Вы тут

Таццяна Лугіна: «Хачу, каб людзі, якія стаяць у другой шарэнзе за мной, разумелі, што мы робім адну справу»


Тавары беларускай лёгкай прамысловасці часта атрымліваюць шмат кампліментаў ад гасцей краіны, найперш — за якасць. Ад нашага пакупніка, наадварот, гучыць нямала крытыкі — то за дызайн, то за цану. Але, несумненна, у кожнага ёсць свой любімы беларускі вытворца — бялізны, трыкатажу, абутку ці вопраткі, рэчы якога і ва ўласным гардэробе знойдуцца, і сябрам парэкамендуюцца. Старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Таццяна Лугіна з тых кіраўнікоў, хто пагаджаецца з крытыкай, і аб праблемах, здаецца, размаўляе больш ахвотна, чым аб поспехах. А галоўнае — дзейнічае і імкнецца праблемы вырашыць. Пра тое, якім павінен быць менеджар у дзяржсектары, каб зрабіць прадпрыемства паспяховым; ці выбірае сёння моладзь беларускае адзенне і прадукцыя якога прадпрыемства амаль цалкам адпраўляецца на экспарт, мы паразмаўлялі з кіраўніком галіны.


— Таццяна Аляксееўна, як прадпрыемствы лёгкай прамысловасці перажываюць пандэмію? Ці зменшыўся падчас яе попыт на адзенне і абутак? Ці дапамагло заставацца на плаву тое, што давялося часткова пераарыентавацца на пашыў масак і іншых сродкаў аховы?

— Калі падводзіць вынікі мінулага года, то з сакавіка мы адчулі ўвядзенне каранцінных мер у суседніх краінах. А ў красавіку-маі экспарт прадукцыі скараціўся на 60 %, а ў некаторыя краіны і на 80 %. Гэта не магло не адбіцца на эканоміцы прадпрыемстваў, але ўсе яны захоўвалі працаздольнасць і рабочыя месцы. З красавіка ўсе калектывы масава пераключыліся на выраб новай для большасці з іх прадукцыі — бытавых масак і медыцынскіх касцюмаў, халатаў, фартухоў, бахіл. Хоць прадукцыя нескладаная па вырабе, але гэта новы прадукт, які мусіць адпавядаць ДАСТам і патрабаванням. У красавіку-маі сутыкнуліся з недахопам марлі. Яе звыклых аб'ёмаў не хапала, таму ўчасткі на Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднанні і на магілёўскай «Стужцы» былі пераведзены на кругласутачны рэжым работы. На «Магатэксе» і на Аршанскім ільнокамбінаце частка ткацкіх станкоў была пераналаджана на вытворчасць марлі, хоць гэта працэс няхуткі: для перанастройкі і запраўкі сыравінай патрэбна да тыдня. Было распрацавана новае баваўняна-эфірнае палатно, якое адпавядала патрабаванням для бытавых масак. Усе вытворчыя магутнасці ў краіне, дзе ёсць машыны, якія могуць вязаць гумку, бейкі для выкарыстання ў гэтым асартыменце, таксама былі перанастроены і максімальна загружаны.

Дзесьці з 20 лютага гэта работа пачалася, а пік нагрузкі прыпаў на красавік-май. Я памятаю, у нас не было ніводнага выхаднога і свята: 8 Сакавіка (а гэта была нядзеля) мы выводзілі людзей на работу. Падключылі ўвесь бізнес лёгкай прамысловасці і індывідуальных прадпрымальнікаў, нават некаторыя абутковыя і галантарэйныя прадпрыемствы, каледжы. Выпускалі 2,2 мільёна масак у суткі. У чэрвені прыватная магілёўская фірма набыла аўтамат па вытворчасці аднаразовых медыцынскіх масак (ён здольны вырабляць 1,5 мільёна штук у суткі) і, вядома, стала лягчэй. Хоць і сёння часткова вытворчасць медыцынскіх касцюмаў і бахіл на нашых прадпрыемствах працягваецца.

Другі квартал мінулага года, калі многія рынкі закрыліся, прайшоў для нас з паказальна нізкай эфектыўнасцю. Наш асноўны маржынальны рынак — Расія, і яна прыняла рашэнне аб лакдаўне, у красавіку-маі ўсе магазіны і гандлёвыя пункты былі зачынены. Тут яшчэ і псіхалагічны момант, калі людзі вымушаны сядзець дома, таксама адбіўся на аб'ёмах рэалізацыі. Здавалася б, адзенне, абутак і галантарэя — прадукцыя запатрабаваная, але ў крызісныя часы прыярытэтнасць мяняецца, на першы план выходзяць медыцына і здароўе.

— У такіх умовах пакупнік найчасцей аддае перавагу інтэрнэт-магазінам...

— І мы развівалі інтэрнэт-гандаль. Сёння ўсе нашы прадпрыемствы ўсведамляюць, што прасоўванне тавараў мусіць быць і праз інтэрнэт-магазіны, і не толькі. Зручная форма, якая спадабалася многім пакупнікам, — тэлемагазіны. Дома можна паглядзець тавар, паслухаць пра яго ўласцівасці, замовіць па тэлефоне, і табе яго даставяць, дадуць магчымасць памераць. Шэраг нашых прадпрыемстваў, у прыватнасці Аршанскі льнокамбінат, Лідская абутковая фабрыка, «Купалінка», «Світанак», ужо вядуць работу з тэлемагазінам «Дома ТБ». Зразумела, такія пляцоўкі патрабуюць як мага ніжэйшую цану, і нашым вытворцам не проста задаволіць іх пажаданні. Часам даводзіцца кіраваць працэсам і ў ручным рэжыме: тэлефануеш кіраўнікам нашых прадпрыемстваў: «У цане вы не сышліся, але давайце падумаем, як мы можам з імі працаваць». Усё ж такі гэта напрацаваная база спажыўцоў, канал заваяваў іх лаяльнасць. Пакуль, вядома, беларускай прадукцыі ў тэлемагазінах мала, і вельмі прыкра, што 70-75 % долі ў іх гадавой рэалізацыі — тавар Расіі. Але яе заснавальнікі гатовы з намі супрацоўнічаць і разумеюць важнасць вылучэння эфірнага часу для беларускага тавару. Спадзяюся, што ў найбліжэйшы час прадпрыемствы канцэрна будуць там прадстаўлены.

— Якая цяпер сітуацыя з экспартам?

— Сёлета мы бачым, што рынак Расіі ажыў. Нават праводзяць выстаўкі — нас запрашалі на Тыдзень расійскага тэкстылю і лёгкай прамысловасці, дзе ўдзельнікі, засумаваўшы па рабоце, абменьваліся планамі і перспектывамі. І мы намецілі шэраг наступных наведванняў. Але непакояць іншыя краіны. З Украінай, ЗША, еўрапейскімі нельга сказаць, што адбылося поўнае абнуленне, але работа далёкая ад дасканаласці. Калі людзі сядзяць дома, які гэта бізнес? Гасцінічная і рэстаранная сферы пакуль у ступары. А той жа тэкстыль — гэта не толькі хатнія прылады, але і вялікая частка рэстаранна-гасцінічнага бізнесу, дзе ў звычайны час пастаянна абнаўляюцца парцьеры, абрусы, сурвэткі, пакрывалы, дывановыя пакрыцці. Гэта вялікі пласт спажывання. Тэкстыльная група ў нас цяпер пакутуе, канешне. У таго ж Аршанскага льнокамбіната рынак Расіі ў структуры адгрузкі займае ўсяго 12-15 %, рынак Еўрасаюза — 33 %, Турцыі — каля 20 %, ЗША — каля 11 %. Таму сказаць, што ў нас усё добра, я не магу.

— Адно з нараканняў на беларускае адзенне — яго высокая цана. І пакупнікі ідуць не ў магазіны айчынных вытворцаў, а на рынкі па кітайскі тавар, у «цюбецейкі» — па ўзбекскі, у сэканды... Беларускае адзенне так і застанецца ў высокім і сярэднім цэнавым сегменце?

— Прынамсі ў найбліжэйшай будучыні я не бачу, што ў нас будзе магчымасць адпавядаць цэнам узбекскага вытворцы. Вялікую долю ў кошце нашых вырабаў мае сыравіна. У нашай краіне, акрамя лёну і скуры, сваіх сыравінных рэсурсаў няма. Мы вымушаны за валюту завозіць бавоўну, пэўныя сінтэтычныя складнікі. У «Светлагорскхімвалакна» і «Магілёўхімвалакна» сыравіна — нафтапрадукты, а гэта таксама імпарт з залежнасцю ад курса валюты і кошту бараля нафты. Увоз сыравіны — адзін з ключавых момантаў, які не дазваляе адпавядаць цэнам узбекскіх і кітайскіх вытворцаў. Акрамя таго, на сабекошт уплываюць і заработная плата нашых работніц, і кошт электраэнергіі, і сацыяльныя абавязацельствы...

Так, наша прадукцыя даражэйшая, але і па якасці яна іншая. Сёння шмат крытыкі ў наш адрас, магчыма, і дызайнеры нашы дзесьці недапрацоўваюць. Тым не менш якасць, пачынаючы ад тканіны, палатна, у нас адпавядае не толькі ўсім патрабаванням тэхнічнага рэгламенту, але і крытэрыям доўгай носкі, прання, эксплуатацыі, нагрузак і працяглага знаходжання ў адзенні. Усё пералічанае ў нас на належным узроўні. У больш таннага тавару да тэрміну эксплуатацыі і іншых якасных паказчыкаў падыходы крыху іншыя. Сёння не сакрэт, што частка ўзбекскага тавару, у прынцыпе, не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту. І цяпер гэта для іх пытанне складанае — яны, магчыма, і хацелі б, але і тэхналагічны працэс з-за такіх момантаў падаўжаецца, і сабекошт павышаецца. Дзесьці трэба дадаць хімічных рэчываў для ўмацавання, фінішнай апрацоўкі, каб застабілізаваць колер, каб тканіна не давала ўсадкі пасля прання. А гэта затраты — пары, электраэнергіі, часу...

Так, мы знаходзімся ў сярэднім і высокім цэнавым сегменце, але і наш пакупнік прызвычаіўся, што беларускае — сінонім высокай якасці. Былі спробы ў некаторых нашых вытворцаў перайсці на больш танны прадукт: і па саставе, і па выкананні, і нават ігнараваць некаторыя патрабаванні па якасці. Але наш пакупнік патрабуе, каб шво не разыходзілася, нітка не растваралася, піжама на 10 см не «падскоквала» пасля мыцця. І па саставе ў беларускай прадукцыі мусіць быць бавоўна, шэрсць ці як мінімум віскоза, а не поліэфір, які мы часам бачым ва ўзбекскіх майках, на якіх напісана «100 % бавоўна».

— Як прыцягнуць да беларускіх вытворцаў моладзь, якая сёння аддае перавагу магазінам масмаркету, якіх у нас цяпер шмат?

— Я мяркую, што нікога не варта актыўна зазываць. Не сакрэт, што для моладзі характэрна адмаўленне — калі навязваеш сваё меркаванне, яна зробіць наадварот. Відавочна, вельмі важны імідж, павага, лаяльнасць, і заваёўваць іх трэба работай і ў частцы дызайну, і даносіць вартасці беларускага прадукту праз СМІ, інтэрнэт-пляцоўкі, блогераў, інфлюенсераў. Гэтыя механізмы намі выкарыстоўваюцца, хоць яшчэ і не ў поўнай меры.

Важнае і разняволенне нашага вытворцы. Сёння на прадпрыемствах зашмат кансерватыўных меркаванняў. Часам, калі з'яўляецца нейкая смелая рэч, то чуеш: «Мы не зможам яе прадаваць — давайце не будзем запускаць». Сёння і тыя мастакі, якія ёсць на прадпрыемствах, гатовы даваць больш смелыя рашэнні, але, на жаль, у дырэктарскага корпуса, камерцыйнай службы свой погляд. Трэба больш давяраць мастакам і стылістам на прадпрыемствах, уводзіць такія пасады, як менеджар па развіцці, які нясе адказнасць за мадэлі, якія ідуць у вытворчасць, і за тое, што яны прадаюцца альбо не.

Zara, H&M і іншыя гандлёвыя сеткі, пра якія вы кажаце, размясцілі вытворчасць сваіх калекцый у Азіі і яшчэ ў 90-я затрацілі каласальныя рэсурсы на пракачку брэнда і фарміраванне лаяльнага кола пакупнікоў. Каля 20 % ад гадавой выручкі яны накіроўвалі на фарміраванне меркаванняў. Рэклама, імідж, адпаведныя манекеншчыцы — усё гэта яны зрабілі вельмі здорава. У нас распалася краіна, і мы выратоўвалі сваю вытворчасць, часта без ведаў асноў жорсткага рынку. А еўрапейцы мелі такі вопыт, спецыялістаў, тэхналогіі. Яны прыйшлі ў Кітай з яго танным працоўным рэсурсам, далі мільёнам людзей работу, а калекцыі фарміравалі еўрапейскія дызайнеры. Я была ў Кітаі і Бангладэш і бачыла, як вырабляецца адзенне. Нярэдка яго адшываюць дзеці. Майка ў закупе каштуе 1,5-2 долары. Зрабіць так, каб наша была менш за 10 долараў, вельмі складана. Таму ў кожнага свая ніша.

Мяркую, што і моладзь прыходзіць да таго, што беларускае — гэта якасць. Фарміраваць лаяльнасць, дарэчы, дапамагае прыватны бізнес лёгкай прамысловасці. У нас каля дзвюх тысяч прадпрыемстваў, з іх палова займаецца менавіта шыццём і вязаннем вырабаў. Шмат дробнага бізнесу — невялікія кампаніі па 15 чалавек, асабліва ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, ды і ў Мінскай. Яны сёння прадстаўлены ў сталічным гандлёвым цэнтры «Галерэя» ў Трэнд-парку. Там ёсць іміджавыя калекцыі сучаснага адзення для моладзі — у невялікіх серыях. Можна штосьці набыць без рызыкі сустрэць «двайніка» на вуліцы. Моладзь любіць гэтыя крэатыўныя і смелыя рэчы.

Дарэчы, з масавага і буйнога ў нас засталіся толькі бялізнавыя прадпрыемствы. Вялікая вытворчасць у «Камінтэрна», але гэта класічны мужчынскі касцюм, яшчэ ў «Контэ» і «Элемы». Два апошнія, дарэчы, запатрабаваны сёння і ў моладзі. Мяркую, што рана ці позна кожны прыходзіць да таго, што хочацца мець якаснае адзенне — натуральнае і прыемнае для цела.

— Таццяна Аляксееўна, на цяперашняй пасадзе вы працуеце паўтара года. Што самае складанае ў рабоце старшыні канцэрна?

— Мне хацелася б, каб усе ў камандзе дырэктарскага корпуса прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці і ідэйна, і па энергетыцы, і па натхненні выкладваліся на сто і больш працэнтаў на давераных ім прадпрыемствах. У прыватным бізнесе заснавальнік ці наёмны дырэктар разумее, што ўсе яго рашэнні ўплываюць на прыбытковасць, і ад выніку яго работы будзе залежыць і зарплата, і жыццё гэтага прадпрыемства. Я дзяржаўны чалавек, і мне даверана дастаткова вялікая частка маёмаснага комплексу і дзяржаўных актываў. Таму мне вельмі важна, каб на кожным дзяржаўным прадпрыемстве (а іх сёння ў складзе канцэрна 43), прычым дастаткова буйных, кіраўнікі выкладваліся па поўнай для павышэння эфектыўнасці і выніковасці. Хачу, каб людзі, якія стаяць у другой шарэнзе за мной, разумелі, што мы адна каманда і робім адну агульную справу.

Галіна складаная і высокаканкурэнтная, прычым рашэнні патрэбны не заўсёды стандартныя — часам тое, што год таму прынесла поспех, не спрацуе сёння. Людзі павінны быць ініцыятыўныя, якія думаюць і хутка прымаюць рашэнні, кантралююць сітуацыю не толькі ў сябе. Некаторыя плачуць, што сёння пандэмія і нічога не прадаецца. Не прадаецца, але пастаянна трэба шукаць выйсце — любы пралаз. Самае складанае — знайсці такія рухавікі, якія працавалі б нягледзячы ні на што! З кожным годам канкурэнцыя па ўсіх напрамках узмацняецца, таму і ў дзяржсектары менеджар павінен быць крэатыўны, нераўнадушны, ініцыятыўны, неспакойны — толькі так можна выжыць і вывесці сваю каманду наперад у постпандэмійныя часы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.