Вы тут

Інскрыпты, адрасаваныя Міхасю Міцкевічу


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працуе выстаўка «Не проста сынам быць вялікага паэта» да 95-годдзя з дня нараджэння малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча. Праект аб’яднаў матэрыялы не толькі з фондаў музея, але і з прыватнага архіва нашчадкаў песняра: асабістыя рэчы, дакументы, малавядомыя фотаздымкі Якуба Коласа і асоб з яго акружэння, кнігі з інскрыптамі, адрасаваныя Міхасю Міцкевічу.


Любоў да літаратуры перадалася Міхасю ад бацькоў. Чытаць ён навучыўся самастойна, а першым прачытаў зборнік фальклору, казак, паданняў і песняў П. В. Шэйна. У дзяцінстве захапляўся Маркам Твэнам, Вальтэрам Скотам, Луі Бусенарам, Шарлем дэ Кастэрам, з цікавасцю вывучаў жывёльны свет па кнігах А. Э. Брэма. Ведаючы пра апошняе захапленне Міхася, Янка Купала падарыў яму раскошны ілюстраваны альбом з жывёламі. У дзесяцігадовым узросце Міхась ужо чытаў Гогаля, Пушкіна, Лермантава, Чэхава і іншых. Гэтаму спрыяла багатая бібліятэка бацькі. На жаль, яна не захавалася, згарэла разам з домам Якуба Коласа ў першыя дні вайны.

Пасля вяртання на радзіму з эвакуацыі ў 1945 годзе Якуб Колас зноў пачаў збіраць бібліятэку. Цяпер яна прадстаўлена ў рабочым кабінеце класіка ў мемарыяльнай экспазіцыі музея. Налічвае каля 1000 кніг, 192 з іх — з дарчымі надпісамі ад дзяржаўных дзеячаў, пісьменнікаў, літаратараў, навукоўцаў. Сярод людзей, якія пакінулі інскрыпты на памяць класіку, — Цімафей Гарбуноў, Панцеляймон Панамарэнка, Максім Танк, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Максім Лужанін, Янка Брыль, Кандрат Крапіва, Іван Шамякіна, Аляксандр Твардоўскі, Сяргей Гарадзецкі і іншыя.

Багатую бібліятэку здолеў сабраць і Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. У яго зборы таксама шмат выданняў з аўтографамі ад пісьменнікаў і навукоўцаў. Безумоўна, самымі дарагімі для яго былі кнігі, падараваныя бацькам з цёплымі дарчымі надпісамі. Адну з іх — «Суд у лесе» — Міхась Міцкевіч перадаў у музей. «Міламу, дарагому Міхасю ад Якуба Коласа, 31 мая 1943 г.» падпісаў на памяць бацька сыну. Другая захоўваецца ў сямейным архіве нашчадкаў паэта — свайму малодшаму сыну Якуб Колас падарыў кнігу «Паэмы» (1946 г.) з наступным вершаваным аўтографам:

«Мілы Міхасёк!

Адстану я, і час разлукі —

Неўнікнены час,

Ідзі ж, мой сын, пад жыцця гукі,

Што радавалі нас.

Няхай мяне не будзе ў свеце

Ну, што ж? аджыў час і памёр.

Але няхай дзьме добры вецер

І дзьме на наш касцёр.

Дарагому сыну, самаму лепшаму, адданаму другу на памяць ад бацькі. Якуб Колас. 18/VII 46 г.».

Сын паэта быў знаёмы з многімі людзьмі з пісьменніцкага акружэння бацькі. Так, у 1935 годзе Міхасю Міцкевічу пашчасціла атрымаць «Цусиму» ад рускага пісьменніка-марыніста Аляксея Новікава-Прыбоя: «Дорогому Мише — в будущем Михаилу Константиновичу Мицкевичу, чтоб читал и вспоминал об авторе этой книги». «Мішы Міцкевічу — ад усяго сэрца» напісаў на кніжцы «Лісткі календара» Максім Танк. Кнігу «Бацькі і дзеці» Іван Шамякін падпісаў Міхасю Канстанцінавічу, яго жонцы і дзецям: «Міцкевічам, Наталлі Іванаўне, Міхасю, Машы, Косці — слаўным нашчадкам дарагога Якуба Коласа, з самымі сардэчнымі пажаданнямі». Беларускі пісьменнік, асабісты сакратар Якуба Коласа Максім Лужанін кнігу «Колас расказвае пра сябе» падарыў сыну класіка з наступным дарчым надпісам: «Міхасю на памяць з падзякай за дапамогу ў выданні гэтай кнігі. М. Лужанін».

У калекцыі Міхася Міцкевіча ёсць выданні з інскрыптамі ад паэтаў-землякоў Якуба Коласа — Яўгена Хвалея, Генрыха Далідовіча, Дзмітрыя Дземідовіча, Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы.

Зборнік санетаў «Старая зямля» з вершамі-прысвячэннямі Якубу Коласу падарыў Міхасю Канстанцінавічу ў 2005 годзе Мікола Маляўка з наступнымі радкамі: «Міхасю Канстанцінавічу, — з дабром і павагай! Калі душа замаркоціцца // Па гонях, //Па лугу палосках, — // Запрашаю // На Нёман, // У родную вёску».

У 2017 годзе, на свой дзевяноста першы дзень нараджэння, Міхась Міцкевіч атрымаў кнігу ад Яўгена Хвалея з наступным дарчым надпісам: «А гумар тонкі Ваш такі, // Што сэрцу стане весялей // Смяюцца ўголас землякі // І юбіляр між іх — Хвалей // Да ўзросту дзеда Талаша // Наблізілася дата // Дык хай вяселіцца душа, // Бо кожны дзень, як свята. Ваш Яўген Хвалей. 31.01.17 г.». 1 студзеня 2017 года Яўген Хвалей святкаваў 70-годдзе, праз 30 дзён свята адзначаў малодшы сын Якуба Коласа.

Любімымі месцамі летніх адпачынкаў Якуба Коласа былі маляўнічыя мясціны Пухавіччыны. Іх вельмі любіў і наведваў на працягу многіх гадоў і Міхась Канстанцінавіч. На памяць аб адной з такіх сумесных вандровак кнігу «Жыцця глыбінныя віры» падарыў Міхасю Міцкевічу Мікола Мятліцкі: «Дарагому Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу з удзячнасцю за незабыўную вандроўку на Вусцянскі груд. Ад усяго сэрца».

Доўгія гады сяброўства звязвалі Міхася Канстанцінавіча з ураджэнцам Пухавіччыны, краязнаўцам, літаратуразнаўцам, пісьменнікам Алесем Карлюкевічам. У асабістай бібліятэцы Міхася Міцкевіча захоўваецца некалькі кніг з аўтографамі аўтара. Ад усяго сэрца, ад усёй душы пакінулі на памяць малодшаму сыну класіка свае кнігі з аўтографамі і многія іншыя пісьменнікі і навукоўцы.

Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа

Друкуецца ў «Літаратура і мастацтва».

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.