Вы тут

Рэжысёр Марыя Матох: Мы разам ствараем жывое мастацтва


Прафесія рэжысёра — гэта дакладна не наяўнасць дыплома, а асаблівае бачанне свету і жаданне дзяліцца ім. І вельмі важная акалічнасць — на якой глебе і ў якім атачэнні будзе тварыць і развівацца чалавек, які адчувае ў сабе такі талент. Для рэжысёра і актрысы Марыі Матох, якая працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, усё склалася. Сёння яна працягвае набіраецца вопыту ў прафесіі, ставіць спектаклі ў сталіцы і ў іншых гарадах Беларусі. Але галоўнае — застаецца той асобай, якая ведае цану слову, сваёй і чужой працы ды адкрыта глядзіць на жыццё. Напярэдадні прэм'еры спектакля «Крэйцарава саната» мы сустрэліся з ёй, каб пагаварыць пра тэатральныя будні, меркаванні публікі і яе ўласнае бачанне рэжысуры.


Фота з архіва НАДТ імя М. Горкага.

— Марыя, ваш сур'ёзны рэжысёрскі дэбют на вялікай сцэне — пастаноўка спектакля «Обломоff» у НАДТ імя М. Горкага ў 2018 годзе. Як з цягам часу ацэньваеце тую «спробу пяра»?

— Гэта быў цікавы і ў пэўнай ступені хвалюючы перыяд. Мабыць, мне пашчасціла апынуцца ў правільным месцы і ў патрэбны час. Разам з тым тая праца аказалася і няпростай. Бо складана было не згубіць сябе побач з народным артыстам Беларусі Барысам Луцэнкам, які ў тым ліку быў і маім выкладчыкам. Ён жа паставіў больш за сто спектакляў. А яшчэ нацыянальны тэатр, вялікая сцэна... Супрацоўніцтва са сцэнографам Веніямінам Маршаком, з акцёрамі... Адна справа — калі проста сустракаешся з імі ў калідоры і вітаешся, размаўляеш пра нешта, і зусім іншая — ты прыйшла як рэжысёр, і людзі ўжо чагосьці ад цябе чакаюць. У выбары матэрыялу для пастаноўкі было шмат варыянтаў, але мы з Барысам Іванавічам супалі менавіта ў гэтым творы. Потым былі і іншыя супадзенні (што і акцёры для гэтага спектакля ў нашым тэатры ёсць, нават атрымалася два саставы сабраць), і з мастаком сышліся ў поглядах... І ўсё адбылося! Сёння я разумею, што гэтая пастаноўка недасканалая, але дагэтуль ведаю ўсё ў ёй на памяць, і для мяне яна заўсёды будзе важнай, сумленнай працай, якая выклікае цёплыя пачуцці.

— Што сёння адчуваеце, калі бачыце сваё імя ў якасці рэжысёра?

— Меркаванне пра тое, што да гэтага трэба дарасці, лічу правільным. Я скончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысура», але назваць сябе рэжысёрам, роўным, напрыклад, таму ж Барысу Луцэнку ці Сяргею Кавальчыку, не магу. Таму, сустракаючы сваё імя на афішы, я імкнуся адысці ад яе, бо гэта не супадае з маім уяўленнем, што рэжысёр — прафесія сціплая. На маю думку, безумоўна, вялікую ролю адыгрывае асоба, але тваё ўласнае «я» тут не галоўнае. Рэжысёр з'яўляецца арганізатарам, чалавекам, за якім хочацца ісці, але спектакль ствараецца сіламі многіх людзей. Як зразумець, дзе мяжа паміж працай рэжысёра і акцёра, рэжысёра і кампазітара? Аднолькава важнае значэнне маюць усе, нават тыя, хто стварае для пастаноўкі нейкія дробныя дэталі, адшывае касцюмы і г. д. Мы тут усе разам ствараем жывое мастацтва.

— А як, на ваш погляд, выходзіць з сітуацый, калі не супадаюць, напрыклад, рэжысёрскае і акцёрскае бачанне матэрыялу, ролі?

— У мяне пакуль яшчэ не было сітуацый, каб акцёры прапаноўвалі нешта такое, што кардынальна адрознівалася б ад майго бачання. Але я заўсёды імкнуся з усімі і пра ўсё дамовіцца на беразе. Галоўнае, каб людзі слухалі і чулі адно аднаго. А далей ужо адбываецца хімія, калі мы існуем у адной плыні і робім агульную справу. Вядома, добры артыст заўсёды нешта прапаноўвае ў працэсе працы над спектаклем, і добра, калі так адбываецца. Для мяне гэта сведчанне, што чалавек неабыякавы, і калі я бачу, што яго меркаванне лепшае за прыдуманае мной, то пагаджуся нешта змяніць. Мне шанцуе, што я працую з прафесіяналамі, і ў нас усё адбываецца па ўзаемнай згодзе. Калі ж іначай, то трэба разыходзіцца.

— Днямі адбудзецца прэм'ера спектакля «Крэйцарава саната» ў вашай пастаноўцы... Як расставілі акцэнты?

— У нас жанр «гісторыя адной памылкі», і мне цікава даследаваць, як узнікае гэтая памылка. Што адбываецца, калі здарылася непапраўнае? Як жыве чалавек пасля гэтага. Як гэта, калі людзі мучаюцца, пражываючы жыццё разам? Бо аднаму, магчыма, проста не хапае сіл і смеласці сысці, а другі згаджаецца цярпець ці наадварот... Гэта гісторыя пра нешчаслівых людзей, якія памыляюцца, але шукаюць любові. І вось у нейкі момант упіраешся ў пункт незвароту, і ўсё. Такая сітуацыя можа здарыцца ў любой сферы нашага жыцця, незалежна ад месца і абставін...

— Крэйцэрава саната» ў вас заяўлена з прысвячэннем Барысу Луцэнку...

— У спектаклі гучыць голас Барыса Іванавіча. І я ведаю, што ён таксама хацеў некалі паставіць «Крэйцараву санату». Не ведаю, чаму не склалася. Гэта мой настаўнік, чалавек, з якім мы шмат часу праводзілі ў тэатры на Малой сцэне, яшчэ пачынаючы са студэнцтва. Нічога сакральнага ў гэтым прысвячэнні не хаваецца. Проста гэта вельмі важны для мяне чалавек.

— Хто яшчэ спрыяў вашаму станаўленню ў прафесіі?

— У нас было тры выкладчыкі: мастацкі кіраўнік курса Сяргей Кавальчык, а майстэрства рэжысуры выкладалі Барыс Луцэнка і Вольга Клебановіч. І гэтыя людзі далі нам, студэнтам, абсалютна рознае разуменне тэатра і тры спосабы работы і існавання ў ім. Кожны з іх пасеяў ува мне зярняткі любові да прафесіі.

— Формулы вызначэння поспеху ў акцёрстве і ў рэжысуры ў кожнага свае. Што тут для вас галоўнае?

— Выпадак. Талент і працаздольнасць без выпадку абсалютна нічога не вартыя. Бо ты можаш быць таленавітым і працаздольным, але калі не выпадзе шанц прадэманстраваць гэта, то нічога не адбудзецца. І наадварот: шчаслівы выпадак без таленту і працаздольнасці не дасць ніякага выніку. Але да выпадку трэба быць гатовым. І гэтая гатоўнасць ужо вызначаецца тым, як ты жывеш. Нельга ж аднойчы прачнуцца і зразумець, што ты рэжысёр. Ты павінен прайсці шлях свайго фарміравання, дзе важныя і твая адказнасць у працы, і тое, што ты глядзіш, чытаеш, наколькі ўсебакова развіваешся. Калі ты не прачытаў ніводнай п'есы і ніколі не быў у тэатры, то што зможаш паказаць? А калі ты на прапанову выдаеш дзесяць варыянтаў, то ўжо можна і далей працягваць з табой дыялог.

— Скажыце, а акцёрства вам асабіста дапамагае паглыбляцца ў прафесію рэжысёра?

— Так, хоць у мяне і няшмат працы ў тэатры ў якасці актрысы. Але гэта дазваляе мне збоку паглядзець, як той жа Сяргей Міхайлавіч працуе з артыстамі, як ён фарміруе расклад, што гаворыць людзям. Мне цікава сядзець на рэпетыцыях у іншых рэжысёраў і ўнікаць у працэс. Калі ты ўнутры стварэння спектакля, то можаш аналізаваць, шукаць адказы.

— Ці мае вялікае значэнне тое, наколькі падрыхтаваным прыходзіць глядач на спектакль?

— Для мяне падрыхтаваны глядач — не той, хто прачытаў п'есу ці паглядзеў іншыя пастаноўкі, экранізацыі. Для мяне гэта чалавек, які прыходзіць у тэатр адкрытым да ўспрымання таго, што яму хочуць сказаць і паказаць. Калі глядач з цікавасцю, нібы дзіця, назірае за дзеяннем. Пасля спектакля хтосьці захоча яшчэ дадаткова прачытаць твор альбо паглядзець пастаноўку ў іншага рэжысёра. І такі вынік — гэта таксама дыялог з публікай, і ён цудоўны. Няма нічога горшага за абыякавасць гледача.

— Што вас падсілкоўвае ў творчасці і ці часта ўдаецца пабыць у ролі звычайнага гледача ў кіно, тэатры?

— Усё, што нам патрэбна для натхнення, ёсць у нашых узаемаадносінах з людзьмі. Бо пры гэтым адбываецца абмен энергіямі, вопытам, як і пры чытанні кніг, падчас прагляду фільмаў, спектакляў. Я люблю, калі нешта адбываецца, таму пры наяўнасці часу іду і набываю квіток на цікавы спектакль ці фільм. Мне важна падтрымаць працу іншых людзей і пражыць эмоцыі. Я не крытыкую, а проста адсочваю, што і як адгукаецца ўва мне.

— А ў моманты ўласных сумненняў ці крытыкі ў свой адрас дзе вы шукаеце адказы?

— Мне здаецца, што лепш за мяне маіх недахопаў ніхто не ведае. На ісціну і геніяльнасць у нечым я таксама не прэтэндую. Адзінае, я заўважыла, калі чалавеку падабаецца, то ён наўрад ці напіша пра гэта, а калі не спадабалася, то водгук з'явіцца абавязкова. Таму я абсалютна нармальна стаўлюся да крытыкі, але слухаю яе, калі яна аргументаваная. Ці буду пасля пачутага нешта змяняць — гэта ўжо зусім іншая гісторыя, бо ўсім не дагодзіш.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.