Вы тут

Азбука садавода: адказы на самыя папулярныя пытанні пра бульбу


Дзе ў яблыні штамб, або Будова пладовага дрэва

Пра тое, што ў любога дрэва ёсць падземная частка — каранёвая сістэма і надземная — крона, напэўна, ведаюць усе.


Каранёвая сістэма — гэта аснова любой расліны, у першую чаргу менавіта ад яе залежыць, як будзе расці і развівацца культура. Карані могуць расці вертыкальна альбо гарызантальна. Часта каранёвая сістэма бывае нашмат большая і шырэйшая, чым крона.

Надземная частка пладовага дрэва (крона) складаецца з вялікай колькасці розных па памеры, узросце і прызначэнні галін. Яе цэнтральная вертыкаль — ствол.

Месца пераходу ствала ў корань называюць каранёвай шыйкай (3). Частка ствала ад каранёвай шыйкі да першых галін — штамб (4), вышэй — цэнтральны праваднік (або лідар (6)).

1 — вертыкальны корань; 2 — гарызантальны корань; 3 — каранёвая шыйка; 4 — штамб; 5 — ствол; 6 — цэнтральны праваднік; 7 — асноўная галіна першага парадку; 8 — абрастаючыя галінкі.

Ад цэнтральнага правадніка адыходзяць галіны першага парадку. Найбольш буйныя з іх лічацца асноўнымі, яшчэ іх часта называюць шкілетнымі (7). Разам з цэнтральным правадніком гэтыя галіны ўтвараюць каркас кроны. Ад галін першага парадку адыходзяць бакавыя галіны другога парадку, ад іх — трэцяга і г. д.

Самыя дробныя галінкі, якімі ўсеяны цэнтральны праваднік і асноўныя галіны, — тыя, што абрастаюць (8). Яны могуць быць вегетатыўныя і генератыўныя. Першыя адказваюць за агульны рост дрэва, на другіх з'яўляюцца пупышкі, кветкі, а затым і плады.

Генератыўныя (пладаносныя) галінкі ў груш і яблынь дзеляць на кальчаткі, кап'яцы і пладовыя пруцікі. А ў вішні і слівы — букетныя галінкі і шпоркі.

Ці можна вырасціць бульбу з насення?

Са свайго не варта, паколькі для гэтага спатрэбіцца тры гады. Зараз у продажы можна знайсці насенне гібрыднай бульбы, з якога за адзін сезон вырошчваюць бульбу, але атрымліваюць не дробныя клубеньчыкі, а цалкам добры ўраджай клубняў сярэдняй велічыні. Вырошчваецца такая праз расаду гэтак жа, як і таматы.

Ці можна выломліваць заўчасна прарослыя парасткі?

Трэба, інакш сцябло, якое расце, пачне забіраць пажыўныя рэчывы з клубня. Прычым рабіць гэта варта як мага раней, пакуль парастак невялікі. Звычайна з інтэрвалам 10—15 дзён следам абудзіцца да росту наступная пупышка з гэтага ж вочка. Пасля яго выломлівання абудзіцца трэцяя пупышка. У кожнага клубня 8—12 вочкаў, і ў кожнага вочка па тры пупышкі. Такім чынам, кожнае з дзесяці вочак дасць па тры парасткі па чарзе.

Аднак ёсць такія сарты, у якіх другі парастак з вочка з'яўляецца з вялікім спазненнем (большым за месяц). Таму не варта ў іх выломліваць парасткі незадоўга да пасадкі — клубні наогул могуць не ўзысці, на іх адразу пачнуць утварацца маленькія бульбінкі прама на мацярынскім клубні.

Чым адрозніваюцца клубні з белай мякаццю ад клубняў з жоўтай мякаццю?

Традыцыйна клубні, незалежна ад афарбоўкі лупіны, маюць белую мякаць у сартоў расійскай селекцыі, ЗША і Англіі. Галандскія і нямецкія сарты, як правіла, маюць жоўтую мякаць з вялікім утрыманнем каратыну — адпаведна, больш карысную і больш смачную.

Ці можна вырасціць два ўраджаі бульбы за сезон?

Можна. Для гэтага ў пачатку сакавіка пакладзіце пасадачныя клубні на пазеляненне на 20 дзён і затым высадзіце на расаду.

У першых чыслах мая высадзіце расаду на падрыхтаваныя градкі з уцепленым грунтам пад двайны спанбонд, кожны кусцік цалкам прысыпце глебай. Пачніце падкопваць буйныя клубні ўжо ў сярэдзіне чэрвеня. А ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня зніміце ўвесь ураджай. Градка з ранняй бульбай з верхавіннай часткі клубняў вызваліцца ў пачатку ліпеня. Яе можна выкарыстоўваць для пасеву чорнай рэдзькі ці салаты і шпінату, або высадзіць расаду позніх буракоў, пасеяць моркву (яна яшчэ паспее падрасці да канца кастрычніка).

Каб атрымаць ураджай на зімовае захоўванне, бульбу саджаюць, калі міне пагроза начных замаразкаў — у другой палове мая ці нават у пачатку чэрвеня.

Ці атрымаецца вырасціць бочку бульбы з чатырох клубняў?

Можна знайсці інфармацыю, што ў бочцы без дна магчыма вырасціць поўную бочку бульбы усяго з чатырох клубняў. Для гэтага на самы ніз ёмістасці трэба насыпаць 20 см урадлівай глебы, вылажыць на яе чатыры прарошчаныя клубні і прысыпаць зверху зямлёй. Затым, па меры росту бацвіння, паступова падсыпаць зверху глебу, пакуль бочка не запоўніцца. Час ад часу бульбу трэба паліваць і падкормліваць. Аўтар сцвярджае, што калі вы перакуліце бочку на бок пасля паспявання ўраджаю, яна будзе поўная бульбы. На самай жа справе кожная расліна здольная вырасціць ураджай у пэўных межах, і ніякі догляд не можа прымусіць яе даць ураджай, вышэйшы за патэнцыйныя магчымасці. Акрамя таго, сталоны (выцягнутыя бакавыя парасткі расліны, на якім развіваюцца скарочаныя парасткі — клубні) растуць у бульбы на сцябле, не даўжэйшым за 40—60 см. Вось на гэтую вышыню і варта абганяць бульбу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».