Вы тут

Якія «шчыліны» знаходзяць арганізатары прэзентацый, каб пазбегнуць скасавання дагавора куплі-продажу


Здаецца, многія чулі і ведаюць нямала гісторый аб недарэчных пакупніках. Прыходзіць такі чалавек на прэзентацыю якога-небудзь тавару, купляе яго, а потым шкадуе аб гэтым. Вось толькі вярнуць тавар становіцца ўсё складаней. Прадаўцы стараюцца прадугледзець усе магчымыя рызыкі, каб не пакінуць пакупніку ніякіх шанцаў, нават у судзе.


Прыйшоў, убачыў і купіў...

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна нямала такіх гісторый, зазначае суддзя Сяргей Слашчоў. І нельга сказаць, што іх колькасць мае тэндэнцыю да зніжэння. Хутчэй, наадварот. Толькі за мінулы год па прэзентацыях у раённым судзе абласнога цэнтра было каля двух дзясятаў іскаў.

Вось адзін з іх. Патэнцыяльны пакупнік, якому крыху больш за 50 — назаваём яго Іванам Пятровічам — прыйшоў на прэзентацыю адной брэсцкай фірмы на арэндаванай імі плошчы. Там ён зацікавіўся цудадзейнымі якасцямі тавару, у прыватнасці электрычнай масажнай накідкай, якая здымае цэлае кола хвароб. І так яму гэты тавар спадабаўся, што нават цана не спалохала. А яна нічога сабе — чатыры тысячы рублёў. Але вось недарэчнасць! Не было ў Івана Пятровіча такіх грошай. Але ў фірме пайшлі насустрач і аформілі крэдытны дагавор на тры гады.

Здаецца, абодва бакі задаволены. І ўсё ж справа гэтая дайшла да суда. Аказалася, што Івану Пятровічу масажная накідка наогул не патрэбна, тым больш за такія грошы. Праўда, ён зразумеў гэта пазней, калі прыйшоў дамоў, сеў і падумаў. Дакладней, выслухаў жонку. Яна і прывяла яго да розуму. Кінуўся Іван Пятровіч шукаць тую фірму, спрабаваў звязацца па тэлефонах, што пазначаны ў дагаворы. Але прадаўцы не пайшлі насустрач мужчыне і грошы вяртаць не збіраліся. Маўляў, тавар тэхнічна складаны, таму яго вярнуць назад нельга. Ён якасны, спраўны. Прададзены па ўсіх правілах. Здаецца, у Івана Пятровіча ніякіх шанцаў. Каму прад'яўляць прэтэнзіі, калі ты сам заключыў дагавор...

«Тонкі» падыход

Дык чаму многія вядуцца на такія спакусы? Здаецца, і тавар прадаецца па высокіх цэнах, і ўпэўненасці няма, што ён патрэбны, а чалавек усё роўна купляе. Хоць у якой-небудзь краме прайшоў бы міма, і нават не спыніўся. Магчыма, справа ў кантактнай форме гандлю.

Чалавека асабіста запрашаюць на прэзентацыю. Як правіла, па тэлефоне, прыемны голас не проста выкладае інфармацыю, а імкнецца наладзіць дыялог, абавязкова цікавіцца, як завуць, і звяртаецца потым выключна па імені. Пры гэтым званкі могуць паступаць як на дамашні, так і на мабільны тэлефон. І кола адрасатаў надзвычай шырокае. Неаднойчы такія званкі паступалі і на мой тэлефон, праўда, толькі на хатні. А вось мой суразмоўца атрымліваў такія прапановы па мабільніку.

— І да мяне таксама часта тэлефануюць, я ўжо стаміўся адбівацца ад гэтых званкоў. Але адразу спыняю гэты маналог, — зазначае Сяргей Слашчоў. — Магчыма, не ўсе так паступаюць, некаторыя вядуцца на перспектыву атрымаць падарункі і бонусы, якія на тым канцы проваду ім прапануюць.

У ходзе судовага разгляду становіцца відавочным, як чалавек трапляе ў залежнасць ад прадаўца. Акцэнт пераважна робіцца на больш узроставую катэгорыю. Такіх людзей лягчэй угаварыць, запэўніць. Калі потым многія сітуацыю аналізуюць, бачаць, што атрымалі не бонус, а развод. Бо такі ж тавар у іншых крыніцах значна таннейшы.

Вось толькі падчас самой прэзентацыі такой думкі не ўзнікае. І гэта зразумела. Перад вачыма — сапраўднае шоу, чалавек атрымлівае падарункі, узнікае адчуванне клопату аб пакупніку. І ён лічыць сябе нібыта абавязаны прадаўцу. Ну як жа? Табе аддалі столькі часу, усё растлумачылі, паказалі і расказалі. Запэўнілі, наколькі гэты тавар патрэбны. Ілюзія яшчэ і ў тым, што з чалавека не патрабуюць усю суму адразу, а прапануюць аформіць крэдыт, які будзе пагашацца часткамі. Звычайна на некалькі гадоў. Ну як тут не пайсці насустрач і нічога не купіць? Заўсёды знаходзяцца людзі, якія гэты тавар купяць.

— Калі потым у судзе дапытваешся, навошта вы куплялі гэты тавар, калі ён вам не патрэбны, чалавек паціскае плячыма і нічога не можа патлумачыць. Гэта першая рэакцыя. Маўляў, пераканалі. А некаторыя сцвярджаюць, што прымусілі. Вядома, з дапамогай адваката чалавек больш грунтоўна тлумачыць свае дзеянні, — расказвае суддзя.

Ва ўсялякім выпадку, чалавек перакананы, што тавар не патрэбны і настойвае на тым, каб скасаваць дагавор і вярнуць грошы. Але ці заўсёды гэта ўдаецца зрабіць? Як аказалася, не так усё проста.

Выйсце з лабірынта

Нашаму Івану Пятровічу пашанцавала: яму ўдалося скасаваць дагавор куплі-продажу. Памятаеце, мужчына купіў на прэзентацыі масажную накідку? Ён звярнуўся ў суд з правільна складзенай іскавай заявай. Спасылка была на тое, што тавар прадавалі без указання даты вытворчасці, а закон патрабуе, каб дата была ўказана. А паколькі такую інфармацыю ў фірме не змаглі паведаміць, Іван Пятровіч суд выйграў. Дагавор куплі-продажу быў скасаваны. Але гэта толькі паўсправы. Бо застаўся крэдытны дагавор, плацяжы па якім працягваліся.

— Паколькі фірма была прыезджая, мужчына адправіў тавар па пошце. Фірма тавар не атрымала і вяртаць грошы па крэдытным дагаворы не стала. Гісторыя доўжылася некалькі месяцаў. Быў складзены новы іск аб скасаванні крэдытнага дагавора. І ўсё ж частка плацяжоў пакуль не вернута, і ў гэтым суду яшчэ трэба будзе разабрацца.

Як бачым, вярнуць тавар не так і проста. Для пакупніка аказалася спрыяльным, што на тавары не ўказана дата выпуску, і гэты факт аказаўся вырашальным. А калі б такая была? Даказаць сваю праўду было б складана. І суду засталося б толькі адно — адмовіць у іску...

Гэта што датычыцца масажных накідак ці масажных матрацаў, якія зараз папулярныя на прэзентацыях. З посудам прасцей, бо гэты тавар можна вярнуць на працягу 14 дзён. Але тут важна ўкласціся ў тэрмін. Бо калі тавар ляжыць доўга, вярнуць яго складана. Трэба шукаць нейкія іншыя матывы. Напрыклад, якасць тавару. Альбо вытворцы не заўсёды забяспечваюць тое, што напісана ў дагаворы. І гэта таксама можа стаць падставай для яго скасавання.

— У суд звярнулася жанчына, якая хацела вярнуць посуд, які купіла на прэзентацыі за чатыры тысячы рублёў. А паколькі тэрмін прайшоў, фірма тавар не брала. У судовым іску яна паведаміла, што пад італьянскім брэндам не было звестак аб рэальным вытворцы. А паколькі фірма не дала доказаў, што інфармацыя даведзена да пакупніка, дагавор быў скасаваны, — патлумачыў суразмоўца.

Бакі гатовы да выклікаў

Калі тавар быў куплены на выязным гандлі, у пакупніка больш шанцаў яго здаць. А некаторыя тавары наогул нельга прадаваць на выяздзе. Гэта датычыцца тэхнічна складаных тавараў бытавога прызначэння, у тым ліку масажных накідак і масажных матрацаў. Менавіта па іх пачало паступаць найбольш заяў і прэтэнзій.

У сваю чаргу, фірмы таксама шукаюць «шчыліны», каб пазбегнуць судовых спраў. Пасля прыняцця закона аб абмежаваным асартыменце выязнога гандлю яны пачалі афармляць арэнду памяшкання пад сваё прадпрыемства. Праўда, праз некалькі дзён з'язджаюць. Але фармальна тут не падкапацца, бо гэта ўжо і не выязны гандаль. Нарматыўны пакет у поўным парадку. І подпісы пакупнікоў стаяць усюды, дзе патрэбна, — знайсці нейкую недасканаласць амаль немагчыма. У выніку — дагаворы, па якіх плата ў месяц за тавар складае і 50 рублёў, і 100. Але сустракаюцца і вельмі значныя сумы, якія даходзяць да паловы, а то і большай часткі пенсіі пакупніка. І людзі ў роспачы: як ім плаціць?

Па словах суразмоўцы, мінулы год быў самым ураджайным на такія судовыя справы. Магчыма, і таму, што многія фірмы перасталі па першым патрабаванні забіраць тавар назад.

— Тут трэба даць параду, каб людзі ставіліся да гэтага крытычна. Калі ідзеш на такую прэзентацыю, трэба зрабіць сабе ўстаноўку: ты нікому нічога не павінен. Цябе запрасілі, і ты прыйшоў. Прыняў да ўвагі, і на гэтым усё. І галоўнае — не прымаць хуткасных рашэнняў. Сказаць: «Я падумаю, пакіньце кантактны нумар, я параюся з роднымі». Не трэба весціся на ўгаворы, нават калі прапануюць вялікія зніжкі. Ці наогул не ісці на прэзентацыю, калі чалавек не ўпэўнены ў сваёй трываласці. Трэба памятаць, што задача такіх прадаўцоў — прадаць тавар, які насамрэч можна купіць значна танней. Прынамсі, у суд звярталіся менавіта тады, калі такі ж тавар бачылі за кошт у 3-4 разы меншы. І трэба ведаць, што не ўсе іскі задавальняюцца, — падсумаваў суразмоўца.

Дарэчы, практычна палова спраў у судзе не даходзіць да вынясення рашэння. Прадаўцы прапануюць вырашыць пытанне мірным пагадненнем. Некаторыя пытанні не даходзяць нават да суда, а вырашаюцца ў грамадскім аб'яднанні спажыўцоў. Дарэчы, роўна год таму было створана аб'яднанне, якое так і называецца: «Таварыства абароны правоў спажыўцоў, падманутых на прэзентацыі». І гэта адна з першых інстанцый, куды часцей за ўсё звяртаюцца такія пакупнікі.

Дзмітрый Касянкоў, старшыня Гродзенскага таварыства абароны правоў спажыўцоў, падманутых на прэзентацыі:

— Спажывец мае права на працягу 14 дзён вярнуць тавар альбо абмяняць яго на аналагічны іншых памераў, формы, габарыту альбо камплектацыі. У гэтым выпадку прадавец можа зрабіць пераразлік. Таварыства правоў спажыўцоў бясплатна падрыхтуе юрыдычна правільную прэтэнзію прадаўцу і бясплатна будзе прадстаўляць яго інтарэсы ў судзе. Напрыклад, паслугі адваката за такую дапамогу могуць абысціся не ў адну сотню рублёў. Мы заўсёды прыйдзем на дапамогу, каб вярнуць непатрэбны тавар.

На жаль, такі падман не прадугледжаны на заканадаўчым узроўні, і дзеянні фірмаў кваліфікуюцца як маркетынгавы ход ці рэкламная акцыя. Тым не менш грамадскае аб'яднанне не прайграла ніводнага суда. Прадавец альбо вяртаў усю суму за тавар, альбо зніжаў цану і вяртаў астатнія грошы.

Найбольшая складанасць у прад'яўленні прэтэнзіі звязана з презентацыйнай работай інтэрнэт-крам. Пакупнік не бачыць тавар падчас набыцця і часта атрымлівае недакладную інфармацыю, што потым цяжка даказаць. Пры гэтым інтэрнэт-крамы існуюць кароткі тэрмін, таму купляць там тавар — усё роўна, што ката ў мяшку.

Маргарыта УШКЕВІЧ

 


 

Пакупкі праз інтэрнэт, на прэзентацыях і «залатыя» паслугі

Сярод скаргаў, якія трапляюць у Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў, гэта, бадай што, асноўныя кірункі праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы. Атрымаўшы няякасны тавар ці рэч, якая непатрэбна, грамадзяне часта не могуць ні пазбавіцца ад іх, ні вярнуць грошы. Старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша абазначыла асноўныя памылкі, якіх варта не дапускаць, калі набываеш тавары праз інтэрнэт, у тым ліку небяспечную электратэхнічную прадукцыю:

— Пакупнікі не заўжды глядзяць, на якой пляцоўцы (дамене) набыты тавар. А гэта важна, бо калі яны купілі няякасны тавар або якасны, але які па нейкіх прычынах не падышоў, і яго можна было б вярнуць на працягу 14 дзён, то гэта ў пэўных выпадках будзе цяжка зрабіць. Яшчэ адна праблема — пры дастаўцы часта не правяраюць працаздольнасць тавару, не патрабуюць дакумента, які пацвярджае факт пакупкі.

Існуюць выклікі і для ўразлівых груп насельніцтва. Да састарэлых часта прыходзяць спецыялісты і прапануюць, напрыклад, пачысціць выцяжныя вентыляцыйныя каналы. Гэтая паслуга каштуе рублёў 30. Аднак кампанія, зарэгістраваная пад назвай, якая вельмі падобная па сваім гучанні да назвы дзяржаўных арганізацый, можа ўвесці гэтым у зман. Яшчэ восенню сустракаліся скаргі, дзе людзі плацілі за такія «залатыя» паслугі, кошт якіх завышаны ў дзясяткі разоў, па 135 рублёў, а цяпер ёсць выпадкі і 170, удакладніла старшыня.

Ёсць яшчэ розныя прэзентацыі, куды запрашаюць людзей і дзе яны набываюць коўдры-падушкі-бялізну-посуд. Вярнуць потым гэты тавар вельмі цяжка, асабліва калі прэзентацыя была ў Мінску, а прадавец, напрыклад, у Гродне, заўважыла Ганна Суша:

— Паштовае аддзяленне, якое абслугоўвае арганізацыі — пастаўшчыкоў пасцельнай бялізны, загружана пасылкамі, якія вяртаюць спажыўцы. Таму, калі тавар не падышоў пакупніку, ён мусіць паехаць у той горад, дзе знаходзіцца прадавец.

Ірына СІДАРОК

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.