Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Традыцыйны штотыднёвы агляд «Звязды» прысвячаем самым цікавым спартыўным навінам.


Турнір тыдня. У Стакгольме скончыўся чэмпіянат свету па фігурным катанні, дзе ўпершыню за шмат гадоў беларусы выступалі ва ўсіх відах спаборніцтваў. Канстанцін Мілюкоў — уладальнік ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2022 года, якую ён заваяваў на чэмпіянаце свету ў Стакгольме. Па суме дзвюх праграм Канстанцін набраў 221,33 бала, што дазволіла яму заняць 17-е месца. Спартыўная пара Багданы Лукашэвіч і Аляксандра Сцяпанава, маючы ў суме 145,55 бала, стала 18-й. Танцавальны дуэт Вікторыі Семянюк і Ільі Юхімука набраў 51 бал у кароткім танцы і не адабраўся ў другую частку спаборніцтваў. Адзіная прадстаўніца Беларусі ў жаночым адзіночным катанні Вікторыя Сафонава ў Стакгольме не выступіла праз станоўчы тэст на каранавірус.

Героі тыдня. Параалімпіец Юрый Голуб заваяваў залаты медаль у біятлонным спрынце на этапе Кубка свету ў Вуакаці. Васіль Шаптабой стаў чацвёртым. А Святлана Сахоненка дадала ў сваю скарбонку сярэбраны медаль турніру.

Гераіня тыдня. Вікторыя Чайка — бронзавы прызёр этапу Кубка свету па кулявой стральбе. У фінале практыкавання ПП-2 (стральба з пнеўматычнага пісталета, дыстанцыя 10 метраў) беларуская спартсменка набрала 215,9 бала, уступіўшы прадстаўніцам Індыі Яшасвіні Сінгх Дэсвал (238,8 бала) і Ману Бакер (236,7 бала). Акрамя медаля, спартсменка атрымала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа. Для беларускай каманды гэта ўжо трэцяя алімпійская ліцэнзія.

Поспех тыдня. Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка прабіліся ў 1/8 фіналу турніру ў амерыканскім Маямі з прызавым фондам $3,2 млн. У паядынку 1/16 фіналу Вікторыя Азаранка (15-ы нумар сусветнага рэйтынгу) перамагла ў двух сэтах нямецкую тэнісістку Ангеліку Кербер (26) — 7:5, 6:2. У барацьбе за выхад у чвэрцьфінал беларуска сустрэнецца з першай ракеткай свету аўстралійкай Эшлі Барці. Вікторыя Азаранка з'яўляецца трохразовай пераможніцай Mіamі Open (2009, 2011, 2016). Восьмая ракетка планеты Арына Сабаленка ў трэцім раўндзе выйграла ў расіянкі Веранікі Кудзерметавай (37) — 7:6 (7:4), 6:4. Наступнай саперніцай беларускай тэнісісткі будзе чэшка Маркета Вандроўшава (20). Турнір у Маямі завершыцца 3 красавіка.

Прызнанне тыдня. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года Віктар Зуеў уключаны ў камітэт ветэранаў і чэмпіёнаў Міжнароднай асацыяцыі бокса. Як адзначылі ў беларускай федэрацыі гэтага віду спорту, віцяблянін увайшоў у склад камітэта па ініцыятыве AІBA.

Вядучыя спартсмены актыўна ўдзельнічаюць у папулярызацыі алімпійскага бокса ў свеце. Меркаванне і вопыт вядомых атлетаў мінулых гадоў вельмі важныя для паступальнага развіцця гэтага віду спорту.

Лічба тыдня. Сем узнагарод рознай вартасці сабралі беларускія самбісты на Кубку свету «Мемарыял Анатоля Харлампіева», які завяршыўся ў Маскве.

Сярэбраныя медалі ў жанчын па спартыўным самба заваявалі Настасся Скварцова (68 кг), Карына Шут (80 кг) і Настасся Грышчанка (звыш 80 кг). У мужчын у дадзеным раздзеле «серабро» заваяваў Максім Ліхавец (100 кг). «Бронзу» ў спартыўным самба ў жанчын выйграла Анфіса Капаева (48 кг). У мужчын узнагароду аналагічнай вартасці заваяваў Цімафей Емяльянаў (90 кг). У раздзеле баявога самба беларусы таксама не засталіся без узнагарод. У вагавой катэгорыі 62 кг тройку наймацнейшых спартсменаў замкнуў Уладзіслаў Міхейчык. У медальным заліку беларуская каманда заняла шостае месца. Тройку наймацнейшых склалі самбісты Расіі (22 залатыя, 4 сярэбраныя, 16 бронзавых медалёў), Узбекістана (3-8-3) і Румыніі (1-2-3).

Каманда тыдня. Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) новага складу атрымалі першую вікторыю ў міжнародным таварыскім матчы.

Днямі ў Ерэване беларусы абыгралі армянскіх аднагодкаў з лікам 2:1. Абодва мячы ў складзе пераможцаў забіў Уладзіслаў Ложкін, які вызначыўся на 18-й і 88-й хвілінах сустрэчы. Гэтыя спарынгі з'яўляюцца для зборнай Беларусі адным з этапаў падрыхтоўкі да старту адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы. Першы паядынак у кваліфікацыйнай групе D беларускія футбалісты правядуць 5 чэрвеня дома.

Выступленні тыдня. У Сафіі завяршыўся першы ў новым сезоне этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. У кампазіцыі з абручом «серабро» заваявала беларуская спартсменка Настасся Салас — суддзі ацанілі яе выступленне на 26,100 бала. Настасся заваявала «серабро» і ў практыкаванні са стужкай — 21,600 бала. Аліна Гарнасько — сярэбраны прызёр у практыкаванні з мячом (25,850 бала) і бронзавы прызёр у шматбор'і.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Беларускія спартсмены працягваюць збіраць алімпійскія ліцэнзіі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.