Вы тут

94,7 % беларусаў маюць якасную пітную ваду


Інвентарызацыя азёр, станцыі абезжалезвання і надзейнасць каналізацыі

Ваду з 40 % беларускіх крыніц можна выкарыстоўваць для пітнога водазабеспячэння, 94,7 % беларусаў маюць якасную пітную ваду, а аб'ём недастаткова ачышчаных сцёкавых вод памяншаецца. Пра гэтыя і іншыя акалічнасці стану вады і перспектыў яе захавання расказалі эксперты.


Магутнасці паверхневай вады

Летась у Беларусі правялі інвентарызацыю паверхневых водных аб'ектаў, каб абагульніць звесткі пра іх. Найперш даследаваліся буйныя: азёры, вадацёкі, вадасховішчы, сажалкі і ўпершыню — крыніцы.

Па выніку першага цыкла работ інвентарызавана 8000 водных аб'ектаў — прыкладна 20 % ад агульнай колькасці ў краіне. Гэта 3298 рэк, 2313 азёр, з якіх амаль палова (1360) у Віцебскай вобласці, 85 водасховішчаў, 1931 сажалка і 1183 крыніцы.

— У інвентарызацыі актыўна дапамагалі грамадскія аб'яднанні. Летась у межах акцыі «Раскажы пра сваю крыніцу» мы правялі конкурс на найлепшыя работы па інвентарызацыі крыніц малой радзімы, у якой маглі ўдзельнічаць абсалютна ўсе беларусы. За два месяцы, пакуль цягнуўся конкурс, у інстытут прыйшло 69 заявак, было даследавана больш за 200 крыніц, — расказала Алена ГРАМАДСКАЯ, начальнік аддзела паверхневых водаў Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага кіравання воднымі рэсурсамі.

Адзін з асноўных вынікаў леташняй інвентарызацыі крыніц — выданне кнігі «Крыніцы Беларусі», дзе ўтрымліваюцца звесткі пра ўсе 1183 крыніцы і найлепшых удзельнікаў конкурсу. Дзесяць найлепшых з іх атрымалі падарункавыя экзэмпляры выдання.

Больш за ўсё праінвентарызавалі крыніц, якія адносяцца да басейна ракі Днепр (гэта самы вялікі басейн у краіне). Даследавалі таксама крыніцы басейнаў Нёмана, Заходняй Дзвіны, Прыпяці і Заходняга Буга.

Дэбіт крыніц ці магутнасць крынічнага ключа — колькасць вады, якая выцякае з крыніцы за адзінку часу, вар'іруецца. Аб'ектаў з буйным дэбітам (магутнасцю звыш за літр у секунду) толькі 10 %. Крыніц, якія «выдаюць» да аднаго літра (ад 100 грамаў да літра ў секунду), 30 %. Больш за ўсё ў Беларусі крыніц з малым дэбітам (0,1 літра ў секунду). Самая буйная ў краіне — Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім раёне Магілёўшчыны (яе магутнасць 50 літраў у секунду).

З 2021 да 2025 года інвентарызацыя працягнецца. Спецыялісты звернуць увагу на больш дробныя аб'екты: малыя рэкі, ручаі, азёры, сажалкі, памеры якіх меншыя за 0,5 км2.

— Працягнецца і праца з крыніцамі. Мы плануем распрацаваць канцэпцыю па захаванні і абароне крыніц. Правесці работы па ўстанаўленні прыродаахоўных зон, памер якіх, згодна з Водным кодэксам, — 50 метраў ад месца выхаду падземных вод на паверхню, — падзялілася Алена Грамадская.

Сцёкі чыстыя, водазбеспячэнне цэнтралізаванае

За 2016—2020 гады ў краіне ўведзена ў эксплуатацыю 646 станцый абезжалезвання, 49 населеных пунктаў перападключаны да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння, якія маюць якасную пітную ваду.

Для далейшага павышэння якасці вады ў рамках падпраграмы «Чыстая вада» дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021—2025 гг.» пастаўлены задачы: забеспячэнне спажыўцоў якаснай пітной вадой, арганізацыя цэнтралізаванага водазабеспячэння, павышэнне якасці ачысткі сцёкавых вод і надзейнасці сістэм водазабеспячэння і каналізацыі, запэўніў Алег КОНАН, генеральны дырэктар «Белводаканал».

— У найбліжэйшыя пяць гадоў плануецца збудаваць больш за 860 станцый абезжалезвання, а 109 населеных пунктаў перападключыць да сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння. А таксама рэканструяваць 70 ачысных збудаванняў.

Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, што пакрысе здабыча вады ў краіне памяншаецца. Аднак асноўныя змены, якія датычацца выкарыстання вады, прыходзяцца на прадпрыемствы рыбаводства. Яны змяншаюць выкарыстанне, а некаторыя нават закрываюцца, расказаў Іван АДЗІКАНКА, загадчык сектара дзяржаўнага воднага кадастра Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага кіравання воднымі рэсурсамі:

— У студзені запушчана другая пляцоўка Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Многія наракалі на гэтае прадпрыемства, але яно паказвае вялікі прырост эканоміі вады, пляцоўка дае 2,9 млрд м3 вады, якая цыркулюецца, у сістэме зваротнага водазбеспячэння. А тэндэнцыя памяншэння аб'ёмаў недастаткова ачышчаных сцёкавых вод — сведчанне таго, што летась было менш аварый на ачысных збудаваннях, і прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць водныя рэсурсы і адводзяць сцёкавыя воды ў паверхневыя водныя аб'екты, больш пільна ставяцца да іх якасці.

У маі на сайце дзяржаўнага абласнога кадастра з'явіцца агульная аналітычная запіска з інфармацыяй пра змены, якія адбыліся ў плане водакарыстання ў абласцях краіны.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.