Вы тут

Як у краіне змагаюцца з наркатрафікам і распаўсюджваннем псіхатропных рэчываў


У стужкі інфармацыйных агенцтваў раз-пораз трапляюць навіны пра затрыманне чарговага наркагандляра, і нярэдка — з багатым «уловам». Але яны асвятляюць сітуацыю ў рэчышчы барацьбы з небяспечным для жыцця дурманам усё ж такі фрагментарна. А як жа ў цэлым ідуць справы ў барацьбе з дадзеным злом у краіне? Пра гэта — наша гутарка з начальнікам галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі палкоўнікам міліцыі Алегам Сільвестровічам.


— Як з цягам часу змяняецца колькасць зарэгістраваных нарказлачынстваў?

— Калі палічыць з 2014 года, то іх колькасць паступова змяншаецца. Напрыклад, сем гадоў таму па лініі наркакантролю было зарэгістравана больш за 7 тысяч 300 злачынстваў. А летась гэтая лічба была меншая амаль удвая, крыху перавысіўшы тры з паловай тысячы. І, у сваю чаргу, гэта амаль на тысячу менш за паказчык 2019 года. Разам з тым, трэба ўлічваць вельмі важны момант — пандэмію каранавіруса. Дзяржавы свету ўводзілі абмежавальныя каранцінныя меры, якія, адпаведна, паўплывалі на трансгранічныя перамяшчэнні людзей і транспарту.

— Ці можна сказаць, што сітуацыя ў краіне пакрысе папраўляецца?

— Так. Напрыклад, за шэсць гадоў мы нанеслі моцны ўдар па падлеткавай нарказлачыннасці. Колькасць парушэнняў закона па гэтай лініі, здзейсненых непаўналетнімі або пры іх саўдзеле, знізілася на парадак. У агульнай структуры злачыннасці доля незаконнага абароту наркотыкаў таксама зніжаецца — з 5,1 да 3,7 %. Але што менавіта да нарказлачыннасці, то тут па-ранейшаму застаецца значная доля збыту — палова ад агульнай колькасці. Каля чвэрці выпадкаў парушэнняў у гэтай сферы прыходзіцца на асоб, якія раней ужо мелі праблемы з законам. Прыкладна пятая частка злачынстваў здзяйсняецца ў стане наркатычнага ап'янення.

— Наколькі часта рэгіструюцца смяротныя выпадкі атручэння наркотыкамі?

— На жаль, іх колькасць павялічваецца. Летась праз гэта памерла 89 чалавек, прычым у 2019-м іх было 49. Калі ж складаць «сярэдні партрэт» тых, хто загінуў ад перадазіроўкі і псіхатропаў, то пераважна сярод іх трапляюцца раней судзімыя асобы, у тым ліку і за незаконны абарот наркотыкаў. Большасць з іх стаяла на ўліку ў наркадыспансеры. А вось сярэдні ўзрост такіх асоб сягае за 30 гадоў. Значная частка іх вяла асацыяльны лад жыцця. Звычайна смерць у такіх выпадках наступае праз спажыванне метадону разам з іншымі псіхаактыўнымі рэчывамі.

Але пры гэтым трэба адзначыць, што апошні выпадак смерці непаўналетняга праз атручэнне наркотыкамі адзначаны ажно ў 2014-м годзе. Дарэчы, з таго часу колькасць атручэнняў падлеткаў знізілася ў 111 разоў. А гэта значыць, што прафілактычная работа дае эфект.

— Якія агульныя тэндэнцыі ў сферы нелегальнага распаўсюджвання наркотыкаў можна адзначыць апошнім часам?

— Спыненых каналаў паставак прыкметна менш не стала: 26 супраць 29 у 2019 годзе. Але пры гэтым наркакантроль адзначае, што больш чым удвая стала больш памяшканняў, абсталяваных для вырошчвання раслін, якія змяшчаюць забароненыя рэчывы. Гэта катэджы, гаражы, цяпліцы, кватэры, дзе створаны штучныя ўмовы для вырошчвання канопляў ці гашышу. Такім чынам, наркарынак паступова скіроўваецца ад сінтэтычных рэчываў да тых, якія маюць расліннае паходжанне. Але пры гэтым па-ранейшаму існуе пагроза транзіту буйных партый наркотыкаў з краін Еўрасаюза праз Беларусь у Расію і назад — удзельнікі арганізаваных груп разглядаюць нашу краіну як транзітную і імкнуцца арганізаваць «перавалачныя пункты». Акрамя таго, на тэрыторыі сумежных з намі дзяржаў наркотыкі вырабляюцца нярэдка буйнымі партыямі.

Пры гэтым мы адзначаем высокі ўзровень схаванасці наркаманіі. Вялікі ўплыў на сітуацыю аказвае дзейнасць злачынных груповак у ценявым сегменце інтэрнэту. Арганізаваныя злачынныя групоўкі імкнуцца павялічыць «кліенцкую базу», пашырыць штат сваіх супрацоўнікаў. Дарэчы, яны спрабавалі стварыць наркалабараторыі і на тэрыторыі Беларусі. Мэты былі трывіяльныя — спрасціць лагістыку і зрабіць больш танным працэс вырабу наркотыкаў.

— Дарэчы, пра «супрацоўнікаў» наркатычных інтэрнэт-крам. У зводках МУС нярэдка фігуруюць затрыманыя маладыя «мінёры».

— Па нашых назіраннях, іх «працоўны стаж» можа доўжыцца як пару-тройку месяцаў, так і... адзін дзень. Прычым людзям, якія «працаўладкоўваюцца» так званымі мінёрамі, крама абяцае, што ўсё будзе бяспечна і канфідэнцыяльна. Але пры гэтым мы канстатуем, што сярод затрыманых, у тым ліку і на месцы правапарушэння, вельмі шмат навучэнцаў розных устаноў адукацыі.

Пры гэтым самі яны наркотыкі не спажываюць, але, жадаючы паправіць свой матэрыяльны стан хуткім заробкам, ідуць распаўсюджваць. Трэба зразумець адно: не варта рызыкаваць і ставіць на кон сваю свабоду, як бы ні было фінансава цяжка. Трэба яшчэ мець на ўвазе і тое, што чалавек, які зрабіў закладку, можа быць прыцягнуты да адказнасці ў тым ліку і за прычыненне смерці ў выніку проціпраўных дзеянняў, звязаных з ужываннем наркотыкаў. Санкцыя часткі пятай артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае за падобнае злачынства ажно да дваццаці пяці гадоў пазбаўлення волі...

— Калі вярнуцца да лічбаў, то як шмат наркотыкаў было канфіскавана ў нашай краіне летась?

— З незаконнага абароту было выведзена каля 880 кілаграмаў наркатычных сродкаў, 37 з паловай кілаграмаў псіхатропаў і чатыры з паловай — прэкурсораў. Лік можа ісці на сотні тысяч доз. Пры гэтым трэба звярнуць увагу на тыпалогію наркотыкаў, якія ўдалося канфіскаваць. Напрыклад, у 2019 годзе першае месца займаў гераін. На яго долю прыходзілася да 40 % ад агульнага аб'ёму забароненых рэчываў. На другім месцы быў гашыш з 32 %, ну а замыкала тройку «лідараў» марыхуана. Дык вось, летась яе доля падскочыла з 12 % да 81,5 %! А колькасць канфіскаванага гераіну і гашышу, наадварот, знізілася на парадак. Што да псіхатропаў, то альфа-PVP «саступіў» пальму першынства пара-метылэфедрону.

— Якія ж найбольш буйныя партыі наркотыкаў былі канфіскаваны за апошнія некалькі гадоў?

— Нам удалося спыніць дзейнасць 78 удзельнікаў арганізаванай злачыннай групоўкі, якая працавала на самы буйны ў гісторыі Беларусі інтэрнэт-магазін па збыце наркотыкаў. Калі казаць коратка, то затрыманыя арганізоўвалі пастаўкі ў нашу краіну буйных партый забароненых рэчываў і іх наступны продаж праз інтэрнэт. Акрамя таго, у Мінскім раёне была абсталявана падпольная лабараторыя для вытворчасці наркотыкаў. Было канфіскавана каля 20 кілаграмаў рэчываў. Яшчэ каля двух кілаграмаў не даехала да Беларусі з тэрыторыі Расіі, хоць яны ўжо і былі падрыхтаваныя для пастаўкі.

Акрамя таго, 2019 год адзначыўся адразу дзвюма буйнымі канфіскаванымі партыямі наркотыкаў. Так, у сакавіку на беларуска-латвійскай мяжы быў спынены аўтамабіль, які перавозіў пяць кілаграмаў мефедрону, чатыры кілаграмы какаіну, 112 — гашышу і 10 — MDMA. А ў лістападзе таго ж года ў сталіцы аператыўнікі затрымалі чатырох чалавек. Яны арандавалі ангар, дзе і абсталявалі схованку. У ёй было знойдзена 550 кілаграмаў гераіну.

— Ці можна вывесці сярэдні партрэт асуджаных за нарказлачынствы?

— Так, мы аналізуем крымінальную статыстыку. Калі браць пад увагу другую палову мінулага дзесяцігоддзя, то ёсць некалькі цікавых акалічнасцяў. У 93 % выпадкаў мы маем справу з мужчынамі. Палова з асуджаных старэйшая за 18 гадоў, але маладзейшая за 29. Дзевяць з дзесяці тых, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, — гараджане. А вось што да адукацыі, то тут пераважаюць сярэдняя і сярэдняя спецыяльная. Цікава, што на момант здзяйснення злачынства прыкладна палова асуджаных нідзе не вучылася і не працавала. З іх крыху больш за палову да таго ўжо мела праблемы з законам, 46 % знаходзіліся ў стане наркатычнага ап'янення.

— Наколькі складана «прыглушыць» гандаль наркотыкамі ў сеціве?

— Аналітычная разведка падраздзяленняў па наркагандлі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі збірае з гэтай нагоды шмат матэрыялаў. Дастаткова сказаць, што летась было заведзена 805 крымінальных спраў у дачыненні да 565 асоб. А ўсяго нам удалося спыніць дзейнасць 12 інтэрнэт-крам. Работу, аднак, ускладняе тое, што серверы з сайтамі па продажы наркотыкаў фізічна знаходзяцца за межамі Беларусі. Але ў нашых сілах заблакаваць доступ на сайты. Адпаведныя паведамленні накіроўваюцца намі ў Міністэрства інфармацыі. І з году ў год такіх сайтаў становіцца ўсё больш. Так, з 2015 года доступ быў абмежаваны да 1243 сайтаў з матэрыяламі адпаведнай накіраванасці. А толькі за мінулы год іх было 449...

— Але і прафілактычны складнік работы таксама важны.

— У лютым урад зацвердзіў комплексны план мерапрыемстваў на 2021—2022 гады. Адзін з раздзелаў яго прысвечаны захадам, скіраваным на ўдасканаленне сістэмы прафілактыкі наркаманіі, лячэнне і рэабілітацыю хворых. У гэтым кірунку мы працуем з іншымі ведамствамі. Так, па ініцыятыве МУС Міністэрства аховы здароўя разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны стварыла спецыяльны эксперыментальны цэнтр. Яго мэта — лячэнне, а таксама аказанне псіхалагічнай і псіхатэрапеўтычнай дапамогі людзям, якія пакутуюць на залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў. Медыцынская рэабілітацыя ў іх праводзіцца адначасова з сацыяльным суправаджэннем. Першыя вынікі работы гэтага цэнтра станоўчыя, і мяркуецца, што гэты досвед будзе ўкаранёны ва ўсіх абласцях краіны.

Адначасова з тым у Брэсце і Віцебску створаны кабінеты прафілактыкі наркаманіі.

Да таго ж у канцы 2019 года была зацверджана Інфармацыйная стратэгія па прафілактыцы наркаспажывання і супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў у краіне на 2020—2025 гады. Можна сказаць, што МУС выходзіць на новы ўзровень прагназавання і рэагавання на адпаведныя рызыкі і пагрозы. На базе Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў мы правялі комплекснае навуковае даследаванне. Яго мэтай было высветліць фактары, што ўплываюць на наркасітуацыю ў краіне, а таксама вызначыць, у якіх кірунках трэба рэалізоўваць антынаркатычную дзяржаўную палітыку, у тым ліку і шляхам змянення заканадаўства.

Не забыліся мы і на дзяцей. Летась сумесна з Дзіцячым фондам ААН была скончана распрацоўка дзіцячай галіны сайта pomogut.by.
Гэты інфармацыйны інтэрактыўны праект скіраваны на прафілактыку наркаманіі і дапамогу тым, хто на яе пакутуе.

Такім чынам, можна сказаць, што роля МУС у выбудоўванні дыялогу з іншымі дзяржаўнымі органамі, мясцовай уладай, царквой і грамадзянскай супольнасцю прынесла эфектыўны вынік. Але расслабляцца і спыняцца на дасягнутым нельга.

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.