Здаецца, што зіма нарэшце саступіла дарогу вясне. І на прысядзібных участках ужо традыцыйна пачынаецца навядзенне парадку. На жаль, не заўжды яно заканчваецца шчасліва для іх уладальнікаў.
На мінулых выхадных быў адкрыты сумны адлік загінулых падчас веснавога спальвання травы. Сухая расліннасць загарэлася ў суботу ў вёсцы Касмыры Чашніцкага раёна. Тушыць прысядзібны ўчастак выехалі работнікі мясцовага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. За 25 метраў ад дома яны знайшлі абгарэлае цела гаспадыні падворка. Ёй было 84 гады. Агонь разбушаваўся моцна: былі пашкоджаны гаспадарчыя пабудовы, а ўсяго ён «прагуляўся» па плошчы ў 300 квадратных метраў.
Пра небяспеку веснавога спальвання травы мы распыталі афіцыйнага прадстаўніка Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Анастасію Швайбовіч.
— Канешне, лепш за ўсё адмовіцца ад такога небяспечнага сродку пазбаўлення ад сухой расліннасці, галінак дрэў, смецця. Нашмат больш бяспечна скласці ўсё непатрэбнае ў негаручую ёмістасць і ўтылізаваць у бязветранае надвор'е прама ў ёй, — раіць Анастасія Швайбовіч. — Але калі іншых варыянтаў няма, варта памятаць, што перш чым распаліць касцёр, трэба выбраць максімальна далёкае месца ад гаспадарчых пабудоў і жылых дамоў. Месца вогнішча неабходна акапаць па перыметры. Пры сабе абавязкова трэба мець сродак, які дапаможа імгненна затушыць полымя. Гэта можа быць вогнетушыцель, штыкавая рыдлёўка, вядро з вадой ці з пяском. Лёгкаўзгаральныя вадкасці накшталт бензіну выкарыстоўваць нельга: гаручыя пары могуць падпаліць вопратку на чалавеку.
Але нават калі касцёр дагарэў, то пакідаць яго без увагі нельга. Унізе застаецца гарачае вуголле, якое працягвае тлець і можа справакаваць паўторнае ўзгаранне.
— Паказальны выпадак адбыўся ў 2019 годзе ў Пухавіцкім раёне, — згадвае Анастасія Швайбовіч. — Жыхар Мінска прыехаў на сваю дачу наводзіць парадак. Здавалася б, мужчына ўсё рабіў як мае быць: абкапаў месца вогнішча, сачыў за тым, каб агонь не распаўсюджваўся далей за вызначаныя межы. Але калі агонь дагарэў, ён не заліў яго вадой, а спакойна пайшоў па сваіх справах. Дзесьці засталося гарачае вуголле, якое тлела і ў выніку ўтварыла моцны пажар. У той дзень быў даволі моцны вецер, які разнёс агонь і на гаспадарчыя пабудовы, што ў выніку істотна пацярпелі ад агню.
Ратавальнікі асобна звяртаюць увагу на тое, што падчас выкарыстання агню трэба вельмі ўважліва сачыць за дзецьмі і не падпускаць іх блізка да вогнішча.
— Два гады таму ў пачатку красавіка надзвычайнае здарэнне адбылося ў вёсцы Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна. Двое дзяцей гулялі ў двары прыватнага жылога дома. Адзін з іх абсыпаў другога вуголлямі з кастра. У выніку адзін хлопчык атрымаў апёкі 5 % паверхні цела і быў шпіталізаваны ў бальніцу, — заўважае Анастасія Швайбовіч.
За выпальванне на палях сухой расліннасці ці травы на корані або пажніўных рэшткаў прадугледжаны штраф памерам ад 10 да 30 базавых велічынь. Але галоўнае нават не тое, што чалавек заплаціць грошы, а падвярганне жыцця небяспецы фактычна на роўным месцы.
— Чамусьці выпальваннем травы займаюцца пераважна пажылыя людзі. Таму мы просім: пагутарыце са сваімі бацькамі, якія жывуць у вёсцы, растлумачце ім, што не трэба наводзіць парадак на ўчастку вось такім чынам. Не заўжды пажылыя людзі могуць хутка адрэагаваць — што ж зрабіць, сваё бярэ ўзрост... Агонь па зямлі распаўсюджваецца з хуткасцю чалавека, які бяжыць. Але пры ветры хуткасць можа быць і большая, — кажа суразмоўніца.
А што рабіць, калі пажар на зямлі быў заўважаны падчас язды на аўтамабілі?
— Ні ў якім разе нельга праязджаць міма. Калі плошча пажару невялікая, то з ім можна паспрабаваць справіцца самастойна — напрыклад, збіць яго галінкамі. Але калі відаць, што сілы няроўныя, то рызыкаваць не трэба. Абавязкова набярыце нумар 101 ці 112 і паведаміце максімальна дакладна пра тое месца, дзе адбываецца пажар, — падкрэслівае Анастасія Швайбовіч. — Трэба адзначыць, што дзякуючы неабыякавасці людзей мы ліквідавалі ўжо не адзін дзясятак такіх узгаранняў. Але калі гэтую сітуацыю «запусціць», то пажар можа перайсці ў тарфяны. А з ім змагацца ўжо вельмі складана: торф можа тлець даволі доўга, выдзяляючы навокал сябе шмат дыму.
Падпаліць траву можа нават сонечны прамень, калі ён пройдзе праз шкло бутэлькі. Таму калі вы выбраліся ў лес на пікнік, не забудзьце навесці пасля сябе парадак. Будзе больш чыста і бяспечна.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.