Вы тут

Як у 20 гадоў паспець усё і чаму часам не хапае 24 гадзін у сутках?


Дваццацігадовая Алена КАМІСАРАВА — студэнтка чацвёртага курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Гандлёвае абсталяванне і тэхналогіі». Дзяўчына — асоба рознабаковая: спявае, арганізоўвае мерапрыемствы ў ВНУ, ды і сама ўдзельнічае ў многіх, займаецца навуковай дзейнасцю, да таго ж вучыцца «на выдатна». Адным словам, сапраўдная актывістка. Мы спыталі ў суразмоўніцы, як ёй удаецца так планаваць свой час, чым напоўнены яе будні і што падабаецца ў абранай прафесіі больш за ўсё.


— Вельмі актыўная, энергічная я яшчэ са школы. У час паступлення адчувала, што калі займацца толькі вучобай, хутка стане сумна, таму, як толькі прадставілася магчымасць прыняць удзел у нечым, праявіць сябе, скарысталася ёю. Усе студэнты ведаюць, што галоўным рухавіком грамадскай дзейнасці ў ВНУ з'яўляецца студсавет, аднак увайсці проста так туды немагчыма. Перш за ўсё трэба зацікавіць сваімі ідэямі, праявіць ініцыятыву па многіх пытаннях. Мне гэта ўдалося, і цяпер на пасадзе старшыні я крэатыўлю, і ўвасабляю цікавыя задумы разам з камандай. Пачалося ўсё з падзеі DRІVE FMME — мерапрыемства для першакурснікаў. Наваспечаныя студэнты розных спецыяльнасцяў выходзяць і паказваюць тое, на што здатныя. Гэта, дарэчы, адно з самых любімых мерапрыемстваў, пасля яго адчуваю натхненне і прыліў сіл. Яно дае шанц пазнаёміцца бліжэй з тымі, хто, магчыма, у далейшым стане часткай тваёй каманды. «Вясна БНТУ» — таксама любімая падзея, гэта заўсёды напал жарсцяў, спаборніцкі дух. Спачатку сама ўдзельнічала ў гэтым конкурсе, атрымала безліч пазітыўных эмоцый. А зараз ужо і прымаю ўдзел, і рыхтую каманду ад свайго факультэта.

Алена для сябе абрала інжынерную спецыяльнасць.

— Вучоба вельмі падабаецца, яна шматпрофільная. Нам даюць веды з розных галін: будаўніцтва, машынабудаванне, дызайн... Вучаць прастораваму мысленню, думаць творча. Нягледзячы на тое што ў праграме шмат дысцыплін, упэўнена: усё гэта мне спатрэбіцца ў жыцці. Увогуле, я заўсёды ведала, што буду вучыцца ў БНТУ. Шмат маіх сваякоў прайшлі праз гэтую ВНУ.

Дзяўчына кажа, што планаванне часу ёй даецца лёгка. Але прызнаецца, што часам для таго, каб усё паспець, 24 гадзін у сутках не хапае.

— Паспяваць многае вымагае час, у якім мы жывём. Таксама трэба добра адпачываць для папаўнення рэсурсу жыццёвай энергіі. Усё, што мы робім цяпер, — гэта ўклад у будучыню. Люблю, калі ў рабоце ёсць творчы падыход. Тады яна становіцца заняткам для душы. Вольнага часу ў мяне не вельмі многа, люблю праводзіць яго з сябрамі, таксама прысвячаю самаразвіццю. Напрыклад, зараз вывучаю вэб-мадэляванне, праграмы для распрацоўкі масак у Іnstagram. Таму можна сказаць, што ў мяне час праходзіць і з карысцю, і з адпачынкам.

У снежні 2020 года адбыліся адразу дзве запамінальныя для нашай суразмоўніцы падзеі. Яе імя было занесена на Дошку гонару Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Таксама танцавальная пара з удзелам Алены адкрыла Беларускі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці.

— Прыемна, што мае намаганні ацанілі на такім высокім узроўні, — прызнаецца яна. — Думаю, гэта дзякуючы актыўнай рабоце ў БНТУ ў навуковай, сацыяльнай і культурнай сферах. Упэўнена: калі шмат працуеш, то рана ці позна цябе чакае поспех. Па-іншаму не бывае.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.