Вы тут

Транспарт будучыні. Электракар нашых зім не баіцца


Наша краіна мае ўсе перадумовы для актыўнага развіцця электратранспарту. Такое меркаванне выказалі эксперты падчас анлайн-сустрэчы на базе інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі, арганізаванай дзяржкарпарацыяй «Расатам».

На пытанні слухачоў анлайн-сустрэчы адказвалі тры спецыялісты ў гэтай галіне. Па-першае, гэта бізнесмен Артур Туманаў, ён жа блогер, стваральнік беларускага Tesla-клуба, чэмпіён Беларусі па ралі-рэйдах і джып-трыяле. Вопыт эксплуатацыі электрамабіляў — шэсць гадоў, за гэты час
«заваяваў» на электракары самы паўночны пункт Еўропы.

Другім экспертам стаў дырэктар найбуйнейшага ў СНД шэрынгу самакатаў і ровараў Kolobіke Вадзім Осіпчык. Паслугамі гэтага шэрынгу карыстаюцца амаль паўмільёна чалавек у Мінску і іншых гарадах: Брэсце, Гомелі, Гродне, Пінску і Лідзе. Вадзім лічыць свой бізнес сацыяльным: ён прыносіць карысць экалогіі нашай краіны, а таксама дае магчымасць палепшыць здароўе кожнага жыхара. Трэцім удзельнікам сустрэчы стаў эксперт з больш чым 5-гадовым вопытам у сферы рамонту і абслугоўвання электрамабіляў кіраўнік праекта TeslaMіnsk Віталь Гарагляд.


З электраэнергіяй пытанняў не будзе

Непасрэдна перад практычнымі пытаннямі да экспертаў было адзначана, што ўжо некалькі гадоў у нашай краіне назіраецца пазітыўная дынаміка ў выкарыстанні электратранспарту, і гэта адносіцца як да грамадскага, так і да персанальнага транспарту.

Прычыны для такога пераходу дзве. «Па-першае, электратранспарт больш экалагічны ў параўнанні з традыцыйным і яго масавае выкарыстанне пойдзе толькі на карысць Мінску і іншым буйным гарадам Беларусі. А па-другое, у сувязі з увядзеннем у строй Беларускай АЭС у краіне з'явілася стабільная крыніца электраэнергіі па прагназаваных цэнах, што стане стымулам для развіцця электрычнага напрамку ў транспартнай галіне», — падкрэсліваюць у «Расатаме».

Як адзначылі ўдзельнікі дыскусіі, электратранспарт становіцца адной з найбольш перспектыўных сфер для развіцця ў Беларусі. Паводле шматлікіх экспертных ацэнак, у 2025—2030 гадах вялікая частка транспарту ў беларускіх гарадах будзе працаваць менавіта на электрарухавіках. Айчынныя навукоўцы распрацоўваюць уласныя лінейкі легкавых электрамабіляў, грузавога электратранспарту і электробусаў для выкарыстання на гарадскіх маршрутах. Аўтобусы на электрацязе беларускай вытворчасці на дадзеным этапе праходзяць выпрабаванні ў гарадскіх умовах не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

У эксплуатацыі аўтакар «чысты» і танны

Першым пакупніком электрамабіля ў нашай краіне стаў Артур Туманаў. Галоўнае, што яго тады ўразіла ў электракары, — адсутнасць вібрацыйнага шуму ў кабіне машыны. А яшчэ падкупляла ўсведамленне таго, што электрычны рухавік не прыносіць абсалютна ніякай экалагічнай шкоды навакольным. Ты праязджаеш побач з дзіцячым садком або школай і цалкам упэўнены, што дзеці не дыхаюць выхлапамі машыны, таму што іх проста няма.

Але галоўным аргументам на карысць электрамашын з'яўляецца значнае патанненне тэхабслугоўвання такой тэхнікі і яе «харчаванне». На дадзены момант выкарыстанне электрычнасці абыходзіцца прыватнаму ўладальніку ў разы танней, чым запраўка машыны бензінам або дызельным палівам.

«На сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за 2,5 тысячы адзінак электрамабіляў. Іх колькасць працягвае расці ў геаметрычнай прагрэсіі, і, па некаторых звестках, да 2030 года на беларускіх дарогах будзе каля 435 тысяч электрамабіляў — іншымі словамі, каля 14 % нацыянальнага аўтапарка», — адзначае Артур Туманаў.

Батарэі пад цёплай «коўдрай» і не толькі

Экспертам задалі пытанне, як электрамабілі пераносяць істотныя халады. Бо батарэя ў астуджаным стане актыўна электраэнергію аддаваць не будзе. Гэта сапраўды так, але выхад ёсць. У сучасных машынах батарэйны блок спецыяльна абаронены і ўцеплены. Тут спецыяльна распрацавана і дзейнічае сістэма аўтаматычнага лакальнага падагрэву. Проста зімой батарэі хутчэй разраджаюцца. Праблем наогул не ўзнікае ў тых уладальнікаў, якія трымаюць свае машыны ў цёплых гаражах.

Напрыклад, Артур Туманаў летам без падзарадкі можа праехаць на сваёй машыне да 400 кіламетраў, а зімой — каля 300 км. Акрамя таго, зіма ў Беларусі апошнім часам становіцца ўсё больш мяккай. Нават назву спецыяльную атрымала — еўразіма.

Кіраўнік праекта TeslaMіnsk Віталь Гарагляд адзначыў, што злёгку астылая электрамашына першапачаткова пры руху занадта хутка разганяцца не будзе. А наогул, тэхнічнае абслугоўванне электракара ў разы прасцей свайго сабрата з рухавіком унутранага згарання. Гэта дзіўна, але факт: на электракары значна менш датчыкаў, сігнальных і кантрольных, пасля запальвання якіх машына далей не паедзе.

Тэхабслугоўванне заключаецца ў праверцы рулявога кіравання і тармазоў, спраўнасці колаў і батарэйнага блока. Абслугоўванне такой машыны ў дзясяткі разоў таннейшае, чым аўто на бензіне. Так, безаварыйнае абслугоўванне нават немаладой электрамашыны абыдзецца яе ўладальніку да 300 рублёў у год.

Купля, запраўка і паркоўка

Як вядома, у мінулым годзе быў выдадзены Указ Прэзідэнта «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». Ён прадугледжвае вяртанне фізічным асобам сумы ПДВ пры куплі электрамабіляў на тэрыторыі нашай краіны. Таксама для насельніцтва ўстанавілі нулявую стаўку ўвознага ПДВ на электракары.

Для юрыдычных асоб (індывідуальных прадпрымальнікаў) распрацаваны інвестыцыйны вылік пры куплі і эксплуатацыі электрамабіляў (зарадных станцый). Указам таксама прадугледжана нулявая стаўка мытнай пошліны на ўвоз электрамабіляў. Па сутнасці, пакупнік такой машыны плаціць выключна толькі за тавар, не пераплачваючы ні капейкі за розныя зборы.

Артур Туманаў адзначыў, што хуткасць зарадкі аўтамабіля напрамую залежыць ад магутнасці зараднай станцыі. У нашай краіне пад брэндам «Маланка» існуюць ультрахуткія зарадныя станцыі, якія дазваляюць зарадзіць электракар за 15—20 хвілін ад нуля да ўзроўню, які дазволіць праехаць 300—400 кіламетраў. У нашай краіне такія зарадкі расстаўленыя ўздоўж магістральных трас, ды і ў вялікіх гарадах іх хапае.

На думку эксперта, усё добра з зарадкамі пакуль не ўсюды. Напрыклад, у такіх буйных гарадах, як Бабруйск, Барысаў і Баранавічы, няма не толькі суперхуткіх, але і проста хуткіх зарадных станцый. Але проста зарадныя станцыі ёсць усюды.

Апошнім часам у сталіцы нашай краіны намецілася вострая праблема — недахоп бясплатных парковак. Дык вось, для электрамабіляў зрабілі бясплатную паркоўку на любых платных паркоўках камунальнай формы ўласнасці.

Электрабайкі «без падагрэву» зімой не ездзяць. Пакуль

Але электратранспарт — не толькі гарадскія электробусы і электрамабілі. Да гэтай катэгорыі адносяцца электрасамакаты, электрабайкі і манаколы. З развіццём тэхналогій і пашырэннем доступу да электраэнергіі іх у Беларусі становіцца ўсё больш. Як падкрэсліў дырэктар шэрынгу самакатаў і веласіпедаў Вадзім Осіпчык, сёння індывідуальны электратранспарт на піку развіцця. Так, пакуль што развіццё такога шэрынгу ў нашай краіне мае сваю сезоннасць, бо «зляпіць» цёплую коўдру для невялікіх тэхнічных сродкаў пакуль што праблематычна.

Паводле звестак Мінскай веласіпеднай супольнасці, сярод карыстальнікаў індывідуальнага мабільнага транспарту пастаянна расце колькасць карыстальнікаў электратранспарту. У 2020 годзе яна дасягнула значэння ў 15 %. Найбольш папулярным сродкам з'яўляецца электрасамакат. Гэты транспартны сродак важыць каля 30 кілаграмаў і мае максімальную далёкасць паездкі да 40 кіламетраў.

Падчас мерапрыемства мінчане таксама падзяліліся асабістым вопытам выкарыстання электратранспарту. Начальнік упраўлення знешнеэканамічнага супрацоўніцтва ДВА «Белэнерга» Сяргей Уласік адзначыў зручнасць выкарыстання манакола, якім карыстаецца ўжо больш за год. «Гэта блізкі да ідэалу від транспарту, на якім можна спакойна дабірацца на працу кожны дзень. Зручна выкарыстоўваць у горадзе, перамяшчаць яго ў будынку, ён выдатна балансуецца і пераадольвае няроўнасці. Манакола заўсёды са мной, калі дазваляе надвор'е».

Выкіды скароцяцца адразу на мільёны тон

Рашэнне развіваць атамную энергетыку ў Беларусі дапаможа знізіць колькасць выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу пры генерацыі электраэнергіі. У 2016 годзе Беларусь далучылася да Парыжскага кліматычнага пагаднення, на сусветным узроўні ўзяўшы на сябе абавязацельства да 2030 года значна знізіць выкіды парніковых газаў. Выкананне гэтага абавязацельства напрамую залежыць ад увядзення ў строй Беларускай АЭС, паколькі пасля ўвядзення атамнай станцыі ў эксплуатацыю колькасць выкідаў СО2 скароціцца больш чым на 7 мільёнаў тон у год. А калі і электракары дапамогуць, наша паветра стане зусім чыстым.

Сяргей КУРКАЧ

Фота unsplash.com


Да ведама

Спецыяльны чат-бот для дапамогі электрамабілістам

Айчынныя кіроўцы электракараў зараз могуць атрымліваць аператыўную кансультацыю аб эксплуатацыі зараднай інфраструктуры, аплаце зараду, а таксама аб рабоце праграмы Malanka. У нашай краіне запрацаваў спецыяльны чат-бот для электрамабілістаў Malanka. Чат-бот даступны ў Telegram.

Каб скарыстацца чат-ботам, неабходна выбраць катэгорыю пытанняў. Пасля гэтага бот скіруе суразмоўцу на патрэбны раздзел і дасць адказ.

Калі карыстальнік не знайшоў адказу ў аўтаматычнай сістэме, можна сфарміраваць сваё пытанне, звярнуўшыся ў кругласутачную службу падтрымкі, па нумарах тэлефона: +375 (33, 29, 25) 643 14 31 або па электроннай пошце malanka@beloіl.by

Сяргей ПАЛІНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Што і пачым можна набыць сёння на Камароўскім рынку

Што і пачым можна набыць сёння на Камароўскім рынку

У звычайныя дні тут бывае 30 тысяч пакупнікоў.

Калейдаскоп

5 прычын, з-за якіх сталеюць непаслухмяныя дзецi

5 прычын, з-за якіх сталеюць непаслухмяныя дзецi

Гэта павінен ведаць кожны з бацькоў.