Вы тут

«Мы павінны ганарыцца, што нашы продкі адстаялі сваё права жыць і ствараць на гэтай зямлі»


У пачатку тыдня ў Палаце прадстаўнікоў адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычная памяць і патрыятызм — найважнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадства і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз». У сераду выйшаў кароткі агляд падзеі, а сёння карэспандэнт «Звязды» падрабязней расказвае пра выступленні спікераў. Сярод іх — кіраўнікі міністэрстваў, дэпутаты, навукоўцы і аналітыкі. Арганізавалі канферэнцыю Палата прадстаўнікоў, Нацыянальная акадэмія навук, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце.


Захаванне памяці ў пакаленнях

Уладзімір ГУСАКОЎ, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адзначыў, што менавіта патрыятызм выступае адной з найважнейшых якасцяў чалавека. Выяўляецца ён у судачыненні асобы да лёсу сваёй радзімы, народа, дзяржавы. Стратэгічныя даследаванні Акадэміі навук паказваюць, што найважнейшым маркерам патрыятызму ў Беларусі выступаюць павага да дзяржаўных сімвалаў краіны, гатоўнасць жыць і працаваць толькі ў Беларусі, абараняць краіну, рызыкуючы сабой, любоў да культуры і мовы. Прычым, як запэўніў навуковец, 71 % рэспандэнтаў лічаць сабе патрыётамі, а 88 % упэўнены, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — адна з самых значных падзей у гісторыі народа.

Уладзімір Гусакоў падкрэслівае, што з'яўляецца шмат работ, накіраваных на ачарненне гераічнага перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Чым меней становіцца ўдзельнікаў вайны, тым больш агрэсіўная гэта тэндэнцыя.

«Што асабліва насцярожвае нас, беларусаў, — сёння прымаюцца крокі, каб прызнаць уступленне савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Украіны ў верасні 1939 года актам агрэсіі. Гэта небяспечная тэндэнцыя, — сказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. — Калі мы прызнаем, што ў верасні 1939 года адбылося не аднаўленне гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў, а ўступленне ў Другую сусветную вайну на баку Германіі, то гэта можа стаць пачаткам перагляду, Ялцінскіх і Нюрнбергскіх дамоў».

Вячаслаў Даніловіч, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, сфакусіраваў увагу публікі: захаванне гістарычнай памяці ляжыць у аснове фарміравання асобы, яе грамадзянскіх і патрыятычных якасцяў.

«Гістарычная памяць садзейнічае фарміраванню культуры, традыцый і духоўнага свету, якія вызначаюць самаідэнтыфікацыю народа. Разбурэнне гэтых скрэпаў, скажэнне ідэнтыфікацыйнай гістарычнай асновы прыводзяць да дэградацыі і распаду нацыі», — заявіў рэктар.

Па яго словах, патрыятычнае выхаванне — сістэмаўтваральны кірунак для сферы адукацыі, маладзёжнай палітыкі і нацыяльнай бяспекі. Адпавядаць гэтым задачам павінна, на думку Вячаслава Даніловіча, і заканадаўчая база.

«У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі павінны з'явіцца палажэнні пра тое, што дзяржава забяспечыць неабходныя ўмовы, якія садзейнічаюць фарміраванню патрыятызму і грамадзянскасці беларускай моладзі. Надзвычай актуальнай з'яўляецца рэалізацыя і распрацоўка комплекснай праграмы патрыятычнага выхавання. Яна павінна ахопліваць усе слаі грамадства, аддаючы прыярытэт дзецям і моладзі. Мэта такой праграмы — не фармальнае, а прынятае сэрцам і душою пачуццё грамадзянскай адказнасці кожнага за лёс краіны», — сцвярджае Вячаслаў Даніловіч.

Гісторыя, як ён працягнуў, — наймагутнейшы сродак мабілізацыі пачуцця культурнай ідэнтычнасці народа, здольны ў роўнай ступені выступаць для яднання і расколу грамадства.

«Гісторыя Беларусі шматгранная і неадназначная, але ў кожным гістарычным перыядзе ў нас ёсць дасягненні і выдатныя асобы, якімі мы маем падставу ганарыцца. І перадусім мы павінны ганарыцца, што нашы продкі, жывучы на геапалітычным скрыжаванні, праз якое пракаціліся тысячы войнаў, адстаялі сваё права жыць і ствараць на гэтай зямлі», — рэзюмаваў рэктар Акадэміі кіравання.

Вячаслаў НІКАНАЎ, старшыня Камітэта Дзяржаўнай Думы Федэратыўнага сходу Расійскай Федэрацыі па адукацыі і навуцы, выступіў з трыбуны Авальнай залы Дома ўрада ў якасці запрошанага госця. Па яго словах, Вялікая Айчынная вайна — аснова нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, гонару, таму па памяці пра яе наносяцца сакрушальныя ўдары.

Ён пералічыў прычыны, чаму так адбываецца. «Першае, у іх ніколі не было такой перамогі. Ні ў кога не было такой перамогі. Ніколі ў гісторыі чалавецтва, — мяркуе дэпутат. — Тут шмат казалі, што нам прад'яўляюць прэтэнзіі, абвінавачванні ў пачатку вайны. А хто гэтыя людзі, што маюць абвінавачванні? Што гэта за краіны? Што гэта за Еўрапарламент, каго ён прадстаўляе, асабліва зараз пасля выхаду Брытаніі? Краіны Еўрапейскага саюза — гэта ці былая гітлераўская Германія, ці яе саюзнікі, што напалі на Савецкі Саюз, ці краіны, акупаваныя Германіяй, якія працавалі на яе ў Другую сусветную вайну. Мы пакаленне нашчадкаў — пераможцаў у Вялікай Айчыннай, а тыя, хто нас абвінавачвае, — продкі тых, хто праіграў. Яны нам гэтага не могуць дараваць».

Вячаслаў Ніканаў казаў пра агульны генетычны код беларускага і рускага народаў. У ім, на думку парламентарыя, ёсць свяшчэннае для нас паняцце — сумленне, свабода і дэмакратыя, якую разумеюць як магчымасць будаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з воляй народа.

«Суверэнітэт — гэта таксама тая каштоўнасць, якую мы адстойвалі на працягу стагоддзяў разам. І адстаялі разам», — дадаў расійскі госць.

Патрыятычнае выхаванне моладзі

Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі, расказаў, што работа па патрыятычным выхаванні ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі. Значны патрыятычны патэнцыял закладзены ў вучэбнай дзейнасці. Захаванне гістарычнай памяці чырвонай стужкай, па словах міністра, праходзіць праз змест вучэбнага працэсу, у першую чаргу ў сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах. Ён звярнуў увагу, што ў свеце назіраецца тэндэнцыя перапісвання гісторыі з мэтай абняславіць гісторыю Беларусі, асабліва ў савецкі перыяд і ў Вялікую Айчынную вайну.

«Летась першым крокам у пытанні супрацьстаяння фальсіфікацыі гісторыі стаў дапаможнік для педагогаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які быў распрацаваны сумесна з вучонымі Расійскай Федэрацыі. Такая работа будзе працягнута і па іншых гістарычных перыядах», — сказаў міністр.

Як паведаміў Ігар Карпенка, у наступным годзе школы поўнасцю пераходзяць на новыя вучэбныя праграмы і дапаможнікі. У новай праграме па гісторыі Беларусі для 11 класаў прадугледжана вывучэнне тэмы калабарацыянізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Ён пералічыў напрамкі дзейнасці з падрастаючым пакаленнем, якія маюць патрыятычную тэматыку. Гэта навукова-краязнаўчая работа, міжнародныя канферэнцыі, экскурсіі, акцыі да Дня Перамогі, пошукова-даследчая работа ў школах, вахты памяці, стварэнне інтэрактыўных карт помнікаў, паходы, стварэнне музеяў устаноў адукацыі, ваенна-патрыятычныя лагеры, кадэцкія змены ў лагеры «Зубраня».

Міністр падкрэслівае, што сістэму патрыятычнага выхавання моладзі неабходна ўдасканальваць, мабілізуючы намаганні ўсіх сацыяльных інстытутаў, грамадскіх арганізацый.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ адзначыў, што захаванне гістарычнай памяці — задача і СМІ. Функцыі СМІ сёння шматаспектныя і нясуць розныя ролі як арганізатара, аб'яднальніка грамадства, так і дэзынтэгратара, разбуральніка грамадства і асобы. Цяпер, як дадаў прадстаўнік Мінінфарма, працэс абмену інфармацыяй у грамадстве характарызуецца крайне высокай аператыўнасцю і інтэнсіўнасцю. Новыя медыя разглядаюцца як ключавыя крыніцы інфармацыі, якія аказваюць сур'ёзную канкурэнцыю традыцыйным сродкам масавай інфармацыі. Адзначаецца і пераважная роля сацыяльных сетак, інфармацыйна-навінавых сайтаў як інфармацыйных крыніц.

«Па звестках даследавання, праведзенага Інстытутам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, якое ён ажыццявіў па заказе Міністэрства інфармацыі, грамадзяне Беларусі часцей за ўсё звяртаюцца да такіх крыніц інфармацыі, як сацыяльныя сеткі і тэлебачанне», — паведаміў Ігар Бузоўскі.

Па яго словах, кожны другі рэспандэнт чытае інфармацыйныя і навінавыя сайты. Кожны трэці выкарыстоўвае мэсэнджары ці даведваецца пра падзеі ад родных, сяброў, калег. Да друку звяртаюцца толькі 22 % апытаных, а радыё слухаюць толькі 15 %.

Ігар Бузоўскі заўважыў, што медыйнае поле Беларусі дастаткова разнастайнае, дзяржаўныя СМІ займаюць толькі яго траціну.

Ён расказаў пра этапы стратэгіі інфармацыйнага ўздзеяння: павелічэнне матэрыялаў, інфармацыйнай актыўнасці для прыцягнення ўвагі да праблемнай сітуацыі, кансалідацыя аўдыторыі, перацягванне яе на свой бок, выніковая рэакцыя аўдыторыі.

«Абгрунтавана казаць пра пераарыентацыю функцый СМІ з інфармацыйнай, рэтрансляцыйнай, азнаямляльнай на функцыю ўплыву, мэтанакіраванага ўздзеяння. У кіраванні сацыяльнымі працэсамі СМІ, такім чынам, становяцца не сродкам масавай інфармацыі, а сродкам масавага ўздзеяння, адным з фактараў нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Дадзенае вызначэнне трэба мець на ўвазе ў грамадстве, якое імкнецца захаваць сваю самабытнасць, гістарычную пераймальнасць», — паведаміў намеснік міністра.

Рэзюмуючы сваё выступленне, Ігар Бузоўскі падкрэсліў, што ў дзяржаве робіцца шмат для захавання гістарычнай памяці, а задача СМІ — даносіць да маладога пакалення ўсю гэту маштабную дзейнасць.

Анатоль МАРКЕВІЧ, міністр культуры, прысвяціў сваё выступленне дзяржаўным прыярытэтам захавання гістарычнай памяці ў сферы мастацтва і культуры.

«Захаванне, папулярызацыя нацыянальнай культурнай спадчыны, стварэнне твораў мастацтва, што ўмацоўваюць у людзях гонар за Беларусь, захаванне гістарычнай праўды сродкамі музейнай і бібліятэчнай дзейнасці, выхаванне таленавітай моладзі ў духу патрыятызму сталі прыярытэтамі культурнай палітыкі Беларусі», — канстатаваў міністр.

Мэтам захавання гістарычнай памяці, патрыятычнага выхавання служыць работа многіх сфер мастацтва і культуры. Сярод іх — аднаўленне мемарыялаў, канцэртныя праграмы да дзяржаўных свят, выстаўкі. Як дадаў Анатоль Маркевіч, гэтыя задачы паспяхова вырашаюць і беларускія музеі, якія штогод наведвае больш чым тры мільёны чалавек.

«Захаванне творчых традыцый беларусаў, стварэнне твораў пра нацыянальную гісторыю — прыярытэтныя кірункі ў развіцці мастацтва. Тэатры і канцэртныя арганізацыі, якія штогод збіраюць глядацкую аўдыторыю больш за 5 мільёнаў чалавек, становяцца месцам выхавання грамадзянскасці. Калектывы, якія нясуць беларускую культуру, выступаюць як у нашай краіне, так і за яе межамі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пастаноўкам, прысвечаным гісторыі і выдатным асобам Беларусі», — падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, для стымулявання стварэння спектакляў па гэтай тэматыцы Мінкульт плануе з 2022 года ўвесці комплекснае размеркаванне сродкаў на новыя пастаноўкі.

Ваенна-патрыятычная тэматыка, працягнуў Анатоль Маркевіч, займае вядучае месца ў працы нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Айчынныя спецыялісты штогод ствараюць фільмы і серыялы аб Вялікай Айчыннай вайне, беларускай арміі і міліцыі.

Лілія АНАНІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, расказала, што канферэнцыя мае практычнае значэнне і ў выпрацоўцы яе рэкамендацый прымалі ўдзел парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў, эксперты. Яны прапанавалі стварыць электронную энцыклапедыю Беларусі, якая будзе сістэмна збіраць і аналізаваць кантэнт сучаснай гісторыі. На думку спецыялістаў, неабходна актуалізаваць вучэбныя праграмы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, удзяляць увагу патрыятычнаму турызму сярод моладзі, нарошчваць патрыятычны кантэнт у інтэрнэце.

«У Год народнага адзінства нашым адказам выклікам часу павінны стаць сістэмнае ўдасканаленне заканадаўства, мэтанакіраванае тлумачэнне законаў і рашэнняў, што прымаюцца, практычная праца па захаванні і абароне гістарычнай памяці, выхаванне падрастаючага пакалення», — рэзюмавала арганізатар канферэнцыі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.