Вы тут

Пра што распавядуць Балканы?


Не так даўно ў выдавецтве «Логвінаў» пабачыла свет новая кніга «Англійскі сусед». Твор балгарскага пісьменніка Міхаіла Вешыма перастварыла па-беларуску Таццяна Анікеенка.


У цэнтры расповеду — англічанін Джон, які набывае маёмасць у балгарскай вёсцы. Як толькі наіўны Джон трапляе ў незнаёмае для яго асяроддзе, новыя суседзі тут жа спрабуюць выкарыстаць замежніка ва ўласных і амаль заўсёды карыслівых мэтах. Жыхары вёскі атрымаліся тыповымі, прадказальнымі. У нейкім сэнсе гэта нават псуе твор, бо амаль заўсёды ведаеш, як павядзе сябе той ці іншы герой. Напрыклад, маладая жанчына Глорыя. Яна працуе ў бары «Лондан», пакуль яе муж падарожнічае па Еўропе. Глорыя лічыцца галоўнай прыгажуняй у вёсцы, і калі муж у ад’ездзе, яна бавіць час з пастаяннымі наведвальнікамі бара. Або Скін — малады нацыяналіст, які лічыць, што Балгарыя толькі для балгар, а ўвесь астатні час ці п’е, ці забаўляецца з Глорыяй. Мабыць, за стэрэатыпнасцю характараў і нейкай кардоннасцю персанажаў схавалася жаданне аўтара высмеяць недахопы грамадства. Але зроблена гэта грубавата, быццам штучна.

Увогуле, «Англійскі сусед» — лёгкае чытво, дзе пануе «камедыя палажэнняў»: той выпадак, калі ўсё мяняецца месцамі. Культура і менталітэт Заходняй Еўропы аказваюцца ў маргінальным становішчы, а балканскі лад жыцця, наадварот, паўстае калі не галоўным, то правільным і быццам больш набліжананым да рэальнага жыцця. Насамрэч, калі разглядаць кнігу з гэтага боку, яна падаецца больш канцэптуальнай. Асабліва калі дыскурс развіваецца ў напрамку дэкаланізацыі і дэцэнтралізацыі мастацтва. Да гэтага часу мастацтва Балкан займаецца тым, што асэнсоўвае перыяд, калі перастала існаваць Югаславія і пачаліся войны. Кожная з тых краін мае ўласны погляд на сітуацыю. І вось менавіта праз мастацтва адбываецца перажыванне нацыянальнай траўмы. Самы відавочны прыклад — фільмы Эміра Кустурыцы. Рэжысёр выкарыстоўвае кінематограф у якасці мовы, праз якую кажа пра свой асабісты боль і боль свайго народа.

Відавочна, што ў «Англійскім суседзе» тэма нацыянальнай траўмы не ўзведзена ў абсалют, але ёсць некаторыя «маркеры». Ці то асоба неанацыста Скіна або проціпастаўленне «мы — яны», то-бок маленькая, нікому не патрэбная вёска недзе ў Балгарыі і сытая, багатая Еўропа. «— Спадар Шчарбатаў, за мяне ты старэйшы, але ў інвестыцыях нічога не разумееш! Англічанін — мой самы важны інвестар!

— І вось так па ўсёй краіне! — раззлаваўся палкоўнік. — Давайце перадамо яе ўсю замежнікам! А мы, балгары, станем іх прыгоннымі! Заўтра ён нас заняволіць! — ён дыхаў цяжка, нібы задыхаючыся пад замежным прыгнётам.

Шчарбатаў адпіў вады, глыбока ўздыхнуў і сказаў ужо больш коратка:

— Гэты брытанец мне не падабаецца! Паглядзі на яго вушы — аблавухі, як і іх прынц! На нас брытанцы заўжды глядзелі як на людзей другога гатунку... Сэканд-хэнд. Ты ж ведаеш, як нас пакрыўдзіў Чэрчыль! Маўляў, балгары віншуюць адно аднаго з лазняй, калі ў іх нарэшце атрымліваецца памыцца».

Мяркую, што беларускім чытачам кніга будзе зразумелай і блізкай. Дваякае стаўленне жыхароў вёскі да Джона як прадстаўніка ўсяго англійскага народу адлюстроўвае рэчаіснасць. То-бок зносіны, якія склаліся паміж Усходняй і Заходняй Еўропай. З аднаго боку, гэта і піетэт падначаленага перад кіраўніком, і стэрэатыпныя ўяўленні аб дабрабыце. А з іншага — злая іронія, упэўненасць у тым, што краіны Захаду вінаваты ва ўсіх праблемах і таму менавіта яны павінны іх вырашаць.

Рэальнасць у кнізе апісваецца праз гумар і іронію, і часам здаецца, што гэта псіхалагічная абарона аўтара. Ён жартуе з прадстаўнікоў улады, з простых жыхароў, з сістэмы таму, што ставіцца да ўсяго гэтага сур’ёзна ўжо немагчыма. «Старшыня сеў за стол і прыняў начальніцкую позу:

— Мара, ты па якім пытанні? Толькі зараз жанчына згадала, што прыйшла па грамадскай справе:

— Пытанне ў мяне такое: цяпер, калі я мяту двор, у які кантэйнер мне выкідаць смецце? Іх жа цяпер тры.

— Напісана ж на іх! Папера, шкло, метал... Чытаеш і выкідаеш! А раней ты куды смецце выкідала?

— У раку, як і ўсе...»

Менавіта «дваістасць» кнігі, яе здольнасць за прастатой і нават нейкай трывіяльнасцю схаваць сацыяльныя і палітычныя праблемы, робіць «Англійскага суседа» цікавым, вартым чытання творам.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».