Вы тут

У Вялікім тэатры чакаюць лета і прэм'еры


Новае жыццё любімых праектаў, гучныя і знакавыя прэм'еры — пра гэта і не толькі распавялі на сустрэчы прадстаўнікоў і творчых супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета з журналістамі напярэдадні Сусветнага дня тэатра, які адзначаецца 27 красавіка. Прысутныя змаглі не толькі ўбачыць закуліссе храма мастацтва, але і даведацца, чым жыве ён сёння і над чым працуе яго калектыў, плануючы новы сезон.


Фота з архіва. Аўтар: Анатоль Кляшчук.

— Актыўную дзейнасць пасля некаторага зацішша, выкліканага пандэміяй, мы пачалі з прэм'еры «Фаўста» 19 лістапада мінулага года. І з таго часу практычна ніводнага спектакля мы не адмянілі, за выключэннем некаторых канцэртаў у камернай зале з-за хваробы асобных выканаўцаў. Таксама вельмі радуе, што глядач верыць нам і знаёміцца з пастаноўкамі, якія мы стварылі за той перыяд, пакуль не маглі выходзіць на сцэну. Мы падрыхтавалі шэсць прэм'ер, якія зараз паспяхова ідуць і збіраюць публіку, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Аляксандр Пятровіч. — Пачалі актыўна працаваць і за межамі тэатра. На жаль, пакуль што мы не можам гаварыць пра шырокую гастрольную дзейнасць, але працуем па краіне. Думаю, да канца сезона вернем нашу традыцыю, калі выязджалі ў рэгіёны. Акрамя ўжо апрабаваных намі канцэртных пляцовак у Гомелі, Магілёве, з'явіліся новыя ў Дзяржынску, Лідзе, Мазыры і іншых гарадах. Плюс мы аднаўляем два нашыя праекты — «Балетнае лета ў Вялікім» і вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў у Нясвіжы. Будуць прыемныя сюрпрызы для гледачоў і напрыканцы гэтага сезона. Такім чынам, аднаўляем тое, што было намі вымушана забыта, і працягваем творчае жыццё.

Калі казаць аб праграме будучага фестывалю «Балетнае лета ў Вялікім», які збярэ прыхільнікаў сёмы раз, то яго правядзенне запланавана з 12 да 17 чэрвеня. Публіку чакаюць харэаграфічныя прэм'еры «Лебядзінае возера», «Пер Гюнт», «Шчаўкунок» і «Ганна Карэніна». Госцем праекта стане Акадэмічны тэатр «Кіеў мадэрн-балет». Беларускім гледачам прадставіць свае пастаноўкі «Дзевяць спатканняў», «Маленькі прынц», а таксама дывертысмент сучаснай харэаграфіі «Con tuttі І strumentі» галоўны балейтмайстар, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, народны артыст Малдовы Раду Паклітару. А завершыцца фестываль гала-канцэртам зорак сусветнага балета.

25 і 26 чэрвеня Вялікі тэатр запрашае на чарговае спатканне ў Нясвіжы, дзе пройдуць чароўныя вечары ў рэзідэнцыі Радзівілаў. Гэтымі днямі тут прагучыць опера Джузэпэ Вердзі «Набука» ў канцэртна-сцэнічным выкананні. Сярод пастаноўшчыкаў — рэжысёр, уладальніца медаля Францыска Скарыны Галіна Галкоўская, дырыжор Алег Лясун, хормайстар — народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч. А на наступны дзень гледачоў чакае цікавы музычны праект Галіны Галкоўскай — «Ноч пераўтварэнняў».

— Для нас час пандэміі не прайшоў дарэмна. Мы паспелі паставіць шэсць прэм'ер, сярод якіх, напрыклад, для дзіцячай аўдыторыі спектаклі «Пінокіа», «Кошкін дом», першая работа, лічу, удалая, Ганны Маторнай «Фаўст», пастаноўка Аксанай Волкавай оперы «Вілісы. Фатум», работа Сяргея Прохарава — балет «Пер Гюнт» і мой, прадстаўлены ў новай рэдакцыі «Шчаўкунок», — акрэсліў працу калектыву мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст БССР Валянцін Елізар'еў. — Зараз ідзе работа над «Лебядзіным возерам», і мы паставілі сабе задачу сабраць у спектаклі ўсё самае лепшае за часы яго існавання. Да канца сезона ў нас плануецца пастаноўка новага прачытання «Дзікага палявання караля Стаха». У наступным сезоне адбудуцца прэм'еры: опера «Самсон і Даліла» ад Аксаны Волкавай, дзіцячы балет «Канёк-гарбунок» у пастаноўцы народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна, новы балет «Ідыёт» па Дастаеўскім... Так, мы перажылі складаны перыяд, але тэатр не спыняў сваёй дзейнасці. Адбылося папаўненне ў кадравым складзе і ў рэпертуары.

У афішы Вялікага тэатра з'явіліся імёны рэжысёра-пастаноўшчыка Ганны Маторнай, у гэтай жа якасці заявіла пра сябе і салістка оперы заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, прыйшлі ў калектыў таленавітыя дырыжор Дзмітрый Матвіенка, салістка оперы Надзея Кучар і іншыя.

Сярод падзей, якія чакаюць у Вялікім тэатры, і пастаноўка оперы «Дзікае паляванне караля Стаха». Зараз над ёй працуюць рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная, дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Іваноў, хормайстар народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч. Спектакль па матывах гістарычнага дэтэктыва Уладзіміра Караткевіча з'яўляецца нацыянальнай класікай. Прем'ера новай пастаноўкі оперы, створанай у 1989 годзе кампазітарам Уладзімірам Салтанавым, запланавана на 11 і 12 ліпеня.

— Для мяне вельмі пачэсна тое, што нам даручана працаваць над такім творам, бо «Дзікае паляванне караля Стаха» — вельмі знакавы матэрыял для тэатра. І мне здаецца, што спектакль цяпер можа мець другое жыццё, — дзеліцца рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная. — Гэта будзе толькі другая пастаноўка, і мы спадзяёмся на з'яўленне нацыянальнага спектакля, якім зможа ганарыцца Беларусь.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».