Вы тут

Кожны салдат павінен быць на ўліку


Штогод пошукавікі вяртаюць страчаныя імёны героям вайны і займаюцца перапахаваннем іх астанкаў. Але адна справа, калі пахаванні стыхійныя і былі ўстаноўлены пошукавікамі падчас разведкі. І зусім іншая, калі забітых чырвонаармейцаў хавала насельніцтва. І многія з тых магіл дагэтуль застаюцца няўлічаныя. Бо людзі нікуды не звярталіся, самі даглядалі гэтыя пахаванні. Зараз тыя сведкі або вельмі старыя, каб і далей займацца гэтай высакароднай справай, або наогул пайшлі з жыцця. І добра яшчэ, калі салдацкія магілы працягваюць даглядаць іх дзеці або ўнукі. У іншым выпадку такая памяць асуджана на забыццё. У Магілёўскай вобласці заклапочаныя тым, каб гэтага не адбылося.


Сведкі, адгукніцеся

Нават калі насельніцтва і не забываецца пра такія пахаванні, яны ўсё роўна застаюцца грамадзянскімі, бо нідзе не стаяць на ўліку і пра іх не ведаюць ні сельсавет, ні выканкам. Яшчэ горш, калі вёска наогул перастае існаваць. Людзі з'язджаюць, а могілкі застаюцца. І — знікаюць.

— Мы грунтоўна падышлі да вырашэння гэтай праблемы, — кажа кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру», ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. — Летась у снежні далі аб'яву ў мясцовыя сродкі інфармацыі, каб людзі адгукнуліся. І вось атрымалі ўжо дзясяткі два такіх паведамленняў. Напрыклад, адзін сведка напісаў, што ў вёсцы Баршчоўка Бабруйскага раёна на сельскіх могілках ёсць закінутае пахаванне з помнікам, на якім пазначана каля дзесяці прозвішчаў салдат. Будзем правяраць сігнал. З Чавускага раёна паведамілі пра магілу невядомага салдата каля вёскі Атражжа і на станцыі Благавічы. Маўляў, ніхто гэтыя пахаванні не даглядае. Трэба будзе таксама з'ездзіць, праверыць, на ўліку яны ці не.

Падчас вахтаў памяці пошукавікі вельмі цесна працуюць з насельніцтвам і часта даведваюцца пра новыя адзіночныя пахаванні.

— Калі мы працавалі ў Шклоўскім раёне, нам паведамілі, што на калгасным полі ёсць магілка санітаркі, нават з агароджай, але нідзе на ўліку не стаіць, — згадвае Мікалай Барысенка. — Яе трэба або пераносіць у брацкую магілу, або браць на ўлік. Мы, дарэчы, менавіта тады за гэтую тэму і зачапіліся, а цяпер кінулі кліч па ўсёй вобласці.

Пара заглянуць у нямецкія архівы

Сёння для таго, каб пошукавікі пачалі дзейнічаць, дастаткова двух сведак, якія пацвердзяць, што гэта сапраўды пахаванне часоў вайны і там ляжыць чырвонаармеец або партызан. Сведкамі могуць быць як самі відавочцы або ўдзельнікі пахавання, так і іх дзеці або знаёмыя, якія ведаюць пра паходжанне магілы. Інфармацыю трэба перадаць у аддзел ідэалогіі выканкама, на тэрыторыі якога знаходзіцца пахаванне. Гэта неабходна для пастаноўкі магілы на ўлік як воінскага пахавання або пахавання ахвяр вайны.

Больш складана надаць статус закінутаму пахаванню, якое знешне нагадвае вайсковае. Для таго каб паставіць яго на дзяржаўны ўлік, патрэбны архіўныя дакументы, якія пацвердзяць, што яно сапраўды салдацкае.

— Паколькі мясцовасць была пад акупацыяй, знайсці архіўныя дакументы няпроста, — канстатуе Мікалай Барысенка. — Якія могуць быць дакументы, калі тут гаспадарылі немцы і паліцаі? Нямецкія архівы для нас адкрытыя, але не ведаючы мовы і вопісу фондаў, немагчыма нешта знайсці. Да таго ж трэба быць у тэме. Жыццё на акупаванай тэрыторыі — гэта наогул вельмі тонкія белыя плямы нашай гісторыі. Гэта табе не баявыя дзеянні, калі фронт стаіць і нямецкая дывізія злева, а савецкая — справа. Тут усё зразумела, хто вораг, хто наш. Баявыя зводкі, данясенні — гэта ўсё ёсць. А вось жыццё ў акупацыі — зусім іншая справа. Мы дагэтуль дакладна не ведаем, як Магілёў жыў у акупацыі, адны абрыўкі. Знаходзім пахаванні ў дварах, на пустэчы. І гэта горад, а не вёска. Добра, калі мясцовыя запісалі, якая баявая аперацыя была, што за чалавек пахаваны. Калі гэтага няма, устанавіць імя чырвонаармейца немагчыма.

Так быць не павінна

Усе салдацкія пахаванні павінны быць улічаны. Гэта народная памяць, гісторыя, боль. І ставіцца да справы павінны добрасумленна і самі людзі, і тыя, ад каго залежыць пастаноўка такіх магіл на ўлік.

Прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, сенатар Алег Дзячэнка, адразу ж называе некалькі няўлічаных пахаванняў на тэрыторыі сваёй акругі.

— На грамадзянскіх могілках вёскі Куты Вендаражскага сельсавета Магілёўскага раёна ёсць пахаванне Івана Фёдаравіча Свіршава, датаванае 1944 годам, — расказвае ён. — Гэта партызан Вялікай Айчыннай вайны. Загінуў 6 мая 1944 года. Да вайны працаваў інспектарам школ у абласным аддзеле народнай адукацыі. У спіс ваенных пахаванняў яго магіла не ўнесена, за ёй даглядаюць сваякі, якія жывуць у Магілёве.

Тут жа знаходзіцца пахаванне Уладлены Мікалаеўны Смірновай — роднай сястры падпольшчыцы і партызанскай сувязной Людмілы Мікалаеўны Смірновай. Уладлена Мікалаеўна памерла ад тыфу ў 1944 годзе. Яе магілу даглядаюць сваякі Маланні Іванаўны Мысавай-Ляньковай, у якой яна жыла падчас вайны. Па сутнасці, чужыя людзі. Былое кіраўніцтва сельсавета неахвотна адрэагавала на маю прапанову паставіць гэтыя пахаванні на ўлік, спаслалася на цяжкасці з іх доглядам. Ведаю таксама ўлічаную, але не дагледжаную салдацкую магілу на тэрыторыі другога раёна. З такімі фактамі, лічу, трэба вельмі строга разбірацца. Забеспячэнне належнага догляду адзіночных воінскіх магіл — аснова нашай далейшай дзейнасці. Павінна быць сувязь пакаленняў.

А гэты выпадак ужо магілёўскі. Тры гады таму пошукавікам патэлефанавала жыхарка Магілёва Рэгіна Палазкова, якая расказала, што з 1944 года на яе агародзе пахаваны салдат. Раней, калі жывыя былі бацькі, яны даглядалі магілку, на ёй стаяў крыж. Потым месца абазначылі яблынькай. Пошукавікі выехалі на адрас, і факт пацвердзіўся. Рэгіна Палазкова прызналася, што калі спрабавала звяртацца ў дзяржорганы з такой прапановай, ёй сказалі, што трэба будзе плаціць за эксгумацыю. І жанчына некалькі гадоў маўчала, каб канчаткова вырашыцца. Плаціць нічога не прыйшлося. Ёй яшчэ і падзякавалі за інфармацыю.

Не трэба маўчаць

Толькі за мінулы год на тэрыторыі Магілёўскай вобласці было выяўлена і пастаўлена на ўлік 20 новых вайсковых пахаванняў. Сёлета ўлічана яшчэ адно — у Асіповіцкім раёне.

— Сельвыканкамы выяўляюць іх падчас інвентарызацыі могілак, але вельмі часта невядома, ці быў гэта ваеннаслужачы, — кажа галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Юлія Залога. — Што датычыцца насельніцтва, то часцей за ўсё сігналізуюць жыхары вёсак, дзе ішлі жорсткія баі. Па іх зваротах складаюцца інфармацыйныя лісты, праводзіцца праверка, і, калі факт пацвярджаецца, звесткі накіроўваюцца ва ўпраўленне па ўвекавечанні, а аб'ект бярэцца на ўлік. Напрыклад, да нас звярнуўся пенсіянер, які на тэрыторыі ўрочышча Барок натрапіў на часовы саматужны знак байцу Чырвонай Арміі. Правялі праверку, і факт пацвердзіўся. Але бывае і наадварот. Брат з сястрой з Касцюковіцкага раёна амаль паўстагоддзя даглядалі магілку ў лясным масіве: ім нехта расказаў, што гэта воінскае пахаванне. У 2018 годзе яны вырашылі паведаміць пра яго ў выканкам. Былі праведзены адпаведныя пошукавыя работы, але астанкаў не знайшлі. Тым не менш мы заклікаем людзей, каб больш уважліва адносіліся да такіх вось абязлічаных ваенных магіл.

У Беларусі нядаўна была прынятая Праграма па ўвекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны на 2021—2025 гады. У рамках яе рэалізуецца некалькі задач — дзяржаўны ўлік і ўтрыманне ў належным стане воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў. І няўлічаных магіл чырвонаармейцаў быць не павінна. І тут галоўнае — не маўчаць.

— Бясспрэчна, усе адзіночныя магілы неабходна ставіць на ўлік у выканкамы. І правяраць, — лічыць начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Сяргей Варановіч. — У выканкамах павінны вырашаць, як далей дзейнічаць: пакідаць іх на месцах або пахаваць у брацкую магілу. На дадзены момант у нас па краіне 149 няўлічаных пахаванняў. І сёлета мы іх будзем адпрацоўваць. Неабходна захоўваць кожную салдацкую магілу. І спадзяёмся на тое, што насельніцтва таксама адказна аднясецца да гэтай праблемы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».