Вы тут

Чаму ўжываюць алкаголь падлеткі і як іх засцерагчы?


З пункту гледжання Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, няма «бяспечнай» дозы алкаголю, у ідэале чалавек не павінен яго ўжываць увогуле. Чаму на падлеткавы арганізм алкаголь уздзейнічае больш жорстка, чым на дарослы? Якія матывы і прычыны схіляюць да таго, каб маладыя людзі пачалі яго ўжываць? Якія асаблівасці фарміравання алкагольнай залежнасці ў падлеткаў? Што трэба рабіць, каб пазбегнуць цягі да спіртнога? Пра гэта расказала ўрач-педыятр 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Зоя ПАЛЯК.


Пакутуюць печань, сэрца, лёгкія. І не толькі

— Падлеткавым лічыцца ўзрост ад 10 да 20 гадоў. Гэты перыяд характарызуецца бурным ростам і развіццём усіх органаў і сістэм. Прыкладна ў два разы павялічваецца маса сэрца, адбываецца канчатковая дыферэнцыроўка нервовай сістэмы, завяршаецца паспяванне нервовых клетак. У цэлым дзейнасць органаў і сістэм падлеткавага арганізма характарызуецца функцыянальнай няўстойлівасцю, павышанай рэактыўнасцю тканак да шматлікіх фактараў знешняга асяроддзя, асабліва шкодных. Таму арганізм падлетка найбольш уразлівы да ўздзеяння алкаголю, — аргументуе Зоя Анатолеўна.

Шкодны ўплыў спіртнога на юны арганізм у некалькі разоў мацнейшы, чым на дарослы. Гэта тлумачыцца тым, што ён бурна расце, прычым з інтэнсіўным абменам рэчываў. Тканкі арганізма падлетка багацейшыя на ваду, што ўзмацняе шкоднае дзеянне алкаголю — ён прагна паглынае вадкасць, адбіраючы яе ў тканак арганізма.

Пры канцэнтрацыі алкаголю ў крыві 0,5-0,6 % (што адбываецца пры ўжыванні прыкладна 0,5 л гарэлкі) могуць быць цяжкія наступствы. Калі ўтрыманне алкаголю ў крыві прыняць за 1, то ў печані яно будзе адпаведна 1,45, у галаўным мозгу — 1,75. Адначасова парушаецца работа сасудаў галаўнога мозга. Але больш за ўсё пакутуе нервовая сістэма.

— У падлеткавым узросце, калі мазгавая тканка знаходзіцца на стадыі структурнага і функцыянальнага ўдасканалення, дзеянне алкаголю з'яўляецца асабліва небяспечным, нават аднаразовае ўжыванне алкаголю аказвае шкодны ўплыў на галаўны мозг. Пры шматразовым жа ўжыванні ў падлетка зніжаецца інтэлект, — расказвае ўрач.

Другой мішэнню алкаголю ў арганізме з'яўляецца печань, бо ў ёй ідзе яго расшчапленне. Калі хуткасць паступлення алкаголю перавышае хуткасць яго распаду, адбываецца назапашванне алкаголю, што вядзе да таксічнага паражэння клетак печані. У іх адбываюцца дыстрафічныя змены з назапашваннем тлушчу, можа здарыцца некроз клетак з наступнай іх заменай злучальнай тканкай. Такім чынам, парушаецца функцыя печані, а менавіта яе ўдзел у бялковым, вугляводным і тлушчавым абменах, сінтэзе вітамінаў і ферментаў. Дзеянне алкаголю на печань падлетка разбуральнае яшчэ і таму, што і гэты орган знаходзіцца ў стадыі фарміравання.

Прыкладна 10 % алкаголю вылучаецца з арганізма праз лёгкія. Алкаголь пашкоджвае далікатны эпітэлій дыхальных шляхоў, што спрыяе захворванням органаў дыхання. На мышцу сэрца алкаголь аказвае непасрэднае таксічнае ўздзеянне. Такім чынам, алкаголь аказвае згубнае дзеянне на ўвесь арганізм, які расце. Абвастраюцца такія рысы характару, як агрэсіўнасць, раздражняльнасць, замкнёнасць.

За кампанію і ад няма чаго рабіць

— Сярод асноўных матываў ужывання спіртнога падлеткамі — «падабаецца», «прыемна» (да 60 %), уплыў групы равеснікаў (11-20 %), зняцце напружання (10-15 %), — гаворыць Зоя Паляк. — Часта матывамі з'яўляюцца жаданне здавацца дарослым, быць моцным і адважным, маюць месца матывы «на свята з сябрамі», «за кампанію», «ад няма чаго рабіць».

Як вядома, у гэтай справе вялікую ролю адыгрывае сям'я. Калі ў сям'і існуе традыцыя ўжывання алкаголю з нагоды і без, то і падлетак хутчэй далучыцца да гэтага. Як правіла, піцейныя традыцыі становяцца аб'ектам пераймання.

Шматлікія даследаванні паказваюць, што фарміраванне алкагалізму ў значнай меры залежыць ад таго, у якім узросце адбылося далучэнне да спіртных напояў. Чым раней дзіця паспытала алкаголь, а затым стала яго сістэматычна ўжываць, тым карацейшы перыяд фарміравання алкагольнай залежнасці.

— Фарміраванне алкагалізму пачынаецца з першага знаёмства са спіртным, пры паўторным ужыванні фарміруецца ўжо пэўная псіхалагічная залежнасць, — адзначае ўрач. — Пры рэгулярным ужыванні развіваецца так званая астэнізацыя асобы — павышаюцца стамляльнасць, няўважлівасць, адсутнасць цікавасці да навакольнага, зніжэнне актыўнасці. Падлетак становіцца ўзрыўны, грубы, бестурботны, хлуслівы, замкнёны.

У якасці прафілактыкі спецыяліст раіць бацькам правільна арганізаваць вольны час, заахвочваць да наведвання гурткоў, секцый, удзелу ў розных спаборніцтвах і паходах, галоўнае — ведаць, да якіх заняткаў у падлетка ёсць цікавасць.

— Вядома, калі зацікаўленыя ведамствы зменяць стаўленне да дадзенай праблемы, калі будуць уведзены акцызы на алкаголь і цыгарэты ад 40 %, якія паступова павялічацца да 100-200 %, а атрыманыя сродкі будуць накіроўвацца ў бюджэт, як гэта можна назіраць на прыкладзе скандынаўскіх краін, у прыватнасці, Швецыі, то распаўсюджанасць шкоднага спажывання алкаголю сярод моладзі і непаўналетніх можна будзе значна знізіць, — лічыць Зоя Паляк. — Перамагчы п'янства за некалькі гадоў яшчэ не ўдавалася нікому, а вось скараціць спажыванне алкаголю цалкам рэальна, а ў падлеткавым асяроддзі — жыццёва неабходна.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: vsezavisimosti.ru

Загаловак у газеце: Цікаўнасць ці пратэст?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Фішынг, вішынг — два кіты кіберзлачыннасці

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.