Вы тут

Як настаўнікі і вучні клічаўскай школы № 2 імя Ф. Кавалёва ўкараняюць у сваіх сценах інавацыйны праект


Пры жаданні нават такая не вельмі вялікая навучальная ўстанова ў глыбінцы можа ператварыцца ў сапраўдны Галівуд. Рэпарцёры, артысты, сцэнарысты — гэта ўсё не праблема, калі ёсць жаданне праявіць крэатыўнасць. А які школьнік у душы не марыць трапіць у кадр, або, у крайнім выпадку, зрабіць яго? Настаўнікі клічаўскай школы № 2 вырашылі не перашкаджаць рэалізацыі мар сваіх выхаванцаў, яны толькі каардынуюць працэс і, як той казаў, ствараюць творчую прастору.


Праект 2TV

Творчы працэс над яшчэ адным сюжэтам для ТV.

Усё пачалося з газеты, якую ў школе пачалі выпускаць некалькі гадоў таму. Над нумарамі працуюць школьнікі, а каардынуе іх работу бібліятэкар Дар'я Лызо. Нумары размяшчаюцца на сайце ў электронным выглядзе. Папяровы варыянт можна пагартаць у бібліятэцы. Інфармацыі сапраўды шмат. Школьныя журналісты пішуць пра тое, як праводзяць шосты дзень, удзельнічаюць у спаборніцтвах, якія праекты ажыццяўляюць, дзе адпачываюць. Тут жа віншаванні, падзякі, паведамленні. Акрамя асабістага сайта і друкаванай версіі, існуе яшчэ старонка ў сацсетках. І падпісчыкаў там шмат.

— А сёлета мы вырашылі зрабіць тэлеверсію газеты і паспрабаваць укараніць інавацыйны праект — тэлебачанне пад назвай 2TV, — удакладняе дырэктар школы Таццяна Белабародая. — Двойка наперадзе азначае прыналежнасць тэлебачання да нашай школы № 2. Спецыяльнага абсталявання не спатрэбілася. Ва ўсіх дзяцей ёсць мабільныя тэлефоны, праграмкі для мантажу можна знайсці ў інтэрнэце, інтэрактыўныя дошкі можна выкарыстоўваць замест экрана, а сацсеткі — для эфіру. Укладанняў, як бачыце, амаль ніякіх, затое карысці шмат. Развіваем камунікатыўныя здольнасці нашых дзяцей. Пакуль мы толькі ў пачатку шляху, але ўжо цяпер можна казаць пра першыя поспехі. Праект дазваляе навучыць дзяцей размаўляць, аналізаваць, даведвацца пра нешта новае. Ды і наогул, працаваць на камеру не так проста. Трэба прадумваць кожны крок, умець нешта сказаць.

Думкі ўкараніць нешта падобнае ў настаўнікаў школы былі і раней, але штуршком стаў менавіта конкурс, які аб'явілі раённыя аддзелы адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Конкурс, дарэчы, датычыўся сацыяльных праектаў па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. А што можа быць больш дзейсным, чым прафілактыка з дапамогай тэлебачання?

— Распрацавалі адпаведны сацыяльны праект і цяпер яго рэалізоўваем, — кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Навумовіч, а па сумяшчальніцтве яшчэ і кіраўнік праекта. — У маі будзем падводзіць вынікі. Плануем ахапіць ім максімальную колькасць дзяцей і стварыць унутраную грамадскую арганізацыю — школьную кінастудыю 2TV. Гэта не значыць, што ўсе будуць карэспандэнтамі. Нам сёння вельмі не хапае артыстаў. І цяпер мы рыхтуем для сябе будучых зорак. Наогул, для тэлебачання патрэбна шмат розных спецыялістаў. І мы ведаем, што без ініцыятывы дарослых дзеці самі нічога не змаглі б зрабіць. Нават будучыя «кадры» трэба правільна адабраць, ацаніць здольнасці вучня. І нашы настаўнікі сёння гэтым займаюцца. Ёсць усе спадзяванні, што праект будзе вельмі цікавы і ўплывовы.

Сам сабе рэжысёр

Тэм для рэпартажаў хапае. Нават нагадаць лішні раз пра тое, каб не смецілі, не перашкодзіць. Але зрабіць гэта не крыўдна, без усялякіх там натацый, у жартаўлівай форме. Спецыяльна пад такія відэа ёсць нават рубрыка «Ролікі не ролікі». Вось, напрыклад, як пераканаць дзяцей, што нельга адмаўляцца ад сняданку? Тутэйшыя вынаходнікі параўналі вучня з мабільным тэлефонам, які разрадзіўся яшчэ да канца ўрокаў і ўжо не мог працаваць. Магчыма, асацыяцыя застанецца і нехта перагледзіць свае адносіны да ранішняга перакусу. Нясумна падаюцца і сацыяльныя ролікі. Стваральнікі імкнуцца ўкласці ў іх як мага больш карыснай інфармацыі. А яшчэ даюць магчымасць паглядзець на сябе збоку. Паказаць, напрыклад, што адбываецца, калі пераходзіць пешаходную «зебру» ў навушніках. Нават інтэрв'ю з пракурорам можна падаць цікава. А заадно папярэдзіць аб адказнасці. Звычайна ўсе ведаюць толькі свае правы.

Модныя калекцыі Святланы Яшчук.

— Вакол столькі інфармацыі, што не паспяваем усё ахапіць, — усміхаецца Наталля Навумовіч. — Мы зрабілі некалькі раздзелаў, каб паказаць нешта найбольш важнае і карыснае. Адна з такіх рубрык — «Праўнукі пераможцаў». Гэта тэма датычыцца кожнай без выключэння сям'і. У нас шмат інфармацыі пра ветэранаў, у тым ліку і інтэрнацыяналістаў.

У дапамогу 2TV у школе ёсць музей. Там можна даведацца і пра Філіпа Кавалёва, імя якога носіць школа. Ён Герой Савецкага Саюза, перапахаваны на тэрыторыі Клічаўскага раёна. На базе музея працуе гурток «Юны экскурсавод», дзе падлеткі вучацца расказваць пра экспанаты. А яны збольшага адносяцца да ваеннага перыяду. Дарэчы, відэа, дзе юныя экскурсаводы знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй свайго краю, таксама можна знайсці на сайце школы. «Цяпер усе жадаючыя змогуць пабываць у нашым музеі», — радуюцца дзеці.

— А яшчэ ў нас ёсць вельмі добрая традыцыя — Дзень гонару школы, — дадае Таццяна Белабародая. — Гэта вялікае мерапрыемства, якое праводзіцца ў канцы навучальнага года. На яго мы запрашаем сваіх найлепшых вучняў, іх бацькоў, валанцёраў. Уручаем падзячныя лісты, дзякуем за неабыякавасць і стараннасць. Адзначаем усіх, хто сябе хоць у чымсьці праявіў. Тых жа лідараў па збору другаснай сыравіны. Наша школа, дарэчы, здае каля 10 тон макулатуры ў год. А яшчэ збіраем пластыкавыя бутэлькі і асобна накрыўкі — ёсць такая дабрачынная рэспубліканская акцыя, якая дапамагае цяжкахворым дзецям. Падключылі і бацькоў.

Вермітэхналогіі, модныя калекцыі, міжнародныя праекты

Настаўнікі і вучні клічаўскай школы № 2 увесь час у нечым удзельнічаюць. Яны першыя ў раёне сталі ўдзельнікамі міжнароднага праекта па стварэнні вермітэхналогій і цяпер распаўсюджваюць вопыт па асновах вермікультывавання.

А яшчэ тут існуе своеасаблівая школа мадэлявання, якую вядзе таленавітая ва ўсіх адносінах майстар-закройшчык Святлана Яшчук. Яна — аўтар моднай калекцыі ў народным стылі з ільну і бавоўны пад назвай «Бабулі дзіўныя ўзоры». Вышытыя спадніцы, аксесуары ў народным стылі — прыгажосць неверагодная! Некалькі гадоў таму майстрыха распрацавала калекцыю для абласнога конкурсу «Залатое вераценца», які праходзіў у рамках Года малой радзімы. «Робім усё гэта з мэтай, каб дзяўчынкі нашы ведалі беларускія народныя традыцыі і не саромеліся іх папулярызаваць. Наша вышыўка адрозніваецца ад той, што ў заходніх рэгіёнах, яна больш сціплая», — кажа настаўніца. А вышывалі гэтыя рэчы і цяпер дэманструюць іх на розных мерапрыемствах яе вучаніцы.

— У нас на ўроках ёсць варыятыўная частка, падчас якой дзяўчаты могуць паглыбіць свае веды і навучыцца вышыўцы крыжам з чыстым сподам. Па гэтым правяраецца майстэрства вучаніцы, — адзначае Святлана Яшчук. Дарэчы, у школе яна працуе ўжо 15 гадоў. Майстрыха на ўсе рукі: можа не толькі кроіць і шыць, але і вязаць кручком, на прутках, займаецца вышываннем, дэкарыраваннем, робіць аплікацыі...

Яшчэ адна калекцыя настаўніцы наогул авангардная — з парасонаў. З такімі ўборамі прыемна гуляць у дажджлівае надвор'е. Святлана Яшчук тым часам дастае з шафы рознакаляровыя спаднічкі і кашулі для школьных мерапрыемстваў. Вось табе і касцюмерная для герояў школьнага тэлебачання. Дарэчы, дзве сучасныя швейныя машынкі школа атрымала за перамогу ў праекце «Рамонак». Яшчэ адну ёй падарыла грамадская арганізацыя «Белая Русь».

Больш за палову настаўнікаў — былыя вучні

Як у адной школе можа працаваць столькі творчых людзей? Настаўнікі толькі ўсміхаюцца ў адказ, маўляў, гэта ўсё традыцыі. 56 % тутэйшых педагогаў — былыя вучні. Некаторыя спецыяльна вучацца на настаўніка, каб потым вярнуцца сюды працаваць. І ўсе без выключэння выпускнікі, калі прыязджаюць дадому на канікулы або святы, стараюцца забегчы сюды хоць на хвілінку. Цікава ж даведацца, што там у іх школе яшчэ незвычайнага прыдумалі.

— Школа наша адносна маладая, існуе з 1971 года, — кажа дырэктар, дарэчы, таксама выпускніца адной са школ гэтага раёна. — Сёння тут вучыцца крыху больш чым 330 вучняў, працуюць 39 педагогаў. Сярэдні ўзрост настаўнікаў — 40 гадоў. І ў кожнага шмат вучняў, з якімі не страчваецца сувязь нават пасля школы. Мы не прывыклі жыць сумна, гэта і ёсць наш галоўны сакрэт і стымул да дзеяння.

Каментарый у тэму

Святлана Шутава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Гэта добры прыклад таго, як павінна працаваць кожная школа — «з агеньчыкам», цікава, пазнавальна. Тут заўсёды рэалізуюць нейкія праекты, ідэі, ініцыятывы. Цудоўны калектыў, таленавітыя і апантаныя ў добрым сэнсе слова дзеці. Наогул, Клічаўскі раён вельмі творчы. Як прадстаўнік гэтай акругі, заўсёды з задавальненнем наведваю тутэйшую школу мастацтваў, дзе працуе шмат творчых людзей. Іх вучні — частыя пераможцы на конкурсах і фестывалях усіх узроўняў. Асаблівасць гэтай школы яшчэ і ў тым, што тут мае магчымасць займацца нават дарослае насельніцтва.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Увага: вас здымае школьнае тэлебачанне!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Эканоміка

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

МАРГ час ад часу прыпыняе работу магазінаў.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС.