Вы тут

​Што хвалюе мінчан?


На 25-й чарговай сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў разгледзелі 14 пытанняў і прынялі шэраг важных гаспадарчых рашэнняў. Але пачалася сесія з абмеркавання рэалізацыі наказаў.


Калі больш дакладна, то з аналізу вынікаў дзейнасці дэпутацкага корпуса па выкананні мерапрыемстваў у мінулым годзе па праблемных пытаннях і наказах, якія выказалі жыхары сталіцы яшчэ тагачасным кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета 28-га склікання падчас перадвыбарнай кампаніі. З разгляду менавіта пытання, што, бадай, для гарсавета з'яўляецца ў пэўным сэнсе базавым — непасрэдная і пастаянная работа з людзьмі, выніковасць якой часта наўпрост і ўскосна ўплывае на стабільнасць сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў сталіцы краіны.

Старшыня Пастаяннай камісіі гарсавета па галоснасці, самакіраванні і правапарадку Раман Ніканаў агучыў наступныя лічбы. Летась дэпутаты правялі больш за 1300 асабістых прыёмаў і тэлефонных ліній, падчас якіх прынялі каля 1800 выбаршчыкаў, арганізавалі амаль тысячу сустрэч з мінчанамі па месцы іх жыхарства і ў арганізацыях. Былі зроблены 92 справаздачы перад выбаршчыкамі. Выступоўца адзначыў, што ў цэнтры ўвагі дэпутатаў пастаянна знаходзяцца найбольш вострыя пытанні, з якімі звяртаюцца выбаршчыкі. Самай праблемнай сферай летась па-ранейшаму былі хібы ў вядзенні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Звароты на гэтую тэму склалі 32 % ад агульнай колькасці. Далей ідзе прававая тэматыка — 14 %, затым — пытанні забеспячэння жыллём і праблемы яго будаўніцтва, выплаты пенсій, па скарачэннях і незаконным звальненні.

Сабраць наказы — гэта толькі палова справы і, дарэчы, далёка не самая цяжкая яе частка. Куды больш складана ў тэрмін рэалізаваць пажаданні і патрабаванні мінчан. І тут не заўсёды ўсё атрымліваецца гладка, менавіта так, як планавалася. На сесіі нават узнікла невялікая дыскусія з абмеркаваннем канрэтных прыкладаў на тэму: ад чаго залежыць сваечасовасць і аператыўнасць выканання наказаў? Ад настойлівасці, упартасці, мэтакіраванасці дэпутата? У значнай ступені так. Але нярэдка наказ застаецца нявыкананы з-за адсутнасці элементарнага фінансавання, часта і не вельмі значнага ў маштабах Мінска. Узнікае непрыемная для абодвух бакоў бюракратычная цяганіна.

І ўжо зусім непрыемна, недапушчальна, калі, на погляд шэрагу дэпутатаў, наказы выбаршчыкаў транзітам пераходзяць з аднаго склікання гарадскога Савета ў наступны. У сувязі з гэтым Пастаянная камісія па галоснасці, самакіраванні і правапарадку прыняла рашэнне накіроўваць у профільныя ведамствы краіны інфармацыю аб нявыкананых наказах з несур'ёзных прычын, каб там здолелі выдаткаваць неабходныя сродкі. Дапаможа такі падыход? Час пакажа. Мы потым раскажам у «МС».

Як адзін са шляхоў папярэджання прычын узнікнення скаргаў і розных пытанняў, а потым зваротаў і наказаў, на сесіі прагучала думка і аб тым, што дэпутатам трэба ўдасканальваць сваю дзейнасць у выбарчых акругах. У прыватнасці, часцей сустракацца з жыхарамі сталіцы. Такі падыход дазволіць больш хутка даведвацца аб праблемах, што хвалююць людзей, якія вывучаць непасрэднае меркаванне грамадзян. З гэтай нагоды была выказана прапанова больш актыўна праводзіць «Дні дэпутата» ў раёнах сталіцы, запрашаць да ўдзелу ў іх членаў Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, абраных ад Мінска. Гэта дазволіць ім чуць меркаванне грамадзян з першых вуснаў.

Дэпутаты Мінгарсавета таксама ўнеслі змяненні ў бюджэт сталіцы. Паводле слоў намесніка начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Сяргея Бурачэўскага, пераразмеркаванне сродкаў звязана з зацвярджэннем дзяржаўных праграм на 2021—2025 гады, а таксама з наяўнасцю рэшткаў сродкаў па стане на 1 студзеня 2021-га. У прыватнасці, дадатковыя сродкі плануецца накіраваць на санітарнае ўтрыманне прыдамовых тэрыторый, на прафілактыку і зніжэнне распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, на азеляненне тэрыторый уздоўж МКАД, на набыццё малагабарытнай спецыяльнай тэхнікі для прадпрыемстваў «Мінскзелянбуда», на бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі і гэтак далей.

Акрамя таго, за кошт пераразмеркавання асігнаванняў з аб'ектаў капітальнага рамонту мяркуецца павялічыць аб'ём фінансавання інвестыцыйнай праграмы Мінска на 2021 год. У тым ліку накіраваць сродкі на праектаванне і будаўніцтва інжынернай інфраструктуры да жылых дамоў, якія будуюцца па праспекце Незалежнасці і вуліцы Герояў 120-й дывізіі, на набыццё вагонаў электробусаў.

Дэпутаты таксама заслухалі справаздачу Прэзідыума і старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэя Бугрова, зацвердзілі план дзеянняў на бягучы год па навядзенні парадку на тэрыторыі Мінска, рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграмы па ахове навакольнага асяроддзя і ўстойлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў, далі згоду на стыпендыі для шэрагу спартсменаў.

Леанід ТУГАРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».