Пытанні электрыфікацыі дачных дамоў, стан дарог, транспартныя зносіны вёсак з абласным цэнтрам — з такімі пытаннямі на прыём да памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда МАРТЫНЮКА звярнуліся жыхары Магілёва і Магілёўскай вобласці, паведаміла БелТА.
Дзве жанчыны звярнуліся з пытаннем наконт падвядзення электрычнасці да іх садовага таварыства. Зямлю ад завода людзі атрымалі яшчэ ў 1993 годзе, ім паабяцалі, што ў будучыні тут правядуць усе інжынерныя сеткі. «І за столькі гадоў на нашых лецішчах не з'явілася электрычнасць. Пытанне з вадой мы вырашылі самастойна, а са святлом так не атрымліваецца. Мы гатовыя ўдзельнічаць у гэтай рабоце», — заўважылі заяўніцы. Як адзначыў Леанід Мартынюк, гэта пытанне патрабуе дэталёвага разгляду на некалькіх узроўнях, у тым ліку Міністэрства энергетыкі.
Жыхарка вёскі Старое Пашкава прыйшла з просьбай прывесці ў парадак дарогу ў населеным пункце — усяго 600 метраў. Яна вядзе да канчатковага прыпыначнага пункту грамадскага транспарту. І гэтая дарога — адзіная сувязь населенага пункта з горадам. Жанчына расказала, што ў дрэннае надвор'е там немагчыма хадзіць: гліністая зямля ператвараецца ў глейкі бруд. Жыхары Старога Пашкава звярталіся да дарожнікаў, аднак яны сказалі, што дарога не ўключана ў сетку мясцовых дарог, таму яе не абслугоўваюць. Леанід Мартынюк зазначыў, што асабіста паглядзіць стан дарогі і паспрабуе дапамагчы ў вырашэнні праблемы.
Дзве жыхаркі вёскі Севасцьянавічы прыйшлі з праблемай яе транспартных зносінаў з горадам. Гэты населены пункт знаходзіцца недалёка ад абласнога цэнтра — усяго за 10 км. «Раней у нашу вёску двойчы ў дзень заязджаў рэйсавы аўтобус, які ідзе на Вялікія Бялевічы. А пасля таго, як з'явілася маршрутнае таксі, якое стала ездзіць па гэтых жа маршрутах, аўтобус пачаў хадзіць пусты, яго расклад адкарэкціравалі, і ён стаў нязручны для жыхароў нашай вёскі», — распавялі жанчыны. «У вырашэнні пытання з грамадскім транспартам важна ўлічваць меркаванне жыхароў усіх найбліжэйшых населеных пунктаў, — падкрэсліў памочнік Прэзідэнта. — Таму мы вывучым сітуацыю з грамадскім транспартам і паглядзім, чым можам дапамагчы».
— Важна, што на такіх прыёмах людзі ўзнімаюць праблемы не толькі добраўпарадкавання, якія звычайна іх хвалююць, але яшчэ і глабальныя пытанні, якія патрабуюць значных змен у заканадаўстве і над якімі прыйдзецца працаваць нават не адзін месяц. У прыватнасці, было ўзнята пытанне аб электрыфікацыі дачных участкаў. Безумоўна, ёсць прарэхі ў заканадаўстве, якое неабходна мяняць і ў рамках заканадаўчага поля знаходзіць кансэнсус, зручны для жыхароў, — падкрэсліў Леанід Мартынюк. — Асабісты прыём заўсёды важны, бо гэта жывыя зносіны. Часам людзі прыходзяць не толькі выказацца, падзяліцца сваім нейкім набалелым пытаннем і знайсці яго вырашэнне, але і проста пагаварыць, падзякаваць мясцовым уладам за работу».
Прэв’ю: БелТА
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.