Вы тут

Свята-Раства-Багародзіцкая царква. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (руіны)


«Паглядзі ў неба...» З дзённікавых занатовак.


1962. Навокал вясновае разводдзе, нібы пачатак патопу. На возе мяне і сястру Валю бацькі вязуць у Дубравы ў царкву, каб пахрысціць. Нашы будучыя хросныя — бацькаў брат Славік і маміна сястра Аля — трымаюць нас на руках, як жывых лялек. Мне хоць і пайшоў трэці год, але я раву, як рэзаны. Бацька злуецца: «Вот ты, Ніна, выдумала нейкую язду ў царкву. Прывезлі б дахаты папа — і ўсё было б, як трэба...» Усе маўчаць, а я раву. Недзе там за гарою царква...

1965. На Радаўніцу з бабуляй Ганнай адведалі ў Крывічах магілку майго дзеда Міхася. Я, як толькі можа пяцігадовы хлапчук, дапамог бабулі з грудка вырваць траву і пасыпаць яго свежым жоўтым пясочкам. Падфарбавалі агароджу, паклалі каля крыжа некалькі велікодных яек. Дачакаліся бацюшку, які хадзіў па могілках і чытаў за памерлых малітвы. І толькі сабраліся ісці дахаты, як раптам наляцеў моцны вецер і наўкол пацямнела. Загрымеў першы вясновы гром, узляцелі з дрэў, як сухое чорнае лісце, вароны. «Пабеглі хутчэй дамоў!..»— занепакоіўся я, але бабуля ўзяла мяне за руку і спакойна павяла ў царкву. У Храме было шмат людзей і светла...

1972. З бацькам на возе еду ў Гарадок здаваць агрэст. Па дарозе распытваюся, дзе і што, і чаму ўсё так, а не іначай. Бацька ў добрым настроі, і таму расказвае з ахвотай пра ўсё на свеце. Праязджаем каля могілак. Маглі б проста праехаць, але бацька спыняе каня і вядзе мяне на могілкі паказаць, дзе і хто пахаваны з нашых блізкіх. У самім Гарадку спыняемся каля рэшткаў Храма, і тут бацька мяне заводзіць у сцены царквы і кажа: «Паглядзі ў неба...» Я гляджу, і ён пытаецца: «Што бачыш?» — «Неба...» — адказваю я. «А ў небе?» Я маўчу, а бацька кажа: «А там Бог...»

1973. У школе я добра бегаў, і мяне павезлі на спаборніцтвы ў Ракаў. Прабег нядрэнна. Да аўтобуса дахаты было яшчэ шмат часу, і нам дазволілі пабадзяцца па мястэчку. Наш фізрук некуды сышоў, старэйшыя хлопцы пайшлі піць «чарніла», а я застаўся адзін. Куды пайсці? І я пайшоў у царкву, каб паслухаць, як мяне вучыла бабуля, Божаньку. Зачынена. Перайшоў дарогу — далей за хатамі бачыўся высокі прыгожы касцёл. Падышоў да яго. Дзверы адчынены. Заходжу, а там змрочна, і конь з возам, з якога людзі згружаюць нейкія вялізныя мяшкі. Едучы дамоў, пра сваю вандроўку па Ракаве я расказаў фізруку, які на мой аповед усміхнуўся: «У касцёл у мяшках прывезлі новых грэшнікаў, і цяпер усю ноч будуць з іх малоць муку. Будзеш грашыць, і цябе змелюць...»

1985. Аднойчы ў інтэрнат Літінстытута да мяне зайшоўся зямляк, паэт Валерый Казакоў. Пагаварыўшы пра жыццё-быццё, ён прапанаваў: «Паехалі да мяне ў госці. Я цябе хоць пакармлю нармальнай ядой...». Жыў Валера недзе далёка на ўскраіне Масквы. Перад тым як ехаць да яго на кватэру, ён вырашыў прайсціся са мной па вуліцах вячэрняга горада. Ішлі доўга, і я думаў, што Валера мяне вядзе ў нейкі рэстаран. А прыйшлі ў царкву. Зямляк купіў свечкі, і мы іх запалілі за нашу Беларусь. Дома, пачаставаўшы, Валера даў мне пачытаць перад сном Біблію. На той час святыя кніжкі былі рэдкасцю, і я зачытаўся да гадзін дзвюх ночы. Хацеў заснуць, але не змог — у галаве круціліся словы: «И всё это суета сует и томление духа под солнцем...» У пяць гадзін раніцы апрануўся і, нічога не сказаўшы Валеру, паехаў да сябе ў інтэрнат...

1986. У падмаскоўны Загорск у Сергіеву лаўру я ездзіў на святыя святы. Апошнім разам паехаў з Людмілай. І якраз трапілі, што некалькі дзён таму там быў вялікі пажар — гарэлі келлі манахаў. Залатыя купалы Храмаў, пачарнелыя ад дыму сцены манаскага будынка, чорныя вялікія вароны на яшчэ чорных голых дрэвах і манахі ў чорным, як цені з мінулага, і мая Людміла сярод усяго гэтага, як Рагнеда...

1987. Сястра Валя папрасіла мяне быць хросным бацькам яе сына. Я згадзіўся, і мы паехалі ў Ракаў у царкву. Людзей у Храме не было. І бацюшка, пасля таго як атрымаў, што яму на той дзень Бог паслаў, пацікавіўся: «Як будзем хрысціць немаўля: па поўнай праграме ці па скарочанай?» Майму швагру якраз не выпадала расцягваць святую працэдуру на невядомы час, і ён згадзіўся на «кароткую праграму». Гадавалы Сярожа роў у мяне на руках, а я кусаў губы, каб не засмяяцца, успомніўшы недзе вычытанае: «Харашо гарланіць. Відаць, камсамольскім важаком будзе...»

1989. У які горад ці мястэчка ні прыеду, першае, што хочацца ўбачыць і куды схадзіць — гэта Храм. Пасля чарговага «Свята паэзіі ў Ракуцёўшчыне» госці са сталіцы, і ў тым ліку я, ідуць па дарозе да электрычкі. Зайшлі ў царкву, каб паставіць свечкі па Максіме Багдановічу. Следам за намі заляцела сінічка, і пакуль мы былі ў Храме, лётала пад купалам...

1992. Упершыню Дуброва, ці, як у нас прынята гаварыць, Дубравы, згадваецца ў летапісах у 1453 годзе, калі тут Глябовічамі быў фундаваны касцёл. У 1576 годзе на месцы старога касцёла Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка ўзвёў новы, у 1787 годзе той згарэў. Адам Хмара, тайны саветнік і ваявода мінскі, розных польскіх і расійскіх ордэнаў кавалер, які з 1791 года стаў новым уладаром мястэчка Дуброва, у 1796 годзе заснаваў на месцы раней існуючых драўляных касцёлаў, на пагорку, новую мураваную святыню ў стылі класіцызму пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. касцёл быў закрыты, у 1868 годзе яго перабудавалі пад праваслаўную царкву. У 1919 годзе будынак святыні вярнулі католікам. У чэрвені 1948 года касцёл закрылі, а ў 1949 годзе ён перададзены Дуброўскаму спіртзаводу пад склад і з часам ператварыўся ў руіну. Сцены касцёла і сёння стаяць на ўзгорку, як напамін пра тое, што яшчэ не ўсё страчана...

У Дубравах на рэштках Храма ў канцы васьмідзясятых, відаць, каб прыцягнуць увагу да разбуранай святыні, нехта фарбай напісаў: «Тут хрысцілі Янку Купалу!». Але і гэты святы падман не ўратаваў сцен Храма...

23.05.2010. У Навасёлкі знаёміцца з траюрадным дзядзькам Леанідам Жыткевічам, які цяпер на пенсіі і ў вольны час малюе, давялося ехаць аднаму — Людміла падпрастыла, а сын Максім паехаў з аднакласнікамі ў Тальку на экскурсію. Анатоль Блашчыцын — мой далёкі сваяк — уляцеў у электрычку на Маладзечна за хвіліну да адпраўлення. Усю дарогу прагаварылі, таму гадзіна язды праляцела незаўважна. У Дубравах нас ужо чакаў Леанід на машыне. Побач стаяў нейкі дзіўны трактар, за рулём якога сядзеў стары. Да яго залезла пажылая кабета з электрычкі, і яны паехалі. Леанід паведаміў, што гэты трактар чалавек змайстраваў сам. Яму цяпер 77 гадоў. Па дарозе ў Навасёлкі спыніліся каля Дубраўскай царвы, дзе якраз ішла служба, — Анатоль захацеў пакінуць памінальныя запіскі. У царкве было каля дзесяці чалавек. Збудаванне драўлянае. На ўваходзе вісіць шыльда: «Беларуская Праваслаўная царква ў імя Нараджэння Прасьвятой Багародіцы. Адноўленая ў 90-х гадах 20-га стагоддзя стараннямі свяшчэнніка Іаана Крупко». Святар у Дубравах вядомы і як паэт. Асобныя ягоныя вершы краязнаўца Міхась Казлоўскі дапамог надрукаваць у маладзечанскіх газетах. У Храме шмат ікон. Многія тканыя. У канцы службы ў царкву была занесена шырокая сіняя лава — пачалася падрыхтоўка да адпявання памерлага. Памёр пяцідзесяцітрохгадовы Руды з Навасёлак. Леанід не змог успомніць, як яго завуць. Адстаяўшы да канца службу, мы працягнулі сваю дарогу…

16.07.2011. Па дарозе з Мінска ў Маладзечна ў раёне Драздоў колькі разоў мы з Людмілай бачылі новы Храм. І вось сёння мы выбраліся паглядзець на яго зблізку. Выходзілі з дому пры пагодзе, а па дарозе трапілі пад дробны дождж, які ўсё ж нас не напалохаў. Храм цяпер рамантуецца, з яго зняты пазалочаны купал, які тут жа каля Храма ляжыць у траве, як шалом велікана. Агледзеўшы царкоўныя збудаванні, мы пайшлі да святой крыніцы, дзе на жалезным мастку маладажонамі падчас вяселля начэплена на шчасце некалькі дзясяткаў замкоў. Пасля наведання царквы і малітвы замкі на мастку мне падаліся паразітамі, якія харчуюцца жалезнымі мастамі...

2012. Жывучы ў цешчы каля Кальварыйскіх могілак, калі было сумна, з Людмілай хадзіў да магілы Янкі Лучыны. Час ад часу заглядалі і ў касцёл. Не маліліся, бо праваслаўныя, а проста стаялі і слухалі малітвы. Цяпер на Кальварыйскія могілкі ходзім і да Вячаслава Адамчыка, і да Алеся Пісьмянкова, і да Алеся Траяноўскага, і да Алеся Асташонка, і да Яўгена Куліка...

29.05.2013. Каля Храма лётае тапаліны пух, нібыта грэшныя душы мітусяцца...

28.04.2016. У Храме, як у акамянелым небе…

9.12.2016. У Храме-помніку ў гонар Усіх святых адбылася ўрачыстая цырымонія «Вяртанне» — закладка капсулы з зямлёй з месца пахавання Максіма Багдановіча. Была ганаровая вайсковая варта. Было шмат прадстаўнікоў духавенства, дзяржаўнай улады, творчай інтэлігенцыі, навукоўцаў, супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, студэнтаў і проста добрых людзей. Адчувалася, што мы сёння зрабілі яшчэ адзін крок да беларускай Беларусі, пра якую марылі лепшыя прадстаўнікі нашага народа. Пасля ўрачыстасцяў у Белай зале Храма адбылася літаратурна-музычная імпрэза «Калі ўсе мы разам ляцім да зор...». Выходзячы з Храма, падумалася: «Вось так бы адзначаліся ўсе юбілеі нашых славутых людзей!» З сённяшняга дня для мяне ў Храме Усіх святых будзе цэнтр маёй Беларусі, бо там часцінка Максіма Багдановіча.

9.08.2017. Прыйшоў з работы. Прылёг і заснуў. Снілася мора. Я ішоў па беразе і прыйшоў у нейкі незнаёмы горад. Захацеў спытацца, а няма ў каго. Зайшоў у Храм. Змрочна. Запаліў свечку, і навокал стала светла-светла. І я прачнуўся. У акно свяціла вечаровае сонца. Побач з ложкам драмала сабака, а ў другім пакоі спаў сын, які ўчора прыехаў з войска ў адпачынак. Праз гадзіну прыйшла з работы Людміла і прынесла для нас торт.

15.02.2018. Раніцай быў у царкве. Набываў грамнічныя свечкі. Ішла служба. Амаль усе старыя жанчыны і мужчыны, што былі спінамі да мяне, былі падобныя на маіх маму і тату.

Віктар ШНІП

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».