Вы тут

У Мінску падчас вясенніх канікул будуць адкрытыя больш як 250 школьных лагераў


У Мінску падчас вясенніх канікул будуць адкрытыя больш як 250 школьных лагераў з дзённым знаходжаннем. 8,5 тысячы сем'яў ужо заявіла пра сваё жаданне ўладкаваць дзіця ў такі лагер. Акрамя таго, будуць дзейнічаць і тры загарадныя стацыянарныя лагеры — «Спадарожнік», «Палітэхнік» і «Гарызонт», дзе для навучэнцаў арганізуюць профільныя змены.


pixabay.com

Начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна РЫСЯВЕЦ расказала, у колькі абыдзецца бацькам пуцёўка. Яе кошт залежыць ад узросту дзіцяці. Пры гэтым частку выдаткаў кампенсуе дзяржава: на патанненне кошту пуцёўкі (за шэсць дзён адпачынку) з бюджэту выдзяляецца 25 рублёў 20 капеек. Сума ж бацькоўскай даплаты для вучня ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў складзе 5 рублёў 28 капеек, 11—13 гадоў — 8 рублёў 88 капеек, 14—17 гадоў — 11 рублёў 52 капейкі. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на кампенсацыю выдаткаў на харчаванне.

Для рабят, занятых у лагерах, распрацаваны розныя культурна-забаўляльныя праграмы. Тэматычныя мерапрыемствы з улікам узросту школьнікаў прапануюць таксама ўстановы дадатковай і прафесійнай адукацыі. Спецыяльна для старшакласнікаў распрацаваны комплекс мерапрыемстваў у рамках праекта «Прафнавігатар». У дні канікул на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пройдуць разнастайныя майстар-класы, будзе арганізавана прафесійнае тэсціраванне. Школьнікі за тыдзень змогуць наведаць тры-чатыры навучальныя ўстановы. Таксама будуць арганізаваныя экскурсіі на сталічныя прадпрыемствы. Дзеці даведаюцца, хто і як пячэ для мінчан хлеб і ў якіх неймаверных аб'ёмах вырабляецца хлебная прадукцыя для патрэб усёй краіны. Змогуць прагуляцца па машыназборачных цэхах завода, зазірнуць у майстэрні грымёраў і дызайнераў Вялікага тэатра Беларусі і гэтак далей.

У кінатэатры «Піянер» арганізуюць мэтавы паказ у рамках дакументальнага праекта «Сто імёнаў Беларусі». Гэта серыя відэаапавяданняў пра герояў нашай гісторыі. Усе паказы для дзяцей будуць падбіраць з улікам іх узросту.

Розныя творчыя мерапрыемствы, у тым ліку ў анлайн-фармаце, арганізуе для школьнікаў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Вядучыя педагогі цэнтра падрыхтавалі ўжо больш за 30 майстар-класаў, прагледзеўшы якія, можна дыстанцыйна пазнаёміцца з асновамі мастацкай творчасці. Працягваецца агульнарэспубліканскі праект «Паштоўка.by», у рамках якога школьнікі ствараюць паштоўкі да пэўных свят. Наступная дата ў календары — 9 Мая.

А ў апошні дзень сакавіка на базе Партызанскага раёна пройдзе вялікая квэст-гульня, да ўдзелу ў якой будуць прыцягнутыя навучэнцы, што знаходзяцца пад асаблівым наглядам інспектараў па справах непаўналетніх.

— Такое мерапрыемства праводзіцца ўпершыню, — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый МЯЛЕШКА. — Калі яно зацікавіць рабят, вопыт будзе распаўсюджаны і на іншыя раёны горада.

Яшчэ адным новым праектам, які рэалізуецца праваахоўнікамі сумесна з праваслаўнай царквой, стане арганізацыя 2 красавіка экскурсіі па праваслаўных храмах для дзяцей, з якімі вядзецца прафілактычная работа.

Мабыць, самыя напружаныя і адказныя канікулы будуць у юнай інтэлектуальнай эліты, бо з 29 сакавіка да 2 красавіка па ўсёй краіне пройдуць фінальныя выпрабаванні рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Канікулы на розны густ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».