Вы тут

Як працуюць ваенныя метэаролагі?


Метэаралагічныя зводкі даўно сталі неад'емнай часткай нашага жыцця. Але калі звычайнага чалавека, як правіла, цікавіць, як жа давядзецца апранацца і ці браць з сабой парасон, то ў Ваенна-паветраных сілах і войсках проціпаветранай абароны прагноз надвор'я адрозніваецца максімальнай скрупулёзнасцю. Стаўка пры гэтым вельмі вялікая — бяспека палётаў і экіпажа кожнага лятальнага сродку.


Займаюцца ж аналізам абстаноўкі «за бортам» спецыяльна навучаныя афіцэры — ваенныя метэаролагі. Іх у нашай краіне не так шмат — усяго некалькі дзясяткаў. У Беларусі гэтай справе не вучаць. Нашых ваенных метэаролагаў рыхтуюць у Варонежы, на базе Ваенна-паветранай акадэміі імя прафесара Жукоўскага і Гагарына па мэтавым наборы, які праводзіць Міністэрства абароны. Адзін з іх — начальнік метэаралагічнай службы 50-й змяшанай авіябазы, капітан Якаў Мінько. Ён і расказаў пра асаблівасці сваёй работы.

— Неспрактыкаванаму чалавеку здасца, што мы выконваем такія ж задачы, як і грамадзянскія метэаролагі. Але гэта зусім не так. Задачы ў нас выключна спецыялізаваныя. Напрыклад, вы ў звычайным прагнозе надвор'я не прачытаеце пра тэмпературу паветра на вышыні ў некалькі тысяч метраў або пра тое, у які бок і з якой сілай там дзьме вецер. Ды і навошта звычайнаму чалавеку пра гэта ведаць? А вось лётчыкі пра метэасітуацыю ў сваім паветраным эшалоне павінны быць абазнаныя на сто працэнтаў, — заўважае Якаў Мінько. — Тым больш што надвор'е пераменлівае ў нас нават у прыземным слоі паветра. Што ўжо казаць пра вышыню, дзе сітуацыя на адлегласці ў тысячу і дзве тысячы метраў ад паверхні зямлі можа кардынальна адрознівацца? А наша задача — пралічыць усе такія з'явы максімальна аператыўна і дакладна. Таму работа ваеннага метэаролага ўвесь час звязана з аналізам і маніторынгам даных.

Які ж час года найбольш складаны для ваенных метэаролагаў? Што для адных прыгожа, для другіх — істотнае абцяжарванне ўмоў работы...

— Больш за ўсё клопату нам дадаюць восень і зіма, — кажа Якаў Мінько. — Па-першае, гэта вялікая колькасць ападкаў і іх разнастайнасць: снег, мокры снег, дождж, імжа... А па-другое, мы абавязкова робім разлікі ніжняй мяжы воблачнасці і бачнасці. Уплывае і тое, што светлавы дзень становіцца вельмі малы. Але складанасці датычацца не толькі прагназавання метэасітуацыі для палётаў. Напрыклад, калі пройдзе снег, то трэба прыбіраць узлётна-пасадачную паласу, падтрымліваць аэрадром у стане пастаяннай гатоўнасці. І гэта ўжо не кажучы пра магчымасць абледзянення, калі тэмпература ў прыземным слаі паветра адмоўная, а наверсе — станоўчая.

Дзве апошнія зімы былі не падобныя адна да другой. Калі ў 2019-м зіма засталася хіба толькі ў календары, то на рубяжы 2020—2021 гадоў нас чакаў увесь спектр адпаведных умоў надвор'я: моцныя маразы, істотныя снегапады, галалёд, парывісты вецер, адлігі...

— Не сказаць, каб гэтая зіма была асабліва цяжкая. Лічу, што яна прайшла як па падручніку. Хоць, вядома ж, для нашай работы гэта больш складана.

— 50-я змешаная авіябаза знаходзіцца непадалёк ад Мінска. Наколькі ж вялікая розніца ў надвор'і паміж мегаполісам і невялікім пасёлкам каля яго?

— Як правіла, тэмпература ў сталіцы заўжды вышэйшая. Часцей за ўсё — на градус-два. Усё-ткі там шмат крыніц цяпла: аўтамабілі, прадпрыемствы, жылыя дамы. Яны скажаюць рэальную абстаноўку. А за горадам усё гэта нівелюецца. І зноў жа, у выпадку палётаў над Мінскам наша задача — пралічыць усё гэта,  што датычыцца і ападкаў. Не так даўно, напрыклад, была дзіўная сітуацыя: на захадзе сталіцы ішоў моцны снегапад, а ў гэты ж час на яе ўсходзе свяціла сонейка.

— Ці супрацоўнічаеце з Белгідраметам?

— Хутчэй можна сказаць, што мы звяраем некаторыя нашы даныя. Справа вось у чым. Сетка метэастанцый Белгідрамета даволі вялікая, ну а мы працуем перш за ўсё па ваенных аэрадромах. Але нярэдка складваецца такая сітуацыя, калі мы спрагназавалі, што ў дадзены момант часу палёт выконваць нельга, а, скажам, праз дзве гадзіны надвор'е стане ўжо спрыяльнае. Але нам трэба ўдакладніць усё датычна бачнасці і ніжняй мяжы воблачнасці. І, як правіла, нашы разлікі супадаюць. Але па прагнозах грамадзянскіх метэаролагаў ваенная авіяцыя лятаць не можа. Больш за тое, ад умоў надвор'я залежыць чарговасць палётаў.

— А як часта выконваецца паветраная разведка надвор'я?

— Без яе не могуць пачынацца планавыя палёты. Адбываецца яна проста: найбольш падрыхтаваны экіпаж узлятае ў паветра. У гэты час мы з асабовым саставам праводзім заняткі па выяўленні небяспечных з'яў надвор'я. Экіпаж, які выконвае палёт, дакладвае шмат важных параметраў: бачнасць, ападкі; замярае кірунак і хуткасць ветру на розных вышынях, вымярае тэмпературу, верхнюю і ніжнюю межы воблачнасці...

І, канешне ж, назіранні вядуцца і з зямлі. Дапамагаюць у гэтым новыя лічбавыя метэаралагічныя комплексы, удзел чалавека ў рабоце якіх мінімізаваны. Ёсць у ваенных метэаролагаў і свой радар.

— Яго па праве можна назваць вачыма сіноптыка, асабліва ў летні перыяд. Ён багаты на неспрыяльныя з'явы надвор'я — ліўні, шквалы, град, навальніцы, — адзначае Якаў Мінько. — Экіпажам забаронена ўваходзіць у магутную кучавую воблачнасць, дзе і развіваюцца гэтыя працэсы. Але каб правільна разлічыць час палёту да надыходу, скажам, атмасфернага фронту, радар проста незаменны...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Даследчыкі асаблівага надвор'я

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».