Вы тут

Віталь Дрожжа: Лес — рэсурс, які мы павінны выкарыстоўваць рацыянальна


Наша краіна сёння ўваходзіць у першую дзясятку лясных дзяржаў Еўропы, а лясная гаспадарка дэманструе значныя поспехі як у лесааднаўленні, так і ў дрэваапрацоўцы. Якія складнікі прывялі да такіх вынікаў? Пра гэта «Звязда» спытала міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу.


Фо­та прэс-служ­бы Мінлясгаса.

— Віталь Аляксандравіч, сёння лясная гаспадарка — сістэма, якая працуе эфектыўна. Дзякуючы чаму ўдалося яе выбудаваць?

— Калі казаць коратка, наша галіна заўсёды працавала досыць эфектыўна. У нас дастаткова лясных і выдатныя працоўныя рэсурсы. Акрамя таго, мы штогод дадавалі і інвесціравалі ў галіну, выкарыстоўвалі ў тым ліку міжнародны вопыт — усё гэта ў комплексе дазволіла выбудаваць мадэль, якая эфектыўна працуе.

— Колькі людзей сёння рупіцца ў лясной гаспадарцы?

— Амаль 39 тысяч чалавек. Толькі за апошні год колькасць працоўных кадраў у нас вырасла прыкладна на тысячу. Сярэдні ўзрост работнікаў — каля 40 гадоў. Лічу, што гэта аптымальны паказчык.

Мы праводзім актыўную работу па прыцягненні ў галіну маладых спецыялістаў і рабочых. Штогод у лясную гаспадарку прыходзіць каля 350 маладых спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Мы заўсёды нацэльваем кіраўнікоў падраздзяленняў быць канкурэнтнымі ў плане працоўных рэсурсаў, у прыярытэт ставіць матэрыяльны дабрабыт работнікаў, матываваць іх да павышэння заработку і расці ў прафесіі.

Лясны баланс

— Наколькі ўдаецца вытрымліваць баланс паміж выкарыстаннем лясных рэсурсаў і іх захаваннем?

— У нашай краіне дастаткова развітая лясная навука, захаваны асноўныя прынцыпы вядзення лясной гаспадаркі. У аснову ўсяго мы ставім прынцып невычарпальнасці,
закладзены ў Лясным кодэксе.

Мы не высякаем лес проста так, робім гэта ў адпаведнасці з лесаўпарадкавальным праектам, які распрацоўваецца для кожнага лясгаса. Прафесійны, навуковы падыходы, планавасць — усё гэта дазваляе дабівацца пастаўленых мэт, у тым ліку павышэння лясістасці краіны. Сёння яна блізкая да аптымальнай і складае 40,1 %.

Паказальна, што з 2014 года лясоў у Беларусі ствараецца больш, чым высякаецца, да таго ж, з улікам стварэння новых лясоў на прынятых землях. Напрыклад, у 2014-м пры плошчы суцэльных высечак у 32 тысячы гектараў малады лес з'явіўся на 43,7 тысячы гектараў. У 2019-м, калі краіна перажывала ўсыханне хваёвых насаджэнняў, пры выкананых высечках на плошчы 51,2 тысячы гектараў дрэўцы з'явіліся на плошчы 51,8 тысячы гектараў. У 2020 годзе пры плошчы суцэльных высечак у 45,9 тысячы гектараў новыя лясы створаны на 46,7 тысячы гектараў. Так дзейнічае прынцып невычарпальнасці.

Я ўпэўнены: лес — нацыянальнае багацце толькі тады, калі яно прыносіць прыбытак. Але ёсць тая чырвоная лінія, за якую мы не павінны пераступаць: неабходна браць лесу менш, чым ствараем. І сёння мы гэтага прынцыпу прытрымліваемся: высякаем у 2,5—3,5 раза менш за штогадовы прырост. Нас у гэтым падыходзе падтрымліваюць вучоныя і эколагі.

З 1994 года доля спелых лясоў, якія з'яўляюцца асноўнай базай для нарыхтовак, павялічылася з 4,7 % да 14,7 %, а разліковая лесасека — з 5,4 млн м3 (1994 год) да 14,3 млн м3 (2020 год). Сёлета разліковая лесасека па высечках галоўнага карыстання складае 14,9 млн м3. Да 2025 года ўзровень лясістасці павінен павысіцца да 40,3 % у 2025 годзе, а аб'ём нарыхтоўкі драўніны з 1 гектара пакрытых лесам зямель — да 3,2 м3.

Спецыяльная тэхніка дапамагае лясгасам эфектыўна нарыхтоўваць лес і зменшыць рызыку траўміравання для работнікаў.

— Наколькі аптымізаваны ўзроставы і пародны склад лясоў Беларусі?

— Найбольш аптымальна, калі ўсе чатыры ўзроставыя групы лясоў — маладнякі, сярэднеўзроставыя, аспяваючыя і спелыя — маюць каля 25 % кожная. У нас маладнякі і спелыя лясы займаюць па 18 %, сярэднеўзроставыя — 26 %, а самы найбольшы паказчык у аспяваючых — 38 %.

Рэгуляваць узроставую структуру дапамагаюць суцэльныя высечкі, у тым ліку і тыя, што праводзяцца пры ўборцы пашкоджаных насаджэнняў, а таксама стварэнне лясных культур.

Што ж датычыцца пароднай структуры, то яна залежыць ад нашых прыродна-кліматычных умоў. Так, у складзе беларускіх лясоў павінна быць сасна (55 %), елка (11 %), дуб (6 %), бяроза (13 %), чорная алешына (9 %), асіна (1 %) і іншыя пароды (5 %). Сёння ж насаджэнні сасны складаюць усяго 49 %, елкі — 9 %, дубу — 4 %, бярозы — 23 %, чорнай алешыны — 9 %, асіны — 2 %, іншых парод — 4 %.

Зніжэнне сасны і елкі ў пароднай структуры звязана з працэсамі ўсыхання хваёвых дрэвастояў, якія адбываліся ў краіне на працягу апошніх дзесяці гадоў.

— Наколькі атрымалася справіцца з гэтай праблемай?

— У 2018 годзе каля паловы ад агульнага аб'ёму нарыхтоўкі склалі высечаныя хворыя лясы — гэта быў пік усыхання хваёвых насаджэнняў за ўсю гісторыю Беларусі. У 2019 і 2020 гадах гэты працэс пайшоў на спад. Агульная плошча насаджэнняў сасны і елкі, якая патрабавала правядзення суцэльных санітарных высечак, за 2020 год склала 18,3 тысячы гектараў (у 2018-м — 47,3 тыс. га). Сёлета работы па барацьбе са стваловымі шкоднікамі працягнуцца, але аналіз паказвае, што аб'ёмы ўсыхання насаджэнняў не перавысяць узровень мінулага года.

— Што робіцца для таго, каб зменшыць негатыўны ўплыў змены клімату і звязаных з гэтым працэсаў на лясную галіну?

— Наша асноўная задача — каб лесу было больш, каб ён быў устойлівы. На гэта нацэлена і Стратэгія адаптацыі лясной гаспадаркі да змены клімату да 2050 года і іншыя дакументы. Мы бачым перспектыву ў стварэнні змешаных лясоў, на мацярынскай пародзе, з больш адаптаванага насення, якое атрымліваем на сваіх лесанасенных плантацыях.

— Сёння ў Беларусі шмат вырошчваюць пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай...

— Так, у мінулым годзе з выкарыстаннем пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай створана каля 6,3 тысячы гектараў лясных культур, ці 16,1 % ад агульнай плошчы пасеву і пасадкі лесу. Да 2025 года штогадовая плошча іх стварэння перавысіць 6,5 тысячы гектараў.

Для вырошчвання пасадачанага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай пабудаваны спецыялізаваныя цяплічныя комплексы ў Глыбоцкім доследным, Івацэвіцкім і Магілёўскім лясгасах, а таксама на базе Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра. Вырошчваюць яго і ў пастаянных лясных гадавальніках лясгасаў. У 2020 годзе аб'ём вырошчвання склаў 21,4 мільёна штук. Плануецца, што паказчык вырасце да 25 мільёнаў раслін у год, што поўнасцю забяспечыць патрэбы лясной гаспадаркі ў гэтым відзе прадукцыі.

Сасна займае каля 50 % у пароднай структуры лясоў.

З сыравіннай краіны — у перапрацоўчую

— Якія змены адбыліся ў сферы лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі?

— Як і ва ўсім свеце, мы разумеем, што ў лесанарыхтоўцы неабходна ўсё больш выкарыстоўваць машынныя механізмы. Гэта мінімізуе траўматызм, а таксама ўздзеянне фактараў надвор'я на работнікаў лесу.

Акрамя таго, развіваем сферу паслуг у лесанарыхтоўцы. Сёння больш за 30 % драўніны нарыхтоўваецца на паслугах — пабочнымі лесарубамі. Такім чынам, лясгасы забяспечваюць занятасцю не толькі свае калектывы, але і садзейнічаюць развіццю прыватнага бізнесу на тэрыторыі малых і сярэдніх населеных пунктаў рэспублікі. Але яшчэ ёсць куды расці. Лічба, якую мы бачым перад сабой, — нарыхтоўваць уласнымі сіламі менш за 50 % драўніны. Гэта было б аптымальным варыянтам. Наша ж тэхніка павінна быць настроена на пікавыя нагрузкі, калі адбываюцца бураломы, масавыя ўсыханні.

Калі казаць пра дрэваапрацоўку, то работа нашых прадпрыемстваў засяроджана ў асноўным на перапрацоўцы незапатрабаваных аб'ёмаў нізкаякаснай драўніны (ад усыхання, мяккаліставых парод). Гэты рэсурс не карыстаецца папулярнасцю ў буйных перапрацоўшчыкаў, але прыносіць немалы прыбытак. У мінулым годзе прадпрыемствы Мінлясгаса перапрацавалі самыя вялікія аб'ёмы драўніны — каля 6 млн м3, пры гэтым доля нізкаякаснай драўніны склала больш за 50 %.

Лесагаспадарчыя ўстановы сёння вырашаюць не толькі камерцыйныя пытанні, але і нясуць пэўную сацыяльную нагрузку. Наяўнасць дрэваапрацоўчых вытворчасцяў садзейнічае занятасці ў сельскай мясцовасці, забеспячэнню матэрыяламі насельніцтва.

Мы разумеем сваю асноўную ролю — даваць неабходную сыравіну перапрацоўшчыкам драўніны ўнутры краіны. Нашы ж вытворчасці забяспечваюцца па астаткавым прынцыпе. Але калі яны дзейнічаюць, то справа гонару, каб яны былі безадходнымі і бясстратнымі. Так, вырашаючы гэтыя дзве задачы, мы і рухаемся.

Фактычна за некалькі дзесяцігоддзяў мы змаглі выйсці на поўную акупнасць і не пусціць пры гэтым «пад нож» увесь рэсурс. Дзякуючы эфектыўнай дзяржаўнай палітыцы, мы ператварыліся з сыравіннай краіны ў перапрацоўчую.

— У чым вы бачыце перспектыву дзейнасці пелетных заводаў?

— Летась мы запусцілі сем новых заводаў агульнай гадавой прадукцыйнасцю 171 тысячу тон пелет. Плануецца штогод атрымліваць каля 25 млн долараў выручкі з гэтых вытворчасцяў. За кошт іх стварэння мы вырашаем пытанне па перапрацоўцы дрывяной драўніны, якая яшчэ ўчора фактычна ляжала ў лесе і была незапатрабаваная. Дарэчы, у стадыі будаўніцтва знаходзяцца яшчэ шэсць праектаў.

Сёння паліўныя гранулы — экспартаарыентаваны від прадукцыі. Да канца года ў нашых прадпрыемстваў ужо поўнасцю сфарміраваны партфель заказаў.

Разам з тым важна выкарыстоўваць гэта паліва ўнутры краіны. Лічу, не зусім правільна, калі мы імпартуем для нашых кацельняў прыродны газ, а сваё паліва прадаём у Польшчу ці Прыбалтыку. Таму, калі я дакладваў кіраўніку дзяржавы, ён падтрымаў прапанову вярнуцца да праграмы пераходу на мясцовыя віды паліва, у тым ліку паліўныя гранулы. Гаворка ідзе пра некаторыя лакальныя кацельні, напрыклад, у невялікіх населеных пунктах, куды немэтазгодна весці магутныя электрычныя сеткі для ацяплення.

Ужо адбылася першая рабочая сустрэча Мінлясгаса, Мінэнерга, Мінжылкамгаса на гэтую тэму. Упэўнены, што пры належным падыходзе з боку ўсіх зацікаўленых за паліўнымі грануламі — будучыня.

— Міністэрства лясной гаспадаркі даўно працуе па прыцягненні грамадскасці да пытанняў захавання і прымнажэння лясоў. Акцыі «Тыдзень лесу» і «Чысты лес» сталі візіткай ведамства...

— Традыцыйна вясной на Тыдні лесу мы ствараем лясныя культуры, восенню падчас «Чыстага лесу» займаемся добраўпарадкаваннем і наводзім парадак у лясным фондзе. Сёлета Тыдзень лесу пройдзе з 3 па 10 красавіка — чатырнаццаты раз. Гэта лічба кажа сама за сябе: калі акцыя існуе так доўга, значыць, на яе ёсць запыт у грамадстве.

Наша асноўная мэта правядзення такіх акцый — не столькі дапамога насельніцтва ў пасадцы лесу ці яго ўборцы. Калі чалавек хоць раз у жыцці прыме ўдзел у гэтых акцыях, то ўжо ніколі не будзе смеціць, ламаць дрэвы. Папрацаваўшы хоць бы адну гадзіну ў лесе, людзі разумеюць, наколькі нялёгкая такая праца. Мы бачым станоўчыя змены.

Акрамя таго, падчас гэтых акцый праходзяць тэматычныя лекцыі: мы знаёмім людзей са сваёй працай, расказваем, як клапоцімся пра лясы, ствараем новыя.

Лясныя пажары часта адбываюцца па віне чалавека. Фота Анатоля Клешчука.

— Яшчэ адна тэма, якая звязана са стаўленнем грамадства да лесу, — гэта пажары.

— Так, ёсць асобныя катэгорыя грамадзян, якія ўчыняюць такія злачынствы. Але ёсць і такія (і я хачу ім падзякаваць), якія аператыўна паведамляюць нам пра ўзгаранні ў лесе і нават дапамагаюць тушыць.

Мы кожны год рыхтуемся да пажаранебяспечнага перыяду: ствараюцца і даглядаюцца мінералізаваныя палосы і супрацьпажарныя разрывы, закупляецца абсталяванне. У лясгасах існуюць пажараназіральныя вышкі, сістэмы відэаназірання, укараняюцца аўтаматызываныя дыстанцыйныя сістэмы ранняга выяўлення ўзгаранняў.

Дапамагае таксама і практыка ўвядзення забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў. На жаль, не ўсе грамадзяне разумеюць неабходнасць такіх дзеянняў — для некаторых пікнік у сухім лесе больш важны за бяспеку. Каб растлумачваць важнасць гэтых мер, мы актыўна працуем як у лесе, так і ў сацсетках, тэлеграме. На сайце міністэрства створана аператыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў у раёнах Рэспублікі Беларусь.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

«І на кожным кургане, быццам яблыню, песню сваю пасаджу»

У свеце

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Вялікая Айчынная скончылася 76 гадоў таму, але дагэтуль па ўсім свеце ўсё яшчэ знаходзяць і судзяць непакараных нацыстаў. 

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.