Вы тут

«Быць абласным тэатрам ганарова, але і вельмі адказна». Чым жыве Маладзечанскі тэатр


Тэатр у Беларусі... Традыцыі і сучаснасць, знаходкі і праблемы... З аднаго боку, у нас увесь час адбываюцца цікавыя падзеі, міжнародныя тэатральныя форумы: ад студэнцкага «Тэатральнага куфра» да «ТЕАРТ», які збірае найлепшыя пастаноўкі свету. Драматургічныя лабараторыі, што адкрываюць новых аўтараў, тэатральныя чыткі... Летась выйшла анталогія сучаснай беларускай драматургіі, якая прадстаўляе жанчын-драматургаў і сведчыць, што эксперыменты на сцэнах будуць працягвацца. Нешта адбываецца, але ўражанне, што многае, вартае ўвагі, застаецца на вельмі лакальным узроўні.


Але калі са сталіцай усё прыкладна зразумела (ёсць некалькі вядучых тэатраў з моцнымі ва ўсіх сэнсах спектаклямі, на якія не сорамна прывесці самых патрабавальных тэатразнаўцаў), то чым жывуць у так званай правінцыі? Як ідуць справы ў рэгіянальных тэатрах? Варта нагадаць, што беларускі тэатр нараджаўся менавіта ў рэгіёнах — у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме... Што першыя беларускія трупы прынцыпова «ішлі ў народ», паказваючы п'есы Дуніна-Марцінкевіча і Янкі Купалы ў вёсках і мястэчках... Што сёння аматары тэатра зноў і зноў адкрываюць для сябе яскравыя пастаноўкі, народжаныя не ў сталіцы, якія збіраюць міжнародны дождж узнагарод.

У межах новага праекта газета «Звязда» наведае розныя беларускія гарады і распавядзе аб тым, як працякае тэатральны працэс па-за Мінскам. І вы пераканаецеся, што гэта зусім НеПравінцыя.

Маладзечна — першы горад, які мы вырашылі наведаць. Мінскі абласны драматычны тэатр у якасці героя рэпартажу абраны невыпадкова: сёлета ён адзначае трыццацігадовы юбілей. За гэты час назапасілася багатая гісторыя: і Рэспубліканскі тэатральны фестываль майстроў мастацтваў «Маладзечанская сакавіца», які праводзіўся на базе тэатра, і ўдзел у міжнародных форумах, накшталт «HOMOLUDENS 2019» на Украіне, дзе спектакль «Каханне. Сабак@Кропка. RU» ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенкі атрымаў дыплом. Дарэчы, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Анісенка імкнецца, каб на сцэне прысутнічаў эксперымент і нацыянальная драматургія. Зараз у рэпертуары — і музычная казка-жарт «Парася, якое спявае, або Нельга нам без сябра» Казлова, і сур'ёзная камедыя «Нязваны госць» Бартохава, і псіхалагічная драма «Каралева прыгажосці» Макдонаха, і лірычная драма Анатоля Дзялендзіка «Карона з кахання» пра жыццё Янкі Купалы... Дарэчы, у час пандэміі тэатр паспяхова засвоіў новы фармат: стрым-спектаклі «Парася, якое спявае» і «Банкет» атрымалі шмат удзячных водгукаў.

Больш падрабязна аб жыцці тэатра расказвае яго дырэктар Алена Сакалоўская. Пачынае з гісторыі стварэння:

— Пры гарадскім Доме культуры дзейнічаў народны тэатр, яго мастацкім кіраўніком быў Мікалай Мацкевіч. Ён працаваў у тандэме з Аляксеем Дударавым, знакамітым беларускім драматургам. Рэпертуар у тагачаснага тэатра быў даволі моцны і разнастайны. Стала відавочна, што тэатр выходзіць за межы аматарскага. Было прынята рашэнне аб стварэнні тэатра прафесійнага. І вось 1 лютага 1991-га выйшла адпаведная пастанова. У нас ідзе 41 спектакль. Часам рэпертуар папаўняецца новымі пастаноўкамі. Зараз мы працуем над юбілейным спектаклем «Тэатральны багаж», які плануем паказаць ужо ў красавіку. Да канца года плануем прадставіць нашаму гледачу тры новыя пастаноўкі. Вядома, цяпер працаваць складана. Гэта абумоўлена тым, што людзі з асцярогай наведваюць публічныя мерапрыемствы. Але глядач паступова вяртаецца ў тэатр, гэта заўважна па продажы квіткоў: з кожным днём попыт расце. Тэатральная трупа ў нас невялікая — дваццаць чалавек, але гэта вельмі цікавыя, таленавітыя людзі.

Разам з Аленай мы спускаемся па лесвіцы і трапляем у бутафорскі цэх. Але цэхам гэта назваць складана — памяшканне больш нагадвае майстэрню мастака: паўсюль папера, фарбы, бліскаўкі. Здаецца, і дня не хопіць, каб разглядзець усе дэталі. Нас ужо чакае ветлівая жанчына — Таццяна Каляда, яна працуе мастаком-дэкаратарам і адказвае за афармленне сцэнічнай прасторы:

— Усё, што вы бачыце на сцэне, за выключэннем сталярных і металічных вырабаў, а таксама пашыву, робіцца ў бутафорскім цэху. Усе роспісы, абклейкі, імітацыі фактур, галаўныя ўборы, рэквізіт. Калі прыязджае мастак-пастаноўшчык, ты павінен зноў вучыцца працаваць з некаторымі матэрыяламі, каб увасобіць яго задумкі і прапановы. Мая праца складаецца з таго, што я ўвесь час вучуся. Таму я яе і люблю: ніколі не сумна.

Мы пакідаем бутафорскі цэх і разам з дырэктарам ідзём наверх, да сцэны. У гэты момант глядзельная зала пустая, нават не запалена святло — дзіўна знаходзіцца ў гэтым памяшканні, калі ў ім няма ні акцёраў, ні гледачоў. Але вельмі хутка тут зноў будуць гучаць галасы і плясканне далоняў. Да нас падыходзіць Алена Рахмангулава, рэжысёр-пастаноўшчык юбілейнага спектакля:

— «Тэатральны багаж» — гэта свайго роду капуснік, прысвечаны нашаму трыццацігоддзю, якое было ў лютым. Такая назва абрана таму, што гледачу ў гумарыстычнай форме пакажуць тэатральнае закуліссе. Наш спектакль прадугледжвае лёгкасць, вытанчанасць, відовішчнасць. Усё пачынаецца з маленькага чамаданчыка — нараджэння тэатра ў 1991 годзе. Багаж расце, убірае ў сябе вопыт і веды. У фінале вы пабачыце вялікі чамадан, які сімвалізуе ўсё тое, што мы назапасілі за гады існавання. Работа над сцэнарыем вядзецца даўно, а падрыхтоўка да спектакля ідзе ўжо два месяцы. Разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Сяргеем Карзеем мы запрашаем усіх на прэм'еру.

Хоць у дзень нашага візіту ў Мінскім абласным драматычным тэатры ціха, няма ні акцёраў (яны паехалі выступаць у іншы горад), ні работнікаў сцэны, на першы погляд можа падацца, што тэатр заснуў на некаторы час, але гэта ілюзія. За дзвярыма кабінетаў ідзе напружаная праца: шыюцца касцюмы, рэдагуюцца сцэнарыі, абмяркоўваюцца наступныя гастролі.

На развітанне Алена Сакалоўская кажа:

— Тэатр вучыць разбірацца ў чалавечых узаемаадносінах. Тэатр вучыць разумець сябе і выказваць эмоцыі, ён пашырае кругагляд. Тэатр вучыць бачыць людзей людзьмі. А гэта вельмі важна, асабліва для падрастаючага пакалення. Таму быць абласным тэатрам — гэта ганарова і вельмі адказна. Нашая галоўная мэта — каб гледачу было цікава ісці да нас, у створаную атмасферу камфорту і творчасці.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».