Вы тут

Багата песень там — як журавін!


Артысткі фальклорна-этнаграфічнага гурта «Спасаўка» з Жыткавіцкага раёна нібы на чароўным пароме праз гады перавозяць нашчадкам вялікія скарбы: народныя песні, абрады, звычаі.


Як цяпер перад вачыма той дзень з далёкага лета на Палессі. Быў 1964 год, я дабіраўся з Жыткавіч, з райцэнтра, у Тураў, дзе працаваў харэографам. На Прыпяці ж была ў той час паромная пераправа, і можна было няспешна па баках агледзецца. Што цяпер: праляціш над ракой па мосце — і ўсе ўражанні. (Першы мост цераз Прыпяць на дарозе Жыткавічы — Тураў быў пабудаваны ў 1985 годзе, з часам запатрабаваў вялікай рэканструкцыі, якая закончылася восенню 2018-га. — Рэд.). Там, пры пераправе, прыгожа цвілі кветкі, з балацянках, што параслі хмызняком, чуліся спевы птушак ды кваканне жаб’юкоў. Пабачыў яшчэ вялікі статак кароў (знак заможнасці вёскі) ды саму вёску Чэрнічы. Па вуліцы яе ішлі жанчыны з граблямі — пэўна, з сенакосу. І што ўразіла мяне: спявалі яны, і так далёка было чуваць па-над ракой, і такая ў іх песня была мілагучная!

Вось ён, вобраз майго Палесся! Празрыста-чыстае паветра, дзівосная прырода, працавітыя, таленавітыя людзі, упрыгожаныя роднымі песнямі. Самі працуюць як мурашы — і дзяцей да працы з пялюшак, можна сказаць, прывучаюць. А вечарамі, гаспадарку ўправіўшы, жанчыны на вуліцы збіраюцца, дзе й вогнішча пры лаўцы запаляць ды спяваюць, байкі розныя баюць. Вось і я прысеў тады ў Чэрнічах да вогнішча, распытваў: як жанчыны ўсё паспяваюць? І калгасную працу, і сваю парабіць, і дзетак-мужоў дагледзець. У адказ пачуў: хто жадае, у таго часу на ўсё хапае — толькі ляніваму яго ўсё няма. Тады ж Ніна Яхімовіч, Вольга Толкач наперабой расказвалі, што яшчэ ў 1962-м утварыўся ў іх фальклорны гурт «Журавінка». Бо, тлумачылі, у тамтэйшых мясцінах журавін багата — «то і ў ягады мы паспяваем хадзіць, і песні родныя паспяваць». Заспявалі адну з іх: «Ціха, ціха ды на вуліцы ціха». Потым яшчэ «Ты ўчора не быў, і цяпер нема...» Жартавалі: у нас тут багата песень — як журавін! З тых часоў ведаю імё- ны спявачак: Вольга Якушэвіч, Паліна Маркевіч, Вольга Жыткавец, Мар’я Вярэніч ды Мар’я Юншыц, ды яшчэ сёстры Вольга й Марыя Маркевіч. Казалі: разам усе, дружна жывём, адно аднаму дапамагаем у радасці ды ў горы.

У хуткім часе пасля стварэння вясковы гурт узначаліла Кацярына Санец (пачала загадваць мясцовым клубам з 1965-га) — і яшчэ суладней галасы загучалі, пабольшала выступленняў, пашырыўся рэпертуар. Праз год ужо Міністэрства культуры БССР атэставала фальклорна-этнаграфічны калектыў «Спасаўка» з вёскі Чэрнічы як народны. Былі ўжо ў ім і новыя спявачкі: Вольга Семчанок, Галіна Меляшчэня, Наталля Маркевіч, Ніна Хмялёўская, Наста Бабаткова, Наста Літвіненка, Святлана Герэзла. Прычым яны ўжо не толькі спявалі — танцавалі таксама. Мне як харэографу карцела даведацца: што? Казалі: «Падушэчку» танчаць, ставяць жартоўныя інсцэноўкі «За Івана не пайду», «У сераду, бабка!», водзяць на сцэне вясновыя ды жніўныя карагоды. А калі спявалі Купальскія песні, то русалкі Купальскія з жартамі забіралі-зацягвалі да сябе ў кола хлопцаў.

Самадзейныя артысткі гурта «Спасаўка» з сябрамі ў Чэрнічах. Восень 2020 года.

І так арганічна прыжыўся гурт «Спасаўка» ў Чэрнічах! Самадзейныя артысткі праводзілі прама ў вёсцы вясельныя абрадавыя дзеянні (а нешта з іх і на сцэну пераносілі), былі жаданымі гасцямі на святах навакольных вёсак ды штогод праводзілі свята сваёй. Жанчыны тады расказвалі мне, што дзеці ў іх павыросталі, хлопцаў яны пажанілі, дзяўчат замуж павыдавалі — нават і ў Расію, Латвію, Украіну. Маючы «песенную прышчэпку» з Бацькаўшчыны, некаторыя з іх таксама ў самадзейнасці. А як у адпачынак вяртаюцца да родных сваіх, то весялосці на вуліцы цераз край — з вечара да ранку.

Кацярына Санец (справа) з гарманісткай Валянцінай Абібок.

З таго далёкага 1964-га я й пасябраваў з таленавітымі «народнымі артысткамі» са «Спасаўкі». Бывала, і сустракаліся з імі (адзін жа раён), выступаючы на святочных сцэнах, артысты майго, тураўскага, таксама народнага ансамбля танца «Прыпяць». З гадамі прыйшлі ў фальклорна-этнаграфічны гурт новыя людзі: Мікола Леўкавец, Святлана Лагвіненка. Ну а Тамара Мацукевіч, Наталля Маркевіч, а таксама Вольга Якушэвіч ды Кацярына Санец — гэта сёння «залаты фонд» калектыву. А золата, як вядома, не старэе і не ржавее. Ды й калі ж ім старэць? Няма калі! Кажуць: як спяваючы працаваць, то й рукі не баляць. А спяваюць яны, дарэчы, нават і на гародах сваіх, з зямелькай працуючы. Той самай, дзівосны водар якой акрыляе, амалоджвае і сілаў дадае.

Як ні пазваню калі сяброўкам з Мінска, то зноў яны, «спасаўкі» мае родныя, у канцэртных клопатах. То ў Магілёў едуць, то ў Гомель ці Гродна іх запрасілі, альбо суседзі з Брэстчыны клічуць. Памятае іх галасы фальклорны фэст «Покліч Палесся», што ў Ляскавічах праходзіць, і старажытны Тураў. А то, бывае, напякуць палюшак (маленькія булачкі ў Чэрнічах), купяць цукерак — і ў Дом састарэлых, да тых людзей, што песню родную ім перадалі. А калі заспяваюць там «Ой, матулька мая, а я ж донька твая», то ўсе ў слёзы: і гледачы, і артысты. Потым настрой падымуць прыпеўкамі, песняй з прытанцоўкай: «Я кахала Колю-Колю — і цукерак ела ўволю/ А цяпер кахаю Ваню ды зубамі барабаню».

Першы рад, злева направа: Ніна Хмялеўская, Вольга Якушэвіч, Кацярына Санец. Другі рад: Наталля Маркевіч ды Анастасія Бабаткова. 2020 год.

Калі пачаў я працаваць у Мінску, то не раз, бывала, запрашаў «Спасаўку» ў сталіцу: выступалі артысткі з поспехам на розных пляцоўках. Удзельнічаў гурт у тэлепраекце «Спявай, душа!», аздараўленчым праекце Юрыя Радзькова «За здаровую Беларусь!», здымаўся ў тэлефільме «Зямля, якая дае мне сілы» (відэа ёсць на сайце пісьменніка, прадпрымальніка Валерыя Сарокі). Згадваю: аніколі артысткі з Чэрніч не адмаўляліся ад паездак! Хатнія справы, кажуць, пачакаюць (і мужы з тым ужо звыкліся) — а людзям радасць трэба падарыць. Зрэшты, я й сам такі: без творчасці — няма жыцця. І ў «спасавак» сэрцы, душы ўжо не могуць жыць без песень, а калі спяваюць, то сабе гады прадаўжаюць.

Гурт «Спасаўка», мяркую, сярод фальклорна-этнаграфічных у нашай краіне — найстарэйшы. Дзейнасць жа яго, як з гордасцю адзначае Кацярына Санец, кіраўніца гурта й загадчыца Чэрніцкага клуба-бібліятэкі, ніколі не перапынялася. Заўважана творчасць талентаў з глыбінкі: ушаноўвалі спявачак на конкурсе-аглядзе народных калектываў «Напеў зямлі маёй», раённым конкурсе «Кола абрадавых святаў», ёсць «з вобласці» грамата: «За зберажэнне народных рэгіянальных традыцый»... Ды, пэўна ж, найвышэйшая ўзнагарода й асалода зберагальніцам фальклору — калі адгукаюцца на іх песні душы гледачоў. Хто жыве ў сілавым полі народнай культуры, той нас, артыстаў самадзейных, разумее. І я еду зноў і зноў на Палессе, у Чэрнічы. Каб сустрэцца з артысткамі «Спасаўкі», пачуць іх быліцы-небыліцы, паслухаць песні душэўныя, пабачыць добрыя вочы палешукоў — людзей, якія ў суладдзі жывуць і з сабою, і роднай зямлёю, і з Небам высокім.

Мікола КОТАЎ, фалькларыст

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».