Вы тут

Піць ці не піць? Паверхневая, падземная, мінеральная...


Якія хімічныя элементы «хаваюцца» ў вадзе? Чаму у рэках часам памірае рыба? Дзе ў Беларусі больш за ўсё мінеральнай вады? У якой вобласці знаходзяцца самыя «нітратныя» беларускія калодзежы? Куды знікаюць грунтовыя воды? На гэтыя і іншыя пытанні, якія датычацца айчыннай вады, назірання за ёй і паляпшэння яе якасці, адказалі спецыялісты.


Што трапляе ў раку

Маніторынг паверхневых вод — сістэма рэгулярных назіранняў за іх станам па гідралагічных, гідрахімічных, гідрабіялагічных і іншых паказчыках для атрымання інфармацыі і распрацоўкі водаахоўных мерапрыемстваў дзеля паляпшэння якасці паверхневых вод, абазначыла Алена ГРАМАДСКАЯ, начальнік аддзела паверхневых водаў Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага кіравання воднымі рэсурсамі.

Яна нагадала, што ў Беларусі назіранні па гідрахімічных паказчыках пачаліся яшчэ ў 40-я гады мінулага стагоддзя, а па гідрабіялагічных — з 70-х. Сёлета ж пачнуць сачыць за станам вады таксама і па гідрамарфалагічных паказчыках (яны ўключаюць у сябе звілістасць рэчышча, сувязь падземных і паверхневых вод, сувязь з водазаборам поймы ракі, якія могуць уплываць на якасць вод, іх стан і рух вады). У краіне зараз назіраюць за 160 паверхневымі воднымі аб’ектамі ў 297 населеных пунктах.

— Назіранні сведчаць, што найбольшай антрапагеннай нагрузцы падвергнуты водныя аб’екты ў басейне рэк Заходні Буг, Прыпяць і Днепр. Гэта выклікана тым, што ў рэкі трапляюць сцёкавыя воды прадпрыемстваў, у тым ліку ЖКГ, і паступленні з дыфузным і паверхневым (у выніку дажджу) сцёкамі, — расказала спецыяліст.

Леташнія заморы рыбы адбываліся ў краіне з-за павышанай тэмпературы і дэфіцыту ападкаў, або наадварот, ад моцных ліўняў за кароткі час, у выніку якіх у рэкі траплялі забруджваючыя рэчы і нафтапрадукты.

Праз кліматычныя змены і недахоп ападкаў, у тым ліку і з-за адсутнасці снегу зімой (апошнія некалькі гадоў да сёлетняй) назіраецца і паніжэнне ўзроўню вады ў калодзежах. Аднак спецыялісты не лічаць, што гэта невырашальная праблема. Гаспадарам яны раяць пераходзіць на больш глыбокія свідравіны, што і палепшыць якасць вады, і дасць яе дастатковую колькасць, хаця, вядома, трэба глядзець, каму гэта па кішэні.

Калі параўнаць вынікі назіранняў 50-60 гадоў мінулага стагоддзя і цяперашнія, то можна сцвярждаць, што якасць вады павысілася ў разы. Значна зменшылася, напрыклад, у апошнія пяць гадоў утрыманне ў вадзе азотнага злучэння, удакладніла Алена Грамадская.

Згодна з Водным кодэксам, у Беларусі праводзіцца разлік экалагічнага статусу паверхневых вод. З кожным годам працэнт тых, чый статус ацэньваецца, як выдатны, павялічваецца. Большасць такіх аб’ектаў у басейне Заходняй Дзвіны і Нёмана.

Жалеза і марганец — ад прыроды, нітраты — ад чалавека

Беларусы забяспечваюцца пітной вадой пераважна праз сістэмы цэнтралізаванага гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, крыніцы якога — падземныя водазаборы з зацверджанымі эксплуатацыйнымі запасамі. Толькі ў забеспячэнне вадой сталіцы ўваходзіць яшчэ і паверхневы водазабор. Нецэнтралізаваная ж сістэма прадстаўлена ў асноўным шахтнымі калодзежамі і мае месца пераважна ў малых населеных пунктах, паведамілі эксперты.

— Прагнозныя эксплуатацыйныя рэсурсы прэсных падземных вод па краіне — 49,6 млн м3 у суткі. У Беларусі разведана 12,8 % ад прагнозных прэсных падземных рэсурсаў. Патэнцыйныя магчымасці выкарыстання падземных вод характарызуюцца іх натуральнымі рэсурсамі, якія складаюць 43,6 млн м3 у суткі. Ступень выкарыстання разведаных эксплуатацыйных запасаў падземных вод 18,5 %, — акрэсліла Вольга ВАСНЁВА, намеснік дырэктара па навуцы філіялу «Інстытут геалогіі» дзяржаўнага прадпрыемства «НВЦ па геалогіі».

Для захавання рэсурснага патэнцыялу падземных вод арганізавана рэжымная сетка свідравін маніторынгу падземных вод, якая працуе ў прыродных і парушаных эксплуатацыяй (водазаборах) умовах. Назіралі за станам падземных вод ў прыродных умовах на 98 гідрагіялагічных пастах (346 назіральных свідравін). Вынікі гідрадынамічнага рэжыму, згодна якому ацэньваліся падземныя воды ў пяці рачных басейнах, паказалі паніжэнне грунтовых і напорных вод. Даследаванні ж у парушаных эксплуатацыяй умовах праводзіліся па 54 групавым водазаборам (21 горад краіны) і паказалі, што паніжэнне тут у межах разліковых дапушчальных велічынь.

На якасць падземных вод уплываюць прыродныя і антрапагенныя фактары. у падземных водах часам назіраюць павышанае ўтрыманне жалеза, марганца, радзей — бора і барыя, бывае і мутнасць. З-за антрапагеннага ўздзеяння ў падземнай вадзе сустракаецца павышаная колькасць нітратаў.

— Запасы мінеральных падземных вод на канец 2019 года былі зацверджаны ў аб’ёме больш за 62 тысячы м3 у суткі па 240 участках. Больш за ўсё запасаў (22 тысячы м3) у Віцебскай вобласці, найменш у Гродзенскай. Самая вялікая здабыча мінеральнай вады на Гомельшчыне — 374 тысячы м3 у год, найменшая — у Магілёўскай (16 тысяч м3 у год) і Віцебскай (14 тысяч), — удакладніла Алена ЧЭРЭВАЧ, намеснік начальніка аддзела гідрагеалогіі і маніторынгу падземных вод філіялу «Інстытут геалогіі» дзяржаўнага прадпрыемства «НВЦ па геалогіі».

З калодзежа і з-пад крана

Санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва забяспечваецца гігіенічным нарміраваннем якасці пітной вады і кантролем за прытрымліваннем гігіенічных нарматываў, запэўніла Наталля КОНЫШЭВА, урач-гігіеніст аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя:

— Якасная пітная вада павінна быць бяспечнай у эпідэмічных радыяцыйных адносінах, якая бясшкодная па хімічным складзе і мае зручныя арганалептычныя ўласцівасці. Асаблівую ўвагу падчас лабараторных даследаванняў якасці вады надаюць эпідэміялагічнай складальнай. Вада лічыцца бяспечнай, калі колькасць проб, якія не адпавядаюць норме па эпідэміялагічных паказчыках, не перавышае 5 %. Каторы год гэты паказчык у цэнтралізаванай сістэме водазбеспячэння краіны на ўзроўні 1 %.

Санітарна-хімічныя паказчыкі ў пітной вадзе ў асноўным маюць прыроднае паходжанне і тлумачацца гідрагеалагічнымі ўмовамі фарміравання падземных вод. Утрыманне жалеза і як вынік — павышэнне мутнасці найбольш распаўсюджаны ў вадзе водазаборных свідравін.

— Вада ў паверхневых водазаборах утрымлівае прадукты водападрыхтоўкі, якія ўключаюць абавязковае асвятленне і абеззаражванне вады. А асноўная частка нестандартных проб з нецэнтралізаванай пітной сістэмы характарызуецца высокім утрыманнем нітратаў. Большая частка грамадскіх калодзежаў, дзе маецца перавышэнне гэтага паказчыка, знаходзіцца ў Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай абласцях, — акрэсліла ўрач.

Больш за ўсё якаснай пітной вады, дарэчы, у Брэсцкай вобласці (каля 97 %) і Магілёўскай (каля 94 %). А Мінск да 2025 года будзе цалкам пераведзены на водазабесячэнне з падземных крыніц, якасць вады ў якіх па арганалептычных уласцівасцях значна вышэйшая. Падземныя воды ў сталіцы, напрыклад, залягаюць на глыбіні 40-60 метраў. А самыя глыбокія артэзіянскія свідравіны (да 200 метраў) у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

— У сталіцы 30 % спажыўцоў і абанентаў атрымліваюць ваду з паверхневых крыніц. Пераход на падземныя крыніцы будзе ажыццяўляцца праз будаўніцтва новых водазабораў, артэзіянскіх свідравін, закальцоўку існуючых сістэм водазбеспячэння, і гэтую ваду атрымаюць як жыхары, так і прадпрыемствы, за выключэннем ЦЭЦ-4, — удакладніў Алег КОНАН, генеральны дырэктар Белводаканала.

Падчас вясенняга павадка ў калодзеж могуць трапіць нітраты, і ў гэтым выпадку эксперты раяць гаспадарам піць бутыляваную ваду, праўда, не ўдакладняюць, як доўга. Наколькі прыдатная і бяспечная для ўжытку вада з цэнтралізаванай і нецэнтралізаванай сістэм, вызначаюць у лабараторыях, куды пры жаданні можна звярнуцца, параілі спецыялісты.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.