Вы тут

Наталля Качанава: кадравая палітыка — гэта навука


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава больш за дзве гадзіны вяла дыялог з удзельнікамі нацыянальнага конкурсу «Каманда будучыні». Ён уяўляе сабой кадравы конкурс і праходзіць у рамках першага Беларускага маладзёжнага парламенцкага форуму.


Наталля Качанава ўручае ўзнагароду Андрэю Будэйку, які заняў трэцяе месца  ў конкурсе «Каманда Будучыні», спецыялізацыя «Палітыка».

Учора ўдзельнікаў конкурсу прымала спікер верхняй палаты парламента. Яна адразу запрасіла маладых людзей да шчырай размовы, задаваць любыя пытанні на любыя тэмы. І госці, як той казаў, слова не пазычалі. А паколькі гэта былі гульцы «Каманды будучыні», то і пытанні яны часам ставілі рубам. І нядзіўна. Удзельнікамі конкурсу сталі маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 года, якія ўжо атрымалі пэўны досвед грамадскай дзейнасці.

Трэба адзначыць, што Наталля Качанава не спрабавала згладзіць вострыя вуглы. У зале прысутнічалі прадстаўнікі будучай палітычнай эліты (назавём іх авансам так), якім сёння пакуль не хапае і жыццёвага вопыту, і кіраўніцкіх кампетэнцый. А конкурс якраз і прадугледжвае фарміраванне ў яго ўдзельнікаў кампетэнцый ў сферы кіравання, у тым ліку і праз такія сустрэчы як у Савеце Рэспублікі, праз стварэнне ў яго зале своеасаблівай камунікатыўнай пляцоўкі для абмену думкамі з кіраўніком палаты.

Пра што толькі не пыталіся маладыя людзі і якія толькі прапановы не выказвалі. Напрыклад, пра дзеючую практыку прызначэння на высокія пасады ў краіне. Ці ўсё тут правільна і справядліва? Можа, варта на пэўныя адказныя пасады выбіраць кіраўнікоў, тады яны будуць больш адчуваць адказнасць перад народам? І тут Наталлі Качанавай прыйшлося прачытаць міні-лекцыю з канкрэтнымі прыкладамі на тэму «Кадравая палітыка ў Беларусі». Расказаць і пра кадравы рэзерв, і кадравы рэестр Прэзідэнта, пра тое, як ідзе падбор, расстаноўка і ратацыя кадраў, вывучэнне іх дзелавых і маральных якасцяў перад вылучэннем на высокую пасаду. Робіцца вельмі многае, каб потым не было кадравых памылак.

Па словах Наталлі Качанавай, кадравая палітыка ў нашай краіне правільная. Больш за тое, гэта навука, якой няпроста авалодаць. Таму трэба праводзіць на дадзеную тэму больш семінараў, канферэнцый, запрашаць на іх вядомых вучоных і практыкаў, каб яны дзяліліся сваім досведам перад маладымі спецыялістамі, у перспектыве — кіраўнікамі ў сваёй галіне.

Цікавіла маладых людзей і пытанне аб паляпшэнні ўзаемадзеяння ўладаў і простых людзей. У гэтым сэнсе яны бачаць карыснымі прамыя тэлефонныя лініі кіраўнікоў розных узроўняў. Але гэтага ўжо недастаткова, на іх погляд. Таму з залы прагучала прапанова аднавіць практыку правядзення тэлефонных ліній па Беларускім радыё, калі з сямі раніцы высокапастаўленыя асобы адказвалі на пытанні людзей, прымалі іх звароты.

Першы этап вышэйзгаданага конкурсу накіраваны на вылучэнне маладзёжных лідараў у палітыкі. Пераможцы конкурсу змогуць стаць на нейкі час дублёрамі першых асоб дзяржавы, правесці з імі адзін дзень, паспрабаваць сябе ў такой сферы, папрацаваць. І вось прама ў зале знайшліся тыя, хто пажадаў стаць дублёрам старшыні Савета Рэспублікі. Наталля Качанава дала згоду. Пыталіся і пра тое, як трапіць на работу ў каманду Савета Рэспублікі, якімі якасцямі для гэтага трэба валодаць.

Было пытанне на тэму маючых адбыцца выбараў у мясцовыя Саветы, аб тым, як маладым людзям спаборнічаць за дэпутацкі мандат з вядомымі ў рэгіёнах кіраўнікамі сельскіх гаспадарак, прамысловых прадпрыемстваў. І ўвогуле, які павінен быць сучасны палітык?

Пасля завяршэння сустрэчы Наталля Качанава ў размове з журналістамі адзначыла, што яна задаволена зместам дыялогу, які быў карысны для абодвух бакоў. Спадабаліся прапановы суразмоўцаў. Напрыклад, пра тое, залічаць у кадравы рэзерв маладых людзей, якія праявілі сябе ў кіраванні грамадскімі арганізацыямі на месцах.

Маладыя палітыкі агледзелі разгорнутую музейную экспазіцыю ў будынку Савета Рэспублікі, прысвечаную гісторыі беларускага парламентарызму, даведаліся аб механізмах работы сенатараў па стварэнні законаў. А на памяць — сфатаграфаваліся разам з Наталляй Качанавай.

Леанід ТУГАРЫН

Фота БелТА


Палац Незалежнасці адчыніў дзверы для членаў Маладзёжнага парламента

Актыўныя, перспектыўныя, амбіцыйныя — члены Маладзёжнага парламента наведалі Палац Незалежнасці. Для самога палаца такі фармат прыёму гасцей не новы — экскурсійныя групы наведваюць яго с самага адкрыцця ў 2013 годзей. А для гасцей гэта заўжды адметная і цікавая падзея. Тым больш што экскурсія незвычайная — яна стала своеасаблівым падарункам для ўдзельнікаў першага Беларускага маладзёжнага парламенцкага форуму і нацыянальнага конкурсу «Каманда будучыні».

Найлепшым быў прызнаны праект Ганны Казловай «Беларусь без межаў», які накіраваны на разбурэнне моўнага бар'еру паміж беларусамі і замежнымі турыстамі: «Мы жадаем стварыць базу лінгвістаў, да якіх можа звярнуцца любы турыст па экскурсію. Гэта дазволіць паказаць нашу краіну замежным гасцям і нагадаць беларусам, якая яна прыгожая». У Палацы Незалежнасці Ганна ўжо не ўпершыню. «Я была на самым першым прэзідэнцкім бале. Гэта маё другое наведванне палаца і таму ўсё знаёмае. Настолькі чыстае і светлае памяшканне, тут вельмі спакойна і ўтульна. Больш за ўсё падабаецца зала, якая нас сустракае, яна вельмі прасторная. Тым больш з гэтай залай звязана віншаванне Аляксандра Рыгоравіча з Новым годам. І я добра памятаю, калі тут стаяла вялізная навагодняя ёлка. Першае ўражанне — самае моцнае і светлае», — падзялілася Ганна.

Гасцей у Палацы Незалежанасці сустракала прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. Яна падкрэсліла, што сённяшнія госці — будучыня краіны, якія праз некалькі гадоў таксама змогуць працаваць у Палацы. Як адзнычылі маладыя парламентарыі, такая перспектыва ім падабаецца.

«Мне вельмі спадабаўся аб'ём памяшкання, якое можа прыняць мноства самых высокіх гасцей. Адчуваецца, што тут усё па найвышэйшым разрадзе. Не перадаць словамі свае ўражанні. Мы будзем ганарыцца тым, што сюды трапілі. Вялікі дзякуй арганізатарам форуму, Нацыянальнаму сходу», — падзяліўся Анатоль Рамановіч, прадстаўнік Гомельшчыны.

«Цікава ўбачыць, дзе адбываюцца самыя важныя сустрэчы. Хочацца даведацца цікавых гісторый, звязаныя з палітычнымі падзеямі, сустрэчамі, якія прымаў Палац Незалежансці», -дадала Наталля Астаповіч з гарадскога пасёлка Смілавічы Мінскай вобласці.

Дзве групы экскурсантаў наведалі ўсе залы, дзе вырашаюцца палітычныя пытанні рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, праходзяць сустрэчы з высокімі гасцямі, адбываюцца ўрачыстыя цырымоніі. Гэтыя сцены бачылі мноства людзей, што ўнеслі свой уклад у развіццё Беларусі. Цяпер сярод іх і члены Маладзёжнага парламента.

Дзіяна Мішура, старшыня камісіі па пытаннях адукацыі, навукі і культуры Маладзёжнага парламента, таксама ўражаная: «У палацы я трэці раз. Першы раз быў самы незабыўны — гэта быў першы Прзідэнцкі баль. Другі раз была на стагоддзі УЛКСМ, была цікавая сустрэча з кіраўніком дзяржавы. А на экскурсіі ўпершыню. Уражанні неверагодныя. Што я адзначыла, усе залы круглыя. Як вядома, кола — гэта знак сонца, знак нашых адкрытых абдымкаў, што мы гатовыя ўсіх прымаць, слухаць і з усімі супрацоўнічаць. Эмоцыі, якія я адчула, і разуменне, што тут было столькі вялікіх людзей, проста перапаўняюць. І наведаўшы гэтыя залы, хочацца ісці тварыць, ствараць новыя праекты, генерыраваць ідэі. І першае, што я зраблю, калі прыеду да сябе ў Мазыр — гэта падзялюся атрыманымі інфармацыяй і ўражаннямі са сваімі маладымі парламентарыямі, з вучнямі школ, каб паказаць ім, што ў нас ёсць такі рэспубліканскі гонар».

Паколькі гэтыя маладыя людзі працуюць дзеля рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, для іх наведванне Палаца Незалежнасці — не проста экскурсія, а своеасаблівы рабочы візіт. І, як адзначылі самі экскурсанты, — матывацыя на плённую і прадукцыйную работу.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.