Вы тут

Як аперацыя па лазернай карэкцыі зроку абярнулася яго пагаршэннем


Ліст у рэдакцыю даслала наша чытачка Алена Самохіна. Яна зрабіла аперацыю па лазернай карэкцыі зроку і, на жаль, трапіла ў той самы невялікі працэнт «няўдалых выпадкаў». Зрок не толькі не палепшыўся, але і пагоршыўся. Магчыма, яе вопыт для кагосьці акажацца карысным і прымусіць, што называецца, сем разоў адмераць перад тым, як адзін раз адрэзаць.


«Я — звычайны «акулярык» і насіла акуляры з дзяцінства, больш за 15 гадоў карысталася кантактнымі лінзамі. У іх свае недахопы. Калі столькі гадоў іх носіш, рагавіца таксама рэагуе: вочы баляць, хутка чырванеюць, хочацца хутчэй зняць перашкоду... І вось, здаецца, з'явілася выйсце — лазерная карэкцыя зроку: мільёны людзей яе зрабілі, а астатнім проста грошай не хапае. А тут яшчэ каранавірус прымусіў надзець маску, і бясконцы туман на акулярах ад дыхання нарэшце падштурхнуў мяне пайсці на аперацыю. Я чытала, што сустракаюцца няўдалыя хірургічныя выпадкі, але, думала, магчыма, там адыграў ролю невялікі вопыт урача ці складанасць зрокавых парушэнняў. Мне ніколі не прыходзіла на розум, што нават малы працэнт няўдалых аперацый — гэта жывыя людзі! Я звярнулася ў адзін з вядомых платных зрокавых цэнтраў да вопытнага ўрача і... стала адной з тых, у каго жыццё падзялілася на «перад» і «пасля».

Фота: pixabay.com

Турбавацца я пачала адразу, калі на адным воку туман пакрысе сыходзіў, а на другім — не. Праз пару тыдняў стала відавочна, што нешта не так, і каплі, што я выкарыстоўвала, не надта дапамагаюць. Урэшце мне паставілі дыягназ — кераціт (запаленне рагавіцы вока). Каб выратаваць сваю рагавіцу, дабіцца таго, каб яна стала празрыстая, як раней, што я толькі не капала, якія мазі не закладвала! У дадатак мне зрабілі дзевяць уколаў прама ва ўнутраную складку вока. І ворагу такой працэдуры не пажадаеш.

Мяне папярэджвалі, што доўгі час застаецца «сіндром сухога вока», калі адчуваеш сябе так, нібыта пяску ў вочы насыпалі. Я была нацэлена нейкі перыяд капаць каплі, але ж не ўсё жыццё. Цяпер вочы баляць увесь час. І зноў трэба капаць, каб зменшыць боль.

Я ніколі не ведала, што такое астыгматызм, а вось пасля аперацыі ён у мяне з'явіўся, прычым на абодвух вачах. Пры такім парушэнні некалькі пунктаў фокуса — і выявы прадметаў рассейваюцца і затуманьваюцца.

Але самае страшнае — аберацыі, калі святло лямпачкі ўспрымаецца не маленькай кропкай, а разлапістай плямай свету. Цяпер усе вітрыны магазінаў, ліхтары, фары машын свецяць мне ў тры разы ярчэй. Вельмі горка, што я больш ніколі не буду гэтак жа, як раней, любавацца і захапляцца начным горадам, упрыгожаным да Новага года ці да іншага свята.

На жаль, нічога не паправіш: рагавіца зрэзана ўшчэнт, можа быць яшчэ горш. Прайшоў амаль год. Сёння я нашу акуляры з астыгматычнымі шкельцамі. Кантактныя лінзы пасля аперацыі не садзяцца на вока.

У тым, што атрымалася з маімі вачыма, ніхто не вінаваты: ні ўрач, ні апаратура, а толькі мая тонкая, нават «зношаная» лінзамі верхняя частка вока. Аднак прыкра, што ніхто ніколі не падказваў мне, што тым, хто карыстаецца кантактнымі лінзамі, трэба падтрымліваць сваю ўласную рагавіцу, што існуе шмат прэпаратаў, якія яе ахоўваюць, сілкуюць, спрыяюць рэгенерацыі (не блытаць з лекавымі сродкамі!). Каб я раней ведала пра такія магчымасці, то перыядычна рабіла б сабе невялікія курсы па аднаўленні рагавіцы і насіла б свае лінзы яшчэ дваццаць гадоў, і ўсяго гэтага магло б не быць. Гэта цяпер я такая разумная, але нічога ўжо не вернеш назад — ні за якія грошы».

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не палёгка, а пакуты

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.