Вы тут

Штыкі для Варшавы. Навошта Польшча настойліва прыцягвае замежны вайсковы кантынгент?


Днямі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правёў перагаворы з паслом ЗША ў рэспубліцы Джорджэт Мосбахер. У рамках мерапрыемства кіраўнік дзяржавы пазітыўна выказаўся пра планы новай адміністрацыі прэзідэнта ЗША працягнуць актыўны ўдзел у «абароне Еўропы», а таксама заклікаў пашырыць супрацоўніцтва Варшавы і Вашынгтона ў рамках НАТА. Пра гэта паведаміла Polskіe Radіo. «Я з вялікім задавальненнем прымаю заяву прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і яго адміністрацыі з нагоды актыўнасці ЗША ў забеспячэнні бяспекі Еўропы... І Польшча, як важны партнёр ЗША і варты даверу член НАТА, разлічвае на паглыбленне саюзніцкіх сувязяў у інтарэсах усёй заходняй супольнасці», — заявіў Дуда журналістам. Навошта Варшава прыцягвае замежны вайсковы кантынгент?


«Форт «Трамп»

Адразу заўважым: больш шматлікі іншаземны ваенны кантынгент, чым у Польшчы, амерыканцы маюць толькі ў трох еўрапейскіх краінах — Германіі, Італіі і Вялікабрытаніі, адзначыў zvezdaweekly.ru. Пры гэтым у Еўропе да нядаўняга часу не было дзяржавы, якая адкрыта і вельмі настойліва прасіла размясціць на сваёй тэрыторыі замежныя ваенныя базы. Аднак Варшава стварыла такі прэцэдэнт у 2018 годзе, калі Анджэй Дуда прапанаваў 45-му прэзідэнту ЗША стварыць на тэрыторыі Польшчы пры польскім фінансавым удзеле магутную амерыканскую ваенную базу. Выдаткі на будаўніцтва неабходнай інфраструктуры ацэньваліся ў значную суму — каля двух мільярдаў долараў. Базу меркавалася нават назваць у гонар тагачаснага прэзідэнта ЗША — «Форт «Трамп». Кажуць, ідэя была прэзентавана асабіста Анджэем Дудам.

Яшчэ ў красавіку 2019 года міністр абароны Польшчы Марыуш Блашчак сцвярджаў, што будаўніцтва базы — пытанне вырашанае. Аднак да рэалізацыі задумкі Анджэя Дуды справа так і не дайшла. Reuters сцвярджала, што гэтаму перашкодзілі разыходжанні паміж бакамі ў пытаннях фінансавання і размяшчэння «форта». Паводле інфармацыі інфармагенцтва, Варшава настойвала на размяшчэнні амерыканскіх ваенных непадалёк ад усходняй граніцы з Беларуссю. Аднак Вашынгтон, разумеючы, што гэты крок выкліча эскалацыю ў адносінах з Расіяй, прапаноўваў пабудаваць базу на захадзе Польшчы.

Да таго ж Белы дом лічыў фінансаванне ў два мільярды недастатковым, а ў чэрвені мінулага года Варшава і ўвогуле заявіла, што не зможа вылучыць і гэтую суму з бюджэту, значна апусцелага з-за пандэміі каранавіруса і падрыхтоўкі да яе эканамічных наступстваў, адзначыла gazeta.ru. Паралельна з гэтым Варшава пачала намякаць на магчымасць павелічэння амерыканскага кантынгенту ў краіне. Намёкі сталі больш гучныя пасля таго, як Дональд Трамп абвясціў аб вывадзе амерыканскіх салдат з Германіі, незадаволены тым, што Берлін, на яго думку, у недастатковай ступені павялічыў свае ўкладанні ў НАТА.

У чэрвені 2019 года прэзідэнты ЗША і Польшчы падпісалі дэкларацыю, згодна з якой на польскай тэрыторыі меркавалася размясціць эскадрыллю разведвальных беспілотнікаў MQ-9 Reaper ВПС ЗША. Акрамя таго, па выніках падпісання дакумента Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты павялічаць свой ваенны кантынгент у Польшчы. Пры гэтым прэзідэнт ЗША асабліва падкрэсліў, што ўсе выдаткі па будаўніцтве неабходнай для іх размяшчэння інфраструктуры возьме на сябе Варшава.

Рытарычная фігура

Анджэй Дуда зноў заявіў, што прысутнасць амерыканскіх салдат у Еўропе — гарантыя бяспекі, і выказаў гатоўнасць прыняць вайскоўцаў у Польшчы. У ліпені мінулага года тагачасны міністр абароны ЗША Марк Эспер заявіў, што Пентагон выведзе з ФРГ 11,9 тысячы вайскоўцаў, з іх 5600 будуць перакінутыя ў іншыя краіны-члены Паўночнаатлантычнага альянсу, а яшчэ 6300 вернуцца ў ЗША. Эспер дадаў, што ў перспектыве ЗША могуць перакінуць дадатковыя сілы ў краіны Балтыі і Усходняй Еўропы, і праз два тыдні было абвешчана аб адпраўцы тысячы вайскоўцаў у Польшчу.

15 жніўня 2020-га былы дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа і кіраўнік абароннага ведамства Польшчы Марыуш Блашчак падпісалі дагавор аб узмацненні ваеннага супрацоўніцтва. «У выніку ў Польшчы не проста стане больш салдат ЗША і амерыканскай інфраструктуры, але будзе ўзмоцнена гарантыя, што ў выпадку небяспекі салдаты Польшчы і ЗША ўстануць плячо ў плячо і абароняць ад любой пагрозы», — пракаментаваў Анджэй Дуда падпісанне пагаднення.

Ён таксама адзначыў, што на працягу апошніх пяці гадоў назіралася «небывалае развіццё» супрацоўніцтва з ЗША ў ваеннай сферы. У Мінабароны Польшчы заявілі, што дзякуючы ваеннай інфраструктуры, якая будзе падрыхтавана Варшавай, «у выпадку магчымай пагрозы можна будзе неадкладна накіраваць у краіну дадатковыя сілы, забяспечыўшы агульную прысутнасць да 20 тысяч салдат ЗША».

Пагадненне прыйшло на змену ідэі стварэння «форта Трампа», аб стварэнні базы ў дагаворы нічога не гаварылася. Да таго часу Варшава ўжо значна «падкарэктавала» сваю рыторыку. У чэрвені Анджэй Дуда заявіў, што гаворкі аб будаўніцтве базы... і не вялося. «Форт Трамп» — гэта не назва ваеннай базы, а назва сумы дзеянняў, якія пашыраюць амерыканскую ваенную прысутнасць у Польшчы і ўвасабляюць перыяд, калі Дональд Трамп з'яўляецца прэзідэнтам», — дадаў Дуда, выказаўшы надзею, што «Форт Трамп» будзе пашырацца.

Пасля выбараў прэзідэнта ЗША кіраўнік польскага Бюро нацыянальнай бяспекі пры прэзідэнце краіны Павел Солах заявіў: «Ніколі не было гаворкі пра назву «Форт Трамп», гэта была метафара». З больш разгорнутай заявай выступіла пасольства Польшчы ў Вашынгтоне. «Назва «Форт Трамп» была рытарычнай фігурай, тэрмінам, які сцісла абагульняў мэты Польшчы ў сферы нацыянальнай бяспекі, — дасягненне пастаяннай ваеннай прысутнасці ЗША ў Польшчы і больш шырокай прысутнасці ў рэгіёне», — адзначалася ў заяве ведамства.

Вучэнні завяршыліся катастрофай

Найбуйнейшыя вучэнні польскага войска Zіma-20, якія прайшлі ў мінулым месяцы, скончыліся катастрофай, перадала rіa.ru. Пра гэта паведамілі польскія СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы. Паводле інфармацыі выдання Іnterіa, у штабных вучэннях удзельнічала некалькі тысяч афіцэраў, і яны сталі найбуйнейшымі за апошнія 30 гадоў. Падчас мадэлявання ваеннай аперацыі, акрамя існуючай тэхнікі, улічвалася найноўшае ўзбраенне, якое яшчэ нават не паступіла ў польскую армію, — зенітныя ракетныя комплексы Patrіot, рэактыўныя сістэмы залпавага агню HІMARS і шматмэтавыя знішчальнікі пятага пакалення F-35. Усю гэтую зброю краіна атрымае ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў. Вынікі вучэнняў, за якімі асабіста сачыў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда, засакрэцілі.

Згодна з планам манеўраў, польская армія павінна была прыняць удар з усходняга фланга і трымаць абарону 22 дні, аднак умоўны праціўнік (як вядома, Польшча мяжуе з усходу з Беларуссю і Расіяй) здолеў акружыць Варшаву ўжо на чацвёрты дзень «вайны». Пры гэтым Люблін і Беласток былі здадзены адразу без бою. Камандзіры асобных дывізій былі шакіраваныя, яны адмаўляліся выконваць некаторыя загады, таму што яны былі проста незразумелыя, піша газета Super Express. «На шчасце, гэта былі проста вучэнні», — заявіў адзін з камандзіраў.

На пяты дзень змадэляванага канфлікту праціўнік знаходзіўся на лініі Віслы, вёў баі за Варшаву, стратэгічныя парты былі заблакаваныя або захопленыя, авіяцыя і флот спынілі сваё існаванне, перадавыя падраздзяленні польскага войска на ўсход ад Віслы страцілі ад 60 да 80 працэнтаў асабовага складу, нягледзячы на падтрымку НАТА. Міністэрства абароны ЗША адмовілася каментаваць вынікі гэтых вучэнняў, паведаміла інфармагенцтва ТАСС. «У мяне няма ніякай канкрэтыкі наконт гэтых вучэнняў», — заявіў прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі.

І яшчэ адна навіна. Днямі стала вядома, што для таго, каб забяспечыць бесперашкоднае правядзенне першага саміту НАТА з удзелам прэзідэнта ЗША, каля 3500 супрацоўнікаў брусельскай штаб-кватэры арганізацыі праходзяць тэрміновую вакцынацыю. Паводле інфармацыі нямецкага агенцтва DPA, работнікам альянсу ўжо зрабілі першую прышчэпку. Імунізацыя персаналу НАТА стала магчымая дзякуючы рашэнню Варшавы, якая, нягледзячы на востры недахоп вакцын унутры самой краіны, пагадзілася выдзеліць сем тысяч неабходных доз. Што характэрна, ніводная з заходнееўрапейскіх краін, уключаючы Бельгію, у сталіцы якой размяшчаецца штаб-кватэра арганізацыі, не захацела адхіляцца ад графіка вакцынацыі ўласнага насельніцтва і вылучаць вакцыны на патрэбы Паўночнаатлантычнага альянсу.

Тым часам, паводле даных Міністэрства аховы здароўя Польшчы, колькасць заражаных каранавіруснай інфекцыяй на тэрыторыі краіны дасягнула найвышэйшых значэнняў. Дэпутат Сейма ад партыі «Грамадзянская платформа» заўважыў у Twіtter, што ўсё яшчэ не вакцынаваныя пажылыя людзі, якія знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі. Думаю, каментарыі тут залішнія.

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.