Вы тут

«...Тут мае карані, мая сям'я, мае магілы»


Прыезд нашай сям'і ў невялікую вёску Карніца, што на Глушчыне, — быў для жыхароў і нечаканасцю, і падзеяй. Вяскоўцы з цікавасцю глядзелі на свайго земляка, які да вайны працаваў тут хатнім настаўнікам, а з яе пачаткам — прапаў як у ваду ўпаў... І вось жа — вярнуўся, прычым з жонкаю, з дзецьмі...

Я быў адным з чатырох, які на пытанне, адкуль прыехалі, з форсам адказваў: «З Поўначы, з Сыктыўкара!». І калі першае нашым аднагодкам яшчэ неяк уяўлялася — краем холаду, белых мядзведзяў, то назва горада... Нямногія яе вымаўлялі.


А наша мама там нарадзілася, рана асірацеўшы, расла ў дзіцячым доме. Ёй, Ніне Пласковай, не было і пятнаццаці, калі пачалася вайна, калі яна, па скарочанай праграме атрымаўшы спецыяльнасць, стала працаваць качагарам на параходзе: запіхваць у топку метровыя драўляныя цурбаны, якія імгненна згаралі... А калі прычальвалі да берага, іх жа, загадзя нарыхтаваныя, па вузкім трапе, са страхам зваліцца ў раку, трэба было цягаць на параход. І вось гэтак — усю вайну.

Сама вайна да горада Сыктыўкара не дайшла, але, як мама расказвала, наступствы адчуваліся ва ўсім: людзі хварэлі, знясільвалі ад голаду і холаду, не хапала мужчынскай сілы...

Нялёгка жылося і пасля вайны, бо мама не мела не толькі ніякай матэрыяльнай падтрымкі — нават жывой душы, якой магла б паскардзіцца на гаротны лёс. Толькі пад канец 40-х яна сустрэлася з маім будучым бацькам.

...Да вайны тата і сапраўды паспеў папрацаваць настаўнікам, а з прыходам немцаў яго, сямнаццацігадовага хлопца, схапілі і адправілі ў Бабруйскі лагер ваеннапалонных. Там, пад адкрытым небам, яны, як расказваў, проста паміралі ад голаду і хвароб. Уцячы было немагчыма. Каб уратавацца, хто-ніхто ўступаў у так званую вызваленчую армію Уласава. Больш-менш здаровых адбіралі на катаржныя работы.

Так мой бацька апынуўся ў Германіі, потым — у Францыі і Вялікабрытаніі. У 44-м быў вызвалены і тут жа адпраўлены ў Рэспубліку Комі на лесапавал.

...Часта даводзіцца чуць, што ўсе мы родам з дзяцінства, бо менавіта ў пачатку жыцця закладваюцца рысы характару, якія потым становяцца вызначальнымі. Мабыць, яны — добразычлівасць і працавітасць — дапамаглі маім бацькам вынесці ўсе выпрабаванні ваеннага ліхалецця. Ды і потым... Жылі мы ў дашчатым, уцепленым пілавіннем, бараку на... сорак сем'яў. Суседзямі па ім, як і па ўсім рабочым пасёлку, былі ў асноўным так званыя палітычныя — людзі, якія прайшлі праз жорны рэпрэсій і ўжо адбылі свае тэрміны пакарання. Апынуўшыся на той далёкай зямлі, яны — рускія, украінцы, малдаване, кітайцы, карэйцы, немцы (каго толькі не было!) — працавалі, стваралі сем'і, гадавалі дзяцей, жылі дружна.

Зімы там былі снежныя і марозныя. Калі тэмпература на вуліцы апускалася ніжэй за трыццаць градусаў, за ракой на будынку Палаца прафсаюзаў падымаўся сцяжок. Гэта азначала, што дарослыя могуць не выходзіць на работу, а мы, дзеці, у садкі і школу. Я, застаўшыся дома, любіў круціць пласцінкі (голас Шаляпіна гучыць у вушах да сёння). Мог яшчэ гадзінамі глядзець на Сталіна, партрэт якога вісеў на покуці.

Тата, пакуль адкрыта была навігацыя, працаваў у параходстве грузчыкам. Зімой, апроч іншага, іх брыгада нарыхтоўвала лёд. Яго пілавалі ўручную, кубы (недзе метр на метр) баграмі зацягвалі на металічныя лісты, якія гусенічны трактар цягнуў потым у горад для летніх халадзільнікаў. Я любіў углядацца ў цёмную тоўшчу лёду з мноствам белых бурбалак паветра, спадзяваўся ўбачыць нешта фантастычнае, але на цуды неяк не шчасціла... Хіба на Новы год? Па лёдзе перайшоўшы на той бок рэчкі, мы з бацькамі траплялі на галоўную гарадскую плошчу з ёлкай, з сапраўднымі Дзедам Марозам і Снягуркай, са снежным казачным гарадком.

З вясной да нас прыходзіла вялікая вада, і недзе да чэрвеня людзі ў пасёлку перамяшчаліся на лодках. А лета ў нас пралятала імгненна: мы, дзеці, купаліся, качаліся ў пяску на пляжы, дурэлі...

У адзін з такіх дзён да мяне даляцела паважнае: «Гэй, хлопчык у чырвонай шапачцы!..» Я азірнуўся і пад вялікім парасонам убачыў мастака. Ён маляваў нашу рэчку, у якой купаліся людзі... «Прыгожа?» — спытаў у мяне. Я кіўнуў. «А ты мог бы мне папазіраваць — легчы так, як ляжаў? Я б цябе намаляваў». «Малюй, калі хочаш», — падумаў я. Мастак расказаў, як мне легчы, і неўзабаве я ўжо ўбачыў сябе на малюнку, больш за тое — атрымаў за «работу» прыгожую бляшанку ледзянцоў.

...Усё змянілася, абарвалася гарачым жнівеньскім днём 1956-га. Апоўдні, калі сонца стаяла ў зеніце, мы з рэчкі ўбачылі, што ў пасёлку нешта гарыць, што агонь набірае сілу і блізіцца да нашага барака. Мама ў гэты час была дома і паспела выцягнуць з агню трохі нейкіх пажыткаў. Іншыя жыхары і барака, і пасёлка засталіся ў чым стаялі. Такога жудаснага пажару я не бачыў больш ніколі.

А тата згледзеў яго, калі з брыгадай на баржы вяртаўся дамоў, і спачатку здалёк — толькі заравам. Не вытрымаў — скочыў у раку, даплыў да берага, з кіламетр бег да таго, што раніцай было рабочым пасёлкам, баракам. І толькі ўбачыўшы нас — маму і ўсіх чацвярых дзяцей, — крыху супакоіўся.

У першую ноч мы спалі пад адкрытым небам, на другую і наступныя «пераязджалі» ў нейкае часовае жытло, якое не запомнілася нічым, як і школа, куды я трохі пахадзіў у першы клас, бо ў кастрычніку мы ўжо паплылі на радзіму бацькі, у Беларусь.

Дабіраліся доўга (на параходзе мама ладзіла нам «экскурсіі» ад капітанскай рубкі да машыннага аддзялення), потым ехалі ў агульным вагоне цягніка, забітага людзьмі, чамаданамі, торбамі, і на кожнай станцыі бачылі калек у інвалідных вазках, якія спявалі жаласныя песні і прасілі міласціну...

На месцы, у вёсцы Карніца, нам, малым, прыжывацца было прасцей, а вось мама вельмі сумавала па родных мясцінах. Я бачыў, як яна мянялася ў твары пасля кожнага ліста ад тамтэйшых сваякоў. Здавалася, дай ёй крылы, і яна, як тая птушка, не пабаіцца далёкай дарогі, адразу ж паляціць, але... Не заўсёды нашы жаданні супадаюць з нашымі магчымасцямі. Ды і як ты куды паедзеш-паляціш, калі ў сям'і з'явілася яшчэ пяцёра дзяцей, калі ў іх не стала таты.

Ад яго — мая любоў да чытання, да кніг, да пісьма. А мама ўмела іграць на гітары, ведала шмат розных песень (у тым ліку лагерных), прыгожа малявала і ўсяму вучыла мяне. Пераехаўшы ў Беларусь, я размаўляў на рускай і мамінай мове комі. З цягам часу вывучыў беларускую і палюбіў гэтую зямлю, бо тут мае карані, мая сям'я, мае магілы — дзесяцігоддзі жыцця, у якім было столькі ўсяго... І, хочацца верыць, будзе!

Валерый Васілеўскі,

г. п. Глуск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.