Вы тут

Гісторыя жыцця жанчыны-механіка-кіроўцы танка Марыі Акцябрскай


Яркія старонкі ў біяграфію краіны ўпісалі многія нашы суайчынніцы, якія сталі прыкладам патрыятызму, працавітасці і вернасці грамадзянскаму абавязку і сям'і. Неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу над гітлераўскімі захопнікамі ўнеслі жанчыны, многія з якіх мужна прайшлі агністымі франтавымі дарогамі, ваявалі ваеннымі медыкамі, сувязістамі, лётчыкамі, снайперамі, разведчыкамі, партызанамі. У адным шэрагу з гэтымі адважнымі жанчынамі — механік-кіроўца танка «Баявая сяброўка» гвардыі сяржант Марыя Васілеўна Акцябрская, якая вызначылася пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.


Яна нарадзілася 3 жніўня 1902 года ў Крыме ў вялікай сям'і ўкраінскіх сялян. Дзяцінства правяла ў Севастопалі і Джанкоі, школу скончыла ў Сімферопалі. Працавала на кансервавым заводзе, тэлефаністкай на гарадской тэлефоннай станцыі. У Сімферопалі Марыя Васілеўна пазнаёмілася з кавалерыстам Ільёй Фёдаравічам Радэнкам. У 1925 годзе маладыя людзі пажаніліся. Яны вырашылі, што іх новая сям'я павінна атрымаць і новае прозвішча — Акцябрскія. Марыя вельмі адказна паставілася да ролі жонкі камандзіра: «Выйшла замуж за воіна — і ты служыш у войску; жонка камандзіра — гордае званне і тое, якое абавязвае». Жанчына навучылася кіраваць аўтамабілем, страляць з вінтоўкі, нагана, кулямёта, кідаць гранаты, скончыла курсы медсясцёр, здала нормы на званне «Варашылаўскі стралок». Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Марыя з мужам жылі ў Кішынёве. Ілья Акцябрскі пайшоў на фронт, Марыя Васілеўна эвакуіравалася ў Томск, дзе зноў пачала працаваць тэлефаністкай. У канцы лета 1941 года яна атрымала «пахавальны ліст», у якім гаварылася: «Ваш муж, палкавы камісар Ілья Фядотавіч Акцябрскі, загінуў смерцю храбрых 9 жніўня 1941 г. у адным з баёў на Украіне». Пазней Марыя даведалася, што яе муж у сваім апошнім баі пад Кіевам асабіста вёў байцоў у контратаку, пакуль не быў забіты кулямётнай чаргой.

Вялікае асабістае гора не зламала моцную духам жанчыну. Яна вырашыла пайсці на фронт. Марыя неаднаразова звярталася ў ваенкамат з просьбай накіраваць яе ў дзеючую армію, але атрымлівала адмову — ёй было 36 гадоў, і яна перанесла цяжкае захворванне. У гэты перыяд у краіне ішоў актыўны збор сродкаў на абарону краіны — на пабудову самалётаў, танкаў, бронемашын. Марыя таксама пачынае збіраць грошы і вырашае на свае зберажэнні пабудаваць танк. Да вясны 1943 года патрэбная сума — 50 тысяч рублёў — была сабрана і адпраўлена ў Дзяржбанк.

Сабраўшы грошы, Марыя ідзе на адчайны крок: яна адпраўляе тэлеграму на імя Сталіна. Вось што было ў ёй сказана: «У баях за Радзіму загінуў мой муж — палкавы камісар Акцябрскі Ілья Фядотавіч. За яго смерць, за смерць усіх савецкіх людзей, закатаваных фашысцкімі варварамі, хачу адпомсціць фашысцкім сабакам, для чаго ўнесла ў Дзяржбанк на пабудову танка ўсе свае асабістыя зберажэнні — 50 000 рублёў. Танк прашу назваць «Баявая сяброўка» і накіраваць мяне на фронт у якасці кіроўцы гэтага танка». І вельмі хутка прыйшоў адказ з падзякай за клопат аб бранятанкавых сілах Чырвонай Арміі і пра тое, што яе жаданне будзе выканана.

У маі 1943 года Марыя Акцябрская папоўніла строй курсантаў навучальнага танкавага палка ў Омску, у якім рыхтавалі спецыялістаў-танкістаў. Курс механіка-кіроўцы ў гэтым палку займаў чатыры месяцы. Пасля паспяховай здачы экзаменаў Марыі прысвоілі званне «сяржант» і залічылі ў экіпаж малодшага лейтэнанта Пятра Чабоцькі, у які таксама ўвайшлі сяржант Генадзь Ясько і стралок-радыст Міхаіл Галкін. На вежы новай «трыццацьчацвёркі» з двух бакоў вывелі белай фарбай — «Баявая сяброўка». Экіпаж быў уключаны ў склад 2-га батальёна 26-й гвардзейскай танкавай брыгады 2-га гвардзейскага танкавага корпуса.

Танк Т-34 «Баявая сяброўка» з ходу ўступіў у бой у канцы 1943 года каля вёскі Новае Сяло на Віцебшчыне. Падчас жорсткай бітвы танк быў падбіты. Марыю паранілі ў нагу, але экіпаж не пакінуў машыну. Двое сутак танкісты вялі агонь з гармат і кулямёта, а ўначы рамантавалі танк. Аб экіпажы і яго адважным механіку-кіроўцу напісала франтавая газета: «Слаўная «трыццацьчацвёрка» «Баявая сяброўка» працягвае наводзіць жах на гітлераўскіх захопнікаў. Толькі ў адным баі танкісты знішчылі дзве аўтамашыны, больш за 30 салдат і афіцэраў праціўніка. Калі скончыліся боепрыпасы, механік-кіроўца тав. Акцябрская рашуча і смела пратараніла нямецкую калону».

Камандзір 26-й гвардзейскай танкавай брыгады палкоўнік Сцяпан Несцераў падпісаў узнагародны ліст, у якім гаварылася: «Гвардыі сяржант Акцябрская на набытым ёю за наяўны разлік танку адпомсціла фашыстам за смерць свайго мужа. Акцябрская — смелы, бясстрашны воін». Ордэн Айчыннай вайны І ступені быў уручаны ёй у шпіталі Смаленска.

17 студзеня 1944 года пад Віцебскам, дзе ішлі цяжкія баі, у адной з бітваў каля чыгуначнай станцыі Крынкі Лёзненскага раёна, механік-кіроўца Марыя Акцябрская раздавіла сваёй баявой машынай два кулямётныя пункты і два дзясяткі варожых салдат і афіцэраў. У гэтым баі танк быў падбіты. Нерухомы, ён быў добрай мішэнню. Пад агнём Марыя вылезла з машыны, каб ліквідаваць пашкоджанне, але асколкамі была цяжка параненая ў галаву. На самалёце Марыю Васілеўну даставілі ў Смаленск. Урачы шпіталя, куды была дастаўлена жанчына, рабілі ўсё, што маглі, каб выратаваць яе, але раненне аказалася занадта цяжкім...

15 сакавіка 1944 года гвардыі сяржант Марыя Акцябрская памерла ў Смаленскім франтавым шпіталі. Пахавана ў Смаленску. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 жніўня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, гвардыі сяржанту Акцябрскай Марыі Васілеўне прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Імянны танк працягваў змагацца з немцамі да самага Кёнігсберга.

Марыя Акцябрская залічана ў спісы адной з воінскіх часцей. У Смаленску, Джанкоі і Лёзне яе імем названы вуліцы. На месцы апошняга бою, на чыгуначнай станцыі Крынкі на Лёзненшчыне, устаноўлены помнік.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: Марыя Акцябрская і яе «Баявая сяброўка»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.