Аўсяннікава, — як кажуць, «парвала залу». Акцёры яўна пачуваліся ў сваёй талерцы і шчодра сыпалі фірмовымі інтанацыямі, іранічнымі заўвагамі і камічнымі перасваркамі. Гледачы некалькі разоў зрываліся на гучныя апладысменты пасля мізансцэн з Агатай і Пранцісем. Абодва выглядалі арганічна і ў пары, і паасобку.

Тым мацнейшы кантраст. Сённяшні спектакль «Паўлінка» прыцягвае ўвагу сваёй пераемнасцю пакаленняў, кантрастам паміж акцёрамі старой школы і моладдзю. Апошнія ў спектаклі — яшчэ студэнты. Загалоўная роля дасталася Анастасіі Варанковай, другакурсніцы БДУКМ. У яе прыгожы пастаўлены голас і дастаткова экспрэсіўнасці для гэтай ролі, і яна вельмі стараецца. Аднак адчуваюцца пераігрыванні, асабліва ў сольных сцэнах і размовах з Якімам. Актрыса пераціскае сваё хваляванне і замест таго, каб натуральна перавесці яго ў характар гераіні, стварае даволі неадназначны вобраз. З самай першай сцэны Паўлінка шмат мітусіцца, прычым набірае хуткасць, бегаючы па дэкарацыях. Гэта тэарэтычна магло б сыграць, калі б не моцны кантраст са старэйшымі акцёрамі. Аднак камічныя сцэны, у якіх трэба пасмяяцца з іншых ці з сябе, дзяўчыне ўдаюцца больш арганічна. Магчыма, праз некалькі сыграных спектакляў яна больш асвоіцца ў ролі, пазбавіцца заціснутасці і дадасць больш адценняў у выкананне Паўлінкі. Астатняя моладзь, масоўка і выканаўца ролі Якіма Сарокі Ілья Крук таксама іграюць даволі заціснута, ад чаго ў камедыю прасочваецца крыху не зусім гарманічнага ў ёй пафасу. Часам замест вясёлай шумнай кампаніі яны нагадваюць школьнікаў, якія хорам адказваюць на пытанні настаўніка на экскурсіі, але гэта таксама справа досведу. Цалкам магчыма, што праз некалькі паказаў спектакль моцна зменіцца ад таго, што акцёры перастануць увесь час думаць пра тое, што яны на сцэне — прызвычаіцца будзе нескладана, бо «Паўлінка» ў сакавіцкім рэпертуары паўтараецца яшчэ пяць разоў.

Напэўна, самы заўважны вобраз з маладых акцёраў стварае Міхаіл Світа. «Нязграбную чапялу» Адольфа Быкоўскага ён іграе з вялікім заглыбленнем у ролю, старанна. І выглядае пераканаўча, але яго Адольф Быкоўскі атрымліваецца не ўпэўненым у сабе, а манерным, малявана карыкатурным, занадта камічным на фоне астатніх, даволі звычайных роляў. Гэта стварае ўражанне, быццам некаторыя акцёры іграюць розныя спектаклі. Але ва ўзаемадзеянні з Быкоўскім быццам нешта пераключаецца ў Паўлінцы, яна пачынае яго задорна і жыва падбухторваць да розных дзіўных выкрутасаў. Другі акт у цэлым глядзіцца хаатычна, у ім шмат мітусні. Яна і павінна быць у сцэне сяброўскай гулянкі, але не такой напружанай.

Тыя, хто збярэцца наведаць «Паўлінку» дзеля атмасферы, напэўна, сваё атрымаюць. Першы складнік, вядома, — музыка і танцы. Аркестр спраўляецца без пытанняў, а вось танцуюць усе разам чамусьці толькі Лявоніху. На адзін з танцаў з масоўкі выходзіць дзве пары — дзяўчына з хлопцам і дзяўчына з дзяўчынай, таму сцэна выглядае беднавата. Падчас танцаў Адольф і Паўлінка абменьваюцца прыпеўкамі, але іх амаль не чутно, прынамсі, з балкона. Але для таго, каб пераадолець гэты момант, у акцёраў таксама будзе яшчэ шмат магчымасцей.

Афармленне сцэны таксама прыцягвае ўвагу. На ёй пабудавана мадэль хаты «ў разрэзе», з тыповай абстаноўкай, за выключэннем хіба што іконы не на покуці, а пасярод сцяны (асаблівасці канструкцыі). На верхняй частцы дэкарацыі, што імітуе дах, буйнымі літарамі напісана «Янка Купала». Гэты момант падаецца сімвалічным. Імя выносіцца як абазначэнне прасторы, і ствараецца такая выснова: усё, што адбываецца на сцэне, насамрэч адбываецца ў прасторы класічнай беларускай літаратуры больш, чым у прасторы сучаснага беларускага тэатра. «Паўлінка» — сімвал сувязі беларускага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра і беларускага класіка літаратуры, і менавіта таму яна можа і павінна гадамі адкрываць сезоны, таму яна адкрытая для прачытання любым пакаленнем. П’есу, з усімі нарослымі за гады вакол яе кантэкстамі, можна ўспрымаць як скарб, гістарычную каштоўнасць або выкапень. Але літаратурны твор, у адрозненне ад палак-капалак, вісочных кольцаў і іншых помнікаў старажытных рамёстваў, будзе больш карысны, калі не змяшчаць яго пад шкло, а скарыстацца ім як інструментам. Бо тэхнічны прагрэс пазбавіў нас працы ручной, але для інтэлектуальнай ніякіх новых інструментаў не прыдумаў. Таму мы працягваем карыстацца сімваламі.

Ганна ІВАНОВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».