Вы тут

Наколькі якаснае жыццё ў сельскіх населеных пунктах Ельскага раёна


Якасць жыцця ў сельскіх населеных пунктах і пытанні мясцовага значэння разгледзелі дэпутаты Ельскага раённага Савета дэпутатаў падчас выязнога пасяджэння. Члены пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце, фінансах і камунальнай уласнасці, кіраўнікі дзяржаўных устаноў і арганізацый, а таксама прадстаўнікі сельвыканкамаў наведалі Старавысокаўскі сельскі Савет. Удзельнікі прааналізавалі ўзровень і якасць забеспячэння дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва.


Вывучэнне асартыменту прадукцыі ў краме індывідуальнага прадпрымальніка ў аг. Зашыр'е.

Старавысокаўскі сельсавет — адзін з самых буйных на тэрыторыі Ельскага раёна, у яго дзесяці населеных пунктах пражывае 1637 чалавек. Ад Ельска да цэнтра сельсавета — аграгарадка Старае Высокае — 27 кіламетраў. Тут ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, комплексна-прыёмны пунт Ельскага камбіната бытавога абслугоўвання, крама, цэнтр культуры і адпачынку, яслі-сад — пачатковая школа. Падчас наведвання кожнага з гэтых сацыяльна значных аб'ектаў дэпутаты цікавіліся, як аказваюцца паслугі з улікам сучасных патрабаванняў людзей.

Па словах старшыні пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце, фінансах і камунальнай маёмасці Ельскага раённага Савета дэпутатаў Яўгена Матузкі, сёлета ў раёне працягваюць праводзіць мэтанакіраваную работу па выкананні сацыяльных стандартаў. Таму на асаблівым кантролі дэпутатаў — камфортнасць, даступнасць і своечасовасць паслуг, якія аказваюцца жыхарам сельскіх населеных пунктаў. Увага ўдзяляецца і пастаяннай рабоце па ўмацоўванні матэрыяльна-тэхнічнай базы вясковых сацыяльных устаноў.

На тэрыторыі Старавысокаўскага сельсавета ўдзельнікаў выязнога пасяджэння сустракалі кіраўнікі службаў, якія адказваюць за ахову здароўя, адукацыю, культуру, ЖКГ, гандаль, сувязь, бытавое абслугоўванне. Выкананне нарматываў па сацыяльных стандартах прааналізавалі па зацверджаных пашпартах, якія з пачатку года рыхтаваў кожны сельвыканкам. Паказчыкі па вадзе, святле, газазабеспячэнні, дарожнай гаспадарцы выкананы для ўсіх населеных пунктаў сельсавета, — адзначаюць дэпутаты.

Удзельнікі выязнога пасяджэння райсавета наведалі таксама аграгарадок Зашыр'е, дзе пражывае значная частка ўсіх жыхароў Старавысокаўскага сельсавета. Населены пункт — візітка Ельшчыны. На слыху культурнае жыццё ў Зашыр'і: тут развіваюць турыстычны кірунак, фальклорную дзейнасць, этнаграфію, краязнаўства... Мясцовыя самадзейныя калектывы часта выступалі не толькі ў гарадах Беларусі, але і за яе межамі.

Дэпутаты пацікавіліся, як у аграгарадку развіваецца гандаль, як працуе бальніца сястрынскага догляду. У Зашыр'і дзейнічае адзіны на сельскай тэрыторыі раёна філіял «Беларусбанка», паслугі аказвае фірмовая крама і сталовая мясцовай гаспадаркі КСУП «Саўгас «Камуніст», ёсць культурна-спартыўны цэнтр, рамесны гарадок. Не так даўно адноўлены будынак Ельскага лясгаса, з'явіліся новыя дзіцячыя пляцоўкі.

— Важныя складнікі жыцця на вёсцы — школа, дзіцячы садок, установа аховы здароўя, культуры. Гэта не толькі аб'екты, дзе аказваюцца сацыяльна значныя паслугі для вяскоўцаў, але і падмурак для замацавання маладых спецыялістаў, месца, куда могуць вяртацца нашы выпускнікі пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў, каледжаў, — звяртае ўвагу старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў Аксана Захарчанка.

Аксана Аляксееўна адзначае, што выкананне сацыяльных стандартаў — сёння найважнейшая задача дзяржаўнай падтрымкі людзей на вёсцы. Дзеліцца старшыня Ельскага райсавета і канкрэтнымі крокамі, якія сёлета атрымалася зрабіць па забеспячэнні сацыяльных нарматываў. Так, у Зашырскай сярэдняй школе адкрыта пасля рэканструкцыі спартыўная зала, якая па аснашчанасці і функцыянальнасці не саступае гарадскім аб'ектам. У раёне паказчык забеспячэння дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі на пачатак года склаў 99,5 % пры нарматыве 85 %.

Між тым на кантролі дэпутацкага корпуса раёна застаюцца пытанні працаўладкавання людзей, папулярызацыі прадпрымальніцкай актыўнасці сярод жыхароў сельскай мясцовасці, забеспячэння якаснай пітной вадой. На тэрыторыі Старавысокаўскага сельсавета сёлета ўпершыню плануюць укараніць практыку вывазу смецця з агульнай кантэйнернай пляцоўкі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Маркеры якасці жыцця на вёсцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?