Вы тут

Максім Замшаў: Літаратура Беларусі мае сёння сузор'е яркіх імёнаў


З галоўным рэдактарам аўтарытэтнай расійскай «Литературной газеты» мы сустрэліся, каб пагаварыць пра новы праект гэтага выдання.


— Выйшаў першы «беларускі выпуск» «Литературной газеты». Чым прадыктавана такое жаданне рэдакцыі добра вядомай і ў Расіі, і на ўсёй постсавецкай прасторы, ды і ва ўсім свеце газеты звярнуцца менавіта да беларускай мастацкай тэмы?

— Па-першае, «Литературка» заўсёды была звязана з беларускай культурай і літаратурай самым цесным чынам. Многія гады выходзіў пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы дадатак «Лад». І вось цяпер з'явіўся нашчадак «Лада» — «Белые аисты». Рэспубліка Беларусь за апошнія трыццаць гадоў прайшла самабытны культурны шлях. Шлях, які абапіраўся на гістарычную аснову і пры гэтым прымаў у сябе ўсе найлепшыя дасягненні сучаснай мастацкай мовы. І назіраць за гэтым, аналізаваць гэтыя працэсы заўжды вельмі цікава. Па-другое, нам хацелася б зрабіць «Литературную газету» ў Беларусі больш роднай, блізкай, каб чытачы адчувалі пастаяннае сэрцабіццё беларускай культуры, каб змаглі атрымаць асалоду і з таго, наколькі лагічная і перспектыўная інтэграцыя беларускага кантэнту ў расійскае культуралагічнае выданне.

— Як вы лічыце, сучасная беларуская літаратура будзе цікавая сёння для чытача Расіі?

— Я проста ўпэўнены ў тым, што і цікавая будзе, і нават надзвычай запатрабаваная. Літаратура Беларусі мае сёння сузор'е яркіх імёнаў, якія лёгка можна аднесці да выдатнай сусветнай плеяды. Ёсць пісьменнікі, якія працуюць даволі даўно, ёсць і маладыя таленты. Сувязь пакаленняў у Беларусі не парушана, і старэйшыя перадаюць малодшым увесь свой вопыт, усе свае здольнасці дзеля таго, каб тыя, хто ідзе следам, высока неслі сцяг славеснасці.

— У Беларусі ўвагу чытача прыцягвае і класічная літаратура. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе розныя мінскія выдавецтвы выпусцілі каля 50 (!) кніг геніяльнага празаіка, паэта, драматурга, публіцыста, перакладчыка Уладзіміра Караткевіча. Ці будзеце пісаць у выпуску «Белые аисты» пра беларускіх класікаў?

— Так, зразумела, будзем пісаць і пра іх, і новыя пераклады вядомых іх твораў будзем друкаваць. Гэта ж вельмі цікава. І пра Караткевіча не раз напішам, і пра Максіма Багдановіча, і пра Ніла Гілевіча, і пра Янку Купалу, і пра Якуба Коласа, і пра Рыгора Барадуліна, Янку Брыля, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка... Яны ж добра знаёмыя ранейшым пакаленням чытачоў «Литературной газеты».

— Дарэчы, у наступным, 2022 годзе, — 140 гадоў з дня нараджэня народных песняроў Беларусі Янкі
Купалы і Якуба Коласа. Значная падзея для культурнага, асветніцкага жыцця...

— І мы, вядома ж, не абыдзем увагай гэтыя даты... Летась я пераклаў санеты Янкі Купалы на рускую мову. Для мяне гэты творчы працэс стаўся захапляльным дзействам, поўным эмацыянальнага напружання, сапраўднага гарэння. У беларускай нацыянальнай літаратуры навідавоку цудоўныя карэнні, з якіх вырастаюць магутныя прыгожыя сады.

— Зразумела, у «Белых аистах» вы будзеце друкаваць не толькі паэзію і прозу... Верагодна, частка «беларускага выпуску» будзе прысвечана пытанням развіцця культуры, розных кірункаў у мастацтве Беларусі?..

— Мы імкнёмся асвятляць тэатральныя прэм'еры, кінанавінкі, канцэрты, а таксама мерапрыемствы ў сучасных фарматах. Культура — гэта тое, што ўсім нам дапаможа пераадолець сусветную энтрапію, замяшаную на цынізме і хлусні.

— А ці будуць у «Литературки» ў Мінску і іншых культурных цэнтрах фарматы невіртуальных зносін з газетай і яе галоўным рэдактарам — паэтам, празаікам, перакладчыкам Максімам Замшавым? Чытач, пагадзіцеся, засумаваў па жывых сустрэчах...

— Мару сустрэцца з беларускімі чытачамі як мага хутчэй, а таксама хацеў бы паўдзельнічаць і ў іншых сустрэчах, прамадэрыраваць сустрэчы з іншымі аўтарамі «ЛГ» у беларускіх аўдыторыях. Найперш хацелася б прыйсці ва ўніверсітэты і інстытуты, сустрэцца з моладдзю, пагаварыць пра іх зацікаўленні, пагаварыць пра мастацкую літаратуру і ўвогуле пра жыццё.

Гутарыў Кастусь Лешніца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».