Вы тут

Эпохі дакумент. Што такое дарчы надпіс і для чаго ён


Паводле азначэння Вячаслава Рагойшы, дарчы надпіс — від мініяцюры «на выпадак». Для пісьменніка такім выпадкам перадусім становіцца выданне ўласнай кнігі, якую ён прэзентуе пэўнай асобе. Не менш запатрабаваны гэты жанр і пры неабходнасці ўручыць падарунак, у тым ліку фотаздымак, малюнак, паробку.


Партрэт Кастуся Каліноўскага (мастак П. Сергіевіч).

Часам пісьменнікі дзеляцца рукапісамі сваіх твораў, пакідаючы на іх дарчыя надпісы. І ўсе яны — незаменная крыніца інфармацыі і пра аўтара надпісу, і пра атрымальніка, і пра іх узаемаадносіны і погляды на жыццё. Урэшце гэта — дакумент эпохі. Дарчыя надпісы, часцей за ўсё сціслыя, але канцэптуальна насычаныя творы, могуць быць празаічнымі і вершаванымі, напісанымі звычайным ці нейкім адметным шрыфтам, з дадаткам малюнкаў, сімвалаў ці без іх. Зразумела, большая колькасць дарчых надпісаў мае трафарэтны, набліжаны да афіцыйнага стыль, але і ў гэтым разе яны падказваюць даследчыку факты, звязаныя з месцам і часам, што вельмі істотна для складання летапісу жыцця і творчасці пісьменніка.

Змешчаны ў гэтым нумары дарчы надпіс Генадзю Кісялёву — яскравае пацвярджэнне неабходнасці збірання і вывучэння такіх «мініяцюр». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працягваецца выданне Збору твораў У. Караткевіча (у 25  т.). У 23-м томе якраз і будуць змешчаны дарчыя надпісы. На сёння сабраны матэрыялы з прысвячэннямі родным, некаторым сябрам і знаёмым. Але гэта — толькі невялічкая частка падрыхтоўчай працы, бо У. Караткевіч пакінуў тысячы дарчых надпісаў, і сабраць іх усе маларэальна (гэта праца на пакаленні). Зірніце на два надпісы — сястры Наталлі Кучкоўскай на першым выданні рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні: Евангелле ад Іуды» (Мінск, 1972) і Рыгору Барадуліну на кнізе «З вякоў мінулых» (1978) — ці ж гэта не варта захавання:

«Наталцы — ад брата,

Кнігу — пачату

У снежным Шаголе,

Дзе была мне — Воля.

Уладзімір

26 снежня 72».

Дарчы надпіс Караткевічаў на адвароце партрэта Кастуся Каліноўскага.

«Славутаму другу майму, генію не толькі “вякоў мінулых”, але і “вякоў будучых” (асабліва) — ад барзапісца таго, што мінула — Ул. Караткевіча. 4 жніўня 79 г.».

Ёсць спадзяванне, што адгукнуцца тыя, у каго ў асабістых бібліятэках захоўваюцца кнігі з такімі надпісамі. Як укладальнік 23-га тома прашу паспрыяць таму, каб яны былі абнародаваныя: дасылайце сканаваную або якасна сфатаграфаваную старонку з надпісам, пазначайце звесткі пра кнігу і абставіны яе ўручэння (калі такая інфармацыя ёсць) на адрас, адмыслова створаны для гэтага: darnadpisy@yandex.ru.

Зробім агульную справу для захавання спадчыны Уладзіміра Караткевіча!

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ

Фота на паласе з уласнага архіва сям’і Г. В. Кісялёва

Загаловак у газеце: Дарчы надпіс, эпохі дакумент

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».