Вы тут

«Эвалюцыя» па-бабруйску. Як навучыцца размаўляць з падлеткамі на адной мове?


«Дунін-квэст! Што табе кажуць гэтыя словы? Акей, нават калі ты і не ведаеш, мы табе дапаможам. Зусім хутка пройдзе наш новы супер-мега-квэст. Калі ты любіш шыфры і загадкі, гісторыю і літаратуру або табе падабаецца проста бавіць час з сябрамі на свежым паветры — рэгіструйся...» Такая абвестка з'явілася нядаўна ў сацыяльных сетках на старонцы нефармальнага студэнцкага цэнтра «Эвалюцыя», створанага год таму ў Бабруйску. Вы можаце запытаць, адкуль студэнцкі цэнтр у горадзе, дзе няма ВНУ?


Навошта мы гэта робім?

— Так, насамрэч у двухсоттысячным Бабруйску, пасля закрыцця філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы, — кажа Наталля ХАЛАНСКАЯ. — Таму, на жаль, выпускнікі школ едуць у іншыя гарады для атрымання там вышэйшай адукацыі і не ўсе вяртаюцца назад. Але пры гэтым у Бабруйску дзейнічае шмат сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, дзе навучаюцца прыкладна 12 тысяч чалавек — гэта не толькі жыхары нашага горада.

Ідэя стварэння нефармальнага студэнцкага цэнтра «Эвалюцыя» з'явілася не на пустым месцы. Сама Наталля, як і многія яе равеснікі, калісьці таксама накіравалася вучыцца ў Мінск, але праз дзесяць гадоў жыцця ў сталіцы вярнулася ў родны горад і... адкрыла там свой бізнес.

— Пасля вяртання мне здалося, што ў горадзе нічога не адбываецца. Не было куды пайсці, каб сустрэць аднадумцаў і знайсці цікавыя стасункі, — прызнавалася Наталля. — Так і з'явілася ідэя камерцыйнага праекта з сацыяльным ухілам. Выбраць нешта канкрэтнае для бізнесу было няпроста. Мне хацелася займацца і адукацыяй, і культурай, і ствараць магчымасці для іншых. Так я прыйшла да ідэі антыкавярні — прасторы, дзе будуць збірацца актыўныя гараджане, дзе можна сустрэць цікавых людзей, прыдумаць сумесныя праекты. У 2014 годзе свае дзверы для першых наведвальнікаў адчыніў тайм-клуб «1387» (гэта год адной з першых згадак Бабруйска ў летапісах ВКЛ). Сёння ён аб'ядноўвае фарматы адукацыйнага цэнтра і цэнтра адпачынку для дарослых і падлеткаў. А год таму на яго плошчах запрацаваў нефармальны студэнцкі цэнтр «Эвалюцыя».

Першапачаткова мы цікавіліся, дзе бавяць свой час падлеткі. Высветлілася, што вельмі папулярнымі месцамі ў іх з'яўляюцца паркінгі побач з гандлёвымі цэнтрамі, дзе яны сядзяць, як верабейчыкі на агароджы, або фае гандлёвых цэнтраў (асабліва ў халодны час года). Яны там пачуваюць сябе дастаткова камфортна, тусуюцца, слухаюць музыку. Збіраецца моладзь таксама на плошчах і ў дварах. Мы вырашылі прапанаваць ім сваю прастору, дзе яны змогуць займацца тым, што ім цікава, без нейкіх абавязковых фарматаў.

«Той, хто думае, што калі падлеткам няма куды пайсці, дык што б ты ім ні прапанаваў, яны абавязкова прыйдуць, памыляецца. Гэта не працуе. Калі падлеткі не давяраюць, не адчуваюць, што гэта іх месца, яны не прыйдуць, а калі і прыйдуць, то надоўга не затрымаюцца, — канстатуе Наталля. — Таму мы спачатку выбралі адзін дзень на тыдзень — аўторак, калі падлеткі могуць завітаць да нас, сагрэцца, выпіць гарбаты з печывам, пагуляць у настольныя гульні, паглядзець кіно ва ўтульнай абстаноўцы. А потым пачалі ім прапаноўваць розныя актыўнасці. Навошта мы гэта робім? Нам хочацца сфарміраваць супольнасць актыўнай моладзі, якая ініцыюе і рэалізуе праекты для сябе і для горада, моладзі, якая добра арыентуецца ў свеце сучасных прафесій».

Важныя навыкі

Напрыклад, навучэнцаў запрашаюць на сустрэчы з прадстаўнікамі новых і незвычайных прафесій, якія расказваюць, як у выніку дадатковай адукацыі і самаразвіцця яны асвойвалі новыя кірункі. У гасцях была стваральніца адзінага на дадзены момант у Бабруйску квэструма Вікторыя Жураўлёва, якая расказала, што такое квэструм, якія яны бываюць, што неабходна для іх стварэння і ад якіх абставін залежыць поспех. Пра прафесію эколага падлеткам распавядаў Ігар Куталоўскі, эксперт экалагічнага таварыства «Зялёная сетка». Акрамя лекцый-сустрэч, падлеткам таксама прапануюць Job Shadows Day — аднадзённыя міні-стажыроўкі ў прадпрымальнікаў Бабруйска. Гэта не проста знаёмства з прадстаўнікамі розных прафесій, але і магчымасць пагрузіцца ў працэс работы, даведацца пра ўсе яе нябачныя нюансы. У падлеткаў была магчымасць «хадзіць як цень» за інжынерам-тэхнолагам на прадпрыемстве, якое займаецца дрэваапрацоўкай і вырабам мэблі, работнікамі кафэ, спецыялістам па камунікацыі ў фітнес-індустрыі, эколагам, дызайнерам інтэр'ера, журналістамі гарадскога інтэрнэт-партала, гульняпрактыкам. Ад апошняга падлеткі даведаліся, што гульні — гэта не проста вясёлае баўленне часу, але і сур'ёзны псіхалагічны інструмент.

Яшчэ адзін кірунак — курс Soft Skіlls па развіцці так званых мяккіх, або сацыяльных, навыкаў. Размова ідзе пераважна пра ўзаемадзеянне паміж людзьмі. Маюцца на ўвазе такія якасці, як гібкасць, уменне працаваць у камандзе, стрэсаўстойлівасць, уменне папярэджваць і «гасіць» канфлікты, гатоўнасць браць на сябе адказнасць, аргументавана дыскутаваць, весці перамовы, фармуляваць мэты і ставіць задачы, самаарганізацыя, гатоўнасць прыстасоўвацца да інавацый, быць эфектыўным. Чамусьці да гэтага часу большасць людзей думае, што поспех залежыць выключна ад узроўню прафесіяналізму, але ёсць меркаванне, што паспяховасць чалавека ў прафесійнай сферы на 85 працэнтаў залежыць менавіта ад soft skіlls.

Сарафаннае радыё

Не менш важны кірунак дзейнасці цэнтра «Эвалюцыя» — курс для падлеткаў Project Management. Пасля яго заканчэння ладзяцца публічныя прэзентацыі аўтарскіх ідэй. Гэта адкрытыя гарадскія мерапрыемствы, куды можна запрасіць родных і сяброў. А ў якасці экспертаў выступаюць прадстаўнікі прадпрымальніцкай супольнасці. Сёння ў рабоце знаходзіцца пятнаццаць ідэй. Адна з іх — тэатральная тэрапія. Падлеткі кажуць, што ў іх няма месца, дзе яны маглі б выліць свае эмоцыі. І такім месцам мог бы стаць тэрапеўтычны тэатральны гурток, дзе можна бяспечна выказваць свае эмоцыі праз акцёрскія практыкі. Зараз гэтая ідэя абмяркоўваецца з акцёрамі гарадскога тэатра.

Праект ArtSoup таксама быў прапанаваны падлеткамі. У іх утварылася суполка, дзе яны свабодна перадаюць свае эмоцыі на паперы і не вельмі вітаюць умяшанне звонку. Зараз працуюць над тэмай булінгу. Мяркуецца, што з'явіцца калекцыя паштовак на гэтую тэму і будзе арганізавана выстаўка іх работ. Шмат праектаў датычыцца арганізацыі ў горадзе веларуху і прасторы для актыўных відаў спорту. Як заўважае Наталля, не заўсёды для рэалізацыі ідэй падлеткаў патрабуюцца вялікія сродкі.

Нядаўна прайшоў прававы квэст «Эфект матылька» на тэму дамашняга гвалту. Самая складаная задача і ў гульні, і ў жыцці — прадухіліць такую сітуацыю. Для гэтага трэба ўмець казаць і слухаць, назіраць і аналізаваць паводзіны іншых, тлумачыць і дамаўляцца пра шляхі вырашэння праблемы. А ў гульні, пражываючы пэўную сацыяльную ролю, адпрацаваць гэтыя ўменні прасцей. Увогуле прававая граматнасць аказалася самым складаным кірункам у рабоце з моладдзю, таму гейміфікацыя тут вельмі дапамагае. У цэнтры «Эвалюцыя» распрацавана серыя квэстаў і квізаў на прававыя тэмы. Высветлілася, напрыклад, што маладых людзей хвалюе не толькі тэма булінгу, але і тэма мобінгу. Падлеткі, якія яшчэ навучаюцца ў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах, занепакоеныя тым, ці змогуць яны ўліцца ў свой першы працоўны калектыў, ці прымуць іх там старэйшыя калегі? Падчас аднаго з квізаў яны выступалі ў ролі экспертаў і «раскручвалі» гісторыю маладога спецыяліста, які з нярвовым зрывам трапіў у бальніцу.

— Мы адштурхоўваемся у першую чаргу ад запытаў сяброў нашага цэнтра, — падкрэслівае Наталля Халанская. — У маёй камандзе працуюць маладыя людзі ад 20 да 25 гадоў, менавіта яны і прапанавалі працаваць з падлеткамі. Ім прасцей выбудоўваць з імі адносіны, паколькі размаўляюць з гэтай аўдыторыяй на адной мове. Ведаюць, па якіх каналах распаўсюджваць інфармацыю аб мерапрыемствах. Наша прынцыповая пазіцыя: усе актыўнасці для ўдзельнікаў нефармальнага студэнцкага клуба — бясплатныя. Гэта тая аўдыторыя, якая не мае ўласных грошай.

Пераканаліся, што вельмі хутка інфармацыя пра цэнтр распаўсюджваецца ў гісторыях у «Інстаграме». Яшчэ ў падлеткаў шмат сваіх унутраных чатаў (яны іх называюць «флудзілкамі»). Таму, калі вы жадаеце працаваць з моладзю і прапаноўваць ім нейкія актыўнасці, вам абавязкова трэба трапіць у такія «флудзілкі». Яны працуюць як сарафаннае радыё: падлеткі запрашаюць адзін аднаго далучацца. Прыкладна 20 працэнтаў сяброў цэнтра самі пастаянна штосьці ініцыююць, яшчэ 40 працэнтаў з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў. Калі ёсць ідэі для горада, але не хапае ведаў, як іх рэалізаваць, дзе знайсці для гэтага рэсурсы, мы запрашаем у нефармальны студэнцкі цэнтр «Эвалюцыя». Сумна ў нас дакладна не будзе!

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота са старонак цэнтра ў сацыяльных сетках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.