Вы тут

Мастак Кастусь Качан: Чалавек — сапраўдны мастак, калі ён жыве адкрыццямі


Мастак Кастусь Качан, якога называюць песняром беларускіх мястэчак, прызначыў сустрэчу карэспандэнту «ЛіМа» на найбліжэйшы час, бо ўжо на наступным тыдні плануе з’ехаць у Навагрудак. Там ён праводзіць кожнае лета. Творца распавёў, чаму беларускія мястэчкі так яго прыцягваюць і што ў іх прымушае сумаваць, які этап працы над карцінай мастак любіць найбольш  і як быць працаголікам у мастацтве.


— Неяк вы казалі, што не згодны з тым, што вас называюць пейзажыстам…

— Можа быць, я проста не так успрымаю слова «пейзаж». На маю думку, гэта прырода — рэчка, луг. А ў мяне, канечне, пейзаж прысутнічае, але галоўнае там — чалавек, нават калі непасрэдна выявы яго няма. Заўсёды існуюць нейкія сувязі, асацыяцыі, нешта няяўна адбываецца на карціне. Часта я звяртаюся да архітэктурных сюжэтаў. Лічу і неаднаразова казаў, што мае карціны з цягам часу будуць мець каштоўнасць не толькі мастацкую, але і гістарычную. Нездарма мяне ўжо даўно называюць песняром беларускіх мястэчак. Я з дзяцінства добра адчуваю гэтую местачковую аўру — пераходную: ужо не вёска, але яшчэ і не горад.

— А вам падабаецца гэтае азначэнне «пясняр беларускіх мястэчак»?

— Так мяне назвала Наталля Шаранговіч у сваім артыкуле. І так замацавалася, пайшло далей. Мястэчкі сапраўды самая галоўная мая тэма, якая дагэтуль не пакідае. Гэта нармальна. Кожны мастак займае нейкую сваю нішу не толькі па пластычных вырашэннях, тэхніцы, майстэрстве, але і па змесце.

— Наконт аўры месцаў. Ці не звярталі вы ўвагу: яна змяняецца з цягам часу?

— Вы кранулі вельмі балючую для мяне тэму. Я люблю падарожнічаць і часта прыязджаю ў адно і тое ж месца па некалькі разоў. І мне бывае балюча ад таго, што архітэктурныя помнікі не атрымліваюць дастатковага догляду і ўвогуле з імі абыходзяцца непрафесійна. Кожны год я летам у асноўным жыву ў Навагрудку. Гэтае месца для мяне — асобная тэма, і падыход з боку мясцовых улад да нашай гістарычнай спадчыны засмучае. Можа, яны проста неяк не валодаюць сітуацыяй, не разумеюць горада. Напрыклад, вакол Навагрудскага замка ўвесь час ідзе забудова, і гістарычнае месца пераўтвараецца ў нейкі аграгарадок. Але я спадзяюся, што з часам сітуацыя зменіцца.

— Ці з’явілася ў вас якое-небудзь любімае мястэчка, месца моцы, акрамя Навагрудка?

— Такіх шмат. Напрыклад, найбліжэйшае да Мінска — мястэчка Івянец. Яно цяпер страціла свой статус райцэнтра, жыццё там пераўтвараецца ў вясковае, але мне цікава іншае — адмысловы ландшафт, рэчка цячэ праз горад, два касцёлы. Для мастака — скарбніца сюжэтаў. Ліда, Ашмяны, Іўе, Дзятлава… Шмат такіх месцаў у Беларусі.

«Вечар у Гальшанах», 2001 г.

— Ці ёсць у вас якая-небудзь творчая мара, доўгатэрміновая задума?

— Я шмат карцін напісаў пра сваю радзіму — Навагрудак. І апошнім часам узяўся за серыю вялікіх работ з рознымі гарадскімі сюжэтамі. Пазней, мо ў наступным годзе, я б хацеў зрабіць цэлую выстаўку з назапашаных работ і так і назваць яе: «Мой Наваградак».

— Які этап работы над карцінай для вас найбольш значны, вызначальны?

— Самае цікавае, што дорыць мне нейкі ўздым, — гэта калі я задумваю. Падчас падарожжа, калі бачу нейкі сюжэт, раблю замалёўку проста алоўкам. Кампаную, прыкідваю. У гэты момант я адчуваю тое, што называецца натхненнем. Пасля — пачатак работы на палатне — эскіз, эцюд, тэхнічныя дробязі. Апошняе мне якраз найменш падабаецца. Недарэмна вялікія майстры мінулага — Рубенс, Рэмбрант — мелі вучняў, якія рабілі тэхнічныя ўдасканаленні за мастакоў.

— Раскажыце пра свае любімыя творы і творцаў у розных галінах мастацтва.

— Што тычыцца жывапісу, у раннім перыядзе я захапляўся Брэйгелем. Мне падабаюцца многія мастакі. Сярод беларускіх, напрыклад, Фердынанд Рушчыц: і як творца, і як асоба, яго стаўленне да мастацтва, да жыцця. Я часта бываў на пленэрах у Багданаве, на яго радзіме.

Музыка мне падабаецца класічная — Моцарт, Гендэль. Часам і ў майстэрні ўключаю, часам працую ў цішыні. З літаратуры захапляўся Караткевічам. Ён на мяне паўплываў як беларус на беларуса. Таксама я ў свой час перачытаў усе творы Вячаслава Адамчыка, свайго земляка. З паэтаў вельмі люблю Багдановіча — бывае, што і да слёз узрушвае.

«Вясна ў Солах», 2007 г.

— Якое ў вас меркаванне пра стэрэатыпы наконт мастакоў: «мастак павінен быць галодны», «без натхнення працаваць немагчыма»?

— Наконт «мастак павінен быць галодны» — нешта ў гэтым ёсць, але не варта ўспрымаць гэтую фразу літаральна. Па сабе ведаю: калі былі цяжкія часы, неяк глыбей адчуваў мастацтва. Але гэта не заўсёды спрацоўвае і не значыць, што трэба мастака пасадзіць на ланцуг.

А наконт натхнення я і сам неаднаразова разважаў. Таксама нешта ў гэтым выслоўі ёсць, але сядзець і чакаць натхнення днямі, тыднямі, гадамі не варта. Яно прыходзіць часам і ў працэсе, калі пачынаеш працаваць. Я сам не адсочваў хвіліны, моманты, калі прыходзіць натхненне, таму не ведаю дакладна, ад чаго гэта залежыць. Часткова, канечне, ад фізічнага стану.

— Якія якасці характару дапамагаюць і перашкаджаюць вам быць мастаком?

— Усе, хто мяне блізка ведае, называюць працаголікам. Некаторыя ловяць кайф ад музыкі, нейкага рэлаксу, ствараюць спецыяльныя ўмовы. Я лаўлю кайф ад працы, асабліва калі атрымліваецца. У мяне няма такога, каб нехта ці нешта перашкаджала. Вядома, бываюць моманты, калі не падабаецца тое, што пішу, і вельмі часта. Меркаванне можа змяніцца нават за адзін дзень. Раніцай мне карціна падабалася, ды за дзень я не прасунуўся. Але часцей увечары, асабліва калі прыцемкі прыгожыя, гляджу на карціну і ажно «балдзею». А раніцай прыходжу — ой, Божа, што гэта такое… Пачынаю нешта перасоўваць у кампазіцыі, мяняць, перамалёўваць. Часам зрушваецца з месца, часам становіцца яшчэ горш. Тады стаўлю да сцяны — і стаяць некалькі безнадзейных твораў. Хаця такіх няшмат. Неаднойчы бывала і так, што твор, які мяне мучыў, у выніку атрымліваецца нармальным. Я недзе чытаў, што значнасць твора залежыць ад таго, колькі мастак дакранаўся да яго. Энергія мастака перадаецца праз пэндзаль, пальцы, і чым больш ты над карцінай працуеш, тым больш удалай яна будзе. Гэта, зноў жа, не зусім так канкрэтна, але нешта тут ёсць. Бо бывае, што твор лёгка пачаўся, і гэта так узрушвае, а з часам бачыш, што дарэмна радаваўся: наперадзе яшчэ шмат дробнай працы.

— Калі ўспрымаць мастацтва не як прафесію, а як стан душы, што ўвогуле значыць быць мастаком?

— Я лічу, што мастак — гэта той, хто перадае свет так, як яго бачыць. Ён павінен бачыць свет па-асабліваму. Я перадаю свет, які ў мяне ўвайшоў яшчэ з дзяцінства, такім, якім я ўпершыню яго адкрываў. Ён ува мне застаўся, і адкрыццяў з дзяцінства і юнацтва мне хапае на ўсё жыццё — і па сёння выкладваю свае тагачасныя ўражанні на палотны.  Цяпер я ўжо мала адкрываю для сябе. Моцнае пачуццё бывае толькі тады, калі робіш нешта ўпершыню.

Чалавек — сапраўдны мастак, калі ён жыве адкрыццямі. Можа, гэта толькі для мяне, рэаліста, так. Ёсць жа людзі, якія працуюць у іншых галінах жывапісу. Хаця ўсё адно можна карыстацца рознымі сродкамі, каб перадаць уражанні. Таму, думаю, гэта адносіцца не толькі да мастакоў, але і да кампазітараў, пісьменнікаў. Бо свет не толькі ў фарбах і выявах, але і ў гуках, словах.

«Жнеі», 1999 г.

— Ці падабаецца вам творчасць маладых мастакоў? Наколькі ў іх разуменне мастацтва адрозніваецца ад вашага?

— У маладых сёння шмат шансаў. У мае часы таксама былі маладзёжныя выстаўкі, але ўвагі ўсё адно было значна менш. І самі мастакі цяпер менш зашораныя, больш разумеюць і бачаць. Калі я быў малады — выстаўка раз на два гады, за мяжу выехаць наогул немагчыма. А цяпер моладзь шмат ездзіць за мяжу, знаходзіць там свае нішы.

— А вам не падаецца, што ўвага да мастацтва ў прынцыпе стала меншай?

— Гэта сапраўды так. Раней, калі праходзілі рэспубліканскія выстаўкі, колькі народу збіралася, потым былі і абмеркаванні, зацікаўленыя гуртаваліся ў Палацы мастацтваў. Карціны маглі экспанавацца месяц. Цяпер выстаўкі закрываюцца хутка, бо і Палацу мастацтваў трэба зарабляць грошы: то мёд прадаюць, то футра. Насамрэч, проста час такі. Гэта не толькі ў нашай краіне — паўсюль. Мастацтва згубіла сваю значнасць. Проста свет стаў больш прагматычны, людзі імкнуцца да матэрыяльнага. А мастацтва — абсалютна іншая катэгорыя.

«Партрэт селяніна», 1998 г.

— Што патрэбна чалавеку, акрамя тэхнічнага навыку, каб стаць мастаком?

— Я думаю, што тэхнічныя навыкі — далёка не галоўнае. Мастаком трэба нарадзіцца. Каб Бог у душу ўклаў гэты пачатак. Мастак — асоба, якая бачыць і адчувае тое, чаго не бачыць іншы, звычайны, чалавек, прымае ўсё блізка да сэрца.

Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Фота аўтара і з сайта ru.kachangallery.com

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?