Вы тут

«Падарожжа па родным краі»: бібліятэка радзімазнаўчых вандровак


Серыя кніжнага выдавецтва «Беларусь», прысвечаная розным рэгіёнам Беларусі, папоўнілася навінкамі.


У зборніку нарысаў «Драгічыншчына. Хараство венерынага чаравічка» Алесь Марціновіч расказвае пра адзін з найцікавейшых куточкаў Берасцейшчыны. Гісторыя Драгічыншчыны — даўні горад Здзітаў-на-Ясельдзе, вёска Таракань — некалі рэзідэнцыя кіраўніка базыльянскага ордэна, крэпасць Жабер, перад якой было бяссільнае войска Карла XІІ, адзіны ў Беларусі апорны пункт геадэзічнай Дугі Струвэ і палескае жыццё Элізы Ажэшкі. Сённяшняя Драгічыншчына — адзіны ў свеце музей фартушкоў, непаўторнасць мясцовых гаворак, багатая матэрыяльная і духоўная культура. Усё гэта і шмат іншых цікавінак вы знойдзеце на старонках кнігі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча. Дарэчы, ён выдаў у згаданай краязнаўчай серыі і кнігі пра Капыльшчыну і Случчыну.

І другая навінка ў праекце «Падарожжа па родным краі» — зборнік нарысаў дасведчанага журналіста, публіцыста, супрацоўніка часопіса «Беларуская думка» Сяргея Галоўкі «Стаўбцоўшчына: нататкі пра людзей і гісторыю». У выданні чытач даведаецца пра мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіслава Сыракомлі, Кандрата Крапівы, Каруся Каганца, Янкі Лучыны і іншых яркіх асоб беларускага прыгожага пісьменства, беларускага асветніцтва.

У краязнаўчай кніжнай серыі раней выходзілі зборнікі нарысаў, эсэ, артыкулаў пра Брэст, Паставы і Пастаўшчыну, Пухавіччыну, Чэрвеньшчыну, іншыя мясціны Беларусі. Звярніце ўвагу на гэтыя віртуальныя вандроўкі па Беларусі — упэўнены, што вы распрацуеце ўласныя турыстычныя маршруты па нашай Айчыне і не пашкадуеце часу, каб наведацца ў мясціны, пра якія расказваюць дасведчаныя аўтары.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.

Культура

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы.

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.