Вы тут

Вясна – час для добрых спраў


Як можна цікава і з карысцю для прыроды сустракаць вясну? Падкажа “Родная прырода”.

Фота Алега Альшэўскага

Назіраць за жывой прыродай

Надвор’е на пачатку вясны пераважна няўстойлівае. Сонечны і даволі цёплы дзень можа хутка змяніцца снегападам і нават невялікім марозам. Але гэта не прычына ў такі цікавы для прыроды перыяд заставацца дома. Наадварот! Зазірнуўшы ў гэты час у лес ці на бераг ракі, можна ўбачыць, як змяняецца іх стан, як з зімовага сну паволі выходзяць і жывёлы, і расліны. Нельга ўпускаць шанец убачыць такія змены! Таму, сябры, гайда на прыроду за новымі прыгожымі кадрамі і цікавымі гісторыямі, як гэта зрабілі нашы аўтары Валерый Кавалёнак (“На глушцовым такавішчы”), Юрый Емяльянаў (“Мяжа паміж вясной і зімой”) і Аляксандр Батура (“Сакавік зіму ламае, цяплу дарогу пракладае”).

Калі ж вы хочаце не толькі палюбавацца прыродай, але і больш даведацца пра віды, якія насяляюць наваколле, можна распачаць даследчы праект, як гэта, напрыклад, зрабілі вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 27 г. Мінска (“У пошуках ключа да лясных таямніц”).

Але падчас назіранняў, калі ласка, не забывайцеся рабіць гэта без шкоды для навакольнага асяроддзя. Мы падрыхтавалі невялікі “Вясновы тэст” па правілах паводзінаў на прыродзе. Уважліва пачытайце варыянты адказаў і падумайце, ці супадаюць вашы рэальныя дзеянні з жаданым вынікам.

Наводзіць парадак

Вясной традыцыйна пачынаюцца экалагічныя акцыі, мэта якіх – пасадзіць маладыя сады і лясы, навесці парадак як у населеных пунктах, так і на лясных тэрыторыях, па берагах рэк, дапамагчы ачысціцца забруджанай з-за чалавека прыродзе. Зрэшты, рабіць добрыя справы можна ў любую пару года.

У сакавіцкім нумары часопіса мы расказваем пра адну з такіх ініцыятыў, прысвечаных аднаўленню воднасці і ачышчэнню ракі Крэчат у Бярозаўскім раёне. Ад стану гэтай ракі, якая падсілкоўвае Ясельду, у пэўным сэнсе залежыць лёс чырванакніжных насельнікаў заказніка “Спораўскі”. Таму не дзіўна, што за справу аднаўлення Крэчата разам з грамадскай арганізацыяй «Экалагічная ініцыятыва «БУРЭНКА-ПЛЮС” узяўся і заказнік. Падрабязнасці праекту і першыя яго вынікі чытайце ў матэрыяле “Нясі, Крэчат, жывую ваду!”

Дапамагаць звярам і птушкам

Нашы браты меншыя, і ў прыватнасці, крылатыя сябры часта маюць патрэбу ў дапамозе, асабліва зімой і пры неспрыяльных умовах надвор’я. Падтрымліваць птушак у гарадах і вёсках можна, арганізуючы для іх адмысловыя сталоўкі. У сакавіцкім нумары мы падвялі вынікі конкурсу “Мая кармушка” – рэдакцыя атрымала шмат фотаздымкаў, малюнкаў і лістоў, у якіх удзельнікі конкурсу расказалі пра свой досвед у зімовай падкормцы птушак.

Вясной у крылатых прыгажуноў, якія вяртаюцца з выраю, як і ў тых, што зімавалі на радзіме, пачынаецца новы этап жыцця. У падрыхтоўцы да яго таксама часам не абысціся без нашай дапамогі. Менавіта мы можам пабудаваць для сінантропных птушак (якія жывуць побач з чалавекам) новыя “кватэры” або дапамагчы зладзіць гняздо для дзікіх вадаплаўных. Як гэта зрабіць? Чытайце ў матэрыялах “Кватэры для крылатых навасельцаў” і “Гняздо для лясной качкі”.

Будзьце разам з роднай прыродай!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.