Вы тут

«Вясновыя карцінкі» краіны сакуры


Нетыповы для Беларусі і ўвогуле для міжнароднай выставачнай дзейнасці праект адкрыўся ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Арганізатары выстаўкі «Японская эратычная гравюра. Сюнга» прадставілі на суд гледача больш як 60 каляровых ксілаграфій японскіх і кітайскіх майстроў XIX—XX стагоддзяў, а таксама работы знакамітых беларускіх мастакоў і пачаткоўцаў, якія так ці інакш у сваёй творчасці судакранаюцца з ідэямі японскай культуры. Сюнга як кірунак лічыцца малавядомым, і з-за сваёй прыроды яму не надаецца шмат увагі (не кажучы ўжо пра выставачныя прасторы), таму наведванне такой выстаўкі для многіх найперш будзе мець функцыю адукацыйную. Экспазіцыю суправаджаюць інфармацыйныя стэнды, якія дапамагаюць разабрацца з прадстаўленымі работамі. На выстаўцы «Сюнга» дэманструюцца дакументальныя фільмы, якія бліжэй пазнаёмяць з найвыдатнейшымі майстрамі эратычнай гравюры ды іх творчасцю. Да таго ж жадаючыя могуць паспрабаваць разгадаць тэматычны квэст — некалькі заданняў па экспазіцыі ды інфармацыйных стэндах. Узроставы цэнз — 18+. 


Уладзімір Бяскроўны «Салітон захапленняў», 2021 г.

Эстэтыка: відавочнае і няяўнае Адрознасць культурных традыцый Усходу і Захаду — з’ява, зразумелая кожнаму. Але ўсвядоміць тое, наколькі ізаляваны, асаблівы шлях прайшла тая ж Японія з супрацьлеглым поглядам на свет, даволі складана. Сюнга — гэта адзін з тых жанраў, якія як нельга лепш дэманструюць кардынальныя адрозненні ў светаўпрыманні, у тым ліку ў бачанні кахання — як мэты, як стану, як працэсу.

Даслоўны пераклад слова «сюнга» — «вясновыя карцінкі» (іерогліф «вясна» ў Японіі з’яўляўся эўфемізмам для абазначэння сексуальнай сферы). Гэта гравюры эратычнага зместу, якія без лішняй сціпласці адлюстроўваюць аголеныя фігуры мужчын і жанчын — каханкаў — у самы патаемны момант блізкасці. Так ці інакш гэтыя «карцінкі» вельмі спецыфічныя нават для сучаснага гледача, таму для многіх дагэтуль яны не больш чым помнік мастацтва.

Лічыцца, што сюнга зарадзілася ў Кітаі — родапачынальнікамі гэтага традыцыйнага жанру былі ілюстрацыі ў кітайскіх медыцынскіх дапаможніках, якія з’явіліся ў Японіі ў перыяд Мурамаці (1336—1573). Акрамя таго, уплывовым жывапісцам часоў кіравання кітайскай дынастыі Тан (VII—X стагоддзі) быў Чжоу Фан. Ён, як і многія эратычныя мастакі свайго часу, у работах перабольшваў памеры палавых органаў. Гэта стала характэрнай рысай жанру.

Стваральнікі гравюр паказвалі сексуальую мараль гараджан ва ўсёй разнастайнасці праяў. Сюнга ўвасабляла эратычную фантазію аўтара, да таго ж у гранічна абсурднай форме — усё ж першапачаткова яна была сатырычным жанрам: карыкатурна маляваліся эратычныя сцэны з удзелам самураяў, гейш, манахаў, служанак… Увогуле ж, на гравюрах можна знайсці гарадскіх жыхароў любога сацыяльнага статусу незалежна ад сексуальнай арыентацыі (асобным кірункам сюнга можна лічыць адлюстраванне куртызанак). Аднак з часам жанр пачаў страчваць востры сацыяльна-сатырычны сэнс і звярнуўся да эстэтычнага і эмацыянальнага зместу.

У Сярэднявеччы сюнга друкавалася на паперы нізкага гатунку, якасць паліграфіі таксама была не лепшай. Затое наклады былі такімі вялізнымі, што прыносілі неймаверныя даходы. Як правіла, вясновыя карцінкі выдаваліся ў выглядзе альбомаў з 12 лістоў — накшталт коміксаў. Яны неслі тры мэты: сексуальная адукацыя японцаў, адпачынак і атрыманне задавальнення (падахвоціць жыхароў Японіі да наведвання «вясёлых кварталаў»). Акрамя відавочных, у сюнгі былі і незвычайныя спосабы прымянення. Лічылася, што такія выявы здольны ўмацоўваць мужнасць воінаў перад бітвай, а таксама з’яўляюцца талісманам, які абараняе ад агню.

Неаднаразова паўтараліся спробы ўрада забараніць сюнга, у прыватнасці, у 1661 годзе сёгунат Такугава выдаў указ, які забараняе, сярод іншага, эратычныя кнігі, вядомыя як косёкубон. Хоць іншыя жанры мастацтва сталі нелегальнымі, сюнга працягвалі ствараць без асаблівых цяжкасцей. Указ 1772 года быў больш строгі: забараняўся выпуск любых новых кніг, якія не атрымалі афіцыйнага дазволу ад кіраўніка горада. Сюнга таксама стала нелегальнай. Аднак ёсць меркаванні, што нават у такім выглядзе жанр працягваў квітнець. Асабліва папулярныя «вясновыя карцінкі» былі ў перыяд Эдо — у 1603—1868 гадах у сувязі з легалізацыяй «вясёлых дамоў». Эратычная гравюра, як ужо было сказана, існавала як своеасаблівая рэклама.

Распаўсюджванне заходняй культуры і тэхналогій у пачатку перыяду Мэйдзі (1868—1912), у прыватнасці імпарт тэхнікі фотарэпрадукцыі, мела сур’ёзныя наступствы для сюнга. Ксілаграфія на час захавалася, аднак персанажы сталі адлюстроўвацца ў іншаземнай вопратцы і з еўрапейскімі прычоскамі. Урэшце сюнга ўжо не магла канкурыраваць з эратычнай фатаграфіяй.

Увогуле ж растлумачыць масавае захапленне эратычнымі малюнкамі можна было найстаражытнейшымі традыцыямі Японіі, дзе не існавала такога паняцця, як «першародны грэх». Па японскім паданні, свет узнік ад кахання бога Ідзанагі і багіні Ідзанамі, злучаных касмічнай і ў тым ліку сексуальнай гармоніяй. Інтымнае жыццё, між іншым, прыраўноўвалася да натуральнай патрэбы чалавека ў ежы, вадзе і сне.

Антон Шапо «Hair 1».

Паміж мастацтвам і табу

Ад работ, якія даюць толькі намёк і прымушаюць фантазіраваць, да смелых і дэталізаваных гравюр, дзе ўсё больш і больш губляюцца межы паміж эратычным мастацтвам і табу, — выстаўка дае магчымасць пазнаёміцца з усёй разнастайнасцю відаў сюнга. Прадстаўленыя ў экспазіцыі знакамітыя аўтары — Кацусіка Хакусай, Андо Хіросігэ, Кітагава Утамаро ды іншыя — былі ў тым ліку майстрамі гэтага жанру. Часта яны не падпісвалі свае работы, што звязана з перыядычнымі забаронамі на выданне эратычных кніг. Ёсць меркаванне, прычына была ў тым, што ўрад хацеў прадухіліць адлюстраванне кіруючага класа ў неадпаведным кантэксце. Але сюнга лічылася настолькі натуральнай з’явай, што маці, напрыклад, дарылі сваім дочкам такія работы перад вяселлем.

— Першапачатковай была ўсё ж педагагічная мэта, — лічыць Юлія Яроцкая, кандыдат культуралогіі. — Сюнга з’яўлялася каштоўным падарункам для маладых, па ёй вывучалі сямейнае жыццё, але ёй ніколі не ўпрыгожвалі інтэр’ер жытла. Перыядычныя забароны гэтага віду гравюры былі звязаны выключна з імкненнем урада навязаць японцам эканомны, сціплы лад жыцця, але не з нейкім парушэннем маральных асноў. Адпаведна многія аўтары, прадстаўленыя на выстаўцы, часта падпісвалі свае творы іншымі імёнамі. Таму сказаць, колькі гравюр належыць таму ці іншаму мастаку, фактычна немагчыма.

Увазе гасцей выстаўкі — гравюры японскіх і кітайскіх творцаў, у тым ліку прадстаўленыя прыватнымі калекцыянерамі з Японіі, Кітая, ЗША і Канады. Так, многія ведаюць найперш «Вялікую хвалю ў Канагава» Кацусікі Хакусая, якая з’яўляецца, напэўна, адной з самых вядомых японскіх гравюр. Аднак, што цікава, яе аўтар ствараў не толькі знакамітыя пейзажы, але і эратычныя сюжэты. Увогуле, многія вядомыя мастакі малявалі і ў жанры сюнга.

Стаўленне гэтых мастакоў да ўсяго адкрытага вельмі асаблівае. Не ў апошнюю чаргу ў вочы кідаецца тое, што ў большасці выпадкаў пары намаляваны напаўапранутымі: адзенне дэманстравала ступень багацця і спрыяла прыцягненню ўвагі. Напрыклад, шоўк, з якога шылі адзенне гейш, бясспрэчна, захапляў мужчын. Да таго ж злёгку аголенае цела было больш жаданым, чым цалкам непрыкрытае.

У сюнга адсутнічае перспектыва, і карціна, як правіла, мае шмат дэталяў. Паставы палюбоўнікаў з нерэальна вывернутымі спінамі, нагамі і рукамі — ілюстрацыя нястрымнай фантазіі майстроў сюнга. Трэба адзначыць, што канкрэтных людзей мастакі не малявалі: на гэта была жорсткая забарона. Таму і здаецца часам, што ледзь не ўсе персанажы на адзін твар. Але, бясспрэчна, маляваліся героі па японскіх канонах прыгажосці: выбеленыя пухлыя твары, маленькія раты, вузкія вочы-шчылінкі, прыгожыя характэрныя насы, маленькія кісці рук, шматлікія складкі на ўзорыстай вопратцы, традыцыйныя японскія прычоскі і галаўныя ўборы розных эпох і саслоўяў. Злодзеяў і гвалтаўнікоў адрозніваюць вялікія ці шырокія насы, празмерная валасатасць, наяўнасць расліннасці на твары, больш цёмная скура, вялікія кісці рук, вялікі рот.

Хоць сюнга з сюжэтам сустракаюцца рэдка, усё ж яны існуюць. Часам мастакі паказвалі або парадзіравалі сцэны з папулярных гісторый. Размяшчэнне герояў на малюнку (а таксама іх адсутнасць), прадметы вакол — усё мае значэнне. Лічыцца, што ў сюнга ёсць шмат шыфровак, цытат са старажытнакітайскай літаратуры, з японскай паэзіі, намёкаў на фальклор, але каб разабрацца з гэтым, трэба быць больш чым аматарам нават сучаснаму японцу. Дарэчы, забарону на сюнга Японія зняла апошняй — амаль стагоддзе пра яе не хацелі згадваць, бо яшчэ з канца XIX стагоддзя краіна пачала змяняцца пад уплывам Захаду (літаральна десяцігоддзе таму кніжкі там друкаваліся з зафарбоўваннем вызначаных месцаў). Вядома, у свой час сюнга шакіравала еўрапейскую публіку адкрытасцю і натхніла такіх майстроў, як Анры дэ Тулуз-Латрэк, Густаў Клімт і Эгон Шыле. Так ці інакш сюнга з’яўляюцца культурнай каштоўнасцю.

— Мы вельмі перажываем. Хочацца, каб наведвальнік разглядаў гэтую выстаўку менавіта як частку культуры іншай краіны, не падобнай да нашай, — адзначыў адзін з куратараў выстаўкі Алег Рыжкоў. — Спадзяёмся, што глядач атрымае сапраўднае задавальненне ад праекта. Дапаўняюць экспазіцыю кітайскіх і японскіх майстроў жывапіс, графіка, скульптура і нават дэкаратыўна-прыкладное мастацтва айчынных аўтараў. Іх больш як 35.

Андрэй Вараб’ёў, Аляксандра Дзятлава, Яна Бельская, Лілія Нішчык, Дзіяна Горбач, Таццяна Гарбачэўская, Ірына Татур, Руслан Сяргееў і многія іншыя прапанавалі свае творы ў межах выстаўкі «Сюнга». Уся пляцоўка НЦСМ аддадзена пад гэты праект, які, між іншым, рэалізаваны сумесна з выставачнай залай LIBRA і галерэяй сучаснага мастацтва «АртПорт». Апошняя прадставіла работы трох беларускіх аўтараў — Андрэя Асташова, Аляксандра Шапо і Антона Шапо.

Наведаць экспазіцыю «Японская эратычная графюра. Сюнга» можна да 16 мая. У найбліжэйшы час арганізатары плануюць прадставіць графік мерапрыемтваў у межах праекта: лекцыі, музычныя імпрэзы, чаяванні ды іншыя сустрэчы.

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.