Вы тут

«Хоць і марыў пра кіта, ды лавіў Ясь... для ката»


Гэта — як «Ойча наш...»: дайце чалавеку рыбу, і ён цэлы дзень будзе пад'еўшы, дайце яму вуду, і ён усё жыццё і ўсіх будзе даставаць сваімі рыбацкімі прыгодамі.

Праўда, пра вось гэтую — пасаромеўся і не сам расказаў. «Сведкі» здалі: на свае вочы бачылі, як узяў вудачку ды іншы рыштунак, як смела выйшаў на лёд. А толькі за ледабур, каб лунку круціць, — нехта (і, галоўнае, даверліва так, ледзь не на вуха) кажа: «Тут рыбы няма». Рыбак паслухаў — адышоўся трохі далей, зноў узяўся за справу. І зноў яму голас той: «Рыбы няма...» Ён тады новае месца знайшоў, думае: «Ну ўжо тут...» «Няма...» — ловіць вухам яшчэ раз. «Ды скуль табе ведаць?! — злуе рыбак. — Хто ты такі?!» — «Я?.. Дырэктар лядовага палаца. А ты, як выглядае, хочаш нам каток сапсаваць?»


Добра, карацей, што спынілі, што не паспеў, а то... Зрэшты, тут і вось зараз не аб тым, што магло быць: аб тым, што ёсць — на чарговым конкурсным здымку. «...Толькі зірнуў на яго, — піша спадар Аляксандр Матошка з Расоншчыны, — і адразу прыгадаў «усмешку» мастака. На льдзіне, адарванай ад берага, стаяць рыбакі, размахваюць рукамі — клічуць на дапамогу. Ды ратавальнікі праплываюць міма і пры гэтым кажуць адзін аднаму: «Хай не лгуць. Такой вялізнай рыбы тут зроду не было».

Дарэчы, ці ведаеце вы, якая з жывёл расце найхутчэй? Правільна: рыба, якая сарвалася з кручка. І якой — ну бывае! — зусім не шкада, бо, на думку спадара Аляксандра

У любімай, у рыбалцы

Кожны мае інтарэс:

Хто ляшча смакуе

ў шмальцы,

Для каго важней працэс...

А значыць, зусім не дзіва, што пра яго ў нашай пошце радкоў — ну хоць адбаўляй. Выбіраем найлепшыя: спроба оды — ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавус:

Паважаю рыбацкае племя:

Закалёны, упарты народ,

Аб'яднаны

адным захапленнем —

Да вады шыбаваць

з году ў год...

Іх на льдзінах

у мора выносіць,

Яны церпяць

дажджы, духату...

Ім за шчасце бывае

прыносіць

Пяць маленечкіх

плотак — кату.

Да слова: рыбак позна ўвечары «змотвае вудачкі», выцягвае з вады пусты садок ды мармыча: «Калі б рыбалка так не супакойвала, перадушыў бы ўсіх!»

Гэта — анекдот, як вы зразумелі. Зараз — чыстая праўда ад спадара Віктара Сабалеўскага з Узды:

Ловіць сеткай рыбу хтосьці,

Іншы — выбірае восці.

А Пятрок на донку вудзіць,

Хоць смяюцца з яго людзі:

«Твой улоў —

кату пад'есці»...

Ім Пятро:

«Чытаў я дзесьці,

Што такое захапленне —

Ад усіх хвароб лячэнне».

А значыць, нічога дзіўнага ў радках ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:

Жонка мовіць: «Ты куды?

Не дзяцюк, амаль калека...»

Муж з надзеяй: «Да вады,

Там — душа мая і лекі!»

Кажуць — нават ад ковіду, бо паветра чыстае, рукі часцяком у вадзе, дыстанцыя — большай не трэба... Хоць якраз гэта, паводле спадара Міколы Кісяля з Мінска, не заўжды зразумела, бо ці не ўсе рыбакі, ну згадзіцеся:

Узімку — прамярзаюць,

На вятрах гібеюць...

А спытай, што маюць, —

Адказаць не ўмеюць.

Мо таму, што не варта, бо гэта — проста інстынкт. Ну сапраўды: «Рыбалка, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, — вельмі старажытны занятак, а рыба — не толькі ежа. Колькі зачыненых дзвярэй яна адчыніла! А колькі спарадзіла гісторый, прымавак, анекдотаў?! Хто не чуў тое ж крылатае «Рыбакі лавілі рыбу, а спаймалі рака...»? Хто не прыгадае савецкае: «Сустракаюцца ў моры хек і сцерлядзь. Яна яму: «Віват, кармілец народа!» Ён ёй: «Плыві адсюль, наменклатурная штучка»...

«Словам, хоць нешта пра рыбакоў і рыбу, але ведае кожны, — працягвае спадарыня Валянціна. — У нашай сям'і з вудамі любілі пасядзець і мае дзядуля з татам, і брат. Яго наогул хлебам не кармі, дай на рэчку схадзіць... Хапае рыбаловаў і сярод жанчын. У блізкім мне Давыд-Гарадку да адной апантанай нехта ўзімку ззаду падкраўся — вады на спадніцу наліў. Яна не пачула... Прымерзла, бедная».

Як потым дадому ішла, спадарыня Гудачкова не піша: можа, і без спадніцы, але ж, відаць, з уловам!

Зрэшты, пра яго, пра ўлоў, трэба потым, а спачатку...

Жонка, выпраўляючы мужа на рыбалку, нагадвае: «Ты ж там глядзі... Галоўнае — не пераблытай прынаду з закускай, ніводнай сцерлядзі не давай нумар свайго мабільнага, не перасмаж шашлык, не ўчадзей у лазні і не абрывай мой тэлефон, бо мы з дзяўчатамі ідзём на паляванне».

Мудрая, згадзіцеся, жонка. Іншая, выціраючы пагнутую патэльню, сказала мужавым сябрам, што ён сягоння на рыбалку не ідзе — яму галава баліць... Адпаведна — маюць рацыю сужэнцы Астроўскія:

З-за рыбалкі дзе-нідзе,

Ды вайна ў дамах ідзе...

Сёння раніцай Аксана

Мела «гутарку» з Іванам.

Бач — апрануты, абуты,

А самотны, а надзьмуты:

Пасля гэткай перапалкі

Не захочаш і рыбалкі.

Бо яна — згадзіцеся са спадарыняй Таццянай Новік з Клецка — зусім іншая, калі ўсе пытанні вырашаюцца мірам:

Не пускалі з дому жонкі,

Бо мароз — дай божа!

«Як не зловім, 

— зімку ўспомнім», —

Мовіў ёй Сярожа.

«А як раптам пашанцуе, —

будзе і вячэра...

Не сабе,

дык хоць катам», —

абяцаў Валера.

Карацей — з лёгкай душой гэтыя сямейнікі рассталіся, і, па ўсім відаць, з радасцю сустрэнуцца.

Хоць такое, на жаль, і не ў кожнай сям'і. На думку спадара Сабалеўскага:

Збеглі хлопцы на рыбалку

Ад сваіх звяглівых жонак.

На вятрах сядзелі зранку,

«Еў» мароз іх да пячонак,

Не было наогул клёву,

Хоць сядзелі да паўдня...

Ды настрой жа — адмысловы:

На рыбалцы — усе радня!

Вось таму, відаць, яна і вабіць... Часам — нягледзячы на рызыку, як зазначае спадар Мікалай Старых з Гомеля. «Некалі па сажалцы, — успамінае ён, — мы шайбу ганялі, а пад намі лёд трашчаў... Дык жа падшыванцы былі — безгаловыя падлеткі. А тут — дарослыя мужчыны... Яны што — гатовыя рызыкнуць жыццём дзеля нейкай няшчаснай рыбіны? Ці

Вабіць дзядзькаў тонкі лёд.

Нібы вос

разліты мёд...

Мо ў палонцы лепей часам,

Чым пад жончыным

абцасам?

Ёсць пытанне... Як і анекдот. Рыбакі гібеюць над лункамі, на лёдзе... Пры гэтым адзін на фатаграфію жонкі пазірае... «Ты што — налюбавацца не можаш?» — пытае ў яго сябрук. «Не... Проста і рыба не бярэцца, і холад сабачы... А на фотку пагляджу і павесялею: як жа добра, падумаю!»

Гэта — пра жонку, у якой, як правіла, маці ёсць. Якраз пра яе, пра цешчу, радкі спадарыні Чыгрынавай з Мінска:

Ззялі вочы ў Насці:

Зяцю купім снасці:

Няхай зрэдку, пакрысе

Але ж рыбкі прынясе!?

На рыштунак рыбака

Шмат ахвяравала...

Лепш бы зломка-прымака

У «Віталюр» паслала.

...Вось так, можна сказаць, неўпрыкмет мы прыйшлі да тэмы, з якой ледзь не пачалі гэты агляд. Гэта значыць, да ўлову.

Добрая вестка ад спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:

Ёсць на рэчачцы Ушачы,

Што ўпадае у Дзвіну,

Месца,

дзе люблю рыбачыць:

Сом бярэцца! Не маню!

Трохі горшая навіна — ад спадарыні Зоі Наваенкі з Глыбоччыны:

Янка гэтак... Янка так...

Бач, не ловіцца шчупак!

Можа ён на дне, унізе?

Падкажу:

«У Чырвонай кнізе».

Дрэнная — ад спадарыні Гудачковай:

Не сядзіце, хлопцы,

Дзень пры дні на лёдзе:

Рыбу патравілі

Яшчэ ў тым стагоддзі.

Калі возьмецца якая,

Што, выпадкам, засталася,

То падзякуе за тое

Хіба коцік Вася.

Карацей —

Таямніцу падлёднай лоўлі

Разгадаюць наўрад мужыкі:

То дахаты —

з багатым уловам,

То пакажуць ім

хвост шчупакі.

Лічыць так спадар Аляксандр Матошка.

А ўсё з-за чаго? З-за таго, што трэба ведаць (на думку іншага спадара — Віктара Сабалеўскага) не толькі, дзе лавіць, на што, якой парой, але і... на чым пры гэтым сядзець (так-так... Можна яшчэ раз глянуць на здымак) і...

Ледабур купілі новы,

Донку, блёсны і кручкі,

І прыкорм жа адмысловы...

Ды сплывалі акунькі.

А паселі хлопцы ў крэслы

(Вельмі важны

тут камфорт),

Касякамі рыб панесла,

Распачаўся страшны жор!

А потым — пасля яго і ўжо дома — хоць не страшная, але ж сварка: «Напрамілы бог прашу, — чысцячы 20-ю рыбіну, умольвала жонка, — будзь на рыбалцы, як людзі — пі гарэлку!»

Вам цікава, што яна чысціла? Не паверыце, але... З таго самага ліста — ад спадара Сабалеўскага, і з «уступам»:

Пеця наш — круты, багаты,

Усё ў жыцці ў яго

з камфортам:

Ён і будні робіць святам,

Пакуль грошы ёсць,

а потым...

Вёз два крэслы на рыбалку

(А мінулы раз — фатэль...),

Пэўна, вылавіць русалку,

Асятра альбо фарэль!

Ну чаму б і не, калі ўсё гэта (рыбакі ды іх жонкі схлусіць не дадуць) у нашых вадаёмах водзіцца, а значыць, можа лавіцца! Кароткі расказ ад спадара Валерыя Гаўрыша:

На Дняпры ў нас было —

Хлопцы «стыкаваліся»:

Каля лункі ў аднаго

Плотачкі валяліся...

— А клявалі й шчупакі, —

Ясь казаў. — У дзве рукі...

Ды — шкада — зрываліся...

Ёсць падазрэнне, што ён іх проста выцягваць не ўмеў. Адкуль яно ўзялося? З анекдота: неяк у самалёце ды над морам-акіянам лёгкая паніка ўзнікла. «На борце — роды. Сярод пасажыраў ёсць лекар?» — па гучнай сувязі спытала сцюардэса. У адказ ёй — гнятлівая цішыня, а потым голас: «Можна я паспрабую?» — «Вы доктар?» — «Не... Аматар зімовай рыбалкі... Але паверце: я, з маім вопытам, усё, што хочаш, з лункі дастану!»

І, як выглядае — нават у тым выпадку, калі (паводле спадара Сабалеўскага):

Лунка —

як праход для мышкі...

Холад —

«ад'ядае» шчокі...

— І даўно, браток,

сядзіш ты?

Улову — поўныя начоўкі?

— Вось такі шчупак чапляўся! —

Міканор разводзіць рукі.

— Мо гадзіну з ім цягаўся!..

Пачастунак ёсць...

для Муркі.

Пра яго ж, той гасцінец з рыбалкі, і радкі спадара Матошкі — як наказ усім рыбаловам:

«Вудзіце, браткі,

лавіце:

Рыбка — добра любая!»...

У хаце

на цёплай печы

Яе кот Васька чакае.

І, напэўна ж, дачакаецца, бо, як коратка і проста піша спадарыня Гудачкова:

Хоць і марыў пра кіта,

Ды лавіў Ясь

для ката.

І абодва пры гэтым былі шчаслівыя, бо кот меў рыбу, а Ясь (паводле спадарыні Гудачковай) — стакроць большае:

Хай мароз,

і хай завея!

Ды рыбак

жыве з надзеяй.

У палонку пазірае:

Раптам клюне залатая?

І тады...

Не будзем дзяліць шкуру незабітага мядзведзя: калі клюне, калі выцягнем тую залатую, тады і пагаворым — і з ёй (бо трэба ж загадаць тры жаданні), і пра яе... А пакуль нагадаем, што на папярэднім здымку (гл. нумар «Звязды» за 3 лютага гэтага года) быў прыгожы вясковы гарманіст і дама, якая танцавала з сабачкам...

Дык вось, па меркаваннях вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра іх прыдумалі спадары Віктар Сабалеўскі з Узды і Валерый Гаўрыш з Чавус, а таксама спадарыні Зоя Наваенка з Глыбоччыны, Любоў Чыгрынава з Мінска, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны...

З гэтым, апошнім, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету «Звязда» на другі квартал бягучага года адпраўляецца ў вёску Лучын.

Марыце, каб да вас? Тады выпісвайце альбо пішыце: здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы ранейшыя — коратка (не больш за восем радкоў у прапанове, а іх можа быць некалькі), дасціпна, па-беларуску.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа і бяззменнага арбітра спадара Валянціна Старых з Гомеля трохі цікавай статыстыкі. У мінулым 2020-м у рамках конкурсу «Хто каго?» прайшло пяць «гульняў» з удзелам 20 гульцоў. Пераможцамі былі Валянціна Гудачкова (двойчы), Аляксандр Матошка, Любоў Чыгрынава, сужэнцы Астроўскія. За ўвесь час існавання гульні ў спадарыні Чыгрынавай 12 перамог, па 10 — у сужэнцаў Астроўскіх і Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны, 8 — у Валерыя Гаўрыша з Чавус... Ёсць да чаго імкнуцца!

А пакуль шчыры дзякуй усім за працу і такія ж прабачэнні тым, чые радкі не змясцілі. Дарэчы, самая тыповая памылка: рыбакі, як заўважыў хто-ніхто з чытачоў, сядзяць на крэслах (слова стул у беларускай мове таксама ёсць, але азначае яно зусім не тое, на чым сядзяць).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».