Вы тут

Пра што расказала падшыўка? «Чырвонка» 20-х, 30-х, 40-х, 50-х...


У красавіку «Чырвонай змене» (а сёння гэта яе правапераемнік — «Чырвонка. Чырвоная змена») спаўняецца 100 гадоў. У які складаны, цікавы і важны час яна нарадзілася! Беларусь толькі аднаўлялася пасля вайны, але, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, разруху, колькі ўвагі аддавалася станаўленню культуры, нацыянальнага друку, адукацыі, навукі. «Чырвонка» — равесніца Белдзяржуніверсітэта і Нацыянальнай бібліятэкі. Натуральна, станаўленне і дзейнасць гэтых устаноў шырока адлюстроўваліся на старонках маладзёжнай газеты. Па яе падшыўках мы можам сачыць, як будаваліся заводы, жыллё, новыя школы, бібліятэкі, клубы. Вялася барацьба з непісьменнасцю, дарэчы, да гэтай справы актыўна далучылася і маладзёжная газета (чытачы дасылалі ў рэдакцыю лісты, у якіх прызнаваліся, што па «Чырвонай змене» вучыліся чытаць). З 11 красавіка 1925 года газета друкуецца па-беларуску — і ўжо з розных куткоў рэспублікі ідуць справаздачы аб тым, як па газеце моладзь вывучае мову.

Але падшыўкі могуць расказаць не толькі пра маштабныя будоўлі і падзеі стагоддзя, яны адлюстроўваюць эпоху, ідэі, думкі, надзеі, мары маладых людзей. Давайце не проста зазірнём у старыя нумары «Чырвонай змены», але і спрычынімся да тых пошукаў лепшай долі хлопцаў і дзяўчат 20-х, 30-х, 40-х, 50-х... Даведаемся, як многа яны паспелі зрабіць.


Вясенні сюрпрыз

Рэдакцыя газеты 1926 г.

«Дым, сажа і пах пораху Грамадзянскай вайны яшчэ не ўлягліся. Беларусь яшчэ «не стабілізавалася».

Беларускі камсамол толькі што выйшаў з падполля, пачаў распраўляцца, пашыраць сваю работу сярод мас моладзі.

У гэтыя дні ўжо быў неабходны друкаваны орган», — згадваў адзін з першых супрацоўнікаў «Чырвонай змены» Барыс Кузняцоў. Халоднай зімой 1920—1921 гадоў актыў камсамола, які жыў у неацепленых нумарах гасцініцы «Еўропа», пасля дня работы (пасяджэнняў, сходаў, мітынгаў, нядзельнікаў) вечарамі абмяркоўваў характар будучай газеты, яе назву, малюнак загалоўка (разам з мастаком), як дастаць грошы, наладзіць пытанні з выпускам і распаўсюджваннем газеты. Шмат увагі аддавалася і пошуку аўтараў, і ўжо з першых нумароў у газету пайшлі шматлікія карэспандэнцыі з розных куткоў Беларусі.

Першы нумар выйшаў 21 красавіка 1921 года — да другога Усебеларускага з'езда камсамола. Газету выпускалі «ў строгім сакрэце» — хацелі зрабіць з'езду сюрпрыз. Пра выхад яе ведаў толькі прэзідыум. Хоць тайну не ўдалося схаваць, са з'езда будучыя чытачы званілі ў рэдакцыю кожныя 5-10 хвілін і цікавіліся, як друкуецца першы выпуск. А ў клубе імя Карла Маркса, дзе праходзіў з'езд, з вуснаў у вусны перадавалася вестка пра тое, што зараз прынясуць «нашу» газету…

Падпісная кампанія 20-х.

У падшыўцы «Чырвонкі» за 1924 год у артыкуле «Як «Чырвоная змена» сарвала пасяджэнне з'езда» змешчаны успаміны пра той дзень: «Ледзьве дачакаўшыся, пакуль машына зробіць 300 абаротаў, рэдактар хапае паўтары сотні газет і стралой, забыўшы спехам шапку і нават партфель, імчыць у клуб. Пулей пралятае ў калідор і, як ледзь-ледзь аддыхаўся, ціхенька адчыняе дзверы, каб незаўважаным прабрацца да прэзідыума.

Якое! У імгненне крэслы апусцелі, а ў дзвярэй пачынаецца бойка. Няшчасны рэдактар. На яго наваліліся адразу чалавек сто і ірвуць, і давяць, і хапаюць.

Разгубіўся дакладчык. Спыніўся. Дарэмна бразгае старшыня ў званочак... Адляцеў язычок у званочка. Паглядзеў на яго старшыня, плюнуў, кінуў на падлогу і, забыўшыся на ўсё на свеце, нават на строгі наказ, які даў па тэлефоне рэдактару «не ўзнімаць шуму, калі прынясеш газету», сам кідаецца да дзвярэй, уразаецца ў кучу і, выхапіўшы газету, упіваецца ў яе позіркам. За ім — увесь прэзідыум.

Толькі праз паўтары гадзіны, калі кожным з дэлегатаў з'езда была прачытана газета «ад дошкі да дошкі», пасяджэнне аднавілася».

Твар «Маладзёжкі»

«Чырвоная змена» нарадзілася і на ўсё жыццё засталася з цудоўным вясеннім тварам — таго юнака з факелам, які ў былыя гады красаваўся каля загалоўка газеты... Гэты малюнак быў характэрны для тых, прапахлых дымам Грамадзянскай вайны, дзён. Тады камсамольцы хадзілі з галоднымі зморанымі тварамі, з ружжамі, што прыхінуліся да халоднага чорнага срэбра скураных куртак.

У цяжкіх матэрыяльных умовах, выходзячы на жоўтай абгортачнай паперы, «Чырвоная змена» крычала ўсяму Саюзу, што час — грошы, што трэба «вучыцца агранамічным ведам», «падняць прадукцыйнасць працы», «палепшыць сваю кваліфікацыю», «умацаваць шэфства над флотам».

І такой — дзелавітай, заўсёды энергічнай — прыйшла «Чырвоная змена» да свайго 5-гадовага юбілею.

«Цяпер вясенні твар нашай газеты глядзіць з лозунгаў за эканомію, якасць і новы быт», — так у красавіку 1926 года газета дае першую святочную справаздачу перад чытачамі.

Са штотыднёвіка з тыражом у 200 экзэмпляраў за пяць гадоў «Чырвоная змена» вырасла ў газету, якая выдаецца праз дзень, з тыражом у 10 тысяч 500 экзэмпляраў. Уведзены шэраг пастаянных аддзелаў: міжнароднага жыцця, жыцця працоўнай моладзі, Чырвонай Арміі, піянерыі, жыцця вясковай моладзі. Толькі пачаў працаваць і новы аддзел мясцовага жыцця, які асвятляе не толькі камсамольскую работу, але і дзейнасць Інбелкульта і літаб'яднання «Маладняк», гаспадарчых органаў, судовыя справаздачы, дае паведамленні пра здарэнні. Сюды, у аддзел, набралі маладых аўтараў, для якіх гэтая работа ў газеце — першы журналісцкі вопыт.

Між іншым, з заметак у «Чырвоную змену» ці дасланых туды вершаў пачыналі многія паэты і празаікі. Так, сюды дасылалі свае першыя спробы пяра Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Мікола Хведаровіч, Паўлюк Трус. «Маладнякоўцы» Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Адам Бабарэка, Міхась Чарот, Андрэй Александровіч таксама супрацоўнічалі з «Маладзёжкай».

«Рэдакцыйныя работнікі павінны яшчэ больш уважліва, больш старанна ўчытвацца ў кожную заметку, востра сачыць як за дакладнасцю думак, так і за пісьменнасцю моладзі, памятаць, што на заметках моладзь вучыцца жыць і працаваць, а карэспандэнты вучацца, як у далейшым пісаць», — заўважаў Куртык, які ў 1926 годзе рэдагаваў газету.

Вялікая вада

Пра тое, што аўтарытэт газеты з кожным годам павялічваўся, сведчыць рост яе тыражу. Так, у 1931 годзе ён складае ўжо 33300 экзэмляраў, і газета ставіць амбіцыйныя задачы надалей павялічыць яго да 60 тысяч. Дзесяцігоддзю «Чырвонкі» маладыя людзі прысвячаюць свае працоўныя подзвігі (у гэты час па краіне праводзяцца сацыялістычныя спаборніцтвы), ствараюць новыя ўдарныя брыгады і ладзяць «чырвоназменаўскі» набор у камсамол.

Толькі святкавання ў красавіку не адбылося (яго перанеслі на 10 мая). Больш за тое, часова быў спынены выхад газеты.

«Зацяжная зіма з вялікімі снегавымі завеямі, рэзкае пацяпленне ў апошнія дні, як і трэба было чакаць, выклікалі хуткае раставанне снегу і вялікі разліў рэчак. Гэты разліў пагражае псаваннем шляхоў зносін, нармальнай рабоце прамысловасці. Камсамольцы, чырвонаармейцы і рабочыя заводаў у барацьбе з разводдзем», — пісала газета.

21 красавіка 1931 года Свіслач выйшла з берагоў. Старажылы казалі, што такога страшнага разліву не было ўжо 40 гадоў. Вада пацякла па Садовай, Беларускай, Татарскай, Садова-Набярэжнай, Пуліхавай Слабадзе, Клябанаўскім завулку і іншых вуліцах. У Серабранцы яна б знесла мост, калі б не самаадданая праца моладзі (300 камсамольцаў латала прорву каля моста, так збудаванне ўдалося «вырваць з рук стыхіі»).

Пачаліся праблемы з электрычнасцю. Вада наступала на электрастанцыю. «Па шыі ў вадзе, рабочыя ўзнімалі маторы, гераічна змагаючыся са стыхіяй... Спыніўся з-за непадачы току і рад прадпрыемстваў».

«Увесь камсамольскі актыў завода «Камунар» у колькасці 260 чалавек мабілізаваны на барацьбу з паводкай. Тры змены ў дзень гераічна абараняюць завод.

76 камсамольцаў напагатове. Яны ахоўваюць маторы, машыны і рухавікі. Круглыя суткі 35 камсамольцаў рамантуюць мост (наладжваючы пераправу насельніцтва).

Машыны, маторы, рухавікі выратаваны. Аднак усе цэхі завода ў вадзе. Камсамольцы даюць прыклад змагання са стыхіяй. Агульны сход рабочых пастанавіў: дні прастою заводу адпрацаваць, каб ударнымі тэмпамі нагнаць прапушчанае».

Падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.