Вы тут

У Мінску зафіксаваны выпадак трыхінелёзу


Факт захворвання трыхінелёзам пацвердзіўся ў Ленінскім раёне сталіцы. Вядома, што заражэнне адбылося падчас выезду ў вёску і звязана з ужываннем мяса. Спецыялісты пацвярджаюць, што прыродныя ўмовы і відавы склад жывёл — гаспадароў трыхінелы ствараюць у нас спрыяльныя ўмовы для прыродных ачагоў і магчымага распаўсюджвання гэтага захворвання.

Пра яго небяспеку расказаў урач-інфекцыяніст 11-й гарадской паліклінікі Мінска Андрэй МАКАРЭВІЧ.


— Трыхінелёз — гэта паразітарнае захворванне чалавека і жывёл. Яго выклікаюць трыхінелы — дробныя, нябачныя няўзброеным вокам лічынкі круглага гельмінта. Заражэнне чалавека адбываецца праз ужыванне мяса і мясных прадуктаў (сырога фаршу, сыравяленай дамашняй каўбасы і кумпяка, шашлыкоў, смажанага мяса і іншых), заражаных лічынкамі трыхінелы.

У сваю чаргу, заражэнне дзікіх жывёл адбываецца ў выніку драпежніцтва, а таксама паядання трупаў загінулых жывёл. Дамашнія жывёлы заражаюцца пры ўжыванні прадуктаў забою, харчовых адходаў, трупаў загінулых жывёл. Трэба адзначыць, што ў трупах жывёл, хворых на трыхінелёз, лічынкі захоўваюць жыццяздольнасць ад чатырох да дзесяці месяцаў. Пры засолцы мяса ў глыбокіх пластах — на працягу года. Трыхінелы добра пераносяць вэнджанне, смажанне, варэнне, апрацоўку ў мікрахвалевай печы і замарожванне.

— Можна меркаваць, што выпадкі заражэння ў людзей фіксуюцца ў пэўны сезон — калі забіваюць дамашнюю жывёлу?

— Як правіла, сезон уздыму захворвання на трыхінелёз сапраўды прыпадае на перыяд з кастрычніка да красавіка, калі праводзіцца забой дамашніх свіней і адкрываецца сезон палявання на дзікіх жывёл — дзіка, барсука, лісіцу.

— Як праяўляе сябе захворванне ў чалавека? Як хутка яго прыкметы можна заўважыць?

— Трэба сказаць, што лічынкі пасяляюцца толькі ў папярэчнапаласатых мышцах — языка, жавальных, міжрэберных, дыяфрагмы, рук і ног. З часам лічынкі пакрываюцца капсулай і могуць захоўвацца ў такім выглядзе гадамі.

Чым вышэйшая інтэнсіўнасць інвазіі (заражэння) пры трыхінелёзе, тым карацейшы інкубацыйны перыяд і больш выразныя клінічныя сімптомы. Сярэдняя працягласць інкубацыі складае ад сямі да 40 дзён. У рэдкіх выпадках, пры звышінтэнсіўнай інвазіі, інкубацыйны перыяд скарачаецца да 1-3 дзён. Хвароба выяўляецца амаль адразу, калі трыхінелы пачынаюць прадуцыраваць новых лічынак.

Пры цяжкім цячэнні захворвання гэта суправаджаецца язвамі і некрозам тканак кішэчніка, крывацёкам, моцнай інтаксікацыяй прадуктамі распаду. Хворага мучаць млоснасць, ваніты, панос з прымессю крыві.

Да канца другога тыдня з'яўляюцца ацёкі: пачынаючыся ў вобласці твару і шыі, яны «разрастаюцца» па ўсім целе. Нарастае мышачны боль, які ў далейшым суправаджаецца поўным абезрухоўленнем хворага. Расстройства цэнтральнай нервовай сістэмы праяўляецца моцным галаўным болем, узбуджэннем, трызненнем. Пры цяжкім трыхінелёзе заўсёды пакутуе сэрца, могуць узнікнуць прыступы парушэння рытму, вострага падзення сардэчнай дзейнасці.

Калі мяса не так моцна заражана лічынкамі трыхінелы, карціна хваробы іншая. У першыя дні чалавек адчувае лёгкае недамаганне, можа быць расстройства кішэчніка, якое неўзабаве праходзіць. Затое праз 2-3 тыдні развіваюцца бурныя алергічныя рэакцыі: рэзка падымаецца тэмпература, ацякаюць твар, шыя, «ламае» ўсё цела — баляць мышцы рук і ног. Чалавек, які і думаць забыўся пра сала, з'едзенае тры тыдні таму, пачынае лячыцца ад вострага рэспіраторнага захворвання, але палёгка не надыходзіць і не можа наступіць. Неабходная тэрміновая шпіталізацыя, бо ў любы момант могуць развіцца цяжкія паражэнні жыццёва важных органаў.

— Ці вылечваецца трыхінелёз?

— Пры своечасовым і правільным лячэнні вынік, як правіла, станоўчы, але ў цяжкіх выпадках магчымы смяротны зыход. Лячэнне трыхінелёзу ўяўляе пэўныя цяжкасці і павінна праводзіцца толькі дасведчанымі, кваліфікаванымі спецыялістамі.

— Як не заразіцца гэтай небяспечнай інфекцыяй?

— Каб не захварэць, неабходна выконваць пэўныя меры засцярогі, сярод якіх можна вылучыць мерапрыемствы па прафілактыцы заражэння трыхінелёзам жывёл і па недапушчэнні заражэння чалавека. Да першай групы адносіцца сістэматычнае знішчэнне (дэратызацыя) грызуноў у месцах утрымання свіней і іншых жывёл. Асноўным і абавязковым мерапрыемствам па папярэджанні трыхінелёзу ў людзей з'яўляецца пасляўбойная трыхінеласкапічная экспертыза туш свіней пачынаючы з трохтыднёвага ўзросту. Яшчэ не трэба набываць мясныя вырабы ў невядомых асоб ва неўстаноўленых месцах гандлю, а таксама мясапрадукты, якія не маюць пасведчання аб правядзенні ветэрынарна-санітарнай экспертызы.

Алена КРАВЕЦ

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.